Вы тут

Чаго не хапае Тыдню беларускай кухнi?


Карэспандэнт «Звязды» наведаў тры кавярнi, паснедаў i зрабiў пэўныя высновы.

З 12 па 18 чэрвеня ў Мiнску абвешчаны 14-ы Тыдзень беларускай кухнi. Каля
70 кавярняў, бараў i рэстаранаў прапануюць пяць страў, якiя прыгатаваны па адзiнай рэцэптуры i рэалiзуюцца па адзiным кошце. Наколькi смачныя гатуюцца стравы i якiя падводныя камянi хавае ў сабе абслугоўванне падчас гэтага мерапрыемства?


Першы блiн не камяком

Пад рытмiчны акампанемент дажджу i вакальныя партыi парывiстага ветру заходжу ў кавярню харчовай сеткi, па назве якой можна падумаць, што яна спецыялiзуецца на прыгатаваннi нацыянальных страў. Але вось жа няўдача: на дзвярах няма нiякай рэкламы пра тое, што з 12 па 18 чэрвеня можна пачаставацца аўтэнтычнымi стравамi. Недапрацовачка вiдавочная: як жа пра гэта дазнаецца недасведчаны чалавек?

Зрэшты, гэты мiнус кампенсаваўся тым, што афiцыянт адразу ж прапанаваў меню беларускай кухнi асобна. Адразу вiдаць: тут рыхтавалiся да мерапрыемства старанна. Побач з кожнай стравай ёсць яе выява i складнiкi. Ды i само меню раздрукавана на прыгожа аздобленай паперы. Выбiраю ў гэтай кавярнi дзве стравы: суп з варанай капусты i шчаўя з мясам (па кошце 3,50) i салату з ранняй капусты з радыскай за тры рублi... I пацягнуўся доўгi час чакання i назiрання за падзеямi на ажыўленым гарадскiм скрыжаваннi.

Салату прынеслi хвiлiн праз дваццаць. Порцыя прыемна здзiвiла — не думаў, што 230 грамаў ежы могуць заняць цэлую супавую мiску. Пачынаю арудаваць вiдэльцам i ўсведамляю, што кухар з лiмоннай запраўкай вiдавочна перабраў. Радыска, капуста, морква, зелянiна i нават смажаныя шампiньёны гарманiруюць адно з адным цудоўна. А вось бульбы было мала, як i цыбулi. Зрэшты, да аматараў страў з цыбуляй сябе не адношу, таму гэта пайшло нават на карысць.

Яшчэ праз пяць хвiлiн афiцыянт паставiў талерку з супам. Першае ўражанне аб страве — яна даволi густая. А на смак гэта аказаўся найлепшы з супоў, якiмi я частаваўся за апошнiя гадоў гэтак пяць. Запечаная бужанiна парэзана на дробныя кубiкi, да таго ж кухар ад усёй душы паклаў у суп вялiкi жаўток, рассечаны на дзве часткi, што таксама прыемна здзiвiла.

Задаю дзяжурнае пытанне: а як часта заказваюць беларускiя стравы, прапанаваныя на гэтым тыднi? Афiцыянт адказвае, што менавiта гэты набор — салат i суп — карыстаўся папулярнасцю падчас абедзеннага перапынку, калi сюды прыходзяць супрацоўнiкi размешчаных побач офiсаў i шмат студэнтаў.

Расплачваюся па рахунку i ў думках стаўлю кавярнi цвёрдую «дзявятку». Толькi наступны раз болей, болей вонкавай iнфармацыi — не ўсе ж загадзя дазнаюцца пра Тыдзень беларускай кухнi!

Адзін са складнікаў дэсерту «Бульба» - марозіва.

Здагадайся сам?

Атрымаўшы добрае ўражанне, iду ў другую кавярню — прадэгуставаць пячыста. Рэклама абяцала, што гэта страва падаецца ў выглядзе запечанай свiнiны з адварной бульбай, марынаванымi агуркамi, соусам, кменам i зелянiнай. Здавалася б, Лукул бы такому пачастунку пазайздросцiў!

Але першыя арганiзацыйныя расчараваннi сябе чакаць не прымусiлi — зноў нiякай пазнакi на дзвярах аб Тыднi беларускай кухнi няма! А само меню з пяцi страў самотна стаяла ў куточку стала, раздрукаванае на звычайным аркушыку без якiх-небудзь выяў.

Пячыста з'явiлася на стале хвiлiн праз 20. Порцыя вагой 370 грамаў, мяса ў якой менш за палову, каштуе восем з паловай рублёў. Дарагавата. Само мяса вiдавочна ўзята не з фiлейнай часткi — каб яго разрэзаць на кавалкi, давялося прыкласцi фiзiчнае намаганне. Зрэшты, на смак яно аказалася вельмi неблагiм. А нотку вытанчанасцi дадаў марынаваны агурок.

Лiчбы на гадзiннiку паказваюць 21.00. Здавалася б, можна падвесцi вынiкi за дзень — колькi чалавек пачаставалася стравамi да Тыдня беларускай кухнi? Тым больш што кавярня знаходзiцца каля аднаго з самых ажыўленых скрыжаванняў сталiчнага мегаполiса.

— Вы ведаеце, гэта ўсяго толькi трэцяя страва за дзень з гэтага меню, — кажа афiцыянтка. — Да вас тут былi два чалавекi, яны заказалi суп з варанай капусты са шчаўем i салату з радыскай.

Мiжволi прыкмячаю, што ў прэйскуранце гэтыя пазiцыi самыя танныя. Супадзенне?..

Пячыста - не вельмі вядомае цяпер назву беларускага стравы. Азначае яно бульбу з запечаным мясам.

«Вы першы, хто за тры днi заказаў такiя стравы...»

А вось ад Тыдня беларускай кухнi ў кавярнi «нумар тры» засталiся пачуццi змяшаныя. Пачыналася ўсё добра. На дзвярах вiсела рэклама пра тое, што кавярня прымае ўдзел у Тыднi беларускай кухнi. I прычым гэта не просты раздрукаваны на прынтары аркушык фармату А4, а добры такi плакат з выявамi страў i iх кампанентамi. Антураж на лесвiцы да кавярнi таксама аўтэнтычны — дзежкi, лiхтары, зробленыя пад ХIХ стагоддзе... Ды i меню адкрывалася менавiта з пералiку страў, прадстаўленых на Тыднi. А вось далей пачалося самае цiкавае. Нягледзячы на тое, што гадзiннiк паказваў 16.00, у кавярнi быў толькi адзiн госць — аўтар гэтых радкоў. Афiцыянтка папярэдзiла адразу: салаты не будзе. Што ж, заказваю сабе галкi рыбныя i дэсерт «Бульба».

Перачытаўшы за паўгадзiны процьму навiн у iнтэрнэце, нарэшце дачакаўся трох галак. Аднак, тут жа сябе супакоiў: значыць, страва дакладна не разагравалася ў мiкрахвалёўцы. Рыбныя галкi падаюцца з гарнiрам у выглядзе смажанай цыбулi, рысу з кавалачкамi агароднiны, лiсцем салаты i сметанковым соусам з хрэнам, а таксама пятрушкай. За 7 рублёў 50 капеек аб'ём пачастунку годны — ён заважыў ледзь не паўкiлаграма. На смак галкi нагадваюць рыбныя катлеты, а па памерах яны — як вялiкiя фрыкадэлькi. Вось толькi крыху збянтэжыў смажаны рыс у гарнiры. Але не па смаку, а па... прысутнасцi. Наколькi лагiчна адносiць яго да беларускай кухнi, калi ўлiчыць, што ён у нас не расце з-за прыродных умоў?

А вось дэсерт «Бульба» за 4 рублi нiчым асаблiва i не здзiвiў. Тры шарыкi, зробленыя з печыва, згушчонкi i какавы, да якiх быў дабаўлены шарык ванiльнага марожанага, клубнiцы i мята.

Разлiчыўшыся па рахунку, даведваюся ў афiцыянткi, што стравы з пералiку Тыдня беларускай кухнi за два з паловай днi яго правядзення я заказаў у гэтай кавярнi... першы. На мой разгублены выраз твару афiцыянтка растлумачыла, што сюды ходзяць пераважна на абеды. Але студэнтаў у гэтай частцы Мiнска амаль няма, а супрацоўнiкi офiсаў, якiя месцяцца на тэрыторыi колiшняга завода, выбiраюць стравы, звыклыя для сябе.

— Было б нядрэнна, калi б iнфармацыя пра тое, што праводзiцца Тыдзень беларускай кухнi, размяшчалася на бiлбордах, — мяркуе афiцыянтка. — Там iх убачыць непараўнальна больш людзей, чым заходзiць да нас у кавярню...


Ва ўсiх трох кавярнях здзiвiла, што меню да Тыдня беларускай кухнi было аформлена... толькi па-руску. Лагiчнае пытанне: чаму б не зрабiць двухмоўны варыянт — рускi i беларускi? Ад гэтага аўтэнтыка нацыянальных страў толькi б выйграла. Тым больш што асноўнае, непараўнальна большае па асартыменце, меню ў дзвюх з трох пунктаў аформлена таксама на дзвюх мовах — рускай i англiйскай...

Валяр'ян ШКЛЕННIК

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.