Вы тут

Што яшчэ трэба зрабіць для паляпшэння безбар'ернага асяроддзя?


З такім пытаннем мы звярнуліся да людзей, якія працуюць над гэтай праблемай.


Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства глухіх» Сяргей САПУТА:

— Па-першае, гэта даступнасць інфармацыі. Каля 20 гадоў мы ставім гэтае пытанне, але, на жаль, сёння справа прасоўваецца з вельмі вялікімі намаганнямі. Самае важнае пытанне —даступнасць тэлебачання для інвалідаў па слыху. Фільмаў з субцітрамі зусім мала, але нас пачулі «наверсе», плануюць значна павялічыць іх колькасць. Яшчэ адна праблема, якую трэба вырашаць, — гэта магчымасць адпраўкі sms-паведамленняў у экстранныя службы. Тлумачу сітуацыю: інвалід па слыху сядзіць дома, раптам яму стала дрэнна ці адбылася надзвычайная сітуацыя. Калі ён пабяжыць тлумачыць гэтую справу суседу, то далёка не кожны яго зразумее. Летась улады пайшлі нам насустрач: зараз кругласутачна працуе перакладчык мовы жэстаў, яму прыходзіць паведамленне ад глухога чалавека, пасля чаго яно перасылаецца ў патрэбную службу. Цяпер задача арганізаваць такіх памочнікаў пастаўлена і запланавана ў дзяржаўнай праграме, з гэтага года павінны ўкараняць сістэму ў абласных гарадах. У Расіі, у прыватнасці — у Маскве, гэтая сістэма працуе ўжо 7—8 гадоў. У цэлым, зараз для інвалідаў па слыху робіцца дастаткова.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай ахове Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта Любоў СЕЛІВОНІК:

— На мой погляд, сёння робіцца нямала. Напрыклад, нельга пабудаваць або рэканструяваць будынак без праекта, у якім гарантуецца арганізацыя ўмоў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І ў нас у раёне робіцца так: заказ на пэўны праект абавязаны прадугледжваць безбар'ернае асяроддзе. Акрамя таго, мы ўвесь час кансультуемся з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Як мы робім, калі да нас прыходзіць такі чалавек з праблемнай сітуацыяй? Магу прывесці прыклад: дзяўчына трапіла ў аўтакатастрофу, пасля чаго яна можа перасоўвацца толькі ў інваліднай калясцы. І для таго, каб выйсці на вуліцу, неабходны з'езд. Яна да нас звярнулася, мы выехалі на месца, абследавалі, падключылі ЖКГ, пасля чаго ўсё было зроблена. У нашым невялікім раёне мы ўсім дапамагаем. Больш пытанняў, на мой погляд, у вялікіх гарадах. А калі мы не можам нешта зрабіць менавіта зараз, бо не хапае фінансаў, то плануем гэта на наступны год. Пра такія рэчы мы не забываемся.

Праваабаронца, распрацоўшчык семінараў аб Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю Мікіта ТРАФІМОВІЧ:

— Па-першае, неабходна перастаць лічыць пандус крытэрыем даступнасці будынка. Калясачнікаў у структуры інваліднасці Беларусі — каля 10%. Патрэбныя і іншыя меры. Па-другое, трэба пашырыць паняцце бар'ернага асяроддзя. Архітэктура — гэта добра, але калі чалавек змог увайсці ў будынак, аднак не можа там вучыцца або працаваць, то лягчэй яму ад гэтага не будзе. Даступнасць — гэта і адукацыя, і працаўладкаванне, і медыцына. Па-трэцяе, трэба арыентавацца на патрэбы карыстальнікаў пры рабоце з асяроддзем. Калі, умоўна кажучы, туалет для інвалідаў ёсць, але ён на трэцім паверсе і ліфта няма — гэта значыць, што мэтавай аўдыторыяй праекціроўшчыкаў былі не людзі з інваліднасцю, а чыноўнікі ці турысты.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей ДРАЗДОЎСКІ:

— У нас даўняя крытычная пазіцыя: неабходна зрабіць правамоцным кожнага канкрэтнага чалавека ў тым, каб ён мог абараняць і адстойваць сваё права на даступнасць. Гэта значыць, калі канкрэтны чалавек, які мае патрэбу ў мерах даступнасці, сутыкаецца з пэўным бар'ерам, то гэта служыць падставай для таго, каб ён меў прамую магчымасць распачаць суровы працэс супраць парушальніка. Не праз скаргі і не праз дзяржаўныя органы. Гэта самая эфектыўная ўласцівасць кантролю, таму што ў нас з'явіцца гіганцкая колькасць кантралёраў, якія працуюць бясплатна і ажыццяўляюць гнуткі і рухомы маніторынг. Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю ратыфікаваная, таму ўсё вядзе нас менавіта да гэтага. Цяпер трэба тэрмінова распрацаваць меры па забароне дыскрымінацыі, а ў іх будзе сфарміраваны механізм, якім чынам кожны чалавек зможа абараняць сябе сам.

Як я ацэньваю безбар'ернае асяроддзе ў нас у краіне? Вельмі супярэчліва і неадназначна. З аднаго боку, калі параўноўваць, наш час і што было 20 гадоў таму, то, безумоўна, ёсць паляпшэнні. З іншага боку, гэтыя паляпшэнні, на нашу думку, склалі каля 10% ад усіх магчымасцяў.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.