Вы тут

Гісторыя адкрыцця кеўлару: абарону ад куль вынайшла жанчына


У 1975 годзе на рынак палімерных матэрыялаў быў выпушчаны новы прадукт — кеўлар. Стэфані Кволек (1923—2014) — вынаходніца гэтага матэрыялу — асабліва ганарылася тым, што ён выратаваў мільёны жыццяў паліцэйскіх і пажарных.


 

Гэта палімер, які існуе выключна ў форме валакна, — вынік амаль выпадковага адкрыцця, зробленага ў адной з лабараторый фірмы Duрont. Вядучы даследчык Стэфані Кволек чамусьці вырашыла выцягнуць валакно з раствору, які па ўсіх вонкавых прыкметах для гэтага не падыходзіў. Але жаночая інтуіцыя перамагла 25-гадовы вопыт даследчыка, таму што высветлілася, што ў працэсе выцягвання палімер цалкам рэарганізаваўся, ланцужкі малекул выцягнуліся ўздоўж напрамку валокнаў і намёртва счапіліся паміж сабой. Так нарадзілася валакно, з якога цяпер ва ўсім свеце робяць куленепрабівальныя камізэлькі.

У дзяцінстве Стэфані Кволек хацела стаць мадэльерам: яна самастойна прыдумляла выкрайкі, а калі маці не было дома, прабіралася да швейнай машынкі, каб пашыць ляльцы чарговую сукенку. Але ў 1946 годзе, скончыўшы Тэхналагічны інстытут Карнегі (цяпер Універсітэт Карнегі-Мелон) па спецыяльнасці «хімія», яна марыла аб медыцыне. Каб зарабіць грошай на навучанне, Стэфані часова паступіла на работу ў адзін з вядучых хімічных канцэрнаў, Dupont, шырока вядомы дзякуючы вынаходству нейлону. Атмасфера ў даследчых лабараторыях Dupont нагадвала ўніверсітэт, ды і хімія была не менш цікавая, чым медыцына, і Стэфані вырашыла застацца.

У 1964 годзе ў Dupont спрабавалі распрацаваць трывалыя, але лёгкія палімерныя ніткі, якія маглі б замяніць цяжкі сталёвы корд у аўтамабільных шынах (у мэтах эканоміі паліва). Група Стэфані Кволек працавала з поліарамідамі, малекулы якіх маюць стрыжнепадобную форму. Палімерныя валокны звычайна вырабляюцца шляхам прадзення пры выцісканні расплаву праз тонкія адтуліны — фільеры. Аднак поліарамід плавіцца з цяжкасцю, і таму было вырашана выкарыстоўваць прадзенне з раствору. Нарэшце Стэфані ўдалося падабраць растваральнік, але раствор быў мутным і па сваім выглядзе нагадваў самагон (замест таго, каб быць празрыстым і густым, як патака). Інжынер-прадзільшчык катэгарычна адмовіўся заліваць падобную гадасць у машыну з-за рызыкі засору тонкіх фільераў. Стэфані з вялікай цяжкасцю ўгаварыла яго паспрабаваць выцягнуць нітку з такога раствору. На ўсеагульнае здзіўленне, нітка выдатна выцягвалася і была выключна трывалай. Атрыманую пражу адправілі на тэсціраванне.

Калі Стэфані Кволек убачыла атрыманыя вынікі, першай яе думкай было, што прыбор зламаўся: такімі высокімі былі лічбы. Аднак паўторныя вымярэнні пацвердзілі фенаменальныя ўласцівасці матэрыялу: ён у некалькі разоў перасягаў сталь па трываласці на разрыў.

У 1975 годзе новы матэрыял, кеўлар, быў выпушчаны на рынак. Цяпер ён прымяняецца практычна ўсюды: з яго робяць тросы, кузавы аўтамабіляў і катараў, парусы, фюзеляжы самалётаў і дэталі касмічных караблёў, лыжы і тэнісныя ракеткі. Але тым, што з кеўлару робяць куленепрабівальныя камізэлькі для паліцыі і касцюмы пажарных, Стэфані Кволек ганарылася асабліва: гэта (як і многія іншыя) прымяненне кеўлару дапамагло выратаваць мільёны жыццяў.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Абарону ад куль вынайшла жанчына

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.