Вы тут

Патрыятызм не прадаецца за грошы


Школьнікі ваеннага гарадка Лядзішча, што на Барысаўшчыне, у гэтыя дні могуць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй найбольш жудаснай падзеі, з якой некалькі дзесяцігоддзяў таму сутыкнуліся іх продкі. Пра Вялікую Айчынную вайну расказвае перасоўная выстаўка «Памятаем. Ганарымся», створаная Дзяржаўным музеем ваеннай гісторыі Беларусі.


— Сяргей Іванавіч, дзе яшчэ пабывала экспазіцыя?

— Серыя выставак — частка праекта «Мы перамаглі», які стартаваў напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыю ўжо ўбачылі ў Нацыянальнай бібліятэцы, Магілёўскім, Віцебскім і Брэсцкім абласных музеях, у Маладзечне. У Маскве выстаўка разгарнуліся на трох пляцоўках — у музеі гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ламаносава, у Палацы моладзі на Вараб'ёвых гарах, у беларускім павільёне на ВДНГ. З ваеннага гарадка Лядзішча выстаўка пераедзе ў Печы. Потым з ёй змогуць азнаёміцца школьнікі іншых рэгіёнаў краіны — мы будзем рухацца да аграгарадкоў уключна.

— Перасоўныя выстаўкі карыстаюцца большым попытам, чым пастаянныя экспазіцыі?

— Я за тое, каб экспазіцыі пакідалі межы сваёй установы. Мінская публіка распешчаная музеямі. Куды ні зірнем — усюды музеі, прычым шыкоўныя. А ў Слаўгарадскім раёне, дзе мы нядаўна былі, яны практычна адсутнічаюць. Але ж мясцовыя жыхары не менш мінчан разбіраюцца ў музейным мастацтве!

Нас чакаюць у рэгіёнах. Галоўныя дзейныя асобы — не столькі музейшчыкі. Мы стварылі антураж, на фоне якога тагачасная моладзь (вязні канцлагераў, сыны палкоў, малалетнія гастарбайтары) ладзіць дыялог з сучаснай моладдзю. Дзеці прыносяць рэліквіі сваіх прадзедаў, расказваюць пра гераічных продкаў і разам з тым самі з'яўляюцца экскурсаводамі. Мы адчуваем, што трапілі ў дзясятку. У адной са школ хлопчык вельмі сур'ёзна распавядаў аб узнагародах свайго прадзеда. Яго ўважліва слухалі. Моладзь менш патрабавальная да аратарскага майстэрства: калі гавораць равеснікі, інфармацыя ўспрымаецца лягчэй.

— Тэматыка музея ваеннай гісторыі пераклікаецца з экспазіцыяй Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ці адбіваецца гэты факт на колькасці наведвальнікаў?

— У сярэднім наш музей штогод наведвае 20 тысяч чалавек. Гэта няшмат. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заўсёды ішоў у ліку першых. І гэта вялікая заслуга ўсяго калектыву, асабліва калі ўлічыць тое, што ўваход там платны. Мы ж не імкнёмся да вялікай колькасці наведвальнікаў, але толькі за пяць дзён выстаўкі ў Маскве на розных пляцоўках экспазіцыю паглядзела каля чатырох тысяч чалавек. Уваход у наш музей бясплатны. Вядома, адчуваецца недахоп пазабюджэтных фінансавых сродкаў, але патрыятызм не прадаецца за грошы.

Трэба шукаць іншыя формы прыцягнення наведвальнікаў. Напрыклад, зрабіць гульнявы пакой, як у музеі Узброеных Сіл Расіі, дзе можна пастраляць з лука і арбалета. Будзе карыстацца попытам і электронны ці сапраўдны цір. Сучасны наведвальнік хоча не проста пазнаёміцца з экспазіцыяй. Ён жадае ўключыцца ў працэс: паглядзець гістарычны фільм, каб лепш пагрузіцца ў тэму ваеннай гісторыі, залезці на танк і сфатаграфавацца ў ім, паўдзельнічаць у гульні на ваенны матыў... У сучаснага музея павінна быць і моцная спажывецкая інфраструктура. На Паклонную гару ў Маскве прыязджаюць сем'ямі. Там вялікая колькасць атракцыёнаў, штучныя вадаспады, стралковыя ціры, кветнікі... У Цэнтральным музеі Вялікай Айчыннай вайны — два вялікія рэстараны.

— А ёсць сярод усіх гэтых дадаткаў і сучасных тэхналогій месца экспанату?

— Экспанат ніколі нішто не заменіць! Так, павысілася патрабавальнасць сучаснага чалавека. Раней ён лічыў за шчасце ўбачыць у сваёй кватэры тэлевізар, а тэлефоны ўвогуле былі раскошай. Жыццё паскорылася ў сотні разоў, павысілася камунікацыя. Музейныя ж формы засталіся ранейшымі. Сучасныя тэхналогіі павінны быць настолькі карэктна ўпісаны ў экспазіцыю, каб быць незаўважанымі — быццам так і трэба. Мы калісьці з захапленнем адгукаліся на ўсё новае. Пакуль нямецкія калегі не параўналі ўсё гэта з выстаўкай дасягненняў. Сапраўды, праз два гады той ці іншы манітор ужо выйдзе з моды, а праз дзесяць — увогуле сам стане экспанатам.

Расказваючы пра сваіх гераічных продкаў, дзеці самі з'яўляюцца экскурсаводамі.

— У музеі ваеннай гісторыі пераважае тэматыка Вялікай Айчыннай. Гэта звязана з вашым вопытам работы ў галоўнай захавальніцы прадметаў гэтага перыяду? (Сяргей Іванавіч у свой час быў дырэктарам музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. — Аўт.).

— Другая сусветная вайна — найбольш знакавая падзея ў гісторыі беларускага народа. Гэта і беспрэцэдэнтны прыклад масавага гераізму беларусаў. Возьмем той жа партызанскі рух: нідзе такога не было! А якая багатая культура партызанскага руху: рукапісныя часопісы, самаробная зброя... У нас, напрыклад, захоўваецца арыгінальны сцяг партызанскай брыгады «Жалязняк», створаны ткачыхай-залаташвачкай. Яго ў сямейных рэчах знайшла дачка камісара брыгады, Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча. Нядаўна нашы фонды папоўніліся асабістымі рэчамі генерал-лейтэнанта Івана Магонава. Падчас выстаўкі ў Маскве корцік, фуражку, гадзіннік, фотаздымкі, у тым ліку даваенныя (!), аднаго з выбітных камандзіраў перыяду Вялікай Айчыннай перадалі яго праўнукі.

Але гэта не азначае, што мы не закранаем у сваёй экспазіцыйнай дзейнасці іншыя перыяды ваеннай гісторыі Беларусі. За апошнія паўгода прайшлі дзве выстаўкі па тэме Першай сусветнай вайны. Неўзабаве на аснове фотадакументальнага матэрыялу вядомага калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава будзе адкрыта трэцяя. Дойдзем і да падзей 1812 года, у якіх таксама прымалі ўдзел беларусы. Наш народ на працягу шматлікіх вякоў быў гераічным. Датычыцца гэта і гісторыі новага часу — колькі герояў-беларусаў удзельнічала ў лакальных войнах! Нашы воіны супрацьпаветранай абароны бліскуча выконвалі пастаўленыя задачы ў Егіпце, беларускія лётчыкі праславіліся ў Карэі і В'етнаме, у падзеях у Анголе рэдкую мужнасць прадэманстравалі ўсе роды войскаў... На жаль, пра гэтых герояў мы ведаем мала.

— А ці расказвае музейная экспазіцыя пра подзвігі сучасных вайскоўцаў?

— Гэта рэзерв росту музея. Нядаўна дэсантнік з Брэста выратаваў жыццё сябру падчас дэсантавання — па сутнасці, юнак здзейсніў подзвіг. Сёння трэба браць гэты парашут, фотаздымкі, асабістыя рэчы вайскоўца і несці ў музей: праз 20 гадоў яны стануць эксклюзіўнымі. Гэта подзвіг! А якая розніца, чый: міністра абароны, генерала, маршала або салдата? Гэта подзвіг ЧАЛАВЕКА. І пра гэта мы павінны расказаць будучым пакаленням.

— Са з'яўленнем тэлебачання прадракалі смерць тэатру. Ужо якое дзесяцігоддзе эксперты разважаюць, калі памруць газеты. Калі ж, на ваш погляд, не стане музеяў?

— Я нядаўна быў на адной з тэатральных пастановак. Хто мог падумаць, што ў спектаклі будуць прымяняцца элементы 3D? Ужо цяжка ўявіць газету без яе электроннай версіі, укараняюцца сучасныя тэхналогіі і ў музейныя экспазіцыі. Яны суправаджаюць нас усюды. Развіццё тэхнічных сродкаў будзе бясконцым, але сутнасць з'явы застанецца. Прагрэс можа памяняць форму, змест — наўрад ці. Нават віртуальная экспазіцыя павінна будавацца па законах музея, а яны ідэальныя. Ды і як мы бачым, гэтыя недарэчныя прагнозы не пацвярджаюцца. Заўсёды хочацца ўзяць у рукі добрую кнігу, надзець акуляры і пачытаць. І газету нашмат цікавей чытаць у арыгінале. Так і з музеямі: мала пра нешта даведацца з інтэрнэту, гэта трэба яшчэ і пабачыць!

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.