Вы тут

У Беларусі заклапочаны тэмай абароны дзяцей ад гвалтаўнікоў


У міліцэйскіх зводках усё часцей з'яўляюцца факты пра непаўналетніх, якія становяцца ахвярамі сексуальна заклапочаных людзей. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. У Горацкім раёне апякун з прыёмнай сям'і на працягу пэўнага часу ставіў сексуальныя эксперыменты над малалетняй выхаванкай. У Бабруйску родны бацька некалькі гадоў запар гвалтаваў непаўналетнюю дачку. Спіс можна працягваць і далей. І, як кажуць эксперты, гэта яшчэ вяршыня айсберга. Развіццё інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій толькі паскорыла скрыты працэс. Педафілы і гвалтаўнікі знаходзяць сваіх ахвяр праз сусветнаю павуціну і ўцягваюць іх у свае злачынныя гульні. Яны карыстаюцца тым, што ахвяра саромеецца афішыраваць сваё дачыненне да брудных дзеянняў.


Тым, як папярэдзіць такія злачынствы і абараніць дзяцей ад гвалту, заклапочаны ўсе краіны свету. Беларусь не выключэнне. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Клуб Дзелавых жанчын» пры падтрымцы Праграмы малых грантаў праводзіць адукацыйныя семінары з мэтай удасканаліць механізм даказвання і расследавання выпадкаў, звязаных з дзіцячай парнаграфіяй і педафіліяй.

Старшыня Клуба Дзелавых жанчын Ларыса Істомава тлумачыць, што інтарэс грамадскай арганізацыі да гэтай праблемы выкліканы непрыступнасцю тых, хто сваімі дзеяннямі прычыняе дзіцяці псіхічныя траўмы, якія потым застаюцца на ўсё жыццё.

На базе Клуба Дзелавых жанчын не першы год працуе бясплатная гарачая лінія па бяспечным выездзе і знаходжанні за мяжой. А з 2014 года арганізацыя дае кансультацыі па прафілактыцы сексуальнага насілля ў адносінах да малалетніх. Дапамогу ў гэтай справе клубу аказвае Чырвоны Крыж. У ход ідуць спецыяльна распрацаваныя для папярэджання бацькоў і выкладчыкаў метадалагічныя рэкамендацыі, інфармацыйныя матэрыялы. Але гэтага мала. У краіне, як сведчаць знаўцы, не распрацавана сістэма аказання дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад гвалтаўнікоў.

— Падчас судовага пасяджэння можна выкарыстоўваць відэаматэрыялы, атрыманыя ў ходзе следства. Але асноўным доказам у больш чым 50% застаюцца паказанні непаўналетняга. І нават калі ёсць такі відэадопыт, неабходна, каб пацярпелы прысутнічаў у судзе. А гэта для ахвяры вельмі балючы момант, яна можа разгубіцца і гэта толькі на карысць абвінавачанаму. Быў выпадак з 4-гадовым хлопчыкам, якога спакушаў бацька. Дзіця ў такім узросце наогул не можа адэкватна ацэньваць абставіны. А тым больш сведчыць у судзе супраць роднага яму чалавека, — кажа адвакат Брэсцкай калегіі адвакатаў Аліна Цупрык.

Яна ўжо не першы год займаецца гэтай тэматыкай і добра ведае, наколькі складана даказаць віну правапарушальніка.

— Гэта сапраўды праблема, — згодны з калегай старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Павел Пашко.  — Траўма, якую атрымлівае дзіця ў момант гвалту, потым павялічваецца ў ходзе следства і ў судзе. Злачынствы адбываюцца без сведак, сам-насам з ахвярай. Дзеці чамусьці заўсёды вінавацяць у тым, што адбылося, сябе. Каля 70% пацярпелых, з якімі я размаўляў, бралі віну менавіта на сябе. Педафілы з'яўляюцца сапраўднымі майстрамі слова. Яны ўмеюць знайсці агульную мову з дзецьмі, пераканаць у сваёй нявіннасці дарослага. Гэта катэгорыя злачынцаў заўсёды маскіруецца пад законапаслухмяных грамадзян. Быў выпадак, калі педафіл на добраахвотных пачатках вёў у сябе дома гурток па маляванні. Запрашаў дзяцей з сем'яў рознага сацыяльнага статусу. Для сваіх сексуальных гульняў выбіраў найбольш слабых дзяўчатак. Калі дарослым расказвалі, што ён за чалавек, яны адмаўляліся ў гэта верыць. Бо гэта ніяк не суадносілася з іх уяўленнямі пра яго. Тым больш што тая частка дзяцей, якіх ён не чапаў, цалкам абвяргала гэтыя чуткі. Калі мы судзілі гэтага педафіла, яму споўнілася ўжо 72 гады. На суд прыйшла жанчына, якая сказала, што ён яе згвалтаваў яшчэ ў 1984 годзе, калі яна была дзяўчынкай.

Лічбы сексуальных злачынстваў уражваюць. Калі за ўвесь 2013 год было выяўлена 389 фактаў педафіліі, то за 4 месяцы гэтага — 297. «І гэта толькі тое, што мы выявілі і даказалі, — удакладняе Павел Пашко. — На сёння ў Беларусі існуе 19 апытальных пакояў для непаўналетніх, абсталяваных відэа- і аўдыяапаратурай. Дзіця ў гульнявой форме расказвае псіхолагу пра тое, што з ім адбылося. Гэта ўсё фіксуецца і далучаецца да матэрыялаў справы. Але гэтым усё не заканчваецца. Пацярпелага пачынаюць выклікаць да сябе супрацоўнікі міліцыі, следчыя, потым запрашаюць на суд, і гэта ў выніку прыводзіць да таго, што і дзеці, і іх бацькі адмаўляюцца ад абвінавачання».

Сёння дзеці шмат свайго вольнага часу праводзяць у інтэрнэце. Бацькі не заўсёды ведаюць, што яны там робяць, з кім маюць зносіны. Праваахоўнікі папярэджваюць: каб застрахаваць сваё дзіця ад бяды, трэба нагадваць яму пра небяспеку. Нельга выкладаць у сеціва свае фотаздымкі або відэа ў аголеным выглядзе. Потым гэта можа стаць вельмі добрым матэрыялам для шантажу.

Быў выпадак, калі айчым гвалтаваў сваю падчарку і ўсё здымаў на камеру. А калі дзяўчынка адмовілася ўступіць з ім у сувязь, ён выклаў відэа ў інтэрнэт. Хутка гэта стала вядома дырэктару школы, ён выклікаў маці з дзяўчынкай і яе айчыма да сябе на прыём і папрасіў даць тлумачэнні. Але мужчына, заявіў, што гэта фотамантаж і ён тут ні пры чым. Маці дзяўчынкі яму таксама паверыла, яны пераехалі ў другі раён горада і нічога па сутнасці не змянілася. Педафіл, наадварот, яшчэ больш пашырыў радыус сваіх дзеянняў. Ён вырашыў не абмяжоўвацца падчаркай і праз сацыяльныя сеткі стаў запрашаць ад імя дзяўчынкі яе аднагодак у госці. «У адносінах да гэтага чалавека было распачата 17 крымінальных спраў, — сведчыць Павел Пашко. — І гэта пры тым, што ён усюды характарызаваўся станоўча. На судзе мужчына сцвярджаў, што ён не вінаваты, што яго імя зняславілі. Але факты злачынства былі цалкам даказаныя».

— Праблема пацярпелых ад сексуальнага або бытавога гвалту дзяцей, распаўсюджвання дзіцячай парнаграфіі становіцца ўсё больш актуальнай для Беларусі, — кажа старшы следчы па асабліва важных справах аддзела Цэнтральнага апарату Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, палкоўнік юстыцыі Галіна Суздалева. — Следчы камітэт аб'явіў 2017 годам абароны праў такіх пацярпелых. Злачынствы гэтай катэгорыі высокалатэнтныя. Ахвяры часцей за ўсё баяцца расказаць дарослым пра тое, што з імі адбылося, бацькі, у сваю чаргу, не ведаюць, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі. Усё гэта ўскладняе выяўленне злачынства. Сёння толькі дзве найвышэйшыя ўстановы ў сістэме МУС удзяляюць увагу методыцы расследавання такіх спраў. У грамадзянскіх вну, дзе рыхтуюць юрыстаў, гэта праблема амаль не закранаецца. Але сёння ўжо недастаткова проста даваць ацэнку таму, што адбылося, трэба аналізаваць, як наступствы адбіліся на псіхічным стане дарослага чалавека. Не рэдкасць, калі ён пасля таго, што з ім здарылася, сам становіцца злачынцам. Павінны быць сацыялагічныя даследаванні. І, як вынік, змяненні ў заканадаўстве, удасканаленне дзеянняў дзяржаўных органаў і грамадскіх таварыстваў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulуа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Знайсці і абясшкодзіць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.