Вы тут

Навабранцы ў беларускай арміі прынялі прысягу


У легендарных Пячах пад Барысавам у мінулую суботу было, як гаворыцца, яблыку няма дзе ўпасці. Шмат людзей прыехалі туды на ўласных аўто, а з чыгуначнага прыпынку ішлі сапраўдныя калоны. Плыні накіроўваліся ў 72-гі гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Менавіта там больш за 1700 навабранцаў, прызваных увесну, вымаўлялі ўрачыстыя клятвы на вернасць Радзіме.


- Момант прыняцця прысягі заўжды быў вельмі адказным. І мы вельмі доўга рыхтаваліся да гэтага, - кажа баец Цімур Бурыеў. – Стараліся асвойваць усё новае, развучвалі страявую падрыхтоўку. Тут не бывае хвіліны, каб нехта сумаваў. Мы заўжды заняты пэўнымі работамі. Камандзіры, сярод іншага, даюць настаўленні, каб мы працавалі над сабой і ішлі да самаўдасканалення.

Цімур неўзабаве стане артылерыстам. Атрымлівае зараз і дадатковую спецыялізацыю – радыётэлеграфіста. Кажа, што яна яму вельмі падабаецца.

- Я моцна хвалявалася, аддаючы сына ў армію, - гаворыць маці Цімура Святлана Шатанава. Перажываю. Але лічу, што гэта школа, годная для мужчыны. І ён мусіць стаць сапраўдным абаронцам, быць больш мужным.

Андрэй Свірскі трапіў у войска пасля таго, як скончыў БДУ. Там ён атрымаў спецыяльнасць інжынера па тэлекамунікацыях.

- Думаю, яна мне згадзіцца падчас навучальнага перыяду, які працягнецца некалькі месяцаў, - разважае Андрэй. - А пакуль што нас на курсе маладога байца навучалі асновам вайсковай справы. Мы ўжо ездзілі на стрэльбішча, капалі акопы, вучылі статуты. Да службы я быў гатовы як фізічна, так і маральна. Ведаў, што пасля таго, як атрымаю дыплом, да мяне прыйдзе і павестка. А так доўгі час займаўся таэквандо. Любы від спорту вучыць дысцыпліне і загартоўвае характар. Засталося толькі прывыкнуць да доўгай разлукі з бацькамі. Хаця тое, што яны тут, таксама падбадзёрвае і стварае святочную атмасферу. У казарме сённяшняя сустрэча была б надта паўсядзённай.

Маці і бацька Андрэя прыехалі з Віцебска.

-За савецкім часам я служыў у чыгуначных войсках у Калінінградскай вобласці і ў Эстонскай ССР, - кажа Уладзімір Свірскі. - Пасля ўніверсітэта быў прызваны афіцэрам на два гады. Андрэй жа будзе служыць год. У параўнанні з савецкім часам цяпер значна лягчэй. Краіна меншая, цяпер не могуць адправіць на далёкі Усход з Беларусі, дзе ты 2-3 гады служыш чорт ведае дзе, і нават ліст дадому ідзе больш за 2 тыдні. Магу ўжо цяпер сказаць, што Андрэй стаў больш сур’ёзны, сканцэнтраваны, падцягнуты.

Міністр абароны Андрэй Раўкоў пасля цырымоніі прыняцця ваеннай прысягі зазначыў, што ў новага папаўнення ёсць выдатны патэнцыял.

- Трэба кваліфікавана рыхтаваць кадры, здольныя выканаць тыя задачы, якія перад ім стаяць. Гэтым мы і займаемся. А кадраў хапае. Хачу пажадаць навабранцам не баяцца цяжкасцяў службы, паважаць і падтрымліваць адзін аднаго.

Навабранцы цяпер акунуцца ў няпростае армейскае жыццё. Тэарэтычную вучобу будуць змяняць практыкаванні на тэхніцы, палявыя паходы, стрэльбы. І больш за тое – некаторыя з іх ужо ў верасні возьмуць удзел у сумесным вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017”.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?