Вы тут

Якія болевыя кропкі ёсць у беларускім аграпрамысловым комплексе?


Такое пытанне мы адрасавалі тым, хто мае непасрэднае дачыненне да сельскай гаспадаркі.


Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па аграрнай палітыцы Яўген АДАМЕНКА:

— Як і ў любым комплексе, няхай гэта будзе прамысловы або будаўнічы, тут ёсць шмат болевых кропак. Больш за тое, на кожным сельгаспрадпрыемстве — свае праблемы. Сёння і Прэзідэнт, і Савет Міністраў шмат робяць для таго, каб адбывалася фінансавае аздараўленне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Акрамя таго, многія гаспадаркі працуюць паспяхова і арганізавана. Важна, каб умовы надвор'я не падвялі. А то кожны год адбываюцца нейкія катаклізмы — напрыклад, у Гомельскай вобласці ўжо два гады запар засуха. Гэты год таксама няпросты: ужо лета, а яшчэ холадна. Спадзяюся, што ўсё будзе ў парадку, кармы вырастуць. Я шмат гадоў прапрацаваў у гэтай сферы, таму ведаю, наколькі важныя ўмовы надвор'я. Гэта галоўнае, а вяскоўцы зробяць усё, каб быў дастойны ўраджай.

Першы намеснік старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей СТРУЙ:

— Эканамічная сітуацыя складаная — гэта раз. Зараз ідзе корманарыхтоўка, і нешта наша сучасная тэхніка нас трохі падводзіць — гэта два. Акрамя таго — гэта ўжо больш да нашага раёна адносіцца — слабы травастой сёлета. Але мне здаецца, што не толькі ў нас такая праблема. Як пераадолець усё гэта? Вядома, многае залежыць ад надвор'я. Што ж датычыцца тэхнікі, то тут усё вырашае фінансавы бок пытання. Не ведаю, з чым гэта звязана, але перыядычна здараюцца розныя паломкі. А кармы трэба ўбіраць. Тэрміны ж ужо падышлі. На мой погляд, у кожнай гаспадарцы сёння ёсць свае праблемы.

Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Путрышкі» Гродзенскага раёна Віктар
ПЕТРУШКЕВІЧ:

— Я б вылучыў дзве болевыя кропкі: па-першае, гэта дыспарытэт цэн, па-другое, гэта адсутнасць прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Што азначае першы аспект? Гэта розніца паміж коштам прадукцыі, якую вырабляюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, і коштам хімікатаў, медыцынскіх прэпаратаў, запчастак для тэхнікі і ўсяго астатняга. За мяжой ёсць такая схема: за адзін літр малака можна купіць два літры саляркі. Падкрэсліваю, менавіта для сельскагаспадарчых вытворцаў. У нас жа за адзін літр малака можна купіць, скажам, палову літра такога паліва. Гэта значыць, розніца выходзіць прыблізна ў 4 разы. Што да другога моманту, то я лічу, што на зямлі павінен быць не арандатар, а гаспадар, каб ён меў права распараджацца сваёй зямлёй. Я маю на ўвазе не арэнду ў дзяржавы, а менавіта прыватнае валоданне. Што датычыцца пераадолення гэтых момантаў, то пра гэта гаварыць вельмі складана. Я працую з канкрэтнымі ўмовамі і пэўнай сітуацыяй.

Старшыня Слабада-Кучынскага сельскага Савета Капыльскага раёна Нэлі ГУСЕВА:

— Я назаву дзве праблемы: недахоп фінансавання і дыспарытэт цэн. Мабыць, гэта асноўныя пытанні ў гэтай сферы. Па першым моманце ўсё зразумела, а што да другога, то сёння цэны, дапусцім, на гаручае растуць хутка, а на сельскагаспадарчую прадукцыю растуць павольна. Я б сказала, што ў сельскай гаспадарцы стан канкрэтнага прадпрыемства залежыць ад многіх аспектаў — пачынаючы ад умоў надвор'я і заканчваючы суб'ектыўнымі фактарамі — стаўленнем людзей і іншымі. У нашым раёне працуе дастаткова моцнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, яно актыўна развіваецца. Ці ёсць у яго праблемы? Ведаеце, жыццёвых праблем хапае, але ўвогуле адбываецца паступовае развіццё.

Намеснік дырэктара камунальнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Варанецкі» Бераставіцкага раёна Мар'ян ДАБРУК:

— На мой погляд, усё залежыць ад канкрэтнага прадпрыемства. Так атрымліваецца, што сёння ёсць моцныя гаспадаркі, а ёсць больш слабыя. Акрамя таго, істотна адрозніваюцца самастойныя арганізацыі і тыя, каму рознымі спосабамі дапамагаюць. Мне здаецца, сёння ўсялякіх праблем можна пазбегнуць, калі шчыльна працаваць з кіраўніцтвам раёна, а таксама непасрэдна з людзьмі. Трэба набіраць новыя кадры, паколькі сёння не кожны зможа адаптавацца пад новую тэхніку. Гэта значыць, патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты. Тое ж самае датычыцца і ветэрынарных лекараў, і інжынераў, і іншых катэгорый. Што тармозіць развіццё гаспадарак? Бываюць розныя абставіны. Я лічу, што ядром любога прадпрыемства з'яўляюцца людзі. Калі ёсць згуртаваны калектыў, ёсць зацікаўленасць у працы, то ўсё будзе атрымлівацца.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.