Вы тут

Згадваем найбольш яркія і значныя праекты АНТ


Напярэдаднi свайго 15-годдзя тэлеканал АНТ запусцiў у эфiр серыю прома-ролiкаў з дэвiзам «Найлепшае — наперадзе!». Але, вiншуючы калег, мы ўсё ж вырашылi акунуцца ў гiсторыю i ўспомнiць найбольш яркiя, маштабныя i значныя тэлепраекты. Гiдам у экскурсii для чытачоў «Звязды» выступае чалавек, якi шмат у чым зрабiў Агульнанацыянальнае тэлебачанне менавiта такiм, якiм мы яго сёння бачым, — дырэктар дырэкцыi спецпраектаў АНТ Анжэлiна Мiкульская.


Пра першыя крокi

— Дакладна памятаю, з чаго пачалося маё супрацоўнiцтва з тэлеканалам, — прыгадвае Анжэлiна Уладзiмiраўна. — Калi ў канцы 2006 года паступiла прапанова працаваць у камандзе рэалiцi-шоу «Зорны цырк», я працавала ў Белтэлерадыёкампанii над стварэннем прэмii «Трыумф», прысвечанай нашым славутым спартсменам, а таксама на навагоднiм «Блакiтным агеньчыку»... Загружанасць была проста надзвычайная, i я меркавала адмовiцца. Аднак Ягор Вячаслававiч Хрусталёў, якi быў адным з кiраўнiкоў тэлеканала, умеў весцi перагаворы i пераконваць суразмоўнiкаў. Таму (смяецца. — Аўт.) у адзiн цудоўны момант я апынулася на пляцоўцы «Зорнага цырка» i вокамгненна ўцягнулася ў праект.

— Якi, успомнiм на хвiлiначку, стаў першым «сваiм» рэалiцi-шоу не толькi для АНТ, але наогул для ўсёй Беларусi.

— Так, ён быў першы, а таму вельмi шчыры i сапраўдны: гэта былi першыя траўмы, непадробныя эмоцыi i прамы iнтэрактыў з гледачамi... Творчая каманда АНТ вельмi любiць i цёпла ўспамiнае «Зорны цырк», хоць працаваць было насамрэч цяжка. Шоу выходзiла штотыднёва, у кожным выпуску праект пакiдаў адзiн з удзельнiкаў, а ў астатнiх на падрыхтоўку заставалася ўсяго чатыры днi. Уявiце, што такое за чатыры днi чалавеку, далёкаму ад цырка — тэлевядучаму, банкiру, хатняй гаспадынi, — навучыцца хадзiць па канаце або падрыхтаваць нумар з паветранай гiмнастыкай, жанглiраваць, засвоiць асновы дрэсуры?!

Зрэшты, для большасцi гледачоў выклiкi i пераадоленнi рэалiцi-шоу засталiся па-за кадрам. На выхадзе ж атрымаўся вiдовiшчны, драматычны i эмацыянальны тэлепраект, пераможца якога, вiцебскi настаўнiк Павел Кежа, увайшоў у гiсторыю як «тэлегерой з народа».

«Мой бiз­нес» стаў свое­асаб­лi­вым бiз­нес-iн­ку­ба­та­рам  для дзя­сят­каў бе­ла­рус­кiх прад­пры­маль­нi­каў-па­чат­коў­цаў.  Уво­сень у эфiр вый­дзе ўжо трэ­цi се­зон пра­ек­та!

Помніце першыя праграмы, дзе ў тытрах стаяла ваша прозвішча – ці пераглядалі вы іх, ці шмат крытыкі давялося выслухаць?

— Шчыра кажучы, я настолькі роўна дыхаю да свайго прозвішча ў тытрах ці дзе-небудзь яшчэ, што нават не крыўдую, калі нехта дапускае памылку, няправільна вымавіць або напіша яго. Бо аб чалавеку гаворыць не ягонае прозвішча, а яго справы. Рабі сваю справу як след, і наперад, з песняй – усё атрымаецца! А вось уласныя праекты мала таго што бачу некалькі разоў яшчэ да эфіру, так і пазней уважліва пераглядаю, прычым вельмі прыдзірліва. Напэўна, дагэтуль у маім жыцці не было наводнага праекта, які быў бы на сто працэнтаў ідэальным. Я заўжды бачу, што можна палепшыць і ўдасканаліць, нягледзячы ні на якія аб’ектыўныя “але”. Хоць, канешне, бываюць імгненні чыстага шчасця, калі ўсё атрымалася як задумвалі, і мы з камандай бяжым абдымацца, стукацца далонямі і наогул адчуваем, якія мы ўсе малайцы… а потым выдыхаем І бярэмся за працу наноў.

Пра колькасць i якасць

«Адзiн супраць усiх» i «100 мiльёнаў», «Акадэмiя талентаў» i «Музычны суд», «Бiтва тытанаў» i «Зачыстка», «Тры халасцякi» i «Пасаг для нявесты», «Новыя галасы Беларусi» i «Я спяваю», адроджаны наноў конкурс «Мiс Беларусь» i ўпершыню праведзеныя ў 2014-м «Мiсiс Беларусь» i «Мiстар Беларусь», — мы гартаем у памяцi разнажанравыя шоу, нiбыта старонкi вялiзнай кнiгi. I пра кожны забаўляльны, iнтэлектуальны, спартыўны, творчы праект мая суразмоўнiца можа згадаць што-небудзь гэткае. Скажам, цi ведалi вы, што прыдуманы на АНТ «Пасаг для нявесты» нарадзiўся з дробязi? Аднойчы Рыгор Кiсель, праглядаючы ранiшнюю прэсу, убачыў заметку пра забег нявест недзе за мяжой. I беларускiя нявесты таксама пабеглi па шчасце — а ў вынiку, нагадаем, некалькi маладых пар сталi сем'ямi, у тым лiку алiмпiйскi чэмпiён па веславаннi Аляксандр Багдановiч i пераможца шоу Валерыя Рудакоўская.

Наогул, гаварыць на гэту тэму можна бясконца: за 2007—2017 гады АНТ зняло каля 200 шматсерыйных тэлепраектаў. «Недзе ў 2013—2014 годзе ў адзiн месяц адначасова ў запуску i постпрадакшане ў нас былi 17 праектаў, зробленых адной i той жа камандай з 13 чалавек», — шакiруе лiчбамi Анжэлiна Мiкульская.

— Але як?!

— Усё дзякуючы таму, што на АНТ вынайшлi, можна сказаць, ноу-хау, трэба патэнтаваць. Тут, я лiчу, сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо ўдалося стварыць зручную i прадуманую iнфраструктуру, дзякуючы якой нават невялiкiмi сiламi можна здзейснiць вялiзную колькасць праектаў. Зноў жа прыклад: здаецца, за 2012 год у нас выйшла 242 паўнавартасна падрыхтаваныя выпускi розных шоу — са сцэнарыямi, дэкарацыямi, касцюмамi, рэпетыцыямi i г. д.

Пры гэтым, сцвярджае суразмоўнiца, за шмат гадоў праведзеных кастынгаў i многiх тысяч людзей, якiя прайшлi праз адборы, яна памятае ўсiх. «Непасрэдна — усiх удзельнiкаў усiх нашых праектаў, i шмат з кiм падтрымлiваю добрыя стасункi. Нават калi з памяцi ў пэўны момант выпадзе iмя цi прозвiшча чалавека, я абавязкова ўспомню, дзе ён здымаўся i якая гiсторыя была з iм звязаная. Бо ўсе матэрыялы з кастынгаў я вельмi доўга i скрупулёзна вывучаю, i да таго моманту, калi ўдзельнiкам чарговага праекта скажуць «так», я ўжо ведаю iх, як родных: гэта яны мяне бачаць першы-другi раз, а я iх — сто пяцiдзясяты...»

Падчас пошукаў “Таленту краіны”.

— Давайце ўспомнiм адзiн з самых кранальных i душэўных праектаў тэлеканала — музычны дзiцячы конкурс «Я спяваю». Не шкадуеце, што ў iм пастаўлена кропка?

— Для ўсяго ёсць свой час. На момант з'яўлення на экране «Я спяваю» быў надзвычай актуальным i важным. А сёння, звярнiце ўвагу, на ўсiх расiйскiх тэлеканалах пайшла бясконцая плыня дзiцячых праектаў i талент-шоу, i глядач iмi, на жаль, ужо перанасычаны. У такой вялiзнай масе губляецца дзiцячая ўнiкальнасць i знiкае той настрой, што выклiкае ў адказ самыя шчырыя эмоцыi.

Вось, напрыклад, на НТБ ідзе шоу “Ты супер!”. Адназначна яно спісана з нашага “Я спяваю”, гэта бачна ва ўсіх дэталях, ад структуры праекту да фінальных слоў вядучага. Аднак нельга проста ўзяць сотню таленавітых дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і запусціць іх у конкурсную гонку – трэба вытрымаць вельмі тонкую мяжу стасункаў з імі… Напэўна, трэба даць усiм ахвотным магчымасць выказацца на дзiцячую тэму, а потым пераасэнсаваць яе наноў i знайсцi тое, чаго на iншых тэлеканалах няма. Няхай сабе ўсе рыбкi плывуць у адзiн бок, па цячэннi, а адна — у iншы. Натуральна, ёсць у гэтым рызыка быць незразумелым, але, дзякаваць богу, у нас хапае сiл i талентаў пераадолець iнерцыю i зрабiць так, як нiхто не рабiў. У мяне, прызнаюся, у галаве сёння выспявае зусiм новы праект, якiм я лiтаральна хварэю. Вельмi хачу расказаць пра старых, выцягнуць з-за завесы маўчання i прыадкрыць гэтыя скарбнiцы вопыту, мудрасцi, жыццёвых гiсторый, каб мы наноў пачалi цанiць гэтых людзей, захапляцца iмi, праяўляць больш увагi не толькi да блiзкiх, але i да суседзяў, знаёмых i нават незнаёмых.

Па­мя­та­е­це, у якiм го­дзе на АНТ вы­хо­дзi­ла гуль­ня-вiк­та­ры­на «Я люб­лю Бе­ла­русь»?

— Я зразумела, што немагчыма вылучыць адзiн, самы любiмы праект. А якi быў самым складаным?

— Напэўна, такiмi былi аўтарскiя праекты, якiя мы вынаходзiлi. Для параўнання: у сусветнага вытворцы тэлешоу, галандскага тэлевiзiйна-прадзюсарскага холдынга Endemol, што мае даччыныя кампанii ў 23 краiнах, найлепшыя праекты выбiраюцца наступным чынам. Раз на год усе фiлiялы прадстаўляюць свае задумкi, з якiх галоўны офiс выбiрае 10—20 iдэй i вылучае ў сярэднiм 10 мiльёнаў долараў на распрацоўку кожнага. Потым гэтыя праекты здымаюцца i выпрабоўваюцца на аўдыторыi, а па вынiках гэтага тэсцiравання да продажаў у свеце выбiраецца добра калi адно тэлешоу — «Адзiн супраць усiх», альбо «Фабрыка зорак», альбо «Адзiн у адзiн». На гэты момант у так званай бiблii фармату вывераны, пралiчаны i прапiсаны ўсе нюансы i дробязi тэлепраекта. Дык вось, на гонар тэлеканалу АНТ, у нас ёсць шэраг арыгiнальных праектаў, створаных ад пачатку да канца ўласнымi сiламi: «Пасаг для нявесты», «Мiс Беларусь», «Я спяваю», «Акадэмiя талентаў», «Талент краiны», «Гонар нацыi», «Ласкава запрашаем у Беларусь!», «Музычны суд» — з 2006 года мы налiчылi больш як 170 сваiх праектаў.

Музычныя тэлеперадачы — можна сказаць, фiрменны знак АНТ, якi паспяхова робiць i навагоднiя мюзiклы, i сольныя цi зборныя канцэрты артыстаў рознай велiчынi («Песня года Беларусi», нацыянальная музычная прэмiя «Лiра», «Музычныя вечары ў Мiрскiм замку» i г. д.). Трэнд апошнiх гадоў — тэатральна-музычныя пастаноўкi, прымеркаваныя да Купалля. Не стане выключэннем i цяперашняе лета: восьмага лiпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна адбудзецца вiдовiшчнае эстрадна-цыркавое шоу «Купальскi сон».

— У акцёраў ёсць роля-мара. А ў прадзюсара, рэжысёра, сцэнарыста ёсць тэлепраект-мара — яшчэ не зроблены, але вельмi жаданы?

— Перадусiм пра старых. А звыш таго... Хочацца зрабiць маштабны, нават мiжнародны, праект, звязаны з космасам. У космас паляцелi ўжо турысты, чаму б не развiць гэту iдэю далей?

Дзіцячы творчы кокурс-фестываль “Я спяваю” стаў нечым значна большым, чым забаўляльная тэлеперадача, бо змяніў да лепшага лёсы многіх таленавітых дзяцей.

Пра час прызнанняў

— 25 чэрвеня АНТ святкуе 15-годдзе. У дзень нараджэння прынята рабiць падарункi i казаць прыемныя словы...

— Я вельмi люблю тэлеканал АНТ, праўда. Гэта i родны дом, i 98% жыцця, i вельмi блiзкiя людзi. Я ўдзячная кiраўнiцтву, якое стварыла для калектыву спрыяльныя ўмовы — не справаздачна-бюракратызаваныя, а сапраўды творчыя, у якiх насамрэч хочацца раскрыцца i працаваць на поўную. У нас, i гэта таксама дарагога каштуе, надзвычай дружалюбная атмасфера, у якой складваецца не серпентарый калег, а каманда паплечнiкаў, прычым надзвычай лёгкая на пад'ём, мабiльная каманда, — некаторыя пытаннi можна вырашыць нават пасярод ночы. Я нi ў якiм выпадку не iдэалiзую абстаноўку, бываюць i складанасцi, i шурпатасцi — але перадусiм у нас ёсць гонар за брэнд i адказнасць за яго перад гледачамi i самiмi сабой. Наогул, я шчаслiвая, што АНТ здарыўся ў маiм жыццi, — мабыць, дзякуючы гэтаму адбылася i я — як рэжысёр, як чалавек, якi здзяйсняе разнастайныя праекты. У iншым выпадку, напэўна, я была б проста добрай мацi — а цяпер мае дзецi i бацькi мной ганарацца (смяецца).

Адна з яркіх візітовак тэлеканала – Нацыянальны конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”, сузаснавальнікам якога АНТ выступае з 2008 года. А ў 2013 годзе Агульнанацыянальнае тэлебачанне зладзіла ў Мінску прэстыжны міжнародны конкурс “Miss Supranational”.

— Ганарацца, бо ёсць нагоды. Акрамя шэрагу ўзятых «Тэлевяршынь» успомнiм уручаны вам сёлета медаль Францыска Скарыны. Такая высокая ацэнка сагравае альбо абавязвае?

— Абавязвае. Хлусiць не буду: калi ў пятнiцу, 13-га, мне сказалi прыбыць на афiцыйны прыём ад iмя Прэзiдэнта, я, безумоўна, разумела, што проста так на падобныя мерапрыемствы не клiчуць, але нават уявiць не магла, што атрымаю з рук прэзiдэнта такую ганаровую ўзнагароду, як медаль Францыска Скарыны. Падзея была нечаканай, хвалюючай i надзвычай прыемнай. I ўсё ж медаль — вялiкая адказнасць: цябе высока ацанiлi, адзначылi твой узровень, i далей проста нельга апускацца нiжэй за яго. Таму на наступны дзень ужо прыйшлi думкi, як узняцца на наступную прыступку, вышэйшую, i яшчэ вышэйшую — як у кнiзе майго пiянерскага дзяцiнства «Чацвёртая вышыня». Усё самае цiкавае — наперадзе!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фо­та пе­ра­да­дзе­на прэс-служ­бай АНТ

Загаловак у газеце: Ты помнiш, як усё пачыналася?..

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.