Вы тут

Рэальнасць і будучыня прыдарожнага сэрвісу


Сёння адкрыць кафэ непадалёк ад трасы можа практычна кожны, а пляцоўку для гэтага можна выбраць у інтэрнэце. Аднак намеснік начальніка ўпраўлення бытавога абслугоўвання і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Ларыса КАМАРОВА папярэджвае: адкрываць падобны аб'ект — рызыкова. Тэма сучаснага стану і перспектыў развіцця прыдарожнага сэрвісу была абмеркавана на прэс-канферэнцыі ў Мінску.


— Аб'екты грамадскага харчавання на дарогах краіны запатрабаваныя, і іх колькасць дастатковая, — лічыць Ларыса Камарова. — Калі браць усталяваны стандарт — на 30—50 кіламетраў адзін аб'ект, — то ў нас па краіне сёння адна падобная адзінка на 28 кіламетраў трасы. За 2011—2015 гады адлегласць паміж аб'ектамі скарацілася на 5,4 км, або на 16%.

На яе думку, заахвочваць кліентаў неабходна якасцю і культурай абслугоўвання. Гэтага можна дасягнуць дзякуючы канкурэнцыі, паколькі толькі пакупнік рэгулюе рынак у гэтай сферы.

Па словах Ларысы Камаровай, замежныя госці таксама заўважылі прагрэс у рабоце прыдарожнага сэрвісу Беларусі. «Уладальнікі разумеюць, што для турыстаў неабходна стварыць цэлы комплекс паслуг, — адзначыла спецыяліст. — Добра, калі меню ў прыдарожнай кавярні зроблена на замежнай мове, але пажадана, каб хто-небудзь з персаналу таксама валодаў гэтай мовай». Акцэнт на дробязях падымае ўзровень установы ў вачах госця, таму такія рэчы павінны быць прадуманы.

На думку начальніка аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Беларусі Ганны МУХІ, развіццю прыдарожнага сэрвісу і сферы грамадскага харчавання дапамагае павелічэнне патоку турыстаў. «Пасля падпісання кіраўніком дзяржавы ўказа аб бязвізавым уездзе грамадзян 80 краін назіраецца такая тэндэнцыя: па сітуацыі на сённяшні дзень нашу краіну наведалі, скарыстаўшыся гэтым указам, каля 23 тысяч чалавек (па апошняй інфармацыі — 25 тысяч. — Заўв. аўт.). Гэта грамадзяне з 65 краін свету, — адзначыла Ганна Муха. — Таму мы адзначаем рост цікавасці да Беларусі з боку замежных гасцей з увядзеннем бязвізавага рэжыму».

Перспектыўным фактарам, які можа прыцягнуць турыстаў у нашу краіну, з'яўляецца наяўнасць электразаправачных станцый, колькасць якіх у хуткім часе можа павялічыцца ў разы. «Да нас звярнулася прыватная кампанія, якая стварае электрычныя зарадныя станцыі ў Расіі і еўрапейскіх краінах. План у іх дастаткова амбіцыйны: сёлета яны сабраліся заключыць інвестыцыйныя дагаворы з двума аблвыканкамамі, каб ім выдзелілі зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей ЛЯВОНЧЫК. — Перспектывы ў іх такія: спачатку зрабіць электразапраўкі на трасах М1 і М2, каб арганізаваць міжнародны маршрут для руху электракараў. Потым яны гатовыя перайсці на астатнія магістралі і ў абласныя цэнтры».

Па словах Сяргея Лявончыка, у планах інвестара арганізаваць 20 электразаправак на вышэйназваных трасах. У будучыні гэтая арганізацыя жадае стварыць сетку падобных станцый па ўсёй краіне — усяго каля 500 заправак. «Але гэта будзе адбывацца ў залежнасці ад развіцця рынку, таму што сёння ў нас невялікая колькасць зарэгістраваных электрамабіляў. Складана таксама падлічыць, колькі падобных машын транзітам перасякае нашу краіну», — дадаў спецыяліст.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Карміць — смачна, запраўляць — электрычнасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».