Вы тут

Як у Беларусі развіваюць экалагічны турызм?


Захаванне біялагічнай разнастайнасці і развіццё турызму на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях — пры разумным і творчым падыходзе да справы гэтыя задачы можна паспяхова вырашаць. «Турызм — такі складнік гаспадарчай дзейнасці, які наносіць мінімальную шкоду прыродзе», — лічыць гендырэктар Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Аляксандр Буры.


Начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай Свідзінскі расказвае, што летась 26 прыродаахоўных тэрыторый Беларусі наведала на 3% больш турыстаў, чым годам раней. Рост даходаў ад турыстычнай дзейнасці ў 2016 годзе склаў 138% у параўнанні з 2015 годам. Што стаіць за гэтымі лічбамі? Як і чым удаецца прыцягваць турыстаў?

Перш за ўсё, новымі напрамкамі экатурызму. Не так даўно нацпаркі пачалі прапаноўваць экскурсіі на балотаходах і балотаступах, вывучэнне слядоў дзікіх жывёл, навучанне дайвінгу, водны і веласіпедны слалам, водныя паходы на плытах. «Экалагічны турызм з'яўляецца важным кірункам развіцця рэгіёнаў, які дазваляе, захоўваючы прыроду, павышаць свой дабрабыт, садзейнічаць прытоку інвестыцый і росту ўзроўню жыцця, перш за ўсё сельскіх жыхароў», — падкрэсліў Мікалай Свідзінскі.

На кані — назіраць за мядзведзем

Бярэзінскі біясферны запаведнік з'яўляецца адзінай у краіне асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй найвышэйшага рангу і служыць эталонам захавання некранутай прыроды. У дачыненні да турызму гэта значыць, што ў запаведніку няма рэкрэацыйнай зоны, таму практычна ўся тэрыторыя забаронена для наведвання насельніцтвам. Тым не менш летась у запаведніку прынялі 41,6 тыс. турыстаў.

Дырэктар Бярэзінскага біясфернага запаведніка Андрэй Пракошын растлумачыў, што для турыстаў распрацоўваюцца спецыяльныя маршруты, якія праходзяць узгадненне ў адпаведных інстанцыях.

«Наш запаведнік — гэта вельмі спецыфічная шматгаліновая арганізацыя, якая з'яўляецца адначасова прыродаахоўнай, навукова-даследчай і эколага-асветніцкай установай, — расказвае Андрэй Пракошын. — Усе гэтыя кірункі дзейнасці цесна ўзаемазвязаныя, непарыўныя і падпарадкаваныя дасягненню галоўнай мэты — захаванню біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці».

Менавіта таму турызм тут арганізаваны з ухілам у экалагічную асвету. Бярэзінскі біясферны запаведнік — гэта выключная разнастайнасць і ўнікальнае спалучэнне розных тыпаў лясоў, балот, лугоў, азёр, вялікіх і малых рэк. Амаль 90% запаведніка займаюць лясы, аднак асаблівую значнасць маюць балотныя масівы, якія захаваліся ў першапачатковым выглядзе з уласцівым ім комплексам рэдкіх відаў раслін і жывёл. У запаведніку жывуць 56 відаў звяроў, 234 віды птушак, 10 відаў земнаводных і 5 паўзуноў. У рэках і азёрах водзіцца 34 віды рыб. У запаведных лясах і балотах расце больш за 800 відаў вышэйшых раслін, з іх 62 унесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Строгай ахове таксама падлягаюць 57 відаў птушак, 10 відаў млекакормячых. Тут на адной тэрыторыі сустракаецца так званая вялікая еўрапейская пяцёрка: зубр, лось, мядзведзь, воўк і рысь. Дарэчы, у Бярэзінскім запаведніку жыве амаль трэць усёй беларускай папуляцыі мядзведзя.

Увогуле, турысту тут ёсць што ўбачыць і чым захапіцца. Дырэктар запаведніка выступае за «натуральнасць падарожжаў», і для іх створаны добрыя ўмовы, ёсць уся неабходная інфраструктура для развіцця экалагічнай асветы і турызму. Распрацаваны экалагічныя маршруты для аматараў актыўнага пазнавальнага адпачынку: арганізуюцца пешаходныя, лыжныя, веласіпедныя, водныя і аўтамабільныя экскурсіі пад кіраўніцтвам вопытных гідаў, а таксама ўнікальны ў нашай краіне тур — назіранне за мядзведзем.

Навінкай у Бярэзінскім запаведніку з'яўляецца конны турызм. Пакуль распрацаваны чатырохгадзінны паход, у якім удзельнічаюць да чатырох турыстаў і інструктар. У перспектыве такія паходы будуць аднадзённымі і нават шматдзённымі. Па словах Андрэя Пракошына, турыстам верхавая язда дае магчымасць бліжэй убачыць дзікіх жывёл, бо конь для іх — элемент прыроды, таму яны без боязі ўспрымаюць і вершніка.

У пушчу па асвету

У Белавежскай пушчы ўсе прыродныя сістэмы захоўваюцца ў іх натуральным прыродным стане. Тут ахоўваецца 196 відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, 120 маюць міжнародны ахоўны статус. Белавежская пушча дзеліцца на тры зоны: запаведная — гэта 58 га апошняга лесу сталага веку нізіннай часткі Еўропы, рэкрэацыйная і гаспадарчая. У Белавежскай пушчы чакаюць турыста, цікавасць якога не ў забаўках, а ў пазнанні прыроды. «На гэтым стаім: пазнавальны і асветніцкі турызм. Пушча была турыстычнай яшчэ пры царах і князях», — гаворыць кіраўнік Нацпарка Аляксандр Буры. І сёння нацыянальны парк — самае наведваемае прыродаахоўнае месца Беларусі. У 2016 годзе тут пабывала 430 тысяч турыстаў, з іх 49 тысяч — замежнікі, сярод якіх 40% — расіяне, затым ідуць украінцы, таксама прыкметныя ў агульным патоку палякі, літоўцы, латышы, немцы, французы і кітайцы. Даходы ад турызму летась выраслі ў 2,2 раза. І гэтая дзейнасць мае рэнтабельнасць да 8,6%. Белавежская пушча забяспечвае звыш 20% даходаў ад экспарту турызму ўсёй Брэсцкай вобласці.

Аднак турыстычны патэнцыял Белавежскай пушчы, як і Бярэзінскага біясфернага запаведніка, у некалькі разоў перавышае сённяшні паток турыстаў.

Велатурызм набірае моц

Адным з экалагічна бясшкодных відаў транспарту з'яўляецца веласіпед. Аляксандр Буры расказаў, што гадоў 5—6 таму на балансе ў Белавежскай пушчы мелася 50 веласіпедаў, якія не заўсёды былі запатрабаваныя, а цяпер часам і 300 не хапае. Пры гэтым, натуральна, растуць даходы ад іх здачы ў арэнду. Напрыклад, калі турыст жадае з'ездзіць на веласіпедзе ў Польшчу праз міжнародны турыстычны пагранпераход «Перароў—Белавежа», размешчаны на тэрыторыі нацпарка, то арандаваць веласіпед трэба не менш чым на пяць-шэсць гадзін, і абыдзецца гэта ў суму каля 20 рублёў. Акрамя таго, распрацавана некалькі веламаршрутаў працягласцю ад 1,5 да 4 гадзін, у якіх прадугледжана ўсё: арэнда падлеткавага веласіпеда, дарослы з дзіцячым сядзеннем. Можна ў Белавежскай пушчы катацца і на ўласным веласіпедзе. Але тут ёсць нюансы: калі турыст жыве ў гатэлі нацпарка, то за падарожжа да вальераў з жывёламі або да сядзібы Дзеда Мароза ён не плаціць, у іншым выпадку аплачваецца кошт, скажам так, уязнога білета.

У ДПУ «Нацыянальны парк «Нарачанскі» для велатурыстаў стварылі спецыяльную вэб-праграму, якая дазволіць выбраць аптымальны маршрут, бо рух на ахоўнай тэрыторыі строга рэгламентуецца.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

yanovskaya@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не нашкодзь!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.