Вы тут

У сталіцы другі раз прайшоў Дзень вышыванкі


У нашай краіне вышыванка з'яўляецца адным з нацыянальных сімвалаў. І калі яшчэ нядаўна арнамент часцей сустракаўся на нацыянальных касцюмах, то цяпер яго можна ўбачыць на майках, аўтамабілях і нават на татуіроўках беларусаў. Сёння вышыванка сапраўды ў модзе, што пацвярджае праведзены другі раз Дзень вышыванкі.


У нядзелю ў 12 гадзін дня на пляцоўцы побач з Палацам спорту было даволі шматлюдна. Напярэдадні святочнай праграмы ўжо працавалі крамы, дзе гандлявалі таварамі з нацыянальнымі арнаментамі, якія сёння выклікаюць немалую цікавасць у беларусаў. Напрыклад, Вадзім МАКЕЙ ужо больш за год займаецца продажам адзення і аксесуараў з беларускімі нацыянальнымі сімваламі. «Чаму на таварах з'явілася вышыванка? Таму што гэта блізка да нас, да нашай душы. Я раблю ўсё гэта не дзеля бізнесу, а дзеля ідэі, — адзначыў бізнесмен. — Для мяне вышыванка — гэта беларуская аўтэнтычнасць, карані, якія сыходзяць у самы пачатак нашага народа, культуры. Самае галоўнае — трэба разумець, што мы з'явіліся не пасля развалу Савецкага Саюза. У нас вельмі глыбокая гісторыя, якой мы павінны ганарыцца».

Сёння ўзоры арнаменту можна сустрэць не толькі на майках і кубках — некаторыя тавары на свяце можна назваць сапраўды незвычайнымі. Напрыклад, у адной з імправізаваных крам прадавалася эксклюзіўная калекцыя ювелірных упрыгажэнняў. «Сёння гэтыя вырабы сапраўды вельмі папулярныя, — расказала загадчыца сталічнага ювелірнага салона Анастасія МІРОНАВА. — Але, на жаль, большай папулярнасцю такія ўпрыгажэнні карыстаюцца не ў беларусаў, а ў замежнікаў. Чаму так атрымалася? Жыхары замежных краін усё ж такі вязуць гэты тавар як сімволіку тых дзяржаў, у якіх яны пабывалі. А вышыванку адназначна можна назваць нашым сімвалам».

Немагчыма падлічыць усе нацыянальныя сімвалы, прадстаўленыя на свяце. Адным з такіх сімвалаў з'яўляюцца і ручнікі. «Мы іх больш не вырабляем, а толькі прадаём, — падзялілася арганізатар Азёрскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна Аляксандра КУЛІК. — Чаму не робім новыя? На жаль, майстроў, якія маглі гэта зрабіць, ужо няма, а моладзь не надта рвецца займацца ручнікамі». Уменні і навыкі, якія здаўна перадаюцца з пакалення ў пакаленне, не павінны быць забытыя і страчаныя, упэўнена дзяўчына.

У адной з крам было вельмі шматлюдна: там прадаваліся лялькі, а таксама абярэгі. «Бачыце, якая папулярнасць, — яшчэ не паспелі як след расставіць тавары, а людзі ўжо набеглі, — усміхаецца навуковы супрацоўнік Стрэнькаўскага цэнтра рамёстваў Рагачоўскага раёна Таццяна ЦЫРЫКАВА. — Сапраўды, лялькі, абярэгі — усё гэта цесна звязана з беларускай гісторыяй. Ёсць розныя лялькі — сямейна-бытавыя, абрадавыя. Напрыклад, раней нашы бабулі рабілі абярэгі, каб абараніць сябе ад навальніцы ці іншай стыхіі».

Дарэчы, вельмі б спатрэбіўся ў Дзень вышыванкі абярэг ад дажджу. Непагадзь і невысокая тэмпература, напэўна, унеслі карэктывы ў планы многіх мінчан і гасцей сталіцы, бо не кожны захоча весяліцца і танцаваць у настолькі нялетняе надвор'е.

Урэшце, гэта не перашкодзіла правядзенню святочнай праграмы. У 13.30 праспект Пераможцаў уздоўж Палаца спорту ператварыўся ў імправізаваную плошчу, на якой прайшоў арт-парад «Пад сцягам з вышыванкай». Свае таленты гледачам прадэманстравалі творчыя калектывы, духавыя і інструментальныя аркестры, фальклорныя калектывы, танцавальныя школы, тэатры, прадстаўнікі розных прафесій і нацыянальных культур. Акрамя таго, свае ўменні паказалі джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйкеры, хадулісты, бітбоксеры, хіп-хоперы, мастакі бодзі-арт, аўтары бардаўскай песні, поп-, рок-гурты, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў і байкеры...

— Праз усе стагоддзі наша жыццёвае разуменне праходзіла праз беларускі арнамент, які цалкам сімвалізаваў усе напрамкі жыцця ў Беларусі, адносіны да прыроды, блізкіх, продкаў, стаўленне да перамог і паражэнняў, — адзначыў на адкрыцці свята першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім РЫЖАНКОЎ. — І вельмі важна, што праз многія стагоддзі мы захавалі нацыянальны арнамент. Мы захавалі яго праз культуру і мастацтва, праз нашу дарагую вышыванку. І я ўпэўнены, што ў кожнага беларуса гэты арнамент ёсць у сэрцы.

— Мне здаецца, што гэта свята не толькі для БРСМ, але і для ўсіх нашых людзей. Гэта свята гонару, свята культуры і традыцый беларускага народа, — упэўнены першы сакратар цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Андрэй БЕЛЯКОЎ. — І гэта свята, якое аб'ядноўвае абсалютна ўсіх — тых, хто пражывае не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за межамі нашай краіны. Хочацца, каб у такія дні беларусы ўспаміналі нашу культуру, нашы традыцыі і гісторыю. Хочацца, каб вышыванка аб'ядноўвала і засцерагала нас і надалей.

Падчас Дня вышыванкі адбылося дэфіле мадэляў «Вянок прыгажосці» ў касцюмах ад беларускіх дызайнераў і вытворцаў, унікальны гістарычны квэст «Мая Беларусь», спаборніцтвы па розных відах спорту «Алімп» і многія іншыя мерапрыемствы. Вядома ж, не абышлося без музычнага суправаджэння, якое арганізавалі ансамбль «Песняры», заслужаныя артысткі Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Вікторыя Алешка, гурты «Аўра», «Дразды», «Правакацыя» і іншыя. Асабліва цёпла госці свята сустрэлі групу Nаvіbаnd, якая зусім нядаўна прадстаўляла Беларусь на Еўрабачанні.

— Мы з першай нашай песні спяваем на беларускай мове, — нагадаў вакаліст Nаvіbаnd Арцём ЛУК'ЯНЕНКА. — Мы адчуваем сваю місію: не толькі спяваць, але яшчэ і быць прыкладам для моладзі. Так, у нас ёсць вышыванкі, і мы выкарыстоўваем іх на нашых канцэртах, бо вельмі любім і паважаем сваю гісторыю.

Свята завяршылася традыцыйнай дыскатэкай і бітвай беларускіх дыджэяў. Нягледзячы на не вельмі спрыяльнае надвор'е, на Дні вышыванкі было сапраўды ўтульна — людзі змаглі стварыць атмасферу весялосці і цяпла.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Свята маладое!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?