Вы тут

Памочнік Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці прымаў грамадзян


У напружаным рэжыме прайшоў суботні прыём грамадзян памочнікам Прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Генадзем Лаўранковым у Горках.

У гэты ж дзень усе ахвотныя маглі задаць яму свае пытанні і па тэлефоне. З 9 раніцы да 14.00 Генадзь Лаўранкоў паспеў выслухаць 25 чалавек. Большая частка з тых, хто праявіў актыўнасць, былі пенсіянерамі. І амаль усе ўжо звярталіся па дапамогу ў розныя інстанцыі і нават у суд. Але тыя адказы або рашэнні іх не задаволілі. Кожны ўпэўнены ў тым, што яго праблеме не ўдзялялі належнай увагі.


Некаторыя тэлефанавалі з Быхава, Мсціслаўскага раёна, Магілёва і нават Мінска. Бізнесмен з Мінска паскардзіўся, што яму перашкаджаюць наладзіць вытворчасць інавацыйнай прадукцыі ў Глускім раёне. Прадпрымальнік крыху зацягнуў з адкрыццём вытворчасці — і яго пазбавілі нерухомасці, якую ён дзеля справы купіў на аўкцыёне за адну базавую велічыню. У яго планах было адкрыць некалькі працоўных месцаў для інвалідаў. Ён спадзяецца, што ўмяшанне ў яго справу памочніка Прэзідэнта дапаможа вырашыць праблему. Яшчэ адзін мінчанін паскардзіўся на суседзяў у Горках, з якімі ён і яго брат канфліктуюць з-за зямлі не першы год.

Пенсіянер з Магілёва не задаволены паслугамі мінскай фірмы, якая ўсталявала яму і яшчэ двум чалавекам сістэму ачысткі вады. Маўляў, смак вады пагоршыўся, а фірма не хоча скасаваць дагавор і вярнуць грошы.

Некалькі чалавек згадалі чэкі «Жыллё». Жыхарка Горак абурылася, што ёй гэтыя чэкі не далі наогул, а вось ад чэкаў «Маёмасць» ніякай карысці. Яна іх уклала ў нейкае прадпрыемства, але дывідэндаў так і не дачакалася. Яшчэ адна жанчына, якая прыйшла на прыём, са слязамі расказвала, што з-за памылкі ў прозвішчы яе дачка не можа скарыстацца спадчыннымі чэкамі «Жыллё». Памылку можна паправіць праз суд, але ў сувязі з тым, што на момант выдачы чэкаў Горацкі райвыканкам быў гарвыканкамам, узніклі складанасці.

Выкладчыца нямецкай мовы паставіла пад сумненне вынікі конкурсу на замяшчэнне пасады па яе профілі, які праводзіла Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў 2015 годзе. Справа дайшла да Вярхоўнага суда, але парушэнняў выяўлена не было. Жанчына сцвярджае, што не ўсе факты былі ўлічаны.

У разрад невырашальных трапіла пытанне па вяртанні паявых узносаў, якія былі ўкладзены ў будаўніцтва жыллёвага кааператыва. Яшчэ тры гады таму прынята судовае рашэнне па вяртанні грошай. Але воз і цяпер там. Падчас праверкі гаспадарчай дзейнасці кааператыва былі выяўлены шматлікія парушэнні. Спагнаць грошы немагчыма, паколькі ў забудоўшчыка на балансе нічога няма. Але жанчына спадзяецца, што ёй вернуць 1700 рублёў.

Жыхарка аграгарадка Леніна папрасіла дапамогі па набыццю дарагога медыцынскага абсталявання для яе 5-месячнага сына, у якога сур'ёзнае генетычнае захворванне. Дзіця пакуль знаходзіцца ў абласной бальніцы на апараце штучнага дыхання. Цана пытання — 23 тысячы еўра. Але такіх грошай у сям'і няма, а без апарата дзіця проста не зможа жыць.

Былі таксама пытанні наконт высокай арэнднай платы за жыллё, добраўпарадкавання дарог, рэжыму руху гарадскога аўтобуса, землекарыстання, вулічнага асвятлення, атрымання месца ў дзіцячым садку, заблытанага злачынства, якое дагэтуль не раскрыта...

Усе звароты ўзяты на кантроль, заяўнікі будуць праінфармаваны аб выніках у вызначаны заканадаўствам тэрмін. Генадзь Лаўранкоў адзначыў, што практычна не было тых пытанняў, якія б маглі быць вырашаны на мясцовым узроўні. «Відаць, што выканаўчая ўлада пастаянна і сістэмна працуе з людзьмі, трымае на кантролі іх звароты і, зыходзячы з наяўных магчымасцяў, стараецца іх вырашаць», — падкрэсліў ён.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пытанні не раённага маштабу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?