Вы тут

Як маці дапамагла сыну, які страціў зрок, стаць рамеснікам


Арцёму Стоцкаму ўсяго 26 гадоў. Пасля заканчэння ўніверсітэта ён працаваў інжынерам-механікам у Наваполацку, паралельна вучыўся ў магістратуры. І, як і большасць маладых людзей, будаваў грандыёзныя планы на будучыню: марыў пра паспяховую кар'еру, уласны дом, дружную сям'ю... Але два гады таму здарылася няшчасце, у галаве Арцёма знайшлі вялікую пухліну. І хоць яна была дабраякасная, прагнозы ўрачы рабілі не надта радасныя. На шчасце, пухліну ўдалося выдаліць. Але хлопец страціў зрок. Спачатку было вельмі складана прыняць гэтае выпрабаванне не толькі яму, але і яго маці. «Я дні і ночы плакала ў падушку. Пытанне «чаму гэта здарылася менавіта з намі?» не давала спакою. Але аднаго дня сын падышоў да мяне і сказаў: «Мама, хопіць плакаць, так мы далёка не прасунемся».


Уся сям'я радуецца поспеху Арцёма.

«Месяцаў шэсць я змагаўся з гэтымі трубачкамі»

Пасля аперацыі Арцём пераехаў жыць да бацькоў у віцебскую двухпакаёўку. У кватэры хлопец арыентуецца вельмі добра. Калі б я не ведала, то адразу і не зразумела б, што ён нічога не бачыць. Больш за тое, міміка ў Арцёма цудоўна развітая, пры размове ён глядзіць у вочы, пастаянна усміхаецца, жартуе.

Ва ўсіх пакоях прыцягваюць увагу вырабы з папяровай лазы. Чаго тут толькі няма: і вытанчаныя цукерніцы, і кошыкі для цацак ды бялізны, шкатулкі для біжутэрыі, падносы, хлебніцы самых розных памераў і формаў... Усё зроблена надзвычай акуратна. На кожным вырабе вісіць паперка з нейкім натхняльным надпісам: «Не чакайце цуду, стварайце яго самі», «Свет належыць таму, хто яму рады...»

Звярнула ўвагу, што многія плеценыя рэчы з густам аздоблены рознакаляровымі стужкамі ды пацеркамі.

— Адчуваецца жаночая рука...

— Так, за дэкор у нас адказвае мама, — пацвярджае маю здагадку Арцём.

— У нашым тандэме сын — гэта рукі, а я — вочы, — усміхаецца Вольга Мікалаеўна. — Мая задача пафарбаваць трубачкі, якія Арцём скруціў, у розныя колеры. І раскласці іх па спецыяльна адведзеных месцах. Бачыце, зверху ляжаць карычневыя, з левага боку — блакітныя, а ўнізе — жоўтыя.

Арцём не хавае, што тое, чаго ён дасягнуў, у вялікай ступені заслуга маці і айчыма.

— Мама адразу ж пайшла з працы, каб дапамагчы мне аднавіцца пасля аперацыі. А Мікалай падтрымлівае нас маральна і матэрыяльна. Без яго мы дакладна не справіліся б.

— Пасля аперацыі правая частка цела ў Арцёма была паралізаваная. Каб распрацоўваць пальцы рук, купілі гітару і пачалі вучыцца на ёй іграць. Паралельна я шукала ў інтэрнэце, што б яшчэ можна было рабіць рукамі. Знайшла пляценне з лазы. Арцём загарэўся. Ужо вырашылі, што на лецішчы лазу пасадзім, як зусім выпадкова выскачыла спасылка на вырабы з папяровай лазы. Такія неймаверныя рэчы робяць людзі! Нават спачатку цяжка паверыць, што яны сплеценыя са звычайнай паперы. Мы таксама вырашылі паспрабаваць.

— Летась, вясной, паехалі на лецішча і пачалі вучыцца круціць трубачкі, — працягвае Арцём. — Гэта толькі на першы погляд падаецца, што ўсё проста. Памятаю, гадзіна прайшла, са ста трубачак толькі 20 было нармальных, а ўсе астатнія то танчэйшыя, то таўсцейшыя, то не так скручаны, то не так склеены.

— Сапраўды, пачынаць было няпроста. Першыя вырабы атрымліваліся не вельмі якаснымі. Але Арцём не здаваўся. Месяцаў шэсць змагаўся з гэтымі трубачкамі. Але, калі пачало атрымлівацца, ужо стала цікава.

— Маме вельмі ўдзячны за цярпенне. Каб я асвоіў нейкі новы спосаб пляцення, яна мала таго, што павінна была сама навучыцца плесці, дык яшчэ і тлумачыла мне ўсё на словах.

— Малайчына. Аптыміст, канешне, ён у нас. Не шукае лёгкіх шляхоў. Вось гэтыя незвычайныя формы (паказвае) ён сам прыдумаў. Я нават так і не ўмею рабіць.

Хлопец не замыкаецца ў чатырох сценах. Арыентавацца на вуліцы яму дапамагаюць мама, сябры, белы кіёк і навігатар.

«Бяда нас вельмі зблізіла»

Арцём, актыўны чалавек па натуры, не хацеў сядзець у чатырох сценах. Таму практычна адразу пасля таго, як зноў пачаў хадзіць, папрасіў адвесці яго ў цэнтр рэабілітацыі інвалідаў па зроку.

— Гэта першае месца, куды мы выйшлі ў людзі. Там яго зусім бясплатна навучылі арыентавацца ў прасторы пры дапамозе белага кійка і GPS-навігацыі, карыстацца праграмай з агучкай у інтэрнэце (Арцём стварыў ва УКантакце суполку, дзе выстаўляе здымкі сваіх вырабаў).

Потым, зусім выпадкова, лёс звёў з Вольгай Анатолеўнай Дазорцавай, якая працуе ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага гарвыканкама. Менавіта ад яе мы і даведаліся пра магчымасць атрымаць бязвыплатную субсідыю для развіцця сваёй справы. У снежні пачалі пісаць бізнес-план, потым абаранялі свае работы перад камісіяй. Столькі было радасці, калі атрымалі афіцыйны статус рамесніка і каля дзвюх тысяч рублёў. За гэтыя грошы мы цалкам абсталявалі працоўнае месца Арцёму, набылі неабходныя інструменты, матэрыялы...

— Гляджу я на вас і радуюся, паміж вамі пануе такое ўзаемаразуменне. Да таго, як Арцём страціў зрок, адносіны былі такімі ж блізкімі?

— Я яго гадавала адна з двух з паловай гадоў. Таму, калі вучыўся ў школе, быў мамчыным сынком.

— Калі падрос, мне, як, думаю, большасці маладых людзей, захацелася свабоды. Я нават паступаў у Полацкі ўніверсітэт, каб адарвацца ад дому, быць незалежным. Вось ты такі малады і запатрабаваны, а пасля аперацыі расплюшчваеш вочы і... нічога не бачыш. Хочаш падняцца, а не можаш... І табе дапамагаюць блізкія людзі. Пераацэнка адбываецца глабальная. Пачынаеш даражыць тым, што маеш. Вельмі зблізіла нас з мамай гэта бяда.

— Восьмага сакавіка сын пайшоў сабаку выгульваць. Вяртаецца неўзабаве з букетам кветак. Кажа: «Мама, са святам цябе». Я нават праслязілася ад шчасця. Гэта быў першы раз, калі Арцём пасля аперацыі адзін схадзіў у краму. Я радуюся кожнай перамозе сына. Але разам з тым і хвалююся вельмі. Далёка ад дома страшна аднаго адпускаць. А ён рвецца, кажа: «Я пайду асвойваць новы маршрут». Арцём выходзіць з кватэры, а я непрыкметна следам. Ён адчувае. Азіраецца, просіць, каб ішла дадому.

— А сабакам-павадыром не думалі абзавесціся?

— Ён каштуе дорага, дзесьці 20 тысяч долараў.

— Як я жартаваў, за гэтыя грошы можна каму-небудзь кватэру падарыць, і ён цябе вадзіць будзе, — дадае хлопец.

— Арцём, а са сваімі старымі сябрамі падтрымліваеш стасункі?

— Практычна ўсе хлопцы, з якімі ён сябраваў, з'яўляюцца тут. Выходзяць разам гуляць на вуліцу, — далучаецца да размовы Мікалай. — Наташа прыходзіць, дзяўчына, з якой яны сябруюць ужо даўно.

— Ці будзе сябраваць з намі чалавек, залежыць толькі ад нашых учынкаў. Калі будуць нейкія дрэнныя ўчынкі ў адносінах да яго, то і сяброўства не будзе. У цэнтры рэабілітацыі я пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі. Найбольш цесна сябруем з Дзімам Халадовічам, ён толькі на некалькі гадоў старэйшы за мяне. Хлопец практычна нічога не бачыць, але тым не менш вядзе актыўны лад жыцця: выкладае ў цэнтры рэабілітацыі, адзін вандруе па свеце. Ён вельмі стымулюе мяне сваім прыкладам.

Цяпер малады рамеснік актыўна рыхтуецца да «Славянскага базару».

«Той, хто хоча жыць, шукае магчымасці, а не адгаворкі»

— Што можаш параіць людзям, якія апынуліся ў такой сітуацыі, як ты?

— Мне вельмі падабаецца фраза «калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні стаўленне да яе». Усё залежыць ад нашага жадання. Той, хто хоча, шукае магчымасці. Хто не хоча — адгаворкі. Тое ж самае і з хваробай. Некага цяжкасці могуць зламаць. А нехта дзякуючы ім становіцца мацнейшы. Вось Нік Вуйчыч, напрыклад, не мае ні рук і ні ног, але тым не менш жыве на поўную, у яго ёсць жонка, дзеці. Ён ездзіць па свеце са сваімі лекцыямі, натхняе іншых сваім прыкладам. Я з задавальненнем слухаю яго кнігі, шмат чаму вучуся, Нік дапамагае не сумнявацца ў сваіх сілах. Вось толькі адна сітуацыя. У якасці падарунка жанчынам на 8 Сакавіка прафсаюзная арганізацыя з мамінай былой працы вырашыла заказаць у мяне цукерніцы, ажно 14 штук. Калі мама мне пра гэта сказала, гатовых было толькі чатыры.

— Я пачала хвалявацца, што не паспеем справіцца, бо заставалася ўсяго некалькі дзён, думала нават адмовіць. Прыйшла дадому, а Арцём кажа: «Тэлефануй, скажы, што паспеем». Цэлыя суткі напралёт сядзеў, плёў, але паспеў. Гэта быў яго першы такі вялікі заказ і заробак.

— Самую ж галоўную плату атрымаў літаральна за дзве гадзіны да вашага прыходу. Прыйшла смска ад жанчыны, якая заказала хлебніцу і невялічкі кошык для цыбулі: «Дзякуй вам вялікі за вашу работу. Усё вельмі спадабалася. Поспехаў ва ўсіх вашых пачынаннях». Мне вельмі прыемна, што людзям падабаюцца мае вырабы. Хачу быць карысным іншым, дарыць радасць.

— Ты так заўсёды думаў, ці толькі цяпер сталі такія думкі з'яўляцца?

— Да хваробы былі іншыя думкі. Як бы зарабіць грошай пабольш. Эгаістам быў у гэтым плане. А цяпер усё памянялася. Там, пэўна, пакруцілі штосьці падчас аперацыі ў мозгу.

Арцём прызнаўся, што па-ранейшаму марыць пра дружную сям'ю, дзяцей. Але перш, чым рабіць каханай прапанову, хоча рэалізавацца, цвёрда стаць на ногі. Каб не сядзець ні ў кога на шыі, а самому забяспечваць сям'ю.

Пасля размовы мы разам пайшлі выгульваць сабаку Ніку. Па дарозе хлопец паказаў, як асвойвае навігатар. Пастаянна жартаваў, расказваў анекдоты.

Арцём з аптымізмам стараецца глядзець наперад. Цяпер актыўна рыхтуецца да «Славянскага базару». Гэта першы кірмаш у жыцці маладога рамесніка, таму крыху хвалюецца. «Я нават ужо прадумаў сабе вобраз. Капялюш сплёў, неўзабаве прымуся за лапці. Хочацца, каб людзі глядзелі на мяне ды мае вырабы і радаваліся. Ведаеш, пасля аперацыі я зразумеў, што трэба жыць «тут і цяпер». Па максімуму старацца рэалізоўваць сябе сёння. Мінулае ўжо было, будучыні яшчэ няма. Ніколі не ведаеш, які дзень стане для цябе апошнім. Калі сядзіш у чатырох сценах без справы, то дурныя думкі ў галаву лезуць. Таму ў любога чалавека павінна быць нейкая мэта.

Планы ў хлопца, вядома, змяніліся пасля аперацыі. Але яны не менш грандыёзныя.

— Калі я не мог хадзіць, мне параілі наняць масажыста, каб распрацаваць правую частку цела. Шчыра, я не думаў, што масаж мне дапаможа, але, як бачыце, цалкам аднавіўся. Хапіла двух курсаў. Жанчына, якая робіць мне масаж, неяк спыталася, ці не хачу я таксама асвоіць масажныя тэхнікі. Маўляў, невідушчыя спецыялісты цэняцца ў свеце, бо ў іх высокая адчувальнасць рук. Я загарэўся гэтай ідэяй. Масаж жа — гэта таксама дапамога людзям. Вось зараз кручу трубачкі і паралельна слухаю аўдыякнігу — паўтараю школьныя тэрміны па біялогіі. У таварыстве інвалідаў па зроку падказалі, што ў Гродне знаходзіцца вучылішча, дзе вучаць на масажыста. Там ёсць група, адзіная ў Беларусі, для людзей, у якіх праблемы са зрокам. Мне трэба будзе здаваць два экзамены: па біялогіі і мове. У жніўні паедзем з мамай на падрыхтоўчыя курсы.

На развітанне я запыталася ў Арцёма, ці верыць ён у цуды. «Мой сябар Дзіма сказаў, што ў Ізраілі робяць аперацыю па нарошчванні сятчаткі. Але гэта вельмі дорага каштуе. Тым не менш я не губляю надзеі. Калі слухаў аўдыякнігу пра архімандрыта, там вельмі шмат гісторый невытлумачальных, цудадзейных. Верыць ці не, кожны вырашае сам.
Я веру. Але пры гэтым не чакаю цуду склаўшы рукі, а «цуджу» сам».


Анекдот ад Арцёма

У адной сям'і нарадзіліся хлопчыкі-блізняты. Ах і Ох. Ах быў весялун, а Ох, наадварот, пастаянна быў усім незадаволены. І вось ім спаўняецца па пяць гадоў. Бацькі вырашылі выпрабаваць стойкасць іх характараў. Ноччу, напярэдадні дня нараджэння, яны паклалі пад ложак песіміста прыгожага драўлянага коніка, а аптымісту паставілі гаршчок, даверху напоўнены конскім гноем. Раніцай Ох зазірае пад ложак, дастае цацку і кажа: «Ох, конік... Ён жа драўляны, а я хацеў жывога...» Аптыміст дастае з-пад ложка гаршчок і радасна кажа: «Ах! А ў мяне жывы! Толькі выйшаў пагуляць!»

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Мінск-Віцебск

Каментары

Дзякуй вам, Надзея, за такія цікавыя тэксты пра людзей, якія заслугоўваюць расказаць сваю гісторыю ўсім нам. Арцём пазітыўны. болей бы нам удалых прыкладаў. Зычу яму і яго сям'і шчасця. Некаторыя маючы ўсё на свеце (і здароўе таксама) ходзяць панурыя і патрабуюць яшчэ больш. Каб быць шчаслівым, трэба мець цяпло ў душы. Дзякуй, Надзея, за тэкст. Дзякуй, Арцём, за сваю гісторыю.
Дзякуй, Вам, Шаноўны Чытач, што чытаеце і каментуеце) Арцём, сапраўды, вялікі малайчына. І яго мама- таксама. Дзякуй ім і за тое, што дзеляцца гісторыяй свайго пераадолення, хоць, разумею, наколькі гэта няпроста. Але гэта важна, бо можа натхніць іншых входзіць за межы, глядзець шырэй, не апускаць рукі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».