Вы тут

Што рабіць, каб пазбавіцца віртуальных адносін з бацькамі?


Сучасная моладзь не ведае, як паводзіць сябе ў шлюбе, і не ўмее кахаць і паважаць сваіх сужэнцаў, а дзеці гавораць з бацькамі праз СМС і замяняюць вайберам эмацыянальны кантакт, упэўнены навукоўцы. Каб выправіць сітуацыю, трэба вучыць школьнікаў, як ствараць шчаслівую сям'ю і выхоўваць дзяцей, лічаць бацькі і старшакласнікі. Ужо распрацаваны спецыяльны падручнік па псіхалогіі для вучняў і памятка будучаму сем'яніну.


Вярнуцца да традыцыйнай сям'і

Нягледзячы на павелічэнне колькасці шлюбаў і рост нараджальнасці, а таксама пазітыўнае стаўленне старшакласнікаў да стварэння сям'і, у Беларусі страчаны традыцыі сямейнага выхавання, адзначаюць педагогі.

Даследаванне сярод старшакласнікаў, студэнтаў і бацькоў, арганізаванае ў межах сумеснага праекта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (БДПУ) і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям'я — здаровая нацыя», паказала, што амаль палова старшакласнікаў нейтральна ставіцца да незарэгістраваных шлюбаў, а 41% успрымаюць гэтую з'яву станоўча. Сярод бацькоў крыху больш за палову адмоўна ставяцца да сужыцельства, астатнія — нейтральна і станоўча.

— Такія вынікі прымушаюць інтэнсіфікаваць работу па ўмацаванні інстытута традыцыйнай сям'і. Каб захоўваць і развіваць пазітыўныя тэндэнцыі, трэба разумець праблемы, якія сёння перажывае сям'я, і бачыць шляхі іх вырашэння, — расказала Вера МАРТЫНАВА, дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогй БДПУ. — Сярод найбольш вострых — нестабільнасць сям'і і шлюбу, павелічэнне колькасці канфліктных сем'яў і па-ранейшаму высокі ўзровень скасаваных шлюбаў. У 2014 годзе адбылося каля 35 000 разводаў, у выніку чаго 25,5 тысячы дзяцей засталіся без аднаго з бацькоў. У краіне звыш 150 тысяч сем'яў, дзе дзяцей выхоўвае толькі мама, і больш за 12 тысяч — адзін тата.

Вымушае жадаць лепшага і маральная адказнасць за ўтрыманне і выхаванне малых. Па выніках даследавання,
у 2014-м 2644 бацькі і маці былі пазбаўлены правоў на дзяцей, больш за 3000 малых сталі сацыяльнымі сіротамі. На канец мінулага года прызнана, што больш за 26 тысяч непаўналетніх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Сучасныя адносіны паміж дзецьмі і бацькамі мяняюцца — расце адчужанасць і непаразуменне паміж імі. Хоць больш за палову апытаных школьнікаў характарызуюць стасункі ў сваёй сям'і як сяброўскія і згуртаваныя, а 37% вучняў — пяшчотнымі і прыязнымі, 7% адказала, што ў іх сям'і кожны жыве сам па сабе.

— Адбываецца віртуалізацыя адносін паміж бацькамі і дзецьмі — яны камунікуюць праз СМС, а вайбер замяніў эмацыянальны кантакт і давер. Гэта адбываецца праз недастатковую псіхолага-педагагічную кампетэнтнасць бацькоў у выхаванні, — упэўнена навуковец. —Сацыяльна-псіхалагічна моладзь недастаткова падрыхтавана да сямейнага жыцця. Узаемападтрымку і адказнасць як аснову сям'і пазначылі ў адказах менш за 5% старшакласнікаў, і гэта трывожна.

Будаванне шчасця — цяжкая духоўная праца

Самая распаўсюджаная прычына распаду сем'яў — не сышліся характарамі, аднак за гэтай фразай хаваецца няўменне любіць, паважаць і разумець адно аднаго, упэўнена дэкан:

— Трэба ствараць моцны фундамент — рыхтаваць моладзь да сямейнага жыцця. Мы шмат чаму вучым у школе, але ці вучым мы самай галоўнай мудрасці — жыць, будаваць адносіны? Кожная пара хоча быць шчаслівай, але не кожная разумее, што гэта цяжкая духоўная праца.

Мэтанакіраваную падрыхтоўку да сямейнага жыцця трэба разглядаць у кантэксце сацыяльнай адукацыі школьнікаў — за гэтую думку выказваецца амаль палова старшакласнікаў і 80% бацькоў, якія кажуць, што ў школе трэба вучыць, як стварыць шчаслівую сям'ю і выхоўваць дзяцей, уменню разумець іншага чалавека.

— У новых умовах неад'емнай часткай штодзённага жыцця дзяцей і моладзі павінна стаць псіхалогія. Сёння недастаткова васьмі гадзін псіхалогіі ў курсе грамадазнаўства, каб дзіця разумела свой унутраны свет і псіхіку, — заўважыла спецыяліст. — Мы прапануем Міністэрству адукацыі выкладаць псіхалогію ў школе як прадмет і факультатыўныя заняткі, каб фарміраваць псіхалагічную культуру навучэнцаў. Ужо распрацаваны падручнік псіхалогіі для школ. Весці гэты прадмет могуць школьныя педагогі-псіхолагі, якія яшчэ ва ўніверсітэце вывучаюць дысцыпліну «методыка выкладання псіхалогіі».

Фарміраванню кампетэнцыі сямейнага жыцця можа паспрыяць прадмет ці факультатыў для старшакласнікаў у шосты школьны дзень «Урокі сямейнага жыцця». Такія заняткі студэнты педагагічнага ўніверсітэта і выкладчыкі ўжо праводзілі ў некаторых сталічных школах.

— Пасля іх мы ўпэўніліся, што з дзецьмі і падлеткамі трэба гаварыць пра каханне, шлюб, дзетараджэнне. Пераканана, што рэспубліканскі ўрок сямейнага жыцця трэба правесці ва ўсіх класах. Памятку будучаму сем'яніну і навукова-метадычнае забеспячэнне для заняткаў мы ўжо распрацавалі, — дадала Вера Мартынава.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

«Меню» для вандроўніка

«Меню» для вандроўніка

У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.

Сям'я і дэмаграфія

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Святаслаў Савіцкі: Сям’я — гэта і агульныя радасці, і агульныя клопаты

Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.