Вы тут

Кацярына Захарэвіч. Морзэ на барвовай труне


Кацярына Захарэвіч скончыла Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а сёлета ўзначаліла «Бярозку», і такім чынам стала самым маладым галоўным рэдактарам гэтага часопіса за ўсю больш чым 90-гадовую гісторыю яго існавання.

Маладосць — не загана, хоць нехта, пэўна ж, гатовы паспрачацца, падкрэсліваючы, што гаворка ідзе пра пастаянную працу з дзецьмі і падлеткамі: маўляў, такая пасада патрабуе багатага жыццёвага і прафесійнага вопыту. З аднаго боку — як бы і так. А з іншага: гэта калі мы вучыліся ў пачатковых класах, нам здавалася, што ўсе настаўнікі сталыя, з багатым жыццёвым і прафесійным вопытам. А сёння азірнешся на свае школьныя гады, успомніш сваіх любімых настаўнікаў, якія сеялі разумнае, добрае, вечнае, і раптам нечакана для сябе адкрыеш, што былі сярод іх і тыя, хто на той час зусім нядаўна пакінуў універсітэцкія аўдыторыі.

Маладосць — не загана, а ў літаратурнай творчасці і пагатоў. І думаецца, што такое настраёвае, светла-шчымлівае апавяданне, якое Кацярына даслала на конкурс «Звязды», можна напісаць толькі ў маладым узросце, калі яшчэ жыве ў душы своеасаблівае, дзівоснае, ні з чым не параўнальнае адчуванне хараства свету, на які пасля, набываючыся таго самага жыццёвага вопыту, мы ўсё часцей глядзім цераз прызму сваіх шматлікіх праблем і клопатаў.

Алесь Бадак


Рыдлёўка, ліхтарык, труна, манетка, жменька хлебных крошак. Лішняе закрэсліць, патрэбнае — дапісаць. Здаецца, усё падрыхтаваў, можна рушыць. Манетку ды крошкі — у кішэню, рыдлёўку — у правую руку, ліхтарык — у левую, дзверы адчыніць ілбом, зачыніць — нагой. Стоп. Няма чым несці труну. У кішэні — растрасецца, пакамечыцца, раскрыецца. Рукі — занятыя, што і ні пальца вольнага няма. Выйсце толькі адно.

Максімальна сабраўшы і праглынуўшы ўсю сліну, я ўхапіў труну зубамі. Адчулася, як яны ліпка ўвайшлі ў слой дрэнна застылага лаку. Напэўна, застануцца сляды разцоў — дзве доўгія рысачкі зверху і чатыры кароткія знізу. Цікава, што б прачыталі ў гэтым аматары азбукі Морзэ. Я ўкладаю ў гэтыя рыскі шкадаванне, што ўсё ідзе не так, як запланавана.

Але ў кожным творы кожны чытач бачыць сваё.

Працэсія рушыла пешкі з сёмага паверха. Не ездзіць жа пахаванням у ліфце. На шостым паверсе я ўсё яшчэ верыў, што ўсё пройдзе без перашкод. Паміж пятым і чацвёртым зачасалася правая лапатка. Упершыню я пашкадаваў, што адзін. Каб быў хто побач, можна было б папрасіць пачасаць, не перарываючы хады. Спыняцца не выпадала — не псаваць жа ўрачыстасць моманту. Не кожны ж дзень хаваеш лепшага сябра. Горыч ад гэтай страты дапаўнялася смакам незастылага лаку. Паміж чацвёртым і трэцім у нос нібы натыркалі маленькіх іголак, захацелася чхнуць і расплакацца. Чхнуць нельга, бо ў што тады ператворыцца мой няшчасны сябар у труне? Я ўявіў, як у чыху сціскаюцца мае зубы, такія вялікія і моцныя для гэтай барвовай каробкі, як напружваецца і лопаецца пад імі яго накормленае цела. Яму ўсё роўна, але любіў яго, занадта любіў, каб так рабіць з ім. Занадта любіў, каб апошнія хвіліны нашага суіснавання былі азмрочаныя агідай. Бо наўрад ці ж ён смачны.

Паміж трэцім і другім паверхам жаданне чхнуць нарэшце адступіла, так і не спраўдзіўшыся. Затое лапатка засвярбела так, што захацелася — як мядзведзь у смешным відэа з інтэрнэту — стаць і церціся спінай аб сцяну. Але ў нас у пад'ездзе яны гладкія, не атрымаецца. Вось бы зараз вярнуцца ў дзіцячы сад — там сцены былі шурпатыя. У дзіцячым садку мне не падабалася з-за ванючых селядцоў, тоўстай лапшы ў супе і зласлівых дзяцей, якія не любілі пенку ў малацэ. Пенку я заўсёды любіў, бо калі яна чаплялася за вусны і звісала з іх, можна было ўявіць, што гэта вусы, і я дарослы. Але пенкі мне амаль ніколі не траплялася, бо я браў апошні кубак, дзе малака было менш за ўсё. Першыя кубкі разбіралі жорсткія дзеці, якія не любяць пенку. Яны так і не прасачылі ўзаемасувязь паміж чаргой па малако і пенкай.

Каб не думаць пра свярбенне ў лапатцы, я сканцэнтраваўся на смаку лаку. Смак такі шчыльны, што гэта ён, а не труна, не дае закрыць рот. Такі хімічны, што нясцерпна захацелася пазяхнуць. Але пазяхаць нельга. Па-першае, рукі занятыя і няма чым прыкрыць рот. А мама заўсёды вучыла прыкрываць даланёй рот, калі пазяхаеш. Па-другое, калі шырока разявіць рот, то труна выпадзе з яго і...

Я зморшчыўся, уявіўшы, што будзе, наколькі мог зморшчыцца. Халоднае цела на халодных прыступках. А раптам ён разаб'ецца? Разбіты на аскепкі, як ружа, апрацаваная вадкім азотам. Яна была такая прыгожая, такая жывая, а зараз ляжыць, разбітая, на халодным бетоне, і ўсе топчуцца, топчуцца, топчуцца па ёй. Я страсянуў галавой, каб прагнаць гэтае трызненне, і адчуў, як стукаецца аб сценкі труны — цэлы, але халодны, мой сябар.

Я сыходзіў па прыступках, і кожная наступная давалася ўсё цяжэй, хоць і рабіла мяне на крок бліжэй да збавення. Хутка, ужо хутка я кіну — не, асцярожна пакладу рыдлёўку — і пачашу лапатку.

Нарэшце гэтае выпрабаванне скончылася. Я вытрымаў яго з годнасцю — суняў свярбенне толькі калі абставіны дазволілі мне гэта. Уся знешняя лухта, уся мітусня гэтага недасканалага свету адпусцілі мяне, і я быў гатовы перажываць, плакаць, успамінаць, думаць, на каго ж ён мяне пакінуў, і як цяпер жыць без яго — майго адзінага сябра.

Ён зрабіў тое, чаго ніхто ніколі не рабіў — сам прыйшоў да мяне. Я тады быў зусім адзін. Я заўсёды быў адзін, але ў той час — асабліва. Мама паехала ў камандзіроўку на два тыдні, а ў школу я тады вырашыў не хадзіць. Бо малака там не даюць, пенкі, адпаведна, няма, ды і быць дарослым — гэта крыху больш, чым малочныя вусы. Я сядзеў дома, у кампаніі чатырох сцен і мэблі некалькі дзён і ўжо пачынаў лаяцца на фатэль, які, калі на яго плюхацца з разбегу, нібы вожык калючкі, выпускаў балючыя спружыны. Каб раскруціць вожыка, трэба пачасаць яму грыўку, але ў фатэля грыўкі я не знайшоў, таму больш на яго не плюхаўся. Калі чарговы раз прамільгнула здагадка, што фатэль мяне не чуе, і я адчуў сябе зусім-зусім самотным, з'явіўся ён.

Ён быў руды — і як толькі здагадаўся, што мне падабаецца гэты колер — сонца, восеньскай лістоты і раструшчанага каларадскага жука. Наблізіўся да мяне і прыветна паварушыў вусамі. Я прыветна паварушыў указальным пальцам — мама заўсёды так вітала мяне, прыходзячы пасля сустрэчы з маёй настаўніцай. Ён падпоўз бліжэй і сеў побач. Так мы сядзелі — проста да раніцы. Калі ён прыйшоў другі раз, я падумаў, што мне трэба неяк да яго звяртацца. Я не быў упэўнены, што маю права навешваць на яго нейкі ярлык, хай сабе і імя для зручнасці. На маю прапанову мой сябар станоўча паварушыў вусамі. Мы сышліся на імі Антоній, якое найбольш пасавала да яго шляхетных вусоў.

Мы размаўлялі без слоў: ён — вусамі, я — пальцамі, якія падносіў да вуснаў. Я заўважыў, што і ў мяне пачалі прабівацца вусы, мне вельмі хацелася адказваць яму імі, але яны былі маленькія, і я яшчэ не ўмеў імі варушыць. Каб я быў адзін, то, напэўна, меў бы яшчэ адно расчараванне: вусы растуць — сапраўдныя, а не малочныя, а я не адчуваю сябе дарослым. Але побач са мной быў ён — прусак Антоній, вусаты, але таксама маленькі. Значыць, гэта не я няправільны, значыць, так трэба.

Ён прыходзіў звычайна па начах. Я не пытаўся, чаму. Мне таксама больш падабалася спаць днём, чым ноччу, але навокал усе былі жаўрукамі і ад мяне патрабавалі быць жаўруком. Можа, гэта жаўруковае крыло свярбела ў мяне сёння ў левай лапатцы? Ён не любіў, калі я ўключаў святло — я таксама больш любіў сядзець у цемры, а мама казала, што я сапсую вочы. Я заўсёды слухаўся маму, таму, раз яна казала, што сапсую, трэба было псаваць.

Я перастаў размаўляць з фатэлем і плюхацца на яго з разбегу. Перастаў нават выглядваць праз акно маму сярод мінакоў. Раней я рабіў гэта заўсёды, хоць ведаў, што прыедзе яна яшчэ не хутка, але ёй было прыемна, калі я распавядаў, як штодзень шукаю яе вачыма. А паколькі падманаваць нельга, я сапраўды садзіўся і чакаў яе ля вакна.

Аднойчы яна прыехала. Я, калі шчыра, забыўся, які гэта павінны быць дзень. Прыехала яна даволі позна: было шэсць гадзін ночы. Я б, напэўна, не заўважыў, што мама прыехала, каб яна не абвясціла пра гэта тонкім і вострым, як рапіра, крыкам. Калісьці мяне ўкалолі рапірай, як хадзіў у секцыю фехтавання. Гэта было вельмі балюча, і я вырашыў не хадзіць туды больш. Ад мамінага крыку тая старая рана заныла, заскавытала, і я падумаў, што зноў мяне колюць.

Я выйшаў на кухню, паціраючы вочы. Я ж прачнуўся хутка, але вочы пра гэта не ведалі і хацелі спаць. Мама ўсё яшчэ папісквала, і рана ад гэтага паторгвала. Пальцам мама паказвала на стол. «Што гэта?» — запыталася, убачыўшы мяне. «Стол», — адказаў я. Выспятак прыляцеў вельмі нечакана і незразумела, за што. Сама вучыла казаць праўду, а зараз б'е. Я вырашыў згаліць вусы, каб не быць дарослым, як яна.

Канчаткова прачнуўшыся, я ўбачыў на стале перавернуты кубак. Запытальна паглядзеў на маму. «Зазірні, зазірні!» — казалі яе вочы. Я падняў пасудзіну. Пад кубкам быў Антоній. Ён ляжаў нерухома. Другая левая лапка была нягегла падвернутая, левы вус быў удвая карацейшы за правы. Гэта ўсё праз мяне.

Антоній першы (і я вырашыў, што апошні) адпакутаваў за знаёмства са мной. Я мусіў пахаваць яго — бязвіннага, так, каб запомніць гэта і больш ніколі не дазваляць сабе руйнаваць чыёсьці жыццё.

Запалкавы карабок, пафарбаваны маміным барвовым лакам для пазногцяў, быў труной якраз па памеры Антонія. Ватныя дыскі — ніколі не разумеў, навошта яны маме, а тут спатрэбіліся — сталі майму адзінаму сябру апошнім мяккім ложкам. Пакуль труна сохла, я сядзеў над яго целам, што стала такім бездапаможным і бессэнсоўным, і ўсё яшчэ імкнуўся ўлавіць рух вусіка, лапкі... Зрок быў напружаны, час ад часу здавалася, нібы Антоній сапраўды варушыцца.

Але не. Ён быў мёртвы.

Ён быў мёртвы і тады, калі я адляпіў яго труну ад сваіх зубоў. Цікава, ці засталіся на маіх зубах сляды барвовага лаку. Рысачкі на труне былі нават адчувальныя навобмацак. Адкрыўшы труну, я насыпаў туды хлебных крошак на дарогу і паклаў манетку-капейку. Раптам і з прусакоў патрабуюць за пераправу грошы? Я ўзяў рыдлёўку. У вушах зноў загаварыла мама: «Куды ты панёс срэбраную лыжку?!» Вярну я табе тваю лыжку, вярну. Пакуль капаў, у галаве, ужо набрынялай шкадаваннямі і ўспамінамі, проста грала песня. Я ціхенька падпяваў «Вазьму я лапату» свайму ўнутранаму Лупасіну.

Труна стаяла на горцы толькі што вырытага пяску. Я памятаю, так хавалі дзядулю: паставілі труну на насып побач з магілай, і кожны падыходзіў развітвацца. Тады развітваліся доўга, бо людзей было шмат, а зараз я быў адзін і не ведаў, што можна рабіць з памерлым столькі часу. Я паклаў яго ў магілу і засыпаў. Хацеў пакінуць зверху каменьчык, каб адзначыць месца. Узяў адзін і... спужаўся, што пад ім таксама нехта пахаваны. Раптам пад кожным з каменьчыкаў нехта пахаваны? А колькі іх ляжыць на зямлі... Няўжо тут столькі нябожчыкаў?

Я пабег дадому, імкнучыся не наступаць на камяні, вялікія і маленькія, на горачках і ў ямках. Але ў мяне не атрымлівалася.

Чужыя магілы самі лезлі мне пад ногі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.