Вы тут

Чым прываблiвае Новая Зеландыя?


Новая Зеландыя стала касмiчнай дзяржавай: ракета-носьбiт звышлёгкага класа Electron амерыканскай аэракасмiчнай кампанii Rocket Lab (сярод яе клiентаў такiя ведамствы, як NASA i Moon Express) стартавала з усходняга ўзбярэжжа Паўночнага вострава. Адметна, што асноўныя элементы канструкцыi выкананы з вугляпластыку, а рухавiк надрукаваны з дапамогай 3D-прынтара. Цяпер у свеце налiчваецца 11 дзяржаў, здольных ажыццяўляць запускi лятальных апаратаў у космас са сваёй тэрыторыi. Па словах мiнiстра эканамiчнага развiцця Новай Зеландыi Саймана Брыджэса, гэты крок для краiны стаў сапраўды «ўражальным». «Касмiчная галiна хутка зможа прыносiць нам штогод сотнi мiльёнаў долараў», — упэўнены чыноўнiк. А чым яшчэ адметная далёкая астраўная дзяржава?


Дзе Таматэа на флейце іграў

Адразу колькi слоў пра месца. Новая Зеландыя — дзяржава ў паўднёва-заходняй частцы Цiхага акiяна, у Палiнезii, размешчаная на двух буйных астравах (Паўночным i Паўднёвым) i вялiкай колькасцi (прыблiзна 700) прылеглых больш дробных астравоў. Насельнiцтва, па даных cтатыстычнага ўпраўлення дзяржавы, складае больш чым 4,5 мiльёна чалавек.

Гэта маладая краiна. Лiчыце самi: першыя пасяленцы — маоры — прыплылi ў Новую Зеландыю на каноэ 800—1000 гадоў таму. Першым «пакеха» (з мовы маоры — белы чалавек), хто адкрыў Новую Зеландыю i даў ёй сучасную назву, быў галандскi мараплавец i даследчык Абель Тасман. Гэта адбылося ў 1569 годзе. Аднак тады ваяўнiчыя маоры не дазволiлi яму сысцi на бераг. У 1769-м легендарны капiтан Джэймс Кук высадзiўся на бераг краiны i з таго часу пачалася шырокая еўрапейская iмiграцыя. Якая, дарэчы, актыўна працягваецца i дасюль.

Кiраўнiком дзяржавы да гэтага часу фармальна з'яўляецца каралева Вялiкабрытанii. Кiруе краiнай прэм'ер-мiнiстр. Афiцыйнымi мовамi з'яўляюцца англiйская, маоры i мова жэстаў. Сiмвал краiны — птушка кiвi. Непрыкметная начная птушка, якая дала мянушку ўсiм выхадцам з Новай Зеландыi. На самай справе ў гады ранняй еўрапейскай каланiзацыi выбар стаяў памiж некалькiмi знакамi: птушка моа, сярэбраная папараць, Паўднёвы Крыж i птушка кiвi. Але самым папулярным сiмвалам у жыхароў чамусьцi аказалася менавiта кiвi.

Новая Зеландыя была першай у свеце краiнай, якая зрабiла жанчын роўнымi ў правах з мужчынамi. Але, па дзiўным збегу абставiн, у краiне не святкуецца Мiжнародны жаночы дзень 8 сакавiка. Гэта таксама радзiма месца з самай доўгай назвай у свеце (85 лiтар!) — Taumata whakatangi hangakoauau o tamatea turi pukakapiki maunga horo nuku pokai whenua kitanatahu, — што ў перакладзе з мовы маоры азначае «Вяршыня пагорка, дзе Таматэа з вялiкiмi каленамi, заваёўнiк гор, паядальнiк зямлi, падарожнiк па сушы i моры, іграў на флейце для сваёй каханай».

Дарэчы, найвышэйшы пункт Новай Зеландыi — гара Кука (3,7 тыс. м) — знаходзiцца на Паўднёвым востраве. Там жа знаходзяцца i Паўднёвыя Альпы. Характэрна, што працягласць новазеландскiх Альпаў большая, чым французскiх, аўстрыйскiх i швейцарскiх разам узятых.

На вяршынi рэйтынгаў

Новая Зеландыя, тэрыторыя якой адчувальна перавышае тэрыторыю той жа Вялiкабрытанii, узначальвае мiжнародныя рэйтынгi i апытаннi па прывабнасцi месцаў для пражывання i вядзення бiзнесу, а таксама ўваходзiць у дзясятку краiн з самым нiзкiм узроўнем карупцыi. Спрыяльны клiмат i прыгожыя пейзажы — не адзiнае, чым можа пахвалiцца дзяржава ў Акiянii. У апошнi час краiна прыцягвае ўсё больш людзей з iншых дзяржаў для вядзення бiзнесу. «Калi ўвесь свет коцiцца да д'ябла, то лепшага прытулку, чым Новая Зеландыя, не знайсцi», — заўважыў Дэвiд Купер, дырэктар клiенцкага сэрвiсу Bloomberg у Оклендзе. Ён адзначае ўсплёск запытаў на пераезд ад грамадзян ЗША. Iнтэрнэт-прадпрымальнiк Кiм Доткам напiсаў у сваiм твiтары: «Свет коцiцца ў глыбокi крызiс. Я прадбачыў гэта, i таму мы пераехалi ў Новую Зеландыю».

Па даных рэйтынгавага агенцтва Fitch, астраўная краiна дэманструе адносна стабiльнае эканамiчнае асяроддзе ў апошнiя гады. У штогадовым рэйтынгу Doing Business Новая Зеландыя перамясцiлася з другога на першае месца, пацяснiўшы звыклы Сiнгапур. Сусветны банк паведамiў, што скарачэнне падаткаў i новае заканадаўства, якое палягчае iх выплату, сталi асноўнымi прычынамi павышэння ацэнак краiны. Цяпер Новая Зеландыя па праву лiчыцца самай спрыяльнай дзяржавай для вядзення бiзнесу.

Больш за тое, па вынiках мiнулага года «краiна кiвi» прызнана самай квiтнеючай дзяржавай у свеце, па даных Business Insider. Пры складаннi рэйтынгу яго аўтары ўлiчвалi ўзровень дзiцячай смяротнасцi, колькасць мабiльных тэлефонаў, веру грамадзян у сумленнасць выбараў, узровень занятасцi насельнiцтва i iншыя паказчыкi, колькасць якiх перавышае сотню.

Новая Зеландыя не можа пахвалiцца нiзкiмi падатковымi стаўкамi. Але, па меншай меры, улады краiны выбудавалi параўнальна выразную i простую падатковую сiстэму. Яна прывабная сваёй прадказальнасцю, сумленнасцю i з'яўляецца спрыяльным асяроддзем для заробкаў i актываў. Па ацэнцы US Tax Foundation, новазеландская падатковая сiстэма з'яўляецца другой па канкурэнтаздольнасцi ў свеце i першай — па iндывiдуальных падатках.

Роджарномiка i рутаназiя

Новая Зеландыя — развiтая краiна з рынкавай сiстэмай эканомiкi, аснову якой складаюць сельская гаспадарка, апрацоўчая i харчовая прамысловасць i турызм. Эканомiка мае экспартную арыентацыю. Доля дзяржаўнага сектара невялiкая: у 2008 годзе пад кантролем дзяржавы знаходзiцца толькi каля двух дзясяткаў прадпрыемстваў i арганiзацый. Новая Зеландыя мае мiжнародную рэпутацыю краiны з эфектыўнай i высокаразвiтой сельскагаспадарчай iндустрыяй. Структура гэтай галiны шмат у чым унiкальная для развiтых краiн. Асноўнай яе асаблiвасцю з'яўляецца адсутнасць якiх-небудзь датацый з боку дзяржавы фермерскiм гаспадаркам.

У васьмiдзясятых i дзевяностых гадах мiнулага стагоддзя Новая Зеландыя правяла глыбокiя рэформы, дзякуючы якiм з адной з самых закрытых i зарэгуляваных эканомiк Арганiзацыi эканамiчнага супрацоўнiцтва i развiцця (АЭСР) краiна зрабiла прарыў да адной з найбольш свабодных эканомiк свету. Галоўным чынам гэта заслуга двух мiнiстраў фiнансаў — Роджэра Дугласа i Рут Рычардсан.

Першы этап новазеландскiх рэформаў звязаны з Роджэрам Дугласам, якi займаў пасаду мiнiстра фiнансаў у лейбарысцкiм урадзе з 1984 па 1988 год. Яго эканамiчныя рэформы называюць «роджарномiкай». Яго палiтыка была накiравана на макраэканамiчную стабiлiзацыю. Быў усталяваны плаваючы валютны абменны курс, зняты кантроль над аперацыямi з замежнай валютай i дэрэгуляваныя фiнансавыя рынкi. Былi знiжаны гандлёвыя тарыфы i скасаваныя iмпартныя лiцэнзii. Максiмальная стаўка падаходнага падатку скарацiлася ўдвая i склала 33%, а стандартная стаўка была знiжана з 42% у 1978 годзе да 28% у 1988-м. Былi скасаваныя субсiдыi сельскай гаспадарцы i прамысловасцi, а многiя дзяржаўныя прадпрыемствы былi прыватызаваны.

У Дугласа з'явiлася годная паслядоўнiца на пасадзе мiнiстра фiнансаў з 1990 па 1993 год — Рут Рычардсан, палiтыку якой называюць «рутаназiяй» i лiчаць другой хваляй макраэканамiчных пераўтварэнняў. Яна засяродзiлася на рэформе сацыяльнага забеспячэння i працоўных адносiн. У прыватнасцi, большасць дапамог па сацыяльным забеспячэннi былi скарочаны або адменены, а тыя, што засталiся, сталi адраснымi. Паступова быў павышаны пенсiйны ўзрост — з 60 да 65 гадоў. Iмпартныя пошлiны, якiя ў той час складалi каля 20%, былi знiжаны яшчэ на трэць. Была працягнута прыватызацыя дзяржаўных актываў. Зазнала рэфармаванне таксама сiстэма аховы здароўя з мэтай перайсцi да адраснасцi фiнансавання медыцынскiх паслуг. У вынiку пераўтварэнняў дзяржаўныя выдаткi скарацiлiся з 45% ад ВУП у пачатку 1980-х да 31% у 2001 годзе. За гэты час ВУП паказваў устойлiвы прырост у сярэднiм на 3,6% пачынаючы з 1993-га.

Спачатку мясцовыя

У «краiне кiвi» асаблiва вялiкiя дыяспары з Вялiкабрытанii, ЗША i Канады, Iндыi, Кiтая, Паўднёвай Афрыкi. Летась замежнiкi скупiлi тут больш за дзве тысячы квадратных кiламетраў зямлi. Гэта ў чатыры разы больш, чым у 2015-м. Прычым у асноўным выбiраюцца тыя ўчасткi, якiм не пагражае затапленне пасля ўзняцця ўзроўню сусветнага акiяна. Папулярнай опцыяй таксама стала наяўнасць пляцоўкi для верталёта каля дома.

«Мегабагатыя» знайшлi новы прытулак — Новую Зеландыю, паведамляе Bloomberg. Як тлумачыць выданне, iзаляванасць гэтай краiны стала перавагай на фоне тэрактаў у Еўропе, прэзiдэнцкiх выбараў у ЗША i наступстваў рэферэндуму аб выхадзе Вялiкабрытанii з Еўрасаюза. Цяпер тут можна знайсцi шыкоўныя «прытулкi» найбагацейшых людзей свету, напрыклад, рэжысёра «Тытанiка» i «Аватара» Джэймса Кэмерана, iнвестара Джулiяна Робертсана, фiнансiста Майкла Нака. Па даных новазеландскiх СМI, заснавальнiк Alibaba Group Holding Ltd Джэк Ма хацеў бы купiць тут дом. Не дзiўна, што такая люксавая iмiграцыя выклiкае незадаволенасць мясцовых жыхароў. Ужо сфармiраваўся цэлы рух «Кампанiя супраць замежнага кантролю Атэароа» (назва Новай Зеландыi на мове маоры, якая, дарэчы, перакладаецца як «краiна доўгага белага воблака»).

Увогуле, летась у краiне быў зафiксаваны рэкордна высокi ўзровень мiграцыi — каля 70 тыс. чалавек. Таму Новая Зеландыя робiць больш жорсткiм вiзавы рэжым для замежнiкаў у рамках прынцыпу «Спачатку кiвi» (Kiwis-first). Было абвешчана аб унясеннi змяненняў у мiграцыйнае заканадаўства краiны з мэтай засцерагчы мясцовы рынак працы ад замежнай працоўнай сiлы. «Гэтыя змены заклiканыя забяспечыць правiльны баланс i заахвоцiць работадаўцаў наймаць больш «кiвi», укладваючы сродкi ў iх навучанне», — заявiў мiнiстр iмiграцыi, працоўных адносiн i бяспекi краiны Майкл Вудхаус, выкарыстоўваючы гутарковы тэрмiн, якi пазначае новазеландцаў. Агульны час знаходжання замежнага работнiка ў краiне будзе лiмiтаваны трыма гадамi. Па словах Вудхауса, усе гэтыя меры заклiканы «палепшыць якасць мiгрантаў, якiя прыязджаюць у Новую Зеландыю». Дарэчы, раней пра рашэнне зрабiць больш жорсткiм вiзавы рэжым для замежных работнiкаў абвясцiлi ЗША i Аўстралiя.

Захар БУРАК

burak@zviazda.by

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Прынады «краiны кiвi»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.