Вы тут

У Міханавічах дапамагаюць стаць на ногі як фізічна, так і псіхалагічна


Амаль два гады ў аграгарадку Міханавічы Мінскага раёна працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Яго наведваюць 27 чалавек да васямнаццаці гадоў. І ў гэтым плане пасёлку пашчасціла атрымаць добры шанц для падтрымкі, сацыялізацыі ў грамадства людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Памяшканне пад яго выдзеліў мясцовы праваслаўны храм Дзмітрыя Свяціцеля Растоўскага, які ўзначальвае іерэй Дзмітрый Грыцэнка, а ідэя і падтрымка зыходзілі ад Камітэта па працы і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама і Мінскага райвыканкама.


— Але без аўтарытэту і ініцыятывы старшыні Міханавіцкага сельвыканкама Святланы Уладзіміраўны Давальцовай у нас, напэўна, не атрымалася б такога плённага супрацоўніцтва дзяржавы і царквы, — лічыць іерэй Дзмітрый Грыцэнка. 

— Грамадства ўсвядоміла: інвалід — такі ж чалавек, як і іншыя. Важна, каб і сам ён зразумеў, што з'яўляецца паўнацэннай асобай. Наша задача — развіць у ім усё тое, што закладзена Богам і Прыродай, выявіць і даць далейшы штуршок здольнасцям, таленту, навучыць сябе абслугоўваць без пабочнай дапамогі, — дадае загадчыца аддзялення Сняжана Дзмітрыева. — Здараецца, што чалавек стаў інвалідам раптоўна, у выніку няшчаснага выпадку. Яму асабліва цяжка, маўляў, парушаны ўсе планы, надзеі, мары. У нас ёсць падапечны, які трапіў у аварыю. У яго была дэпрэсія. Але калі пачаў часцей наведваць аддзяленне, то зразумеў, што жыццё працягваецца.

У аддзяленні працуюць разнастайныя гурткі, дзе кожны наведнік знаходзіць занятак па душы. А развіваць здольнасці і таленты дапамагаюць педагогі, кіраўнікі гурткоў.

Напрыклад, Уладзімір Петушкоў — кіраўнік майстэрні паліграфіі. Яго выхаванцы вырабляюць блакноты, календары, якія дораць сваім родным, блізкім, рэалізуюць падчас мерапрыемстваў, прэзентацый. Неабходнае абсталяванне ахвяравалі спонсары.

Прадпрымальнікі Міханавіцкага сельсавета падарылі аддзяленню абсталяванне, якое дазволіла наладзіць работу фотастудыі, — такіх няма ні ў адной аналагічнай установе. Яе ўдзельнікі робяць не толькі здымкі, але і цэлыя фотарэпартажы, якія выкладваюць у сацыяльных сетках.

На першым паверсе ёсць кухня з электраплітой, халадзільнікам, наборам посуду, мэблі. Менавіта тут раздолле для выхаванцаў Таццяны Грыцэнкі, якая вядзе гурток «Дамаводства». Яе падапечныя гатуюць розныя стравы, а затым дружна садзяцца за стол, каб пакаштаваць прысмакі, частуюць імі і іншых. У аддзяленні нават існуе праект «Падзяліся добрым рэцэптам». Ірына Міхайлаўна вучыць таксама маляваць, плесці розныя вырабы з саломкі, ільну, бісеру, газетнай паперы. «Мая задача не зрабіць самой, а зрабіць так, каб зрабілі мае падапечныя», — усміхаецца яна.

Кіраўнік гуртка «Наша здароўе» Арунас Буцвіла літаральна ставіць на ногі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Да кожнага з іх у яго індывідуальны падыход і спецыяльна распрацаваная праграма. Адзін з хлопцаў пасля фізічнай рэабілітацыі пачаў насіць вёдры з вадой і паліваць агарод. А раней жа ледзьве лыжку трымаў у руках. Разам з тым кожны тыдзень Арунас Раманавіч наведвае сваіх падапечных дома. «І тут вельмі важна, каб блізкія, якія даглядаюць ляжачых, таксама дапамагалі, — лічыць трэнер. — Толькі агульнымі намаганнямі можна дасягнуць лепшых вынікаў».

Жыццё аддзялення ў многім стала больш яркім і разнастайным дзякуючы спагадлівасці іншых людзей. «Мы вельмі ўдзячныя заснавальніку групы кампаній «ПроЛив» Віталю Глінскаму. Дзякуючы Віталю Фамічу нашы падапечныя пабывалі на канцэрце зорак беларускай эстрады, падворку «Лысая гара» з наведваннем кантактнага заапарка, у музеі Вялікай Айчыннай вайны, Жыровіцкім і Свята-Елісавецінскім манастырах, у замкавым комплексе «Мір», палацава-паркавым комплексе «Нясвіж», — расказаў айцец Дзмітрый. — Акрамя таго, у цэнтральным офісе фірмы і холе гасцініцы Віталь Фаміч наладзіў выстаўку работ нашага выхаванца Дзмітрыя Шыцікава».

Карціны Дзмітрыя выстаўлены і ў будынку аддзялення. Хлопец інвалід І групы, не можа трымаць ручку, карандаш. Кіраўнік гуртка Ірына Міхайлаўна Аляшкевіч прапанавала яму паспрабаваць маляваць мелам, паступова ў яго ўсё атрымалася. Ды яшчэ як! Цяпер, як сапраўдны мастак, Дзмітрый ставіць подпісы на сваіх шэдэўрах.

За кожным вынікам — тытанічная праца, веды і вопыт прафесіяналаў: кіраўніцтва, тэхнічнага персаналу, педагогаў аддзялення. У некаторых з іх падапечных палепшыліся псіхалагічны, фізічны стан здароўя. Хтосьці нават адмовіўся ад лекаў, абязбольваючых сродкаў, якія прымаў гадамі. Ды і бацькі прызнаюцца: дзеці сталі больш спакойнымі, у іх з'явілася ўпэўненасць у тым, што яны запатрабаваныя, іх любяць, шануюць і падтрымліваюць.

— У Беларусі 150 такіх сацыяльных устаноў, як наша, — канстатуе Дзмітрый Грыцэнка. — Як сведчыць іх вопыт, першыя гады — гэта гады станаўлення. І мы толькі ў пачатку шляху, наперадзе — удасканаленне метадаў сацыялізацыі інвалідаў. Таму для нас вельмі важна захаваць калектыў, бо з цягам часу ідзе выгаранне людзей: цяжкая работа, перанапружанне, невялікая зарплата.

Сапраўды, спецыялістаў такога кшталту, якія б ахвяравалі сваім здароўем, вольным часам, каб дапамагчы іншым, няшмат. Але яны радуюцца кожнаму маленькаму поспеху сваіх «дзяцей». І ўпэўнены, што тыя навыкі, якімі авалодалі выхаванцы, дапамогуць ім стаць на ногі як у прамым, так і ў пераносным сэнсе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Разумнікі, майстры, умельцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.