Вы тут

Курс на моцную эканоміку


Касцюковіцкі раён вядомы дзякуючы Беларускаму цэментнаму заводу, лясгасу і шэрагу іншых эфектыўна працуючых прадпрыемстваў. Апошнім часам тут дастаткова дынамічна развіваецца сацыяльная сфера — узводзяцца гандлёвыя цэнтры, жыллё, спартыўныя аб'екты. Сёлета ў Касцюковічах быў цалкам здадзены фізкультурна-аздараўленчы комплекс агульнай плошчай больш за 6 тысяч квадратных метраў, што дало магчымасць вырашыць адразу некалькі праблем — павялічыць экспарт турыстычных паслуг, стварыць новыя працоўныя месцы і забяспечыць раён добрай спартыўнай базай. Зроблены шэраг захадаў па паляпшэнні прадукцыйнасці працы і своечасовай выплаце заработнай платы. Адбыліся станоўчыя зрухі і ў развіцці прыватнага бізнесу. Больш падрабязна на гэты конт мы пагутарылі з намеснікам старшыні Касцюковіцкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Любоўю Кісялёвай.


— Другая чарга ФАКа ўступіла ў дзеянне зусім нядаўна, 26 красавіка. Наколькі запатрабаваным аказаўся гэты аб'ект і ці можна ўжо сёння казаць пра нейкі ўплыў яго на эканоміку раёна?

— Толькі дзякуючы кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку, губернатару Магілёўскай вобласці Уладзіміру Даманеўскаму і старшыні Магілёўскага аблсавета на той момант, а цяпер памочніку Прэзідэнта па Мінскай вобласці Анатолю Ісачанку сёлета для завяршэння будаўніцтва была выдзелена канчатковая сума па «чарнобыльскай» праграме. На будоўлю спартыўнага комплексу былі накіраваны таксама сродкі раённага суботніка. І, што хочацца падкрэсліць, больш за 2,1 мільёна рублёў на гэты аб'ект сабралі нашы прадпрыемствы і жыхары. Цяпер мы маем доўгачаканы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з універсальнай спартыўнай залай для гульнявых відаў спорту з трыбунамі на 750 месцаў, басейнам на 5 дарожак даўжынёй 25 метраў, трэнажорнай залай, заламі для заняткаў фітнесам, боксам, дзюдо. Касцюковіцкі раён заўсёды ганарыўся сваімі спартсменамі, асабліва ў дзюдо і цяжкай атлетыцы. Дастаткова ўспомніць сярэбранага прызёра Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра Вадзіма Стральцова. Летась наш раён праславіла яшчэ і юная самбістка Анфіса Капаева, якая заваявала серабро на Кубку свету ў Маскве. Што датычыцца басейна, то тут нават і сумнявацца не трэба ў яго запатрабаванасці. У нас шмат моладзі, за апошнія гады ў Касцюковічах вырас цэлы жылы маладзёжны мікрараён. Адпаведна і нараджальнасць расце. Раней, каб школьнікі маглі здаць нарматыў па плаванні, мы іх вазілі ў Клімавіцкі раён. А зараз графік складзены так, каб кожная школа, у тым ліку сельская, магла паўнавартасна займацца. Створаны групы сярод працоўных калектываў, ужо нават прайшло некалькі раённых спаборніцтваў паміж рознымі арганізацыямі. Праводзяцца спаборніцтвы сярод школьнікаў. Прыязджаюць наведвальнікі з Хоцімскага раёна, з суседняга Суражскага раёна Расійскай Федэрацыі. Адным словам, комплекс працуе з раніцы да позняга вечара. У нас адчувальна павысіўся экспарт турыстычных паслуг, а галоўнае, у два разы па першым квартале было перавыканана заданне па стварэнні працоўных месцаў. І на 50% гэта звязана з уводам у эксплуатацыю ФАКа.

— Раён з'яўляецца адным з сямі, якія, згодна з Указам 235, увайшлі ў праграму развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна. Як працуе гэты закон? Ці ёсць чым тут пахваліцца?

— Нядаўна быў пабудаваны 60-кватэрны дом, у якім 27 грамадзян атрымалі льготны крэдыт пад 1% гадавых. У рамках гэтага ж закона запрацаваў аб'ект грамадскага харчавання на 50 пасадачных месцаў. Развіваецца прыватны бізнес, укладаюцца грошы ў сферу паслуг. Сёлета ў Касцюковічах запрацаваў сучасны гандлёвы цэнтр «Востраў чысціні» плошчай 255 квадратных метраў. Яшчэ адну вельмі запатрабаваную краму будаўнічых матэрыялаў адкрыў індывідуальны прадпрымальнік. Яе плошча 204 квадратныя метры. Гаспадар паклапаціўся, каб быў прывабны дызайн, якасна аформленыя вітрыны, высокі сэрвіс абслугоўвання.

Дзякуючы беларуска-нямецкім інвестарам развіваецца альтэрнатыўная энергетыка. Першая станцыя магутнасцю 1,5 МВт ужо ўведзена ў эксплуатацыю. І, што вельмі прыемна, спрацавала дастаткова прыбыткова, нягледзячы на тое, што быў не сонечны квартал. Разлічваем на добрыя дывідэнды і ў далейшым. Яшчэ на тэрыторыі будуюцца 2 станцыі па 1,5 МВт кожная. Адну з іх плануецца запусціць ужо сёлета.

— На якім узроўні знаходзіцца ў раёне выкананне прагнозных паказчыкаў? У чым атрымалася дасягнуць больш спрыяльных вынікаў?

— Сёлета станоўчыя тэндэнцыі замацаваліся ў розных галінах эканомікі. У 1-м квартале плённа працавалі па прасоўванні прадукцыі за межы краіны. У сувязі з паляпшэннем кан'юнктуры на рынку цэменту, павялічыўся аб'ём яго экспарту ў Расію. Сёлета пачалі ажыццяўляць пастаўкі гэтага будаўнічага матэрыялу ва Украіну, а таксама вярнуліся на рынак Калінінградскай вобласці. Усяго за першы квартал адгружана на экспарт больш за 135 тысяч тон цэменту на агульную суму 6,2 мільёна долараў ЗША — у 2,2 раза больш, чым за аналагічны перыяд летась. Усё гэта добра паўплывала на рост аб'ёмаў экспарту тавараў і паступлення валюты. Сёлета змаглі пераламаць сітуацыю па экспарце тавараў на прадпрыемствах, падпарадкаваных райвыканкаму і райсавету дэпутатаў — у 9 разоў перавысілі заданне 1-га квартала. На працягу апошніх некалькіх гадоў гэты паказчык быў у нас не ў лепшым стане. Нядрэнна развіваецца і экспарт паслуг. Калі летась гэта былі на 70% транспартныя, то сёлета ўпершыню быў наладжаны экспарт будаўнічых, а таксама, як я ўжо казала, за кошт уводу ў дзеянне басейна адчувальна павялічыўся экспарт турыстычных паслуг.

У першым квартале мы забяспечылі выкананне аб'ёму валавой прадукцыі сельскагаспадарчымі арганізацыямі, што не атрымлівалася зрабіць летась. Такая форма кантролю як абарона зарплаты дазволіла стабілізаваць сітуацыю на слабых прадпрыемствах. А ўкараненне ў сельскай гаспадарцы забытай формы — гаспадарчага разліку — дало стымул працаваць на вынік і гэтым забяспечваць своечасовую выплату заработнай платы. Матывацыя для ўсіх адна — зарплата абавязкова павінна быць зароблена. І мы няўхільна выконваем суадносіны паміж прадукцыйнасцю працы і зарплатай, каб не дапусціць «праядання» абаротных сродкаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».