Вы тут

Чым здзіўляюць азёры Лепельшчыны


Пасля чарнобыльскай катастрофы самай чыстай у Беларусі, з экалагічнага пункту гледжання, з'яўляецца Віцебская вобласць. А самы чысты раён у ёй — Лепельскі. На шчасце, Лепельшчына — гэта край азёр. Блакітнай пярэстай картай яны раскінуліся па тэрыторыі ўсяго раёна. Карэспандэнт «Звязды» наведала два з іх — Шчыбат і Бобрыцу, — каб на свае вочы ўбачыць маляўнічасць мясцовай прыроды, каб на поўныя грудзі ўдыхнуць чысціню тамтэйшага паветра.


Калісьці Клімент Варашылаў, праязджаючы паміж гэтымі двума азёрамі, і звярнуў увагу на адметнасць мясцовасці. Было вырашана стварыць тут санаторый для аднаўлення здароўя байцоў Чырвонай Арміі. Падчас вайны ў ім размяшчаўся нямецкі шпіталь. Не зважаючы на тое, якой нацыянальнасці і поглядаў чалавек, прырода аказвала сваё лекавае ўздзеянне. Як вядома, адступаючы, ворагі часта імкнуцца знішчыць стратэгічна важныя аб'екты. Дык вось, пакідаючы санаторый, немцы захацелі ўшчэнт разбурыць яго. Здзейсніць задуманае ім не ўдалося дзякуючы мясцовым партызанам і падпольшчыкам.

У маі Лепельскі ваенны санаторый адсвяткаваў 71-годдзе. На сёння гэта адна з найлепшых лекавых устаноў у краіне.

Як злучыцца ім?..

Калі ўгледзецца ў далечыню над возерам Бобрыца (а яно досыць вялікае па памеры), можна ўбачыць там востраў. Ён называецца Востравам Кахання. Ёсць легенда, што аднойчы хлапец вырашыў пакатаць дзяўчыну на лодцы па возеры. Прывёз яе на востраў, паспрабаваў пацалаваць. Аднак дзяўчына не захацела цалавацца. Тады юнак пакінуў яе зусім адну. Небарака плакала ўсю ноч, ды так гучна, што было чуваць нават на беразе возера. Такая гісторыя кахання, крыху сумнага.

Ёсць і яшчэ адна ці то легенда, ці то быль, якая датычыцца саміх азёр. Кажуць, што тэрыторыя паміж імі — гэта водападзел. Хоць азёры Бобрыца і Шчыбат знаходзяцца на адлегласці прыблізна 200 метраў адно ад аднаго, яны не злучаюцца. Паміж сабой стасуюцца хіба што праз падземныя воды.

За трасай Мінск—Віцебск, за 300 метраў ад Бобрыцы і Шчыбата, размяшчаецца яшчэ адно возера — Лядна. Яно імкнецца да злучэння з гэтымі двума азёрамі.

Возера Бобрыца ўваходзіць у сістэму азёр, што злучаюцца пратокамі ў рацэ Уле і прытокам Заходняй Дзвіны. Гэта возера Некалач, што ўпадае ў Воласна, тое — у возера Мухна, Уклейна, уласна Бобрыца, Люкжына, Хоціна — і рака Ула.

Возера даўжынёй 8 кіламетраў

Азёры надзвычай чыстыя: водзяцца ўсе віды прэснаводных рыб, акрамя вугра. Адзін з самых вялікіх самоў, вылаўленых тут, важыў 32 кілаграмы. Водзяцца таксама шчупакі, акуні, плотка, краснапёрка, верхаводка, лінь, налім, ёрш. Сапраўдны рай для рыбака! Прычым ахвотных пастаяць на беразе з вудачкай тут шмат не толькі летам, але і ўзімку.

Адметна, што даўжыня возера Бобрына — 8 кіламетраў. Яго атачае хваёвы лес, месцамі сустракаюцца ліставыя дрэвы, шмат бяроз.

Паколькі інфраструктура тут надзвычай развітая, можна, напрыклад, доўга ехаць на веласіпедзе ці квадрацыкле па лясной сцежцы над абрывам, за якім пабліскваюць спакойныя воды Бобрыцы.

Тут шмат чарніц, грыбоў. Вясной усе берагі ззяюць белымі вочкамі ландышаў.

Тыя, хто не засяліўся ў санаторый, могуць зняць жыллё ў вёсцы Бароўка (колішні пасёлак), што знаходзіцца непадалёк.

Варта адзначыць, што такі прыгожы доўгі пляж, як на беразе Бобрыцы, мала дзе заўважыш у Беларусі. Заўсёды раўнюткі, чысты пясок, вабныя шэзлонгі, каляровыя лаўкі, адкрытыя невялікія шатры, што засцерагаюць ад сонца. Тут можна гуляць у вялікі і настольны тэніс, бадмінтон, валейбол. Як ужо адзначалася, браць у арэнду веласіпеды і квадрацыклы. Натуральна, выгоды прадастаўляюцца найперш наведвальнікам санаторыя. Аднак і іншыя госці знойдуць месца і забаву па душы.

І ў нас стыхія сваволіць!

Вада ў азёрах не толькі чыстая, але яшчэ і мінералізаваная. Мясцовымі жыхарамі заўважана, што купанне ў азёрах спрыяе зажыўленню ран. Шмат крыніц, прыродных плыняў.

У бязветранае надвор'е часам нечакана можа наляцець з Паўднёвага Захаду шквальны вецер. Ён падымае хвалю вышынёй больш за паўметра. У такі час знаходзіцца ў возеры, асабліва катацца на лодцы, небяспечна. На мачце лодачнай станцыі падымаецца чырвоны сцяг — гэта значыць, плаваць на лодцы нельга. Калі на хвалях з'яўляюцца белыя пеністыя баранчыкі, трэба тэрмінова прычаліць да бліжэйшага берага. Пры магчымасці па мелкаводдзі прыплыць на водную станцыю. Заплываць у пратокі нельга з-за карчоў, якія могуць быць там, мелкаводдзя і багністых берагоў.

Існуе паміж трыма азёрамі (трэцяе возера — Лядна) і свой мікраклімат. Калі ў адным з суседніх населеных пунктаў ідзе дождж, то побач яго няма, і наадварот — такая цікавая заканамернасць.

Купаючыся ў мінеральнай вадзе

— Нашы азёры вельмі чыстыя, у параўнанні, напрыклад, з тымі, што пад Мінскам. Нават з Браслаўшчыны, краю блакітных азёр, часам прыязджаюць адпачываць да нас. Штомесячна мы здаём аналіз вады на лабараторныя даследаванні — і яна аказваецца надзвычай чыстай, — расказвае намеснік начальніка па медыцынскай частцы Лепельскага ваеннага санаторыя Сяргей Голубеў. — Побач размяшчаюцца дзве свідравіны мінеральнай вады. Адна з іх, што здабываецца з глыбіні 300 метраў, выкарыстоўваецца для лячэння страўніка, хваробы абмену рэчываў, цукровага дыябету — яе наўпрост п'юць. А другая, што здабываецца з глыбіні 600 метраў, падыходзіць для прыняцця ваннаў і лечыць сардэчна-сасудзістыя захворванні, праблемы апорна-рухальнай, нервовай сістэм... Улічваючы існаванне такіх крыніц зусім побач, не выключана, што і ў возера трапляе мінералізаваная вада.

Клімат, ландшафт, дрэвы, мінеральныя воды, лекавыя гразі — усё гэта сапраўды дазваляе аднавіць жыццёвыя сілы чалавека.

Дарэчы, на беразе Шчыбата размяшчаецца дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Жамчужына», дзе праходзяць аздараўленне дзеці, якія жывуць на тэрыторыі, забруджанай падчас чарнобыльскай катастрофы.

Хаткі на колах і электрастанцыі

— Здаём напракат катамараны і лодкі, мангалы і шампуры, кацялкі для юшкі, нават дровы прадаём, — расказвае загадчык лодачнай станцыі Васіль КАПОШКА. — Лодак у нас ажно 30, бо попыт ёсць. Тут шмат хто адпачывае — з Мінска, Віцебска, Чашнікаў, Піцера. Калі добрае надвор'е летам, поўна народу: 12 альтанак са столікамі — усе запоўненыя. Для рыбакоў маем пяць адмысловых лодак-пласкадонак, яны больш устойлівыя. Самі канапацім, рамантуем іх, падтрымліваем у належным стане. Вакол лес, прырода, таму тры летнія месяцы ўсе берагі ў нас зазвычай запоўненыя. На супрацьлеглым ад нас беразе, куды заязджаюць ад вёскі Лядна, часта ўтвараецца цэлы палатачны гарадок. Адпачывальнікі прывозяць з сабой і ўласныя хаткі на колах, электрастанцыі, лямпачкі, магнітафоны, надзіманыя лодкі, сваіх сабак...

***

На прыгожы, добра абсталяваны пляж трапляеш праз кантрольна-прапускны пункт Лепельскага ваеннага санаторыя. Ніякіх пытанняў на ўваходзе не ўзнікае.

Блукаючы па чыстым, па-еўрапейску прыгожым беразе, думаеш: адразу бачна, што за справу тут узяліся вайскоўцы, якія ўмеюць усё даводзіць да ладу!

Хочацца больш такіх пляжаў у Беларусі. На тое мы і блакітнавокая краіна.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Лепельскі раён

Загаловак у газеце: Востраў кахання і дзявочых слёз

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?