Вы тут

Адар'я Шут удзячная беларускай мове за мужа


Праграміст Павел і піяр-менеджар Адарка зусім нядаўна сыгралі незвычайнае вяселле. Мала таго, што яны самі былі ў стылізаваных беларускіх строях, дык яшчэ і заахвоцілі падтрымаць канцэпцыю свята сваіх сваякоў і сяброў. Госці ўвесь дзень стараліся размаўляць на роднай мове, развучвалі народныя танцы, а замест купленых сокаў пілі бацькоўскі бярозавік. Нядаўна сям'я Шутоў вярнулася з «мядовага месяца» (правялі яго ў Непале, у горным паходзе). Яны расказалі сваю неверагодную гісторыю знаёмства, а таксама пра тое, як падчас падрыхтоўкі да вяселля «давялі» бабулю да слёз.


«Дызайн сваёй кашулі Паша распрацоўваў сам»

— Чыя была ідэя зладзіць менавіта беларускае вяселле? І хто з вас займаўся яго арганізацыяй?

Паша: Мы з Дашай размаўляем па-беларуску. Любім і шануем сваю культуру і традыцыі. Таму нават не ўзнікала пытанняў наконт таго, што вяселле будзе з беларускім каларытам.

Даша: Падчас падрыхтоўкі мы падзялілі задачы: Паша займаўся планаваннем нашай вандроўкі па Непале, а я занялася вяселлем. Пры гэтым улічыла ўсе пажаданні каханага. Ён адразу сказаў, што не хоча ніякіх «дзвюх гарачых», доўгіх застолляў і «А эта свадьба пела и плясала...».

Паша: Толькі простыя словы ды простыя рэчы. Я хацеў, каб усё было нязмушана, весела, цёпла і ўтульна.

Даша: Разам з тым нам не хацелася занадта традыцыйнага свята. Не было ў нас ні сала, ні гармоніка. Паша вельмі любіць віяланчэлі, таму менавіта такіх музыкаў мы запрасілі на роспіс.

Паша: Музыкі зрабілі нам сюрпрыз, сыгралі Купалінку, я гэтую песню вельмі люблю. Нават праслязіўся. Гэта было вельмі прыгожа, кранальна.

Даша: Паша добра малюе, таму самастойна прыдумаў дызайн сваёй кашулі.

Паша: Я хацеў, каб яна была ўрачыстая, але пры гэтым не надта фанабэрыстая, як, ведаеце, бываюць такія ўзоры на ўсе грудзі. Таму папрасіў, каб мне на белай ільняной кашулі вышылі арнамент атласнымі белымі ніткамі, а чырвоны колер быў прыхаваны ўнутры каўняра. Ёсць у мяне сайт (spampavac.by), куды я заліў вектарныя выявы беларускіх арнаментаў. Змалёўваў іх з фота старых кашуль, што знаходзіў у інтэрнэце. Адтуль і выбраў сабе арнамент на вяселле. (Дарэчы, Пашын сайт карыстаецца папулярнасцю. Яго вектарнымі малюнкамі аздабляюць машыны, вышымайкі, меню ў рэстаранах, форму для футбольнай зборнай. — Аўт.)

Даша: Кашулю для Пашы і строі для мяне і нашых матуль шыла беларуская дызайнерка Настасся Фальковіч. Яна да справы з душой падышла. У матуль былі льняныя строі. У мяне — атласная сукенка з вышытымі кветкамі льну. А на поясе — галубкі, як сімвал узаемнага кахання.

Паша: Татаў жа мы павялі ў краму і набылі ім вышыванкі.

— Як вам удалося ўгаварыць адзецца па-беларуску сваіх бацькоў?

Даша: Яны самі моцна хацелі нас падтрымаць, пыталіся — як лепш адзецца, каб адпавядаць стылістыцы? Жывуць бацькі не ў Мінску. Наўрад ці там можна знайсці сучасны строй з нацыянальным каларытам. Таму мы прапанавалі дапамогу.

Паша: Пасля дадалі гэты тэкст у запрашэнні. «Свята ладзіцца амаль у лесе. Апранайцеся так, каб было зручна: джынсы і вышыванка будзе самае тое».

Даша: Некаторыя сябры адпісваліся: «Даўно хацелі набыць вышыванкі, а тут такая нагода. Дзякуй». Хлопцам жа, якім у звычайнай кашулі зручней, мы прапанавалі гальштукі-бабачкі з вышыўкай. І яны з задавальненнем іх надзелі.

«З бабулінымі дзяругамі любое свята будзе душэўным»

Даша: Нам казалі: «Госці не будуць танцаваць пад вашу музыку». Але мы ўсё адно вырашылі паспрабаваць і запрасілі гурт By Cry. Яны спявалі толькі па-беларуску. Не вядомыя нікому песні. Але ад музыкаў сыходзіла такая неймаверная энергетыка, што пад іх скакалі ўсе — і старыя, і малыя. Акрамя таго, на свяце ў нас быў майстар-клас па беларускіх танцах ад тэатра «Фламея». Нейкі код беларускасці, напэўна, у нас у галаве застаўся, усім хацелася развучваць народныя рухі. Не было такіх, хто б сказаў: «Вы тут скачыце, а я збоку пасяджу-пагляджу».

— Мяне вельмі ўразіла, што запрашэнні для гасцей друкавалі на бабуліным ільне, якому не менш як 50 гадоў.

Даша: Хацелася прыдумаць нейкую новую форму запрашэння. Спыніліся з дызайнерам на льне. Падчас размовы з мамай высветлілася, што ў вёсцы на гарышчы дакладна ёсць адрэз нябеленага. Бабуля Ніна вельмі ўсцешылася, калі сказалі, што будзем мець гонар скарыстаць яе рэчы. Падарыла Пашу пояс для строю, які сама калісьці ткала.
А потым са слязамі радасці аддала дзяругі, ручнікі, набажнікі.

Паша: Мы паказалі ўвесь гэты скарб нашаму дэкаратару. Кацярына Мытнік прыгожа выкарыстала яго ў аздабленні аркі, сталоў. Мы не хацелі нічога набываць, па максімуму выкарыстоўвалі сваё. Бо ў такіх рэчах, зробленых рукамі, з пяшчотай, неверагодная энергетыка, з імі любое свята атрымаецца душэўным.

Даша: Кавалак ільну я адрэзала для запрашэнняў. Тэкст і арнамент на ім мы надрукавалі ў тыпаграфіі. І Паша ад рукі, паколькі ён займаўся каліграфіяй, падпісаў звароты да гасцей.

— А праўда, што вашыя госці стараліся гаварыць па-беларуску?

Паша: Размаўлялі дзе на трасянцы, дзе на мове, у каго як атрымлівалася.

Даша: Вядучы ў нас быў беларускамоўны Усевалад Сцебурака. Ён не толькі дапамог сарыентавацца ў асаблівасцях беларускіх вяселляў, але і задаваў тон святу. Мая сяброўка, шаферка, у гэты дзень размаўляла па-беларуску. Я разумела, колькі намаганняў ёй трэба было прыкласці. І была моцна ўсцешаная яе ўчынкам. Дзядзькі родныя ніколі не размаўляюць па-беларуску. Але ў гэты дзень «лупілі» на трасянцы. Гэта было так нечакана і так прыемна, бо бачыш, што яны ідуць насустрач, не баяцца паспрабаваць нешта новае.

Паша: Я кніжку пачаў чытаць пра чалавека і сітуацыю. Дык там пішацца, што паводзіны, як правіла, залежаць ад абставін. Таму калі людзей змясціць у такія ўмовы, дзе ім будзе зручна адзявацца і гаварыць па-беларуску, яны будуць гэта рабіць. Чаму ў нас большасць беларусаў размаўляе па-руску? Яны робяць так, як сітуацыя вымагае ад іх. Так прасцей і зручней. Мы з Дашай паказалі на ўласным прыкладзе, што ўсё ў нашых руках.

«Букецік нявесты мы пакінулі Якубу Коласу»

— Як кожны з вас пачаў штодзённа размаўляць на роднай мове?

Паша: У школе, дзе я вучыўся, размаўляў па-беларуску толькі адзін настаўнік беларускай мовы і літаратуры. І то на яго ўсе так пазіралі... У яго была мянушка «Добры Дзень». Я таксама думаў перайсці на мову, але так і не адважыўся. Пасля школы паехаў вучыцца ў Мінск. Дома я звычайна на трасянцы «валіў», а тут трэба ўжо нейкі выбар рабіць, як размаўляць, па-беларуску ці па-руску. А ў мяне раней былі праблемы з камунікацыяй. Думаю, буду па-руску, так прасцей паразумецца з людзьмі. Але ўсе свае нататкі і перапіску працягваў весці па-беларуску. А потым вырашыў, колькі можна адкладаць, калі я хачу нешта змяніць у нашай краіне, то трэба пачынаць з сябе. З таго вечара я перайшоў на родную мову і не маю патрэбы ісці на кампраміс з уласным сумленнем.

Даша: Мне пашанцавала больш, я вучылася ў сапраўднай беларускамоўнай школе. Але паколькі ва ўніверсітэце ўсе прадметы выкладаліся па-руску, размаўляла на рускай мове. На другім курсе стала рыхтавацца да канферэнцыі па паліталогіі. У мяне была тэма «Беларуская нацыянальная ідэя». Я яе, вядома, прэзентавала па-беларуску. І каб не «бэкаць-мэкаць», перайшла за тыдзень да канферэнцыі на беларускую мову. Падчас гэтага эксперыменту я зрабіла для сябе шмат высноў. Першая і галоўная: людзі больш уважліва цябе слухаюць, бо стараюцца зразумець і перакласці. Па-другое, на беларускамоўнага чалавека больш звяртаюць увагі. Ён вылучаецца і не падобны да астатніх. А кожная дзяўчына, а тым больш будучы піяр-менеджар, ну проста марыць, каб яе не блыталі ні з кім. Па-трэцяе, за тыя паўтара года, што не карысталася роднай мовай, я пачала яе забывацца. Мне стала страшна, што магу пазбавіцца таго, што ў мяне было. Таму вырашыла працягнуць свой эксперымент. І ніколькі не пашкадавала. Мова дапамагла мне знайсці самую першую працу. Я працавала на фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «Аднак». Я ўдзячна мове за мужа. Бо наўрад ці ён спыніўся б на рускамоўнай.

— Як вы пазнаёміліся?

Паша: Ёсць такі сайт “Мае сэнс”. Там ладзяцца дабрачынныя аўкцыёны. Гляджу, такая цікавая дзяўчына беларускамоўная прапануе пакатацца на роварах. Я люблю ровары, таму і купіў тую сустрэчу. Пакаталіся. Так я некалькі гадоў быў запісаны ў Дашыным тэлефоне, як "Паша Ровар". Я тады ўжо запрыкмеціў, што добрая дзяўчына, цікавая,  вясёлая, жвавая, што не малаважна, беларускамоўная. Пачаў заляцацца. Але Даша сказала: "У мяне ёсць малады чалавек, прабачце". Хаця нікога там не было насамрэч.

Даша: Пасля таго мы яшчэ сустракаліся некалькі разоў па-сяброўску. І Паша пытае: "Адарка, калі ты зразумееш, што пара ісці замуж?" — "Ну, у 25, напэўна". Давай, на наступны дзень, пасля таго, як табе споўніцца 25, мы з табой, калі ні ты, ні я не будзем у адносінах, панясем заяву ў ЗАГС". Я авантурыстка, таму і пагадзілася. Прайшлі тры гады, я ўжо і забылася на тое абяцанне, як прыйшло паведамленне ад Пашы: "Даша, набліжаецца той самы  дзень, што там у цябе чуваць?" Я нават разгубілася, кажу: "Трэба сустрэцца". Я яму тады адкрыта сказала, што не гатовая. "Ну не буду ж я цябе прымушаць ", — пачула ў адказ.  Мы тады не панеслі заяву ў ЗАГС.

Паша: Але затое пасмяяліся, было весела.

Даша: І амаль праз год летам мы паехалі разам з агульнымі сябрамі ў Ісландыю. І змянілі сваё стаўленне адзін да аднаго. На Новы год Паша паклікаў мяне замуж. А вясной мы сыгралі вяселле. Штораз, як узгадваем гісторыю нашага знаёмства дужа доўга смяемся. 

— Калі б зараз можна было другі раз зладзіць вяселле, штосьці б удасканалілі, ці пакінулі б усё як было?

Паша: Даша прафесійны арганізатар свят. Без жартаў, я праўда так лічу. Настолькі ўсё было цёпла і душэўна. Нават весялей, чым мы ўяўлялі.

Даша: Я толькі загадзя папярэдзіла б гасцей, каб яны не везлі кветкі. Бо мы праз два дні адляталі і любавацца імі не было як.

Паша: А букецік маладой па дарозе ў аэрапорт мы пакінулі Якубу Коласу. Мы там, недалёка ад помніка, жывём. Пакідаць кветкі ў кватэры, каб яны засохлі, не хацелася...

— Знаёмая расказвала, што іх сябры, пакуль рыхтаваліся да вяселля, ледзь не развяліся...

Даша: У нас атрымліваецца дамаўляцца.

Паша: У тым ліку і дзякуючы гутаркам па чацвяргах.

Даша: Паша прачытаў цікавы артыкул. Там пішацца, што людзі часта разыходзяцца, бо проста адзін з адным не размаўляюць. Пасля гэтага мы вырашылі шточацвер ладзіць сямейную гутарку. Спачатку кажам, за што мы адно аднаму ўдзячныя. Пасля плануем сумеснае правядзенне часу. Потым абмяркоўваем зоны нашай адказнасці: хто што робіць і ў які тэрмін гэта павінна быць выканана. Каб разумець, што каму не падабаецца, абавязкова агучваем праблемныя зоны. Спачатку доўга іх абмяркоўвалі. Але цяпер наша сямейная нарада на 90% складаецца з таго, што мы кажам, за што мы ўдзячныя адно аднаму.

Паша: Я вельмі раю такія размовы практыкаваць іншым парам. Бо яны вучаць адкрытасці і камунікацыі ў сям'і. Вельмі часта людзі чакаюць, што іх павінны зразумець проста так, без слоў. Яны не выказваюць свае жаданні, а калі і выказваюць, то нейкімі намёкамі. І потым крыўдзяцца, калі іх не разумеюць.

Даша: Перад вяселлем сяброўкі дзівіліся: «Ты не ведаеш, які ў цябе будзе пярсцёнак? Як ты не хадзіла з Пашам яго выбіраць?» Кажу, як рабіў прапанову, вельмі прыгожы набыў, я яму давяраю.

Паша: Кансультант у краме таксама здзівілася, што я адзін прыйшоў. Пытаецца: «А якія падабаюцца вашай каханай?»

Даша: «Як якія? Тыя, што я выберу,» — не раздумваючы адказаў Паша (смяецца). Любыя адносіны трымаюцца на даверы. Таму не бойцеся размяркоўваць абавязкі і давяраць свайму партнёру.
Вы прыемна здзівіцеся вынікам, а ўсё таму, што гэта для вас робіць чалавек, які вас моцна кахае.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея ПІЛІПОВІЧА

Загаловак у газеце: Толькі простыя словы ды простыя рэчы

Каментары

О, сенсацыя: у Беларусі маладыя пабраліся шлюбам па-беларуску! А што ж маладыя ў Непале свой мядовы месяц бавілі, а не ў бабулечкі на вёсачцы? Дзіўна расказваць пра любоў да беларускага, калі за гэтым стаіць жаданне вылучыцца, а не тое, што ты проста не можаш інакш.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.