Вы тут

Што робяць са старымі дамамі ў Ляхавіцкім раёне


За дзень са старшынёй Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Яўгенам ЮРЛЕВІЧАМ мы праехалі больш за дзясятак вёсак. Давялося ўбачыць многія гектары пасеваў, якія зелянеюць на месцы былых нічыйных сядзіб. Зразумела, што гэта работа па добраўпарадкаванні вядзецца сістэмна. Дастаткова сказаць, што ў адным з самых невялікіх раёнаў вобласці за мінулы год было знесена 59 пустуючых дамоў і адпаведна столькі ж участкаў прыведзена ў парадак.


Стар­шы­ня Кры­во­шын­ска­га сель­ска­га Са­ве­та дэ­пу­та­таў Юрый Ча­ран­ке­віч (спра­ва) на пля­цоў­цы, дзе зно­сяць дом.

Участак пад пасевы

У вёсцы Задвор'е Альхоўскага сельсавета пры самым уездзе да нядаўняга часу краявіды псаваў стары трохкватэрны дом-барак. Некалі гэта было жыллё аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Потым людзі палепшылі свае ўмовы, з'ехалі, а пабудова разбурылася. Яе знеслі, а заадно добраўпарадкавалі навакольную тэрыторыю. У выніку льнозаводу перадалі некалькі гектараў ворыўнай зямлі. Сёння поле засеяна яравымі культурамі.

— Работа праведзена за кошт гаспадаркі «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і бюджэтных грошай у прапорцыі 50 на 50, — расказвае старшыня Альхоўскага сельскага Савета дэпутатаў Вячаслаў Кулак. — А ўсяго за 2016 год мы знеслі два дзясяткі старых нічыйных дамоў. Зараз праблемнымі застаюцца 38 домаўладанняў, па чатырох вядзецца работа.

— З пачатку дзейнасці Указа №100 у гэтым сельсавеце ўведзены ў севазварот землі прыкладна сотні былых сядзіб, — дапаўняе старшыня райсавета. — Уяўляеце, які «парадак» быў бы ў вёсках, каб яны стаялі і зарасталі бур'яном?

Важнасць такой работы ніхто пад сумненне і не ставіць. Яна відавочная. У Крывошынскім сельсавеце давялося застаць за работай брыгаду ПМК-17, якая якраз займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі пасля зносу дамоў. Старшыня сельвыканкама Юрый Чаранкевіч патлумачыў, што на гэты год запланавана работа па ліквідацыі 11 трухлявых дамоў, летась разабраліся з 18-ю пабудовамі. Механізм ужо адпрацаваны. Знаходзіцца арганізацыя, найчасцей ЖКГ, якая разбірае дом на дровы. Драўніна ідзе на ацяпленне бальніцы, іншых сацыяльных устаноў, што знаходзяцца ў вёсках. Шыферу і фундаменту, як правіла, камунальнікі таксама знаходзяць прымяненне. Для ўсяго, што застаецца, выкопваецца яма-катлаван, у якую ссоўваюцца рэшткі былой пабудовы.

У вёсцы Стральцы экскаватаршчык Анатоль Секач якраз займаўся ўладкаваннем былога ўчастка. Аб тым, што тут была гаспадарская сядзіба, нагадвалі здзічэлыя клубніцы, якія і ў буйной траве дружна зацвілі насуперак імкненню зраўняць з зямлёю ранейшы агарод...

Жыхар вёскі, дэпутат сельскага Савета Іосіф Зубік таксама паспрыяў навядзенню парадку на вуліцы. Многія з нашчадкаў гаспадароў пакінутых дамоў — таварышы па школе, а то і аднакласнікі Іосіфа Іосіфавіча. Ён звязваўся з імі, прасіў скласці дакументы, якія далі б права сельвыканкаму распарадзіцца маёмасцю. Некаторыя, праўда, праявілі адказнасць і самастойна разабралі бацькоўскія хаты. Такім чынам у Стральцах засталіся толькі тыя пабудовы, якія даглядаюцца і падтрымліваюцца законнымі ўладальнікамі. Яшчэ вясковы дэпутат сказаў, што, на яго думку, заканадаўства ў нас занадта лаяльнае па гэтым пытанні. Ён даваў бы толькі год на роздум пра далейшы лёс і ўступленне ў правы спадчынніка, а далей права распараджацца атрымлівала б мясцовая ўлада.

Но­вае жыц­цё ха­ты ў в. На­бя­рэж­най.

Новы статус былога жылля

Старшыня Ганчароўскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Плескацэвіч расказаў пра яшчэ адну форму ўладкавання старых дамоў. Так, у вёсцы Набярэжная іх ахвотна купляюць. І прычынай таму найперш Мініцкае вадасховішча. Вадаём славіцца ў акрузе добрай рыбалкай, ды і месца адпачынку надзвычай прыгожае. Возера відаць нават з вокнаў асобных дамоў. Дык чаму ж іх не купляць? Трэба сказаць, тут і цана на іх трымаецца стабільная.

Напрыклад, жыхар Баранавіч Міхаіл Луціч набыў зусім старэнькую хату. А сёння яна выглядае ўжо даволі прывабна. «Дом падымалі, залівалі новы фундамент, сцены ўмацоўвалі», — расказвае Міхаіл Анатолевіч. Бярвенні, моцна паедзеныя шашалем, зрабілі своеасаблівай «фішкай». Зараз у доме паявіліся новыя столь і падлога, абсталяванае памяшканне пад кухню і санвузел, дабудаваная тэраса. З часам у гаспадара паявіцца цудоўны загарадны дом для адпачынку... Дарэчы, Міхаіл Луціч тут не адзіны новы гаспадар, у яго ўжо ёсць суседзі не толькі з Баранавіч, але і з Масквы. Яны таксама купілі старыя дамы ў вёсцы.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч кажа, што ў іх ёсць яшчэ некалькі маляўнічых вёсак, куды не даехалі гараджане-пакупнікі. І сёння мясцовая ўлада думае аб формах рэкламы, бо грэх жа зносіць былое жыллё там, дзе яно яшчэ можа паслужыць людзям.

У Жарабковіцкім сельсавеце старыя хаты купляе гаспадарка. Такая практыка склалася даўно, яшчэ з часоў, калі мясцовым калгасам кіраваў вядомы на Брэстчыне аграрый Віталь Бусько. Ён ніколі не сяліў у новы калгасны дом работніка, пакуль той не прайшоў «каранцін» у старой вясковай хаце. Калі сям'я зарэкамендавала сябе як руплівыя акуратныя гаспадары, ім давалі камфортнае жыллё. А некаторыя потым і самі не хацелі пераходзіць у мураваныя асабнякі, заставаліся ў драўляных. І цяперашні дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты традыцыю не проста працягнуў, а лічыць яе адным з добрых спосабаў вырашэння жыллёвага пытання.

— За апошнія пяць гадоў купілі каля 30 дамоў у вёсках, — гаворыць Антон Тадэвушавіч. — Зусім трухлявыя пайшлі на дровы, а лепшыя мы рамантуем і засяляем у іх работнікаў. У былых вясковых хатах у нас зараз жывуць, жывёлаводы, механізатары.

На адной толькі вуліцы цэнтральнай сядзібы гаспадаркі мы налічылі больш за паўдзясятка такіх дамоў. У адзін з іх завіталі. Маладыя гаспадары Карына і Мікалай Рапрынцавы з задавальненнем паказалі жыллё. Аказалася, абое прыехалі з Данецкай вобласці. Сельскагаспадарчы тэхнікум, у якім яны вучыліся, закрываўся, маладыя людзі змаглі працягнуць вучобу ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. Мікалай атрымаў спецыяльнасць ветэрынара, уладкаваўся на работу ў гаспадарку. Сям'і далі дом, які сельгаспрадпрыемства адрамантавала.

— У доме да нашага прыезду ўжо быў праведзены рамонт: памянялі вокны, дзверы, паклеілі шпалеры, правялі ваду і ацяпленне, — расказвае Карына. — Мы толькі мэблю сваю паставілі. Дом вялікі, прасторны, дачушцы тут падабаецца, мы проста шчаслівыя, — працягвае маладая гаспадыня.

Сельгаспрадпрыемства робіць поўны рамонт і выдзяляе працаўнікам такія дамы ў якасці службовага жылля. Але ў гаспадароў ёсць права з часам выкупляць іх ва ўласнасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Ляхавіцкі раён

Загаловак у газеце: Каб не псавалі краявіды

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Аляксандр Сотнікаў: «Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.