Вы тут

У Акадэміі МУС працуе легендарны барэц Антон Новік


Каб пералічыць усе тытулы і ўзнагароды Антона НОВІКА, не хопіць і цэлай газетнай старонкі. Ён паспеў сябе праявіць і як першакласны дзюдаіст, і як выдатны самбіст. Антон Юльянавіч першым у рэспубліцы атрымаў званне майстра спорта па дзюдо, а па самба ў 1982 і 1984 гадах стаў чэмпіёнам Еўропы, у гэтым жа відзе ў 1982 годзе заваяваў і Кубак свету. А колькі разоў ужо ў якасці трэнера прыводзіў сваіх падапечных да перамогі на самых прэстыжных спаборніцтвах, немагчыма і палічыць!


— Антон Юльянавіч, як вы прыйшлі да спорту?

— За гэта велізарную падзяку хачу выказаць сваім старэйшым братам, захопленым барацьбой. Адзін з іх, Серафім, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, працуе ў БДУІРы,
другі — заслужаны трэнер Савецкага Саюза, на працягу 16 гадоў быў галоўным трэнерам краіны. Ён, Юльян, і прывёў мяне ў спорт, а пасля стаў і маім асабістым трэнерам. Напэўна, калі праводзілі б падлікі, наша сям'я была б самай тытулаванай у свеце ў гэтых відах спорту. Але асабіста мне нічога б не атрымалася дасягнуць без падтрымкі маёй жонкі Таццяны, так што ўсе мае перамогі — і яе таксама.

Трэніравацца я пачаў, калі мне ішоў шаснаццаты год. Да гэтага асаблівага ўяўлення аб спорце не было, хіба браты паказвалі нейкія прыёмы, прыязджаючы дадому. Але задаткі ў мяне былі ад прыроды: на спаборніцтвы па любым відзе спорту ад школы абавязкова адпраўлялі мяне. Праўда, развіваць іх асаблівай магчымасці не было: я нарадзіўся ў вёсцы і быў дзявятым дзіцем у сям'і. Затое, дзякуючы фізічнай працы, быў вельмі моцны і вынослівы.

— Калі да вас прыйшоў першы поспех?

— Усё адбылося вельмі хутка. Я адразу пачаў трэніравацца з дарослымі спартсменамі, яны разглядзелі ўва мне патэнцыял і не памыліліся. Ужо праз паўгода, у 1970-м, я стаў прызёрам СССР па самба сярод юнакоў, на наступны год — другім сярод моладзі.
І пайшло, і пайшло ...

Мне вельмі падабалася тое, чым я займаюся, таму нагрузкі я амаль не заўважаў. У 1976 годзе ўпершыню паехаў на чэмпіянат Савецкага Саюза па самба і стаў другім. Пасля гэтага больш за дзесяць разоў запар я быў прызёрам Савецкага Саюза, двойчы ўладальнікам Кубка.

Назіраючы за цяперашнімі спаборніцтвамі, магу сказаць, што значна складаней выйграць на міжнародных этапах, але лягчэй туды трапіць. Мы ж вытрымлівалі велізарную ўнутраную канкурэнцыю.

— Якую перамогу вы лічыце самай значнай для сябе?

— У 1982 годзе ў Варне праходзіў чэмпіянат Еўропы па самба, вольнай і грэка-рымскай барацьбе. Калі я заняў першае месца, павіншаваць мяне падышоў мой кумір Аляксандр Мядзведзь. Памятаю, ён сказаў: «Зямляк, так трымаць!» Пачуць такое ад спартсмена, які паспяхова вытрымаў тры алімпійскія цыклы, было для мяне момантам сапраўднага трыумфу.

Але галоўнай перамогай я лічу ўсё ж такі не гэтую. Праз два гады ў Манголіі праходзілі спаборніцтвы «Дружба-84»: яны прыраўноўваліся да Алімпійскіх гульняў, на якія той раз не паехала зборная СССР. Пераможцам аўтаматычна прысвойвалася званне заслужанага майстра спорту. А мне было ўжо за 30 гадоў, я столькі часу аддаў барацьбе, таму на спаборніцтвы я ехаў «рваць і кідаць». Так атрымалася, што мне прыйшлося змагацца з манголам, якому я саступіў на адным з мінулых чэмпіянатаў. Напружанне было вялікае, але мне ўдалося перамагчы. І я, і мой брат у якасці трэнера адразу ж атрымалі доўгачаканыя званні.

— Вам было лёгка засвоіць прафесію трэнера?

— У Акадэміі МУС я працую ўжо 35 гадоў. І я адразу вызначыў для сябе, што мая галоўная задача не падрыхтаваць барца высокага класа, а выхаваць чалавека, якому штодзённа прыйдзецца абараняць гонар пагонаў. Міліцыянеры ж працуюць з людзьмі, таму важна, каб іх паважалі. Не варта фізічную сілу вылучаць на першы план. Я заўсёды кажу сваім вучням: прафесійны спорт — гэта часова, рабіце ўпор на чалавечыя якасці.

А наогул быць трэнерам значна цяжэй, чым выступаць самому. Я начамі не сплю перад спаборніцтвамі, думаю, што яшчэ падказаць і як надаць правільны настрой. Калі бароўся мой сын, яшчэ будучы курсантам Акадэміі, ён двойчы станавіўся чэмпіёнам Еўропы і свету, мяне проста трэсла, хоць да сваіх выступленняў я заўсёды адносіўся спакойна. У выпадку, калі спартсмен вяртаецца не з перамогай, менавіта трэнерская задача падбадзёрыць і вызначыць: прычына была псіхалагічнага, фізічнага або тэхнічнага характару.

— У чым спецыфіка працы ў структуры МУС?

— Я заўсёды лічыў, што ў курсантаў профільных ВНУ павінна быць вельмі сур'ёзнае стаўленне да спорту. І кіраўніцтва МУС падае ў гэтым плане вельмі добры прыклад. Або возьмем начальніка Акадэміі Уладзіміра Уладзіміравіча Бачылу: ён робіць 19 уздымаў з пераваротам на турніку, не кожнаму прафесійнаму спартсмену гэта пад сілу.

Таму я не разумею, калі кажуць, напрыклад: «Я ж усяго сантыметр не даскокнуў, чаму незалік?» Вы ведаеце нормы — рыхтуйцеся. Па вопыце скажу, што такога паняцця як «я на гэта не здольны» для здаровага чалавека няма. Таму лічу, што ў Акадэміі і павінны быць жорсткія патрабаванні. Для прафесійных спартсменаў і супрацоўнікаў міліцыі ёсць агульныя абавязковыя якасці: сабранасць, дысцыплінаванасць, адказнасць, таму з курсантаў атрымліваюцца добрыя спартсмены. А ўжо спартсмены потым абавязкова будуць у ліку лепшых работнікаў міліцыі.

Ва ўсіх спартсменаў вельмі сур'ёзнае стаўленне да нашых, так званых Алімпійскіх гульняў — чэмпіянату МУС. Яны могуць прапусціць Еўропу ці свет, але не абараніць гонар свайго дэпартамента — ніколі. Так што спаборніцтвы праходзяць на самым высокім узроўні. Дарэчы, Акадэмія дзесяць гадоў запар станавілася пераможцам, апошнія гады мы стабільна ў тройцы.

— Раскажыце, як праходзяць трэніроўкі?

— Я вяду секцыі па самба, дзюдо і самаабароне, мы займаемся тры разы на тыдзень па дзве гадзіны. Але каб дамагчыся выніку, гэтага, вядома, недастаткова. Трэба трэніравацца не тры разы на тыдзень, а тры разы на дзень: раніцай зарадка, у 11 трэніроўка, у 17 — другая.

Усе прыёмы я паказваю сам, таму трымаю сябе ў форме. Па-іншаму ніяк, расказваць пра штосьці з лаўкі бессэнсоўна. Я заўсёды імкнуся стварыць на трэніроўцы настрой, уключаю музыку, кажу, калі ўжо прыйшлі, нягледзячы на стомленасць, аддайцеся барацьбе цалкам.

— Якія вынікі сваёй працы вы лічыце самымі важнымі?

— За 35 гадоў я падрыхтаваў сотню майстроў спорту, каля дзясятка майстроў спорту міжнароднага класа. У 2013 годзе атрымаў званне «Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту», маю званне палкоўніка ў адстаўцы.

У першую чаргу я ганаруся сваімі вучнямі. Мікалай Шкрэд, Аляксандр Петух, Андрэй Арлоўскі, які выступае цяпер у баях без правілаў, мой сын Антон Новік. Алена Абрамовіч і Аляксей Сцепанькоў, які стаў бронзавым прызёрам апошняга чэмпіянату Еўропы, абодва выкладаюць у нас на кафедры. Нядаўна Раман Ярмалюк на чэмпіянаце свету сярод студэнтаў стаў трэцім, на чэмпіянаце свету па баявым самба заняў другое месца, на чэмпіянаце Еўропы — трэцяе, атрымаў званне майстра спорту міжнароднага класа. І многія, многія іншыя... Быў год, калі толькі курсанты Акадэміі на чэмпіянаце Еўропы заваявалі чатыры залатыя, два сярэбраныя і адзін бронзавы медаль. Яны абараняюць не толькі гонар нашай краіны, але і гонар Акадэміі. А галоўнае, пасля служаць у самых элітных падраздзяленнях МУС: «Алмаз», «Альфа», АМАП.

Яшчэ адной са сваіх задач я лічу прапаганду здаровага ладу жыцця. Тэрыторыя Акадэміі цяпер, напрыклад, зона, свабодная ад курэння. Афіцэр павінен несці такія ідэі ў сваю сям'ю, і ў цэлым быць у грамадстве прыкладам паводзін. Нездарма ж узнікла фраза «Гонар маю»

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Спартсмены заўсёды ў ліку лепшых работнікаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».