Вы тут

Форму агляду добраўпарадкавання назвалі днямі Саветаў


За сваю шматгадовую работу ўпершыню ўбачыла, што кабінеты старшынь райвыканкама і райсавета размяшчаюцца праз агульную прыёмную. У абсалютнай большасці раёнаў старшыні выканкамаў працуюць побач з першымі альбо проста намеснікамі. А ў Ляхавічах кіраўнікі прадстаўнічай і выканаўчай улады ажыццяўляюць дзейнасць побач у прамым сэнсе слова. Адсюль і маё першае пытанне, адрасаванае старшыні Ляхавіцкага райвыканкама Вячаславу СЕЛЬМАНОВІЧУ.


— Гэта традыцыя такая ці свядома выбраны стыль работы?

— І тое, і другое. Традыцыя, бо такая практыка складвалася гадамі. Калі я прыйшоў на сваю цяперашнюю пасаду, было менавіта так. Ну і стыль работы мяне цалкам задавальняе. Мы ж працуем у адной звязцы, вырашаем адны і тыя ж задачы, таму абменьвацца думкамі даводзіцца штодня, а то і некалькі разоў на дзень. Раённы Савет у полі свайго зроку трымае ўвесь спектр пытанняў, звязаных з жыццядзейнасцю людзей, з сацыяльнай палітыкай, з тым, што стаіць у першай чарзе важнасці і для выканаўчага камітэта. І ў кіраўніцтва Савета, і ў дэпутатаў ёсць значны вопыт ва ўказаным кірунку. Напрыклад, у адным з найважнейшых пытанняў, якія датычаць навядзення і падтрымання парадку на зямлі.

— Чысціню, дагледжанасць, акуратнасць нельга не заўважыць, калі ёсць магчымасць хоць з паўдня паездзіць па раёне. Кажу пра тое, што бачыла. Якімі сіламі і сродкамі ўдаецца гэта падтрымліваць?

— Па-першае, грэх было б у нашым невялікім кампактным раёне з насельніцтвам каля 26 тысяч чалавек не падтрымліваць належнага парадку. Гэта работа не заўсёды бывае капіталаёмістай, але патрабуе пастаяннай увагі. Ну, напрыклад, каб знесці пустуючыя пабудовы ў вёсках, не абысціся без бюджэтных укладанняў. Так, летась на гэтую работу было выдаткавана 38 000 рублёў, сёлета запланавана накіраваць 25 000. І работа вядзецца, мяняецца да лепшага выгляд населеных пунктаў, у севазварот уводзяцца новыя землі.

Але ў вёсках і іх ваколіцах фактычна штодня ўзнікаюць праблемы ў плоскасці добраўпарадкавання, якія трэба вырашаць аператыўна. Гэта работа вядзецца сумесна з землеўпарадкавальнай і архітэктурнымі службамі, жыллёва-камунальнай гаспадаркай, раённай інспекцыяй аховы прыроды, цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, сельскімі выканкамамі не без удзелу нават участковых інспектараў. Лепшай формай агляду па тым ці іншым сельсавеце мы выбралі агульны семінар-нараду усіх пералічаных службаў, назвалі яе «Дзень Савета». Летась такое мерапрыемства правялі ў Жарабковіцкім сельсавеце. Выехалі на месца, паглядзелі кожны сацыяльны аб'ект, кожную ферму, машынны двор, зафіксавалі кожную пустку альбо недагледжаны ўчастак. І на агульным пасяджэнні вызначылі, хто і як будзе выпраўляць хібы, ліквідаваць несанкцыянаванае смецце, папраўляць недахопы добраўпарадкавання. Такія комплексныя агляды падштурхоўваюць, даюць стымул і, несумненна, маюць эфект. Таму сёлета запланаваныя «Дні Саветаў» у Конькаўскім і Навасёлкаўскім сельсаветах.

І ў ходзе названых мерапрыемстваў, і асобна штогод не пакідаем без увагі помнікі баявой і воінскай славы, пахаванні салдат і партызанаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не толькі наш абавязак, але і справа гонару. Калі праязджаеш побач са згаданымі абеліскамі і бачыш, што надпісы абноўленыя, пафарбаваныя агароджы і самі манументы, дагледжаная тэрыторыя, то і самому прыемна, не кажучы пра тое, што і гасцям не сорамна паказаць. Каб так не было, то нашы людзі не прамаўчалі б, абавязкова падказалі б. Асабліва напярэдадні майскіх свят альбо дня той ці іншай вёскі.

— Ці можна назваць святы вуліц, населеных пунктаў сродкам выкарыстання грамадскага патэнцыялу?

— Вядома. Перад любым фэстам вёска прыхарошваецца. Заўсёды ж, калі чакаеш гасцей, стараешся прыбраць у доме і вакол. Так і тут. Напярэдадні мясцовая ўлада арганізуе сяльчан на ўборку і добраўпарадкаванне. А потым ужо наступае час дэманстраваць таленты, уменне, майстэрства. Вяскоўцы заўсёды ахвотна выстаўляюць свае вырабы, творы рукадзелля. Прыязджаюць дзеці, унукі. Так што названыя любімыя ўсімі мерапрыемствы маюць таксама ідэалагічную, культурную накіраванасць, спрыяюць яднанню пакаленняў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Парадак на зямлі — пастаянны клопат

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.