Вы тут

У Гродне пошта і СМІ аб'ядналіся на фестывальнай пляцоўцы


Сваю друкаваную прадукцыю прадставілі рэспубліканскія і мясцовыя выданні, сярод якіх — Выдавецкі дом «Звязда», медыяхолдынг «СБ. Беларусь сегодня», «Гродзенская праўда», «Перспектива». Кожны наведвальнік мог не толькі азнаёміцца са свежымі і архіўнымі нумарамі газет, але і аформіць падпіску. Ніхто не застаўся без падарунка.


Напрыклад, у павільёне выдавецкага дома «Звязда» кожны падпісчык мог атрымаць у дадатак кубак альбо майку з лагатыпам, магніт, блакнот і аўтаручку. Адзін са стэндаў адлюстроўваў шырокі спектр выдавецкай дзейнасці. Вока вабіла дзіцячая літаратура — байкі, вершы, апавяданні ў маляўнічых пераплётах.

Гараджане і госці горада з ахвотай прымалі свежыя газетныя нумары ад прадстаўнікоў рэдакцый і работнікаў абласнога філіяла «Белпошты». Не заставаліся ўбаку ад беларускіх выданняў і турысты. Ёнас і яго жонка Бірута з літоўскага горада Пасваліс захапілі з сабой у дарогу нумар «Звязды». Заўважылі, што яшчэ не забылі беларускую мову, бо вучыліся ў Мінску. Зараз наведваюць Гродна без візаў, і такіх аўтобусаў з польскімі і літоўскімі нумарамі толькі на Савецкай плошчы было каля дзясятка. Некаторыя замежныя турысты скарысталіся паслугамі экспрэс-пошты і адправілі сваім родным і знаёмым паштоўкі з відамі старога Гродна.

Каб задаволіць наведвальнікаў і паказаць магчымасці пошты, на плошчы развярнулася імправізаванае паштовае аддзяленне. Ветлівыя прадстаўнікі абласнога філіяла «Белпошты» прымалі камунальныя плацяжы, афармлялі пасылкі, выдавалі наяўныя грошы. Турысты набывалі калекцыйныя выданні, сувеніры з сімволікай Гродна, паштоўкі, а гараджане карысталіся паслугамі, а таксама афармлялі падпіску.

— Наш філіял выпусціў серыю падарункавых сертыфікатаў на розныя выданні, як для дзяцей, так і для дарослых. І зараз падпіску можна падараваць сваім родным ці сябрам, — паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Святлана Мякіш.

Многія наведвальнікі падтрымалі ініцыятыву пошты і выпісалі выданні на адрас дзіцячых дамоў. Інтарэс да перыядычнай дзіцячай літаратуры расце, бо многія бацькі такім чынам знаходзяць альтэрнатыву камп'ютару. Тым больш што рынак дзіцячых выданняў вельмі шырокі.

Фестываль пошты і СМІ накіраваны на тое, каб прадэманстраваць магчымасці паштовых паслуг і друку. Цяпер засталося вырашыць некаторыя арганізацыйныя пытанні, напрыклад, дадаць фестывалю яскравасці і музычнага суправаджэння.

— Вядома, гэта пробны каменьчык, які падрыхтавалі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама і Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта», — зазначыла Святлана Мякіш. — Сродкі масавай інфармацыі ідэю падтрымалі — напоўнілі зместам выдзеленыя ім павільёны. Месца тут зручнае — цэнтр горада, заўсёды многа турыстаў. Думаю, свята ў такім фармаце трэба ладзіць некалькі разоў на год, асабліва ў перыяд падпісных кампаній.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Свята для чытачоў і турыстаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».