Вы тут

Брэнд Беларусі распрацоўваецца пры садзейнічанні Еўрапейскага саюза


Аб гэтым заявіла начальнік аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ганна МУХА на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да міжнароднага форуму па брэндынгу дэстынацый «Інавацыйныя ідэі для прыцягнення турыстаў». Яна таксама дадала, што на гэты момант бюджэтныя грошы на дадзеную распрацоўку пакуль не задзейнічаны.


— Распрацоўкай займаецца Еўрапраект пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза, таму мы пакуль за гэта не плацім, — адзначыла спецыяліст. — Больш за тое, я ўжо бачыла тры варыянты брэнда, якія могуць быць прадстаўлены на абмеркаванне. Але мне здаецца, што да канца года можна будзе прадставіць 5—6 варыянтаў для выбару і наступнага рашэння.

Па словах Ганны Мухі, цяперашнія варыянты здаюцца ёй вельмі крэатыўнымі і адлюстроўваюць нацыянальны стыль і каларыт краіны.

Сёння ў Беларусі няма краінавага брэнда, лічыць Ганна Муха. «Ёсць розныя маркі, ёсць напрамкі, аднак канкрэтнага знака «брэнд Беларусі» пакуль не існуе», — дадала яна.

Па словах эксперта, на гэты момант у Еўропе не так многа ведаюць пра Беларусь, таму брэндынг нам неабходны. Асноўны паток турыстаў у нашу краіну да гэтага часу прыходзіць з Расіі, а краінавы брэнд дазволіць прыцягнуць еўрапейскія дзяржавы.

Што можа стаць брэндам Беларусі? Па словах кіраўніка праекта Еўрапейскага саюза «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі» Янеза Сіршэ, пры абмеркаванні гэтага пытання першым варыянтам стала міфічная папараць-кветка. «Нашы дызайнеры і эксперты шукалі і знайшлі кветку, якая стане прывабным, але разам з гэтым — традыцыйным і кансерватыўным рашэннем», — адзначыў эксперт. Паводле яго слоў, таксама разглядаўся такі варыянт брэнда Беларусі, як слуцкія паясы, аднак паступова дызайнеры праекта звярнуліся ў бок абстрактнага рашэння з прывязкай да папулярнага беларускага сімвала — вышыванкі.

Еўрапраект пачаў сваю работу не з распрацоўкі брэнда Беларусі. Стартавай пляцоўкай былі выбраныя пяць так званых дэстынацый — тэрыторый, якія турыст выбірае для наведвання. Еўрапейскія партнёры распрацавалі стратэгіі развіцця турызму і лагатыпы для Полацка, Белавежскай пушчы, Мсціслава, Аўгустоўскага канала, Мядзельскага раёна і возера Нарач. «Нават калі ў такіх маленькіх гарадах, як Мсціслаў, ёсць магчымасць стварыць брэнд, то я лічу, што працэс працы прывядзе да стварэння годнага брэнда краіны», — дадала Ганна Муха.

Вышэйназваныя лагатыпы пяці беларускіх дэстынацый будуць прадстаўлены на Міжнароднай канферэнцыі па брэндынгу дэстынацый «Інавацыйныя ідэі для прыцягнення турыстаў», якая адбудзецца 6 і 7 ліпеня ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму, Сусветнай турысцкай арганізацыі і праекта «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі». Плануецца, што ў мерапрыемстве прыме ўдзел генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі Талеб Рыфай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».