Вы тут

Якія дасягненні і праблемы мае айчынны АПК


Не сакрэт, што развiццё сельскай гаспадаркi сёння больш за ўсё абумоўлена выкарыстаннем у ёй iнавацыйнай тэхнiкi. Калi раней рост вытворчасцi забяспечваўся прыцягненнем большай колькасцi работнiкаў, то сёння на першы план выходзiць якаснае i высокапрадукцыйнае абсталяванне, для работы якога не трэба мець велiзарны штат спецыялiстаў. Апроч буйных прадпрыемстваў, такiх як МТЗ цi «Гомсельмаш», тэхнiку для аграрыяў распрацоўвае навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi па механiзацыi сельскай гаспадаркi. Карэспандэнты «МС» сустрэлiся з намеснiкам генеральнага дырэктара гэтай установы па ўкараненнi i выпрабаваннях Дзмiтрыем КОМЛАЧАМ i пагутарылi пра дасягненнi i праблемы айчыннага АПК.


— Якiя з найноўшых распрацовак цэнтра вы лiчыце найбольш значнымi?

— За апошнiя тры гады мы ў асноўным сканцэнтравалiся на машынах для глебаапрацоўкi i пасеву. Гэта, напрыклад, абаротны дванаццацiкорпусны плуг, якi ўжо прайшоў дзяржаўныя прыёмачныя выпрабаваннi i рыхтуецца для серыйнай вытворчасцi. Ён прызначаны для работы з магутнымi трактарамi пятага класа (вышэй за 400 конскiх сiл) i мае модульную канструкцыю па схеме «восем плюс чатыры», што дазваляе зменшыць плошчу апрацоўкi, калi гэта патрэбна. Машына адпавядае ўсiм сучасным патрабаванням да такой тэхнiкi: абаронена ад камянёў, мае высокi рэсурс выпрацоўкi. Акрамя гэтага, плуг не толькi ўзорвае глебу, але i крышыць яе — значыць, адразу пасля праходу можна пускаць сеялку.

Дарэчы, яшчэ адна распрацоўка — гэта якраз сеялка прамога пасеву з шырынёй захвату дзевяць метраў, вельмi магутная машына, якая дазваляе сеяць збожжавыя непасрэдна ў iржышча без апрацоўкi глебы. Яна таксама ўкамплектавана спецыяльным абсталяваннем, якое дазваляе ўносiць мiнеральныя ўгнаеннi.

Акрамя гэтага, распрацавалi цэлы шэраг уборачнай тэхнiкi: камбайны для ўборкi ягад (пераважна кустовых культур: аронii, парэчак, агрэсту), морквы, капусты, самаходную машыну для збору садавiны i фруктаў. Апошняя распрацоўвалася па даручэннi кiраўнiка краiны, яна неабходна для беражлiвай работы з семечкавымi культурамi, у прыватнасцi яблыкамi, грушамi.

Плады збiраюцца без пашкоджанняў, што вельмi важна для iх захавання. Машына абсталявана секатарамi, таму яе можна выкарыстоўваць на абрэзцы дрэў. Што датычыцца прычапных камбайнаў, то яны таксама скiраваны на акуратную работу з ураджаем. Так, морква збiраецца захватам за бацвiнне i выштурхоўваннем з зямлi. Пасля гэтага «хвосцiк» не пераразаецца, а адмiнаецца, што добра ўплывае на тэрмiны захавання прадукцыi.

— Хто з'яўляецца асноўным спажыўцом вашай тэхнiкi: беларускiя цi замежныя гаспадаркi?

— У нашай структуры знаходзiцца даччынае дзяржаўнае прадпрыемства «Эксперыментальны завод», а таксама доследная вытворчасць НПЦ у Ждановiчах, дзе размяшчаецца выпрабавальны палiгон i доследнае поле. Дык вось, калi на першым прадпрыемстве прыкладна 90 працэнтаў прадукцыi iдзе на экспарт, то на другiм сiтуацыя супрацьлеглая — пераважная частка паступае на ўнутраны рынак. Гэта i дзяржаўныя гаспадаркi, i прыватныя фермерскiя. Але агульны аналiз сiтуацыi паказвае, што цяпер паўсюдна iдзе спад аб'ёмаў закупкi сельскагаспадарчай тэхнiкi. Звязана гэта з тым, што паступова спiсваюцца старыя нiзкапрадукцыйныя машыны, а магчымасцi новых (высокая надзейнасць i функцыянальнасць) дазваляюць не набываць iх у такой вялiкай колькасцi для захавання ранейшых аб'ёмаў работы.

— Наколькi айчынны АПК сёння забяспечаны сучаснымi машынамi?

— Iснуе невялiкая праблема з набыццём гаспадаркамi менавiта нашай iнавацыйнай тэхнiкi, бо яна каштуе немалых грошай (хоць i таннейшая за замежныя аналагi ў сярэднiм на 30—50%). Але цяпер многiя з iх выходзяць на высокiя аб'ёмы вытворчасцi, расце ўраджайнасць культур, высокiя паказчыкi дэманструе жывёлагадоўля, таму мы разлiчваем, што ўжо ў хуткiм часе прадпрыемствы сферы АПК змогуць актывiзавацца ў гэтым кiрунку. I кiраўнiцтва краiны, i Мiнсельгасхарч займаюцца згаданым пытаннем, таму вялiкiх хваляванняў у нас гэта не выклiкае.

— Цi ёсць складанасцi з укараненнем новых распрацовак у самiх гаспадарках?

— Так, безумоўна, бо многiя з iх прывыклi працаваць са старымi машынамi — надзейнымi i простымi. Гэту тэхнiку добра ведаюць механiзатары, няма праблем з сэрвiсам. А мы вядзём распрацоўку новых узораў, якiя абсталяваны камп'ютарамi, што патрабуе адпаведнай квалiфiкацыi ад людзей. Ужо працуем над вырашэннем гэтага пытання, у прыватнасцi, праводзiм на базе цэнтра навучанне механiзатараў, ладзiм «днi адчыненых дзвярэй» для навучэнцаў аграрных навучальных устаноў, публiкуем даведачныя матэрыялы па новай тэхнiцы на сваiм сайце. У межах выстаўкі «Белагра», напрыклад, правялi тры семiнары, якiя ахапiлi ўсе кiрункi нашых распрацовак.

Рас­пра­ца­ва­ная ў НПЦ буль­бя­ная са­джал­ка за­бяс­печ­вае поў­ны комп­лекс до­гля­ду куль­ту­ры: па­сад­ку, угна­ен­не, пра­труч­ван­не клуб­няў. 90 пра­цэн­таў кам­плек­ту­ю­чых — бе­ла­рус­кiя.

— А з замежнымi навукоўцамi-аграрыямi супрацоўнiчаеце?

— Якраз нядаўна завяршылася саюзная праграма «Iнавацыйнае развiццё вытворчасцi бульбы i тапiнамбуру», рэалiзацыя якой праходзiла сумесна з Расiйскай Федэрацыяй. Мы распрацавалi шэраг машын для поўнага цыклу вытворчасцi: пасадкi гэтых культур i догляду за iмi, уборкi, апрацоўкi i ўпакоўкi. Справа ў тым, што бульба i тапiнамбур маюць падобныя тэхналогii вырошчвання, таму i было прынята рашэнне аб стварэннi такой машыны. З боку Беларусi ўдзел у рабоце, акрамя нас, прымалi такiя навуковыя арганiзацыi, як НПЦ НАН па бульбаводстве i плодаагародніцтве, НПЦ НАН па харчаваннi, Цэнтральны батанiчны сад. Яны змаглi распрацаваць тэхналогii вырошчвання i перапрацоўкi, а таксама вывесцi сарты тапiнамбуру, якi па форме наблiжаны да бульбяных клубняў. Адзiнае, што гэта культура вельмi лёгка псуецца — дастаткова нават дробнай драпiны, каб адбылося загнiванне. Таму мы таксама ўдзялiлi вялiкую ўвагу беражлiваму збору ўраджаю. Гэта тэхнiка ўжо выстаўлялася на «Белагра», цяпер вядзём збор заявак ад гаспадарак.

— Якiя кiрункi развiцця аграпрамысловай тэхнiкi спецыялiсты НПЦ лiчыць самымi перспектыўнымi?

— Безумоўна, мы сочым за апошнiмi сусветнымi трэндамi ў гэтай сферы. Не сакрэт, што цяпер павялiчваецца магутнасць тых жа трактароў, для iх патрэбны адпаведныя агрэгаты з больш высокай прадукцыйнасцю. Але гэта не значыць, што мы можам, умоўна кажучы, зрабiць для вялiкага трактара гiганцкi плуг — ёсць пэўная мяжа, пераходзiць за якую нельга. Бо мы або будзем парушаць структуру глебы, або пераўшчыльняць яе. Таму спрабуем знайсцi «залатую сярэдзiну», асаблiва звяртаем увагу на рабатызацыю сельгастэхнiкi.

Ужо распрацавалi шэраг поўных комплексаў абсталявання для жывёлагадоўлi: у тым лiку стойлавае, прылады для кармлення i праграмнае забеспячэнне для iх. Камп'ютар дазваляе практычна выключыць удзел чалавека з работы комплексу. Ужо шэсць такiх распрацовак мы ўкаранiлi ў розных рэгiёнах Беларусi. Акрамя гэтага, у нас створана асобная лабараторыя, якая займаецца стварэннем бартавых камп'ютараў, якiя поўнасцю адсочваюць работу ўсiх тых машын, пра якiя я гаварыў у пачатку размовы. Мы актыўна мадэрнiзуем тэхнiку, дапрацоўваем iснуючыя мадэлi, таму бачым у гэтым перспектыву.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: На палеткi прыйдуць... камп'ютары

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».