Вы тут

Як упрыгожыць і абараніць двары


Платныя аўтастаянкі ў дварах жылых дамоў, шлагбаум як сродак абароны сям'і і паркоўкі для веласіпедаў каля пад'езда. Пра гэтыя і іншыя змены і пытанні ў жыллёва-камунальным жыцці краіны расказалі спецыялісты.


Хто плаціць за кветнікі і святло каля дома Намеснік генеральнага дырэктара ДА «Гарадская жыллёвая гаспадарка» Галіна ГІЛЕВІЧ заўважае, што ў апошнія гады актыўнасць удзелу жыхароў у добраўпарадкаванні і ўпрыгожванні двароў расце. Свядомая пазіцыя праяўляецца нават у арандатараў памяшканняў у жылых дамах. А сёлета ў многіх грамадзян з'яўляецца жаданне будаваць у дварах велапаркоўкі:

— Калі сілы, што прыкладваюць самі жыхары на стварэнне кветнікаў каля пад'ездаў і іх догляд, перавесці ў грашовыя сродкі — калі б кветкі пасадзілі мы і даглядалі іх, — то гэтая сума ў некалькі разоў перавышала б выдаткі, якія пералічваюцца на разліковыя рахункі для закупкі, скажам, дзіцячага абсталявання.

Пералік работ па добраўпарадкаванні і ўтрыманні прыдамавых тэрыторый, якія павінны забяспечваць мясцовыя выканкамы, вызначаны Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Мінжылкамгасам). Гэта ўтрыманне і рамонт вулічна-дарожнай сеткі, дзіцячых гульнявых, гаспадарчых і спартыўных пляцовак, пясочніц, пляцовак для збору цвёрдых камунальных адходаў, догляд аб'ектаў расліннага свету, вонкавае асвятленне.

Тлумачыць Алена НОВІКАВА, галоўны спецыяліст сектара па надзвычайных сітуацыях Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі:

— Комплекс гэтых работ падзяляецца на катэгорыі «вулічна-дарожная сетка», «асвятленне» і «іншае добраўпарадкаванне за выключэннем». Да апошняга «выключэння» і адносяцца работы па ўтрыманні прыдамавых тэрыторый. Летась Указам Прэзідэнта №535 «Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг» работы па ўтрыманні прыдамавых тэрыторый былі выключаны з пераліку работ па тэхабслугоўванні жылога дома. Цяпер яны павінны рэалізоўвацца за кошт бюджэту. Таму міністэрства фінансаў дадаткова выдзеліла на гэта пэўную суму. Аднак гэтыя грошы «растварыліся» ў агульным добраўладкаванні.

Дадатковыя паслугі і недахоп зямлі

Указам №535 прадугледжана таксама, што падтрыманне і аднаўленне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў здзяйсняецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Прыдамавыя тэрыторыі, якія былі перададзены ў арэнду або для абслугоўвання таварыствам уласнікаў ці арганізацыям-забудоўшчыкам, абслугоўваюцца за кошт уласных сродкаў гэтых суб'ектаў.

— Разам з тым грамадзяне па ўласным жаданні і дамоўленасці з ЖКГ могуць абсталяваць за свае сродкі ў двары, напрыклад, дзіцячую пляцоўку. Існуе таксама дадатковая жыллёва-камунальная паслуга — стварэнне элементаў добраўпарадкавання на тэрыторыі і іх далейшае ўтрыманне, што робіцца са згоды ўсіх жыхароў, — абазначыла прадстаўніца Мінжылкамгаса.

Гаворачы пра добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, трэба звяртаць увагу на планаванне гэтай тэрыторыі згодна з ТКП «Горадабудаўніцтва ў населеных пунктах. Нормы планіроўкі і забудовы».

— Згодна з нарматывамі па фарміраванні дваровай прасторы, на выдзеленым участку зямлі павінны размяшчацца не толькі дом, а і паркоўка са стаянкай, дзіцячая пляцоўка, месца для выгулу сабак, кантэйнераў са смеццем і іншае, — заўважыла Таццяна ГАЎРЫЛЕНКА, начальнік аддзела горадабудаўніцтва галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі. — А як я на невялічкім пятачку змяшчу дом у 20 паверхаў і ўсё, што трэба да яго? У мяне зямельны ўчастак скончыўся ўжо на паркоўках са стаянкамі. Мы неаднойчы пісалі лісты ў Мінгарвыканкам, каб спецыялісты, выдзяляючы ўчастак пад адміністрацыйныя і офісныя будынкі, звярталі ўвагу, што стаянкі павінны змяшчацца на той зямлі, якая вылучана пад будаўніцтва, а не дзесьці, дзе ёсць месца.

Парковачны эксперымент

Праблема ўстаноўкі шлагбаўмаў вельмі хвалюе грамадзян і мясцовыя органы. Больш за ўсё зваротаў па гэтым пытанні паступае ад мінчан, нягледзячы на існуючае рашэнне Мінгарвыканкама ад 22 верасня 2016 г. №2786 «Аб некаторых пытаннях устаноўкі прылад, якія абмяжоўваюць рух транспартных сродкаў (шлагбаумаў) на прыдамавых і ўнутрыдваравых тэрыторыях у г. Мінску». З іншых рэгіёнаў краіны такіх зваротаў значна менш — па два-тры з вобласці.

— Каб зняць напружанасць па гэтым пытанні, Мінбудархітэктура падрыхтавала праект рэкамендацыйнага пісьма аб усталяванні шлагбаумаў, якое мы хочам зрабіць сумесна з Мінжылкамгасам. На мінулым тыдні мы накіравалі ім гэты праект і спадзяёмся, што на працягу месяца ён будзе падпісаны, — падзялілася Таццяна Гаўрыленка. — Існуючай нарматыўнай базы па ўстаноўцы шлагбаума дастаткова, аднак мясцовым органам неабходна кіраўніцтва да дзеяння. У пісьме па пунктах распісана, як, чаму і навошта, куды звяртацца заяўніку і што рабіць.

Тым часам на сайце Мінбудархітэктуры пачынае працаваць раздзел «горадабудаўніцтва», дзе змяшчаецца ўся інфармацыя па пытаннях, нават лісты і рэкамендацыі, якія накіроўваюцца таксама ў прававую базу «Кансультант».

Праўда, застаецца нявырашаным шэраг пытанняў адносна кошту ўстаноўкі такой прылады для жыхароў і чыста тэхнічныя моманты. Як будзе налічвацца электраэнергія за работу шлагбаума? У каго будзе чып ад яго? Як будзе арганізаваны пад'езд хуткай дапамогі і іншае. Па самых сціплых прыкідках устаноўка абыдзецца прыкладна ў 3000 рублёў.

Найбольш зацікаўлены ў тым, каб закрыць двор «на шлагбаум», жыхары цэнтра сталіцы.

— У людзей узнікае жаданне абараніць перш за ўсё нават не двор, а сваю сям'ю. Наўрад ці камусьці спадабаецца, каб на месцы аўто чалавека, які з'ехаў на працу, увесь дзень стаяла машына «чужака», які прыехаў на працу ў офіс, што непадалёк. Ён не жыве ў доме, каля якога паставіў машыну, і стаўленне ў яго да гэтага двара адпаведнае. Сама бачыла, як у адным з двароў машына стаяла ў дзіцячай пясочніцы, — адзначыла прадстаўніца Мінбудархітэктуры.

Галіна Гілевіч расказала пра незвычайны эксперымент, які датычыцца адной платнай паркоўкі, распачаты ў сталіцы:

— У адным з двароў у раёне чыгуначнага вакзала мы ўстанавілі відэакамеры, што будуць фіксаваць нумары ўсіх машын, якія ўязджаюць на тэрыторыю, і заносіць іх у базу. З тых, хто не жыве ў дамах і не арандуе там памяшканне, будуць браць плату за паркоўку. Папераджальныя знакі пра гэта там таксама змешчаны.

Пры гэтым сума за паркоўку будзе ў разы большай, чым на звычайных платных паркоўках, а з тых, хто адмовіцца плаціць, грошы будуць спаганяць праз суд.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.