Вы тут

Старая слава новую вітае


Тую ці іншую з'яву лепш за ўсё ацэньваць вачыма спецыялістаў. Асабліва калі яна ўнікальная, нават у сусветным маштабе. ААТ «Белгорхімпрам» па сваёй сутнасці — праектны інстытут, сем гадоў таму прыняў на сябе нязвыклую функцыю генеральнага падрадчыка, арганізатара будоўлі.


Тут яшчэ важна — якой. За многія тысячы кіламетраў ад Мінска, у Туркменіі, яе ўрад запланаваў распрацоўку радовішча калійных соляў і ўзвядзенне абагачальнай фабрыкі. Тэндар выйгралі беларусы, абышоўшы туркаў, расіян і кітайцаў. Пад увагу быў прыняты вопыт пры праектаванні і ўзвядзенні руднікоў у Беларусі і Расіі.

У поспех далёкага і складанага праекта тады верылі нямногія. Напачатку сапраўды ён «пайшоў» з неймавернымі цяжкасцямі. Спатрэбілася з нуля ствараць у гарачых Каракумах сваю вытворчую базу, «за свет» завозіць тэхніку і амаль два гады страціць на ўтаймаванне грунтовых і горных патокаў. Турбот хапала. Дапамагло тое, што інстытут — адзін з нямногіх у краіне, якія працуюць комплексна: ад правядзення навукова-даследчых работ, выканання геалагічных пошукаў да распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і праходжання экспертызы.

Выручыў і высокі прафесіяналізм, накоплены за папярэднія гады.

Праект ажыццяўляўся пад кантролем і пры падтрымцы ўрадаў і нават кіраўнікоў абедзвюх краін, што ў многім забяспечыла поспех. У сакавіку 2017 года падпісаны дакументы аб прыняцці важнага народнагаспадарчага аб'екта ў эксплуатацыю.

Значэнне здзейсненага беларусамі на берагах Амудар'і сапраўднага подзвігу яшчэ трэба будзе асэнсаваць. У ліку першых, хто зрабіў гэта, сталі выкладчыкі і спецыялісты горнага ўніверсітэта з Санкт-Пецярбурга, якія ў рамках тыднёвага знаходжання ў Беларусі перш-наперш прыйшлі ў «Белгорхімпрам».

Трэба было бачыць, з якім інтарэсам яны слухалі генеральнага дырэктара Вячаслава Коршуна, яго намеснікаў і прадстаўнікоў службаў, а потым задавалі сапраўды бясконцыя пытанні — пра «стрэсавыя» ўмовы працы, пра спецыфіку радовішча, вуглы залягання пароды, спосабы абагачэння руды — флатацыю... Для іх, як спецыялістаў, быў надзвычай цікавы Сярэднеазіяцкі каліяносны басейн, які па ўмовах залягання прадукцыйных пластоў можна смела аднесці да найбольш складаных. Паняцця камерцыйнай тайны ў гэтай сяброўскай аўдыторыі не існавала, бакі бачылі адзін у адным калег і заўтрашніх партнёраў.

Потым адбылася — не, не проста экскурсія па падраздзяленнях інстытута, а больш шчыльнае знаёмства з магчымасцямі акцыянернага таварыства, вельмі прываблівымі. А таксама з людзьмі, надзвычай прафесійнымі і добразычлівымі. Кіраўнікі калектываў дамовіліся аб напрамках супрацоўніцтва, у першую чаргу ў галіне падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў. І для «Белгорхімпрама», і для знакамітай расійскай ВНУ такая садружнасць, несумненна, будзе плённай.

Санкт-Пецярбургскі горны ўніверсітэт, заснаваны Кацярынай ІІ яшчэ ў 1773 годзе, стаў вядомым навуковым цэнтрам і слыннай кузняй кадраў для самай складанай галіны эканомікі спачатку Расіі, потым Савецкага Саюза, цяпер СНД. Шмат іх, гэтых умелых і адданых справе спецыялістаў, працуе на салігорскім «Беларуськаліі», куды далей накіраваліся госці з берагоў Нявы.

Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.