Вы тут

З-за чаго хварэюць беларусы?


Калі б не гэта даследаванне, мы б так і думалі, што на вёсцы выпіваюць больш, чым у горадзе.

Чаму гэта не так — нагода для далейшых даследаванняў, а пакуль у краіне ўпершыню ацанілі распаўсюджанасць фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў па метадалогіі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Удзельнікамі STEPS стала каля 6 тысяч беларусаў ва ўзросце 18—69 гадоў з усіх рэгіёнаў, у тым ліку сельскіх. Гэта першая спроба дакладна ацаніць самыя важныя прычыны, звязаныя з развіццём сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету 2 тыпу — ужыванне тытуню і алкаголю, гіпадынамію, нездаровае харчаванне, лішнюю вагу і атлусценне, павышаны артэрыяльны ціск і ўзровень глюкозы і ліпідаў у крыві, сярэдні ўзровень спажывання ў папуляцыі солі і пратэінаў.


Дымяць вяскоўцы

29,6 працэнта нашага насельніцтва кураць, прычым 9 з 10 штодня. Сярод мужчын — 48 працэнтаў, сярод жанчын — 12,6 працэнта.

Большая частка курцоў прыпадае на сельскую мясцовасць, а таксама на ўзроставую групу 30—44 гады (кожны трэці!). Далучаюцца да гэтага шкоднага занятку, як правіла, у 16—17 гадоў. 99 працэнтаў спажываюць фабрычныя цыгарэты, 2,5 працэнта рэспандэнтаў паказалі на самакруткі, 0,6 — кураць люльку, 0,7 — сігары і сігарылы. Каля 1 працэнта выкарыстоўваюць электронныя сістэмы курэння, а ва ўзроставай групе 18—29 гадоў такіх аматараў ажно 11 працэнтаў. Электронкі не скідваюць з рахунку каля 4 працэнтаў курцоў звычайных цыгарэт.

«Кожны пяты беларус падвяргаецца пасіўнаму курэнню на рабоце і дома, — кажа загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга БАРТМАН. — Сумна, што пакутуюць людзі, якія не выбіралі тытунь, бо выбралі для сябе здаровы лады жыцця. І гэтых людзей мы павінны абараняць, таму што яны таксама трапляюць у групу рызыкі па развіцці тых захворванняў, якія развіваюцца пад уздзеяннем тытунёвага дыму».

Ігнаруем лекі ад ціску?

98 працэнтаў апытаных паказалі на тое, што ім праводзілася вымярэнне артэрыяльнага ціску. 45 працэнтаў нашых грамадзян маюць павышаны, больш за 140/90 мм рт. сл., артэрыяльны ціск. Ёсць сярод іх і тыя, хто ведае пра сваю артэрыяльную гіпертэнзію, аднак толькі палова мужчын, якім неабходна прымаць лекі для паніжэння ціску, робяць гэта. Сярод жанчын доля матываваных крыху вышэйшая — 65 працэнтаў. Самая нізкая прыхільнасць да лячэння — у сельскай мясцовасці.

Высокі ціск цесна звязаны з такімі фактарамі рызыкі, як ужыванне тытуню (адмова ад курэння зніжае ціск на 5 мм рт. сл.), алкаголю (праз гадзіну пасля ўжывання спіртных напояў ціск у здаровага чалавека павышаецца на 5 мм рт. сл., а ў пацыента з гіпертаніяй — на 10), лішняя вага, нерацыянальнае харчаванне, у тым ліку лішак солі ў рацыёне.

Зніжэнне солі ў рацыёне паніжае ціск на 5 мм рт. сл. і павышае эфектыўнасць тэрапіі.

Куды знікае талія

60 працэнтаў насельніцтва маюць лішнюю вагу, 25 працэнтаў — атлусценне. Пасля 45 гадоў праблема толькі нарастае. Атлусценне сустракаецца ўжо ў 36 працэнтаў, а пасля 60 гадоў — у 42. Паводле слоў галоўнага пазаштатнага эндакрынолага Міністэрства аховы здароўя Алы ШАПЯЛЬКЕВІЧ, вельмі небяспечным для здароўя з'яўляецца так званае вісцэральнае атлусценне (калі тлушч назапашваецца на ўнутраных органах, што цесным чынам звязана з развіццём гіпертэнзіі, ішэмічнай хваробы сэрца, дыябету 2 тыпу, анкалагічнай паталогіі). Каб не дапускаць гэтага, памер таліі, калі вы жанчына, не павінен перавышаць 80 см (а ў 63 працэнтаў прадстаўніц прыгожага полу ён большы) і 94 см, калі вы мужчына (большае значэнне маюць 42 працэнты асоб дужага полу). А ва ўзросце пасля 45 гадоў гэтыя лічбы яшчэ больш высокія: 56 працэнтаў сярод мужчын і 82 працэнты — сярод жанчын.

Спачатку стаціны

Высокі халестэрын (звыш 5 ммоль/л) — фактар рызыкі развіцця атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца — маюць 37 працэнтаў дарослых, прычым сярод жанчын праблема распаўсюджана больш. Кожны пяты дарослы беларус ніколі не вымяраў халестэрын! Праўда, па меры пасталення такіх усё менш (калі сярод 18—29-гадовых — 11 працэнтаў, то ва ўзросце 60—69 — 60 працэнтаў), але ў любым выпадку мала хто з нас кантралюе гэты паказчык рэгулярна, а значыць, не прымае належных мер па яго зніжэнні. Нізкі ўзровень «добрага» халестэрыну адзначаецца ў 28 працэнтаў мужчын і ў 38 працэнтаў жанчын, што паказвае на высокую рызыку развіцця ў іх атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца. «Кантраляваць халестэрын з дапамогай дыеты складана, але ў пэўнай ступні магчыма, — адзначае намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце РНПЦ «Кардыялогія» Аляксандр ПАЦЭЕЎ. — Важнае месца адводзіцца тут і фізічнай актыўнасці, але асноўным застаецца медыкаментозная тэрапія, група прэпаратаў, якая называецца стацінамі. Польскія калегі даказалі, што зніжэння гэтага паказчыка ўдаецца дасягнуць менавіта з дапамогай лекаў, а не дыеты. А ў нас, як паказала STEPS, доля тых, хто рэгулярна прымае стаціны з мэтай прафілактыкі і лячэння — 3 працэнты (у старэйшай узроставай групе — каля 10 працэнтаў)».

Каля 13 працэнтаў беларусаў маюць высокую 10-гадовую рызыку развіцця захворванняў сістэмы кровазвароту.

Адзін-два фактары рызыкі маюць 49 працэнтаў мужчын і 58 працэнтаў жанчын, тры-пяць фактараў — 48 і 34 працэнты адпаведна. Такім чынам, 60 працэнтаў насельніцтва маюць патрэбу ў прафілактычным кансультаванні і кантролі.

Пяць порцый і штодня

Толькі чвэрць рэспандэнтаў штодня ўжываюць дастатковую колькасць фруктаў і агародніны — пяць порцый. Порцыя — гэта (на выбар) яблык, банан, морква, перац, кавалак кавуна або дыні. 7 працэнтаў нашых людзей у свой тыповы дзень наогул не ўжываюць ні фрукты, ні агародніну!

Звычайны беларус спажывае ў сярэднім каля 10 г солі штодня, а бяспечны мінімум — 5 г. Соль мы атрымліваем не толькі падчас дасольвання ежы, якую гатуем самі, але і з прадуктамі прамысловай вытворчасці. Дарэчы, у праграму «Здароўе народа» закладзена зніжэнне колькасці солі ў прамысловых прадуктах, паведаміла намеснік дырэктара Навукова-практычнага цэнтра гігіены Кацярына ФЕДАРЭНКА. Што да алкаголю, то 53 працэнты рэспандэнтаў (65 працэнтаў мужчын і 42 працэнты жанчын) ужывалі алкаголь на працягу апошніх 30 дзён, 20 працэнтаў ужывалі яго ў апошнія 12 месяцаў. Самае цікавае, што прынцыповай розніцы паміж спажываннем алкаголю сярод жыхароў сельскай і гарадской мясцовасці не існуе.

А астатнія жанчыны?

9 з 10 жанчын (90 працэнтаў) паказалі на тое, што ім калі-небудзь праводзілася абследаванне на рак шыйкі маткі. «Аднак нам неабходна перайсці на новы метад правядзення гэтага даследавання, — дадае ўрач-анколаг мультыдысцыплінарнай групы па арганізацыі скрынінгу і ранняй дыягностыкі раку аддзела па арганізацыі супрацьракавай барацьбы РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Віталь АШАРЫН. — Гэта будзе новы спосаб афарбоўкі, а пазней яшчэ далучыцца і тэсціраванне на вірус папіломы чалавека».

За апошнія дзесяцігоддзі ў краіне назіраецца рост анкалагічных захворванняў.

З аднаго боку, паляпшаецца дыягностыка, а з другога, адбываецца натуральнае пастарэнне. Аднак істотную ролю іграе тут распаўсюджанасць курэння, злоўжыванне алкаголем, атлусценне і нізкая фізічная актыўнасць.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Беларускі фактар рызыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».