Вы тут

Свята-Пакроўскi сабор у Гродне прадставiць макеты страчаных храмаў


У хуткiм часе трапiць на званiцу сабора зможа кожны, хто пажадае. Тут будзе ўсталявана музейная экспазiцыя, а званарка Юля Мiнчанка пазнаёмiць з традыцыяй перазвону. Вось ужо больш за дзесяць гадоў яна кiруе «голасам» галоўнага праваслаўнага храма Гродна, а таксама вядзе тут курсы званароў. Дарэчы, у саборы знаходзiцца 12 званоў агульнай вагой каля 3 тон, а самы вялiкi важыць больш за паўтары тоны. Яны адлiты ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Да гэтага часу мала хто мог дакрануцца да iх, не кажучы пра тое, каб пазванiць. Але i такое будзе магчыма.


— Мы паставiлi сабе за мэту зрабiць сабор больш цiкавым i даступным для турыстаў, — дзелiцца планамi настаяцель Георгiй Рой. — Дзеля гэтага распрацавалi праграму, якую будзем ажыццяўляць паступова. Спачатку адкрыем доступ для турыстаў на званiцу. Там ёсць пакой, дзе размесцiцца экспазiцыя па гiсторыi храма, гiсторыi праваслаўя на Гродзеншчыне. Прадставiм i дакументы, i экспанаты з нашых сховiшчаў, напрыклад элементы царкоўнага ўбранства.

Трэба адзначыць, што сам пад'ём на званiцу выклiкае iнтарэс, хоць лесвiца не такая крутая, як, напрыклад, на пажарнай каланчы альбо ў Фарным касцёле. Але i тут ёсць вузкае месца, якое патрабуе пэўных намаганняў. А ўсяго прыйдзецца пераадолець дзесяць лесвiчных пралётаў. З вышынi званiцы цэнтр горада як на далонi.

— Мы зрабiлi рамонт i хутка пачнём афармляць экспазiцыю. Наступным этапам будзе стварэнне архiтэктурнага парка, — паведамiў Георгiй Рой. — Пляцоўку пад яго ўжо вызначылi.

Размесцяцца тут макеты праваслаўных храмаў, якiя не дайшлi да нашага часу. У першую чаргу варта прыгадаць старажытны Сафiйскi сабор, якi паўстаў на месцы першага на Беларусi каталiцкага храма — Фары Вiтаўта. Яго гiсторыя пачалася ў XIV стагоддзi. Не аднойчы ён пераходзiў ад адной канфесii да iншай. Некалькi разоў гарэў, але кожны раз яго адбудоўвалi. Гiсторыя велiчнай святынi завяршылася ўжо ў наш час — ён быў зруйнаваны ў 1961 годзе.

Не менш драматычны лёс у Аляксандра-Неўскай царквы, якая была ўзведзена ў цэнтры горада ў 1870 годзе ў гонар выратавання iмператара Аляксандра II, якi яе тады наведаў. Але ў 1938 годзе гарадская Рада прыняла рашэнне разабраць праваслаўны храм. Зварот вернiкаў да польскiх улад не даў вынiкаў, i храм разбурылi.

На пляцоўцы з'явяцца макеты цэркваў, якiя знiклi яшчэ ў старажытнасцi. Некалi на Замчышчы, недалёка ад Каложскай царквы XII стагоддзя, якая захавалася па сённяшнi дзень, знаходзiлiся Верхняя i Нiжняя цэрквы, прыкладна такога ж перыяду. Рэшткi iх знойдзены ў XX стагоддзi гродзенскiмi навукоўцамi. Аблiчча храмаў удалося аднавiць.

Протаiерэй Георгiй Рой паведамiў таксама аб старажытнай царкве Святога Крыжа, якая не дайшла да нашых часоў. Тое ж самае напаткала i Нiкольскi храм, месца размяшчэння якога пакуль не ўстаноўлена.

Усе страчаныя храмы будуць выкананы ў зменшаных копiях, але з максiмальнай дакладнасцю. Да гэтай работы далучацца гiсторыкi i непасрэдна выканаўцы макетаў. Нешта прыйдзецца ўзнаўляць па старажытных малюнках альбо гравюрах. Гатовыя макеты ўстановяць на спецыяльныя пастаменты. Яны будуць у рост чалавека, а можа нават i большыя.

— Макеты будуць даволi вялiкiя, каб чалавек мог падысцi i разглядзець, як выглядалi былыя храмы, — зазначыў Георгiй Рой.

Работа над архiтэктурнай пляцоўкай распачнецца ў вераснi, а завяршыць яе плануюць у наступным годзе.

У тэму

Сёлета спаўняецца 110 гадоў з моманту асвячэння Свята-Пакроўскага сабора ў Гродне. Адбылося гэта ў 1907 годзе, у хуткiм часе пасля завяршэння яго будаўнiцтва. Храм узведзены ў гонар воiнаў Гродзенскага гарнiзона, якiя загiнулi ў руска-японскую вайну (1904—1905). Дарэчы, мемарыяльныя дошкi з прозвiшчамi герояў вiсяць у храме з тых часоў. У саборы знаходзiцца цудадзейная iкона Казанскай Божай Мацi, якую падчас Першай сусветнай вайны спрабавалi вывезцi ўглыб Расii, але не змаглi падняць, i яна засталася ў горадзе.

Маргарыта УШКЕВIЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Турыстаў сустрэнуць званы...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.