Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія: слова за экспертамі


Наш час будзе мець сваіх класікаў літаратуры. Кагосьці прымаюць і прызнаюць пры жыцці, а некаторыя імёны вылучаюць нашчадкі, калі праходзіць час. Аўтарам патрэбная ўвага — найперш з той прычыны, што пішуць яны для сваіх сучаснікаў і пра іх. Таму Беларусь мае сваю Нацыянальную літаратурную прэмію.


Апошнія дні падачы заявак і магчымасць трапіць у шорт-ліст Нацыянальнай літаратурнай прэміі ёсць у кожнага, хто мае кнігу... Хто піша сам і лічыць свае творы вартымі высокай адзнакі ці чые работы ацанілі калегі з творчых саюзаў альбо чытачы бібліятэк, ці выдавецтва лічыць нейкую кнігу вялікай удачай... Найлепшых назавуць у Дзень беларускага пісьменства ў Полацку. Але для таго, каб іх вызначыла журы (сустаршынямі якога з'яўляюцца намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч і прафесар, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Іван Саверчанка), пакуль у працу ўключыліся эксперты: фарміруецца выніковы спіс твораў, што будуць разглядацца ў кожнай намінацыі. І яшчэ да 1 ліпеня ёсць магчымасць паспець падаць заяўку!

— Арганізатары запрасілі аўтараў прадставіць найлепшыя творы сваёй літаратурнай творчасці, якія ўпершыню былі выпушчаны выдавецкімі арганізацыямі Беларусі ў 2016 годзе, — адзначае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Мы зацікаўленыя ў тым, каб конкурс меў высокі ўзровень: гэта найлепшы паказчык таго, што літаратура Беларусі развіваецца. Гэта не прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі, удзел у Нацыянальнай літаратурнай прэміі маюць права ўзяць усе, хто жадае і хто лічыць свае творы дастойнымі. Заяўкі прымаюцца ад фізічных асоб (кожны можа яе падаць асабіста ці праз афіцыйнага прадстаўніка), ад творчых саюзаў, выдавецтваў, рэдакцый і сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый культуры і адукацыі, навуковых арганізацый і тых, хто вядзе дзейнасць у галіне мастацкай літаратуры і літаратуразнаўства. Так, і Саюз пісьменнікаў Беларусі вылучае прэтэндэнтаў, сёлета ў нас, здаецца, будуць прадстаўленыя ўсе аддзяленні, толькі ў Магілёўскім палічылі, што Нацыянальная літаратурная прэмія — гэта вельмі адказна, і на яе варта вылучаць сапраўдныя з'явы ў галіне літаратуры. А вось кнігавыдаўцы лічаць, што сам факт з'яўлення кнігі ўжо сведчыць пра яе высокі ўзровень. Напрыклад, Ліліяна Анцуг (выдавецтва «Чатыры чвэрці») адзначала, што бывае нават складана вылучыць нейкую адну кнігу, калі выдавец лічыць усе вартымі ўвагі і высокай ацэнкі. Вядома, пераважная большасць аўтараў у намінацыі дзіцячай літаратуры. Аўтараў, творы якіх вылучаюцца на прэмію ў намінацыі «найлепшы твор для дзяцей і юнацтва», Саюз пісьменнікаў плануе прадставіць падчас сустрэчы ў адным з летнікаў: гэта было б жывое знаёмства з творчасцю найлепшых беларускіх дзіцячых пісьменнікаў. Пры тым што ў нас усяго сем намінацый. Пакуль менш работ у намінацыях публіцыстыкі, драматургіі, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства. Але наогул сёлета навідавоку большая актыўнасць з боку творцаў і арганізацый, якія лічаць кагосьці вартымі высокай ацэнкі. Я лічу, што гэта сведчанне таго, што насамрэч кнігі айчынных аўтараў карыстаюцца ўвагай, іх чытаюць.

Заснавальнікамі прэміі выступаюць міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, Мінгарвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Пераможцы атрымаюць грашовую прэмію ў памеры 30 базавых велічынь. Пры вызначэнні найлепшых будуць улічвацца тыраж твора, водгукі чытачоў, рэцэнзіі крытыкаў, звесткі з бібліятэк пра тое, як прынялі кнігу чытачы.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто стане класікам?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».