Вы тут

Прэм'ерай балета «Ор і Ора» завяршыўся 84-ы тэатральны сезон


Прэм'ерай балета «Ор і Ора» завяршыўся 84-ы тэатральны сезон у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Расійска-беларускі праект тэатр рэалізаваў праз супрацоўніцтва з прадстаўнікамі тэатра «Кілізэ» з Санкт-Пецярбурга.


Літаратурная аснова пастаноўкі — твор «Арлы і людзі» — напісаны чалавекам з разнастайнымі інтарэсамі: бізнесменам, мецэнатам, прафесарам, членам Пецярбургскага саюза мастакоў і Пецярбургскага саюза пісьменнікаў, а таксама кіраўніком тэатра «Кілізэ» Вячаславам Заранковым. Калісьці на Кіпры ён быў сведкам дзіўнай гісторыі кахання: вялікі арол прыляцеў у горад, разбіў акно на балконе суседзяў і... выпусціў на волю арліцу, якую трымалі ў кватэры. Пісьменнік даведаўся, што птушкі належалі мужу і жонцы. Яны пасварыліся, падзялілі пітомцаў ды раз'ехаліся па розных гарадах, але арлы не пагадзіліся жыць паасобку і знайшлі адно аднаго. Адданасць птушак кранула закаханых: у хуткім часе яны памірыліся. Прыгожая гісторыя спачатку стала апавяданнем, а потым ператварылася ў лібрэта, падрыхтаванае сумесна з харэографам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам Аляксандрай Ціхаміравай. Аўтары лібрэта прызналіся, што знайсці ўзаемаразуменне атрымалася не адразу, але вынікам сумеснай працы цалкам задаволеныя. Дзеянне гісторыі перанеслі з Кіпра ва ўмоўную прастору: на спектакль у яго стваральнікаў вялікія планы. Балет «Ор і Ора» зладзілі на радзіме Вячаслава Заранкова, у Беларусі.

— У Вялікім тэатры Беларусі выдатны калектыў, — адзначыў Вячаслаў Заранкоў. — У Мінску нашу прапанову сумесна паставіць балет прынялі з вялікай увагай, праслухалі музыку, прачыталі лібрэта. Генеральны дырэктар тэатра Вадзім Грыдзюшка адчуў, хто зможа паставіць балет.

Аркестровая прэм'ера балета адбылася ў 2016 годзе ў Санкт-Пецярбургу, пасля наведала месца, дзе нарадзілася ідэя твора, — Кіпр. Версія, якая прагучала на сцэне беларускага Вялікага, адрозніваецца ад першапачатковай. Музыку да балета, напісаную расійскім кампазітарам і мастацкім кіраўніком тэатра «Кілізэ» Міхаілам Крыловым, апрацавалі пад форму танца: музычную рэдакцыю і аркестроўку зрабіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі кампазітар Алег Хадоска. «Птушыная» тэма часта адлюстроўваецца ў балеце (дастаткова згадаць тое ж «Лебядзінае возера»), але знаўцы музыкі дакладна пазнаюць спасылкі і на іншыя музычныя творы.

— У балеце «Ор і Ора» на адну партыю даводзіцца не адзін-два саставы, а ажно шэсць. — заўважыла Аляксандра Ціхамірава. — Кожны з артыстаў па-новаму падае матэрыял, прыўносіць у пастаноўку нешта асабістае.

У спектаклі адлюстравана гісторыя людзей ці не з моманту стварэння свету. За дзве дзеі мы бачым з'яўленне людзей, першае вяселле і першую сварку, пакуты адзіноты і весялосць начнога клуба, зайдрасць і забойства, нарэшце, злучэнне закаханых у іншым свеце і вечнае жыццё... Людзі-коканы жылі ў чорна-белай прасторы і не ведалі пра каханне, пакуль Ор і Ора ў касцюмах з рукавамі-крыламі не прыляцелі на Зямлю. Каханне, якое пануе вакол іх, абуджае да жыцця вялікі кокан-яйка, адкуль выходзяць Мужчына і Жанчына, Адам і Ева нетрывалага сусвету. Надыходзіць вясна і вяселле. Пасля шумнага свята светлае пачуццё сустракаецца з «бытавухай», амаль разбіваецца аб выспы будзённасці: героі вырываюць з рук надакучлівыя газеты, каструлі і апалонікі кідаюць адно ў другога (літаральна!). Ор і Ора нагадваюць, што каханне мацнейшае за побытавыя непаразуменні. Нашмат складаней пераадолець зайздрасць: былыя госці вяселля атакуюць Мужчыну і Жанчыну, бяруць у палон Ору. Людзям і арлам прыйдзецца прайсці праз шэраг выпрабаванняў. Разам з імі сваю порцыю выпрабаванняў (эмацыянальных і эстэтычных) атрымае глядач, які хоча бачыць фінальны «happy end».

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.