Вы тут

Чым завершыцца супрацьстаянне Катара?


Катар несумненна стаў адным з галоўных сусветных ньюсмейкераў мінулага месяца. Пятага чэрвеня Саудаўская Аравія, Егіпет, Бахрэйн і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты абвясцілі аб разрыве дыпламатычных адносін з гэтай краінай. Прадстаўнікі «чацвёркі» абвінавацілі Доху ў дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў арабскіх дзяржавах, а таксама ў падтрымцы тэрарыстычных арганізацый. Да байкоту пазней далучыліся Емен, Лівія, Мальдывы, Маўрыкій, Маўрытанія, Саюз Каморскіх Астравоў. Доха назвала абвінавачванні беспадстаўнымі. Тыдзень таму Кувейт (які выступіў у якасці пасярэдніка) перадаў Катару пералік з 13 патрабаванняў для аднаўлення адносін. У гэтым спісе — скарачэнне вяшчання тэлеканала Аl Jаzееrа на замежжа і спыненне дыпламатычных адносін з Іранам. Таксама Катар павінен неадкладна закрыць ваенную базу Турцыі і спыніць з ёй ваеннае супрацоўніцтва. Акрамя таго, эмірату неабходна выплаціць вялікую кампенсацыю. На выкананне ўсіх патрабаванняў адведзена 10 дзён. Аднак днямі кіраўнік МЗС Катара Махамед бін Абдурахман аль Тані заявіў, што Доха адхіляе ўльтыматум краін Персідскага заліва, але гатовая сесці за стол перамоў з арабскімі дзяржавамі. Прычым гэта адбылося пасля яго сустрэчы ў Вашынгтоне з дзяржсакратаром ЗША Рэксам Тылерсанам. Такім чынам, інтрыга становіцца яшчэ больш закручанай. Чым жа завершыцца, «бура ў Заліве»?


$127,7 тыс. на чалавека

Спачатку, што называецца, «сарыентуемся на мясцовасці». Дзяржава Катар размяшчаецца на Блізкім Усходзе. Яна атрымала незалежнасць ад Вялікабрытаніі ў 1971 годзе. Мяжуе з Саудаўскай Аравіяй на поўдні, з усіх астатніх бакоў абмываецца Персідскім залівам. Катар невялічкі па плошчы — усяго 11,4 тыс. кв. кіламетраў, падзелены на сем муніцыпалітэтаў. Па колькасці насельніцтва займае 139-е месца ў свеце (2,7 млн чалавек). Каля 90 працэнтаў жыхароў сканцэнтравана ў сталіцы Досе і яе прыгарадах. Больш за 4/5 насельніцтва краіны — працоўныя мігранты. У гэтай краіне адзін з самых нізкіх узроўняў беспрацоўя ў свеце (0,2% па выніках мінулага года).

Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду, Катар займае першае месца ў свеце па аб'ёме валавога ўнутранага прадукту ў разліку на душу насельніцтва ($127,7 тыс. па выніках мінулага года). Аснова эканомікі краіны — нафтагазавы сектар (больш за 70% даходаў бюджэту). Катар знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце (пасля Расіі і Ірана) па даказаных запасах прыроднага газу (24,2 трлн кубаметраў) і на 12-м — па запасах нафты (25,2 млрд бараляў). Па аб'ёмах здабычы прыроднага газу Катар займае чацвёртае месца ў свеце (174 млрд кубаметраў у год), таксама ўваходзіць у дваццатку краін па аб'ёмах нафтаздабычы (1,52 млн бараляў у дзень).

Ключавымі партнёрамі па экспарце з'яўляюцца Паўднёвая Карэя (18,3%), Японія (18,2%) і Індыя (12,4%). Па імпарце — ЗША (13,7%), Францыя (10,1%) і Вялікабрытанія (9,1%). Афіцыйная мова Катара — арабская. Дзяржаўная рэлігія — іслам суніцкага толку. Форма праўлення — абсалютная манархія. З 2013 года на чале дзяржавы стаіць эмір Тамім бен Хамад Аль Тані. У 2005 годзе быў заснаваны Qаtаr Іnvеstmеnt Аuthоrіtу (Суверэнны фонд Катара), які ўваходзіць у дваццатку найбуйнейшых сусветных суверэнных фондаў дабрабыту (335 млрд долараў па звестках на студзень 2017 года). Акрамя фінансавых актываў, у краіны ёсць і інфармацыйны. У 1996 годзе па ўказе эміра быў створаны тэлеканал Аl Jаzееrа — адзін з самых уплывовых СМІ ў арабскіх краінах. Вядома, з такімі важкімі стратэгічнымі рэсурсамі невялічкі па плошчы і колькасці насельніцтва Катар апраўдана імкнуўся да таго, каб прэтэндаваць на ролю аднаго з найбольш уплывовых гульцоў блізкаўсходняга рэгіёна.

Новы «расклад»

З некаторых часоў улады эмірата сталі весці на Блізкім Усходзе сваю гульню, не азіраючыся на Эр-Рыяд. Самыя сур'ёзныя спрэчкі паміж дзвюма манархіямі Персідскага заліва паўсталі падчас «арабскай вясны». Інтарэсы дзвюх краін не супадалі і ў многіх іншых гарачых кропках: Сірыі, Іраку, Лівіі, Емене і нават на палесцінскіх тэрыторыях.

Якія б абвінавачванні ні вылучалі афіцыйныя асобы арабскага свету, галоўная прычына разрыву з Катарам — геапалітычнае саперніцтва паміж гэтым эміратам і Саудаўскай Аравіяй, лічаць эксперты. Калі арабскія краіны Персідскага заліва абвясцілі аб разрыве дыпламатычных адносін, іх сігнал быў цалкам выразным: Катар павінен весці адзіную з усімі рэгіянальную палітыку, інакш яму давядзецца дорага заплаціць. Прайшоў амаль месяц, а эмірат, верагодна, не спяшаецца саступаць. Захаванню расколу спрыяе і непаслядоўнасць знешняй палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Як заўважаюць эксперты, аб'яўленне Катара рэгіянальным парыем наўрад ці зменіць планы гэтай краіны, прычым з дзвюх прычын. Па-першае, яна проста занадта багатая, каб ёю можна было з лёгкасцю панукаць. Эканоміка Катара не моцна пацерпіць ад гандлёвага эмбарга і забароны на паездкі, якія ўвялі Саудаўская Аравія, ААЭ, Бахрэйн і Егіпет.

Другая прычына, чаму Катар можа дазволіць сабе спакойна чакаць, не рэагуючы на дзеянні суседзяў, — стратэгічная важнасць гэтай краіны для ЗША. Тут знаходзіцца найбуйнейшая база Штатаў у раёне Персідскага заліва — Эль-Удэйд (11 тыс. вайскоўцаў), а таксама размяшчаецца камандны пункт ВПС ЗША ў рэгіёне. Найбуйнейшыя суседзі Катара ў Персідскім заліве, вядома, глядзяць на гэтую сітуацыю па-іншаму, аднак амерыканскай дыпламатыі ўдавалася падтрымліваць паміж імі мір у папярэднія моманты рознагалоссяў. Але гэта было раней. Сёння адміністрацыя Трампа дэманструе адсутнасць здольнасцяў змякчаць рэгіянальную напружанасць. Пасля дыпламатычнага разрыву Трамп рэзка раскрытыкаваў Катар у Twіttеr, фактычна ўзяўшы на сябе частку адказнасці за рашэнне Саудаўскай Аравіі і ААЭ. Гэтая заява ўскладніла амерыканскую палітыку: Пентагон і Дзярждэпартамэнт былі вымушаны абраць больш нейтральны тон. Прадстаўнік Пентагона пахваліў Катар за «пастаяннае імкненне падтрымліваць бяспеку ў рэгіёне», а супрацоўнік Дзярждэпартамента назваў адносіны ЗША з гэтай краінай «трывалымі» і адзначыў яе намаганні, накіраваныя на барацьбу з фінансаваннем тэрарызму.

Катар асмялеў толькі пасля таго, як атрымаў адназначную замежную падтрымку. Ультыматум, які вылучыла Саудаўская Аравія і яе саюзнікі Досе, можна лічыць адрынутым, па меншай меры, у галоўным пункце. Эмірат не толькі адмовіўся разрываць адносіны з Іранам, але і заявіў пра гатоўнасць да супрацоўніцтва з гэтай краінай для вырашэння рэгіянальных супярэчнасцяў. Як заўважаюць эксперты, на Блізкім Усходзе на нашых вачах складаецца новая геапалітычная рэальнасць. Насуперак саудаўскай пагрозе ствараецца альянс Катара, Ірана і Турцыі. Праўда, лічаць аналітыкі, наўрад ці ён будзе доўгім і трывалым.

Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані падчас тэлефоннай размовы заявіў эміру Катара Таміму бен Хамаду Аль Тані пра поўную падтрымку свайго паўднёвага суседа ў канфлікце з Саудаўскай Аравіяй. Раўхані раскрытыкаваў «аблогу Катара», назваўшы яе «непрымальнай». «Калі паміж краінамі рэгіёна ёсць рознагалоссі, то ціск, запалохванне і санкцыі не з'яўляюцца спосабамі іх урэгулявання», — цытуе Аl Jаzееrа заяву прэзідэнта ісламскай рэспублікі. Іран будзе на баку ўрада Катара, запэўніў Раўхані. «Іранская паветраная прастора, наземная і марская заўсёды будуць адкрыты для Катара», — падкрэсліў прэзідэнт Ірана.

Больш за тое, ён выказаў гатоўнасць аказаць усю неабходную дапамогу, аж да паставак харчавання, у выпадку калі ўлады эмірата звернуцца з такой просьбай. Эмір прэзідэнту за падтрымку падзякаваў, адмовіўшыся (дарэчы, ужо не першы раз) ад якой-небудзь харчовай дапамогі, бо нягледзячы на блакаду, праблем з забеспячэннем насельніцтва таварамі першай неабходнасці краіна, як ён сцвярджае, не адчувае. Ён выказаў гатоўнасць прадоўжыць супрацоўніцтва з Іранам.

Катару даводзіцца мякка абыходзіцца з Іранам, таму што гэтыя дзве краіны сумесна валодаюць найбуйнейшым у свеце радовішчам прыроднага газу — Паўднёвы Парс у Персідскім заліве. Акрамя таго, Іран прапанаваў пастаўляць 40% неабходнага Катару харчавання, якое краіна перастала атрымліваць з Саудаўскай Аравіі з-за блакады. Рызыка, што Катар будзе занадта моцна зацягнуты на іранскую арбіту, не вельмі вялікая, але любое пацяпленне сувязяў паміж гэтымі дзвюма краінамі павінна трывожыць адміністрацыю ЗША, паколькі галоўны пункт блізкаўсходняй палітыкі Трампа — ізаляцыя Ірана.

У сваю чаргу прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў: Анкара «паважае і падтрымлівае» нязгоду Катара з 13 патрабаваннямі арабскіх краін. Патрабаванне спыніць разгортванне турэцкай базы і вывесці адтуль войскі «непаважліва ў адносінах да Турцыі», заўважыў Эрдаган. Ён нагадаў, што яго краіна прапаноўвала размясціць базу не толькі ў Катары, але і ў Саудаўскай Аравіі, але гэтая прапанова так і не атрымала адказу ад Эр-Рыяда. «Само рашэнне Эрдагана стварыць базу ў Катары было агучана яшчэ ў 2013 годзе, аднак тады арабскія краіны так не абураліся», — адзначыў начальнік аддзела даследаванняў блізкаўсходніх канфліктаў і ўзброеных сіл рэгіёна расійскага Інстытута інавацыйнага развіцця Антон Мардасаў. Але цяпер турэцкія вайскоўцы ў Катары (меркаваны кантынгент — ад 3 да 5 тысяч) разглядаюцца арабамі ў якасці вялікай падтрымкі Дохі, у тым ліку на выпадак магчымых пераваротаў.

Альянсы і кааліцыі

Відавочна, што бакі супрацьстаяння здабываюць сваю выгаду. Абодва прэтэндэнты на ролю рэгіянальных лідараў — Турцыя і Іран — пазначылі падтрымку мяцежнага эмірата. «У Катара склаліся канструктыўныя адносіны з Іранам, у адрозненне ад Саудаўскай Аравіі, для якой гэта непрымальна, і ён выступае за іх захаванне, — адзначыў Антон Мардасаў. — Аднак супрацоўніцтва з ІРІ, а таксама з Турцыяй носіць характар выключна двухбаковых адносін. Катар і раней вёў такую «дэстабілізацыйную палітыку». Але Доха наўрад ці будзе відавочна супрацьпастаўляць сябе кааліцыі, якая фармуецца супраць Ірана. Відавочна сабатаваць, уступаючы ў нейкую процілеглую кааліцыю, не ў яго інтарэсах. Доха будзе займаць больш нейтральную пазіцыю. Нягледзячы на цяперашні байкот Катара, нават у Саудаўскай Аравіі па шэрагу кірункаў працягваецца з ім супрацоўніцтва. Але і Іран выйграе ад сітуацыі праз інтэнсіфікацыю «кантактаў, ад якіх, магчыма, раней устрымліваўся». У цэлым «паказальная лупцоўка» Катара кардынальна не змяняе баланс сіл у рэгіёне».

Спіс краін, якія разарвалі дыпламатычныя адносіны, уражвае. Аднак не менш важна і тое, якія дзяржавы ў гэтую кааліцыю не ўвайшлі. У ёй няма Кувейта і Амана, хоць абедзве краіны з'яўляюцца членамі Савета супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва (у яго таксама ўваходзяць Катар, Бахрэйн, Саудаўская Аравія і ААЭ). Антыкатарскі блок не змог пераканаць нават самых блізкіх саюзнікаў рушыць услед свайму прыкладу. Іарданія абвясціла, што панізіць узровень дыпламатычных адносін, не даўшы пры гэтым ніякіх падрабязнасцяў. Калі Катар зможа падтрымліваць адносіны з Іарданіяй і Кувейтам, эфект цяперашняй кампаніі акажацца, хутчэй за ўсё, абмежаваным. Прынамсі ўсе папярэднія спробы ізаляваць арабскія краіны, прычым значна больш уразлівыя, у канчатковым выніку праваліліся. Калі Іран захапіў частку тэрыторыі Ірака ў 1986 годзе, той жа самы альянс, які сёння выкрывае Катар, запатрабаваў ад Сірыі абмежаваць сувязі з Іранам. Саудаўская Аравія выкарыстала метад бізуна і перніка — напрыклад, прапаноўвала замяніць Іран у ролі галоўнага пастаўшчыка нафты ў Сірыю. Але нягледзячы на тое, што гэтая краіна адчувала сур'ёзныя цяжкасці з-за вялікага дэфіцыту плацёжнага балансу, некалькіх гадоў засухі і скарачэння знешняй дапамогі, яна аспрэчыла патрабаванні саудаўскай кааліцыі.

Зрэшты, вакуум лідарства, створаны амерыканцамі, адкрыў магчымасці для рэгіянальнай дыпламатыі: у цяперашнім крызісе пасярэднікам спрабуе выступіць Кувейт. Не выключана, што бакі дамовяцца адысці ад краю прорвы ў абмен на касметычныя саступкі. Але, лічаць эксперты, нашмат верагодней захаванне напружанасці на працягу яшчэ многіх месяцаў, калі не гадоў. Ужо і так фрагментаваны Блізкі Усход працягне расколвацца.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Гульні тронаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.