У складзе адной дэлегацыі давялося пабываць у Баранавіцкім краязнаўчым музеі. Падумалася тады: радавое наведванне аб'екта ў рамках культурнай праграмы. Аказалася — адкрыццё.
Музей па вуліцы Савецкай, былой Марыінскай, знаходзіцца ў доме, якому больш за сто гадоў. І сустракала нас яго гаспадыня пачатку ХХ стагоддзя — спадарыня Брэгман. Мілавідная дама ў шэрай сукенцы з каўняром-стойкай нібы сышла са старых фотаздымкаў. А як гаварыла! Гэта быў не завучаны тэкст, які прамаўляла музейная работніца ў касцюме той эпохі, гэта была жывая сцэна, удала сыграная таленавітымі асобамі. Спадарыня Брэгман разам са служанкай Кацярынай змаглі паднесці такі «смачны» гістарычны прадукт наведвальнікам, што тыя мусілі ўважліва слухаць, удзельнічаць, здзіўляцца.
Карцінка з жыцця невялікага тады горада Навагрудскага павета часоў Першай сусветнай вайны жыва паўстала перад вачыма: як жылі людзі, аб чым хваляваліся, якое адзенне насілі, што куплялі ў местачковых крамах. А ўжо служанка Кацярына ў выкананні мастака-рэстаўратара Наталлі Качкарык стала проста знаходкай названага сюжэта. Уся тэатральная дзея праходзіць на рускай мове, што адпавядае рэчаіснасці. А пакаёвая работніца, вядома, з местачковых, і яе сакавітая вясковая гаворка разам з народным гумарам і прыроджанай артыстычнасцю проста зачароўвалі. Я глядзела на яе і думала пра наш брэсцкі штогадовы тэатральны фестываль... Аказалася, не я адна такая. Пасля першага ж прадстаўлення спадарыню Наталлю запрасілі ў адзін з самадзейных тэатраў Баранавіч.
Галоўны наглядчык фондаў Рыта Чартко ў вобразе спадарыні Брэгман расказала цікавую гісторыю наведвання імператарам Баранавіч, сведчаннем таму паслужылі ўнікальныя кадры дакументальнай кінахронікі, якія ўбачылі госці музея. Але ж які панскі дом той пары без музычнага альбо паэтычнага салона? І ў Брэгманаў ён, несумненна, быў. І там чытала вершы Ахматавай ды Гумілёва рамантычная паненка, выкладчыца тутэйшай гімназіі Ганна Мікалаеўна, якую ўдала прадстаўляла музейны работнік Алена Бычко.
— Самае цікавае, што ўсе гэтыя персанажы не прыдуманыя, людзі з такімі прозвішчамі, імёнамі жылі ў Баранавічах, — расказала карэспандэнту газеты дырэктар музея Ала САМУШЧАВА. — Навуковыя супрацоўнікі пры распрацоўцы сцэнарыя кіраваліся дакументамі з архіваў. Менавіта Брэгманам належаў дом па вуліцы Марыінскай. І, вядома, у іх мог бываць унтэр-афіцэр чыгуначнай брыгады інжынерных войскаў Аляксандр Зверынцаў, а таксама сціплая выкладчыца літаратуры з гімназіі.
Касцюмы шылі таксама не са столі. Уважліва вывучалі паштоўкі і фотаздымкі той пары, менавіта з іх рысавалі эскізы вопраткі. Усё мае пад сабой гістарычную падставу. Вось толькі Кацярынка — персанаж, прыдуманы аўтарамі сцэнарыя, але ж яна вельмі ўдала ўпісалася ў агульны аповед. У рэшце рэшт у доме была прыслуга. І, вядома, пакаёвак набіралі з мясцовых. Так што гэтая прыдуманая гераіня, можа, нават бліжэйшая да рэальнасці за многіх іншых.
Як наведвальнік, магу сведчыць, што такі экскурс пакідае значна больш уражанняў, чым прывычны нам аповед музейнага гіда, таму і запамінаецца лепш. А дырэктар гаворыць, што час пыльных паліц і старых экспанатаў праходзіць. Музеі цяпер шукаюць шлях да сэрцаў гледачоў з дапамогай рэканструкцый падзей, інтэрактыву, іншых сучасных прыёмаў. Так было і на Дзень горада, да якога краязнаўчы музей прымеркаваў сваю Ноч музеяў. Тады выйшлі на вуліцу, былую Марыінскую, з рознымі экспанатамі. Старыя рэчы паказвалі прахожым дзяўчаты-падлеткі з мадэльнай школы, апранутыя ў сукенкі 30—40 гадоў. І здарыўся сапраўдны фурор. Да музея прыйшлі тысячы людзей, усе хацелі сфатаграфавацца з рарытэтамі, з юнымі мадэлямі. Менавіта там, на вуліцы, упершыню правялі міні-апытанне грамадскай думкі наконт магчымай змены назвы вуліцы Савецкай на былую Марыінскую. У асноўным гараджане падтрымлівалі. «Магчыма, прыйдзе час, калі гэтую ініцыятыву мы вынесем на разгляд гарвыканкама. Надта ж прыгожая назва, вартая таго, каб да яе вярнуцца», — заўважыла дырэктар музея.
А пакуль музейныя работнікі занятыя распрацоўкай канцэпцыі абнаўлення сваёй установы і новымі актыўнымі праектамі накшталт экскурсіі па горадзе ў суправаджэнні графіні Развадоўскай. Менавіта яна стаяла ля вытокаў заснавання адносна маладога горада Баранавічы.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Баранавічы
Фота Валерыя КАРАЛЯ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.