Вы тут

Як Дзень Незалежнасці святкавалі ў рэгіёнах


Свята, якое з'ядноўвае

Урачысты мітынг, канцэрт і свята нацыянальнай культуры сталі галоўнымі падзеямі на Дзень Незалежнасці ў Магілёве.


— У жыцці кожнага народа ёсць лёсавызначальныя дні, якія становяцца пунктам адліку новага этапу яго гісторыі. Для нас важнай падзеяй стала вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у самай кровапралітнай вайне ХХ стагоддзя. Горад быў разбураны, але патрыятызм і гонар за сваю радзіму дазволілі адбудаваць Магілёў у самыя кароткія тэрміны. Працоўны і ратны подзвігі жыхароў Прыдняпроўскага краю былі адзначаны Ордэнам Леніна. Незалежнасць цяжка здабыць, але яшчэ цяжэй адстаяць і абараніць. У новых эканамічных умовах наша дзяржава даказвае сваю здольнасць забяспечыць стабільнасць развіцця, а беларускі народ праяўляе найлепшыя рысы нацыянальнага характару — уменне згуртавацца, выстаяць і перамагчы, — з гэтых урачыстых слоў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага на святым для кожнага беларуса Буйніцкім полі пачалося ў Магілёве святкаванне Дня Незалежнасці.

Ушанаваць памяць загінулых і аддаць даніну павагі тым, хто вярнуўся дадому з той страшнай вайны, прыйшлі ветэраны, моладзь, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскасці. Міхаілу Мікалаевічу Лошнецу, юнаму партызану Вялікай Айчыннай, ёсць пра што расказаць дзецям і падлеткам. Ён не аднойчы глядзеў смерці ў твар, але дажыў да Перамогі. «Для мяне вельмі важна ў найвялікшае для краіны свята прыйсці ў гэта святое месца, каб ушанаваць гераізм абаронцаў Айчыны», — кажа ветэран.

Да капліцы на Буйніцкім полі былі ўскладзены кветкі і вянкі ад кіраўніцтва вобласці, дэпутатаў, сілавых структур, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў. Памяць тых, хто не вярнуўся з вайны, ушанавана хвілінай маўчання і трохкратным ружэйным стрэлам.

Губернатар уручыў Пасведчанні аб занясенні ў Кнігу Славы Магілёўшчыны найлепшым прадстаўнікам вобласці за ўклад у росквіт нашай краіны.

Для жыхароў і гасцей Магілёва 1—3 ліпеня было падрыхтавана шмат сюрпрызаў. На вуліцы Ленінскай і шматлікіх пляцоўках горада праходзілі святы сярэднявечнай культуры, хлеба, нацыянальных культур, а таксама — выстаўкі, спартыўныя спаборніцтвы... Каля тысячы чалавек удзельнічалі ў маштабным тэатралізаваным шэсці.

Святочны настрой у гэтыя пахмурныя дні падымалі на канцэртных пляцоўках зоркі беларускай і расійскай экстрады — Пётр Ялфімаў, Сасо Паўліяшвілі, Ларыса Доліна, Стас Касцюшкін, Вольга Кармухіна, Таццяна Аўсіенка, ансамбль «Лейся песня» і іншыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by


...І канцэрты духавога аркестра

Дзень Незалежнасці ў Брэсце пачаўся са свята аднаго з самых аддаленых мікрараёнаў горада — Бярозаўкі. У пятніцу вечарам на Бярозаўку прыехалі самадзейныя артысты. Канцэрты сабралі шмат людзей, святочны настрой хутка перадаўся жыхарам, якія з задавальненнем спявалі і танцавалі.

У суботу тон святкаванням задаваў улюбёнец брастаўчан — гарадскі аркестр духавой і эстраднай музыкі. Канцэрты прайшлі на вуліцы Савецкай і ў цэнтральным парку.

А 3 ліпеня зранку кіраўнікі гарвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам РАГАЧУКОМ, прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі кветкі да помніка «Вызваленне» на плошчы Свабоды. І па даўняй традыцыі ў гэты ж дзень ушанавалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсцкай крэпасці. Кветкі да Вечнага агню ўсклаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС.

Тым часам па горадзе разварочваліся народныя гулянні. Парадаваў парк культуры і адпачынку па вуліцы Леніна. Акрамя традыцыйных атракцыёнаў, канцэртаў, кірмашу «Горад майстроў», тут прайшла прэзентацыя рэгіянальных брэндаў. Тыя, хто ні разу не быў на фэстах «Агурок-маладзец», «Лунінецкія клубніцы», «Мотальскія прысмакі», змаглі даведацца пра гэтыя святы. Пра рэгіянальныя фестывалі расказвалі фотавыстаўкі, самадзейныя артысты разыгралі сцэнкі з брэндавых фэстаў, тут жа можна было пачаставацца, напрыклад, мотальскай каўбасой. Гараджане прыходзілі сем'ямі, цікавіліся, забіралі з сабой буклеты.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу


Арнамент уздоўж Сожа

Традыцыйным беларускім узорам выкладзена тратуарная плітка ўздоўж знакамітага гомельскага парку. Урачыстае адкрыццё адбылося ў Дзень Незалежнасці.

Гамяльчане Дзяніс  і Вольга Гапановічы.

Набярэжную ракі насамрэч рабілі ў некалькі этапаў, і вось сёлета была завершана рэканструкцыя пабудаванай яшчэ ў 1970-я гады паўночнай часткі — ад сажалкі з лебедзямі да рачнога порта. Літаральна за тры месяцы адрамантавалі паўтара кіламетра: зрабілі зручную пешаходную зону, лесвічныя сходы, пандус. Наберажная мае і пляцоўку для заняткаў скейтбордынгам.

На цэнтральнай плошчы гамяльчан і гасцей горада над Сожам парадавалі ўдзельнікі каманды пераможцаў ХVІІІ рэспубліканскага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь. Яны правялі паказальныя выступленні па хуткасным манеўраванні. Там жа прадставілі выстаўку спецыялізаванай тэхнікі.

Напярэдадні ў Гомелі на абласным урачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, ушанавалі асоб, якім прысвоена званне «Чалавек года» Гомельскай вобласці. Першы намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Мікалуцкі нагадаў, што больш як паўтара мільёна беларусаў ваявалі на франтах, тысячы людзей кавалі перамогу ў партызанскіх атрадах, у тыле.

У Дзень Незалежнасці ўсюды прайшлі ўрачыстасці з удзелам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і кіраўніцтва вобласці і горада, спартсменаў і творчай моладзі. Упершыню падчас шэсця па галоўнай вуліцы прыгожыя дзяўчаты пранеслі гербы дваццаці аднаго раённага цэнтра Гомельскай вобласці. На плошчы Працы каля Вечнага агню адбыўся мітынг. Менавіта там мы сустрэлі аднагадовага Дзяніса Гапановіча з матуляй Вольгай. Блакітнавокі хлопчык, адзеты ў ваенную форму, прыцягваў увагу, і з ім усе хацелі сфатаграфавацца. Матуля гаворыць, што касцюм яму спецыяльна заказалі і такім чынам зрабілі першы крок, каб выхоўваць дзіця патрыётам сваёй радзімы.

Дарэчы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Казімір Душкевіч, якому цяпер 91 год, падкрэсліў, што старэйшае пакаленне сёння ўдзячнае моладзі, якая працягвае традыцыі бацькоў і дзядоў:

— Мяне параніла пры фарсіраванні ракі Одэр у Германіі, і там вайна для мяне закончылася. Цяжка было адраджаць краіну, але, калі бачыш сённяшніх юнакоў і дзяўчат, разумееш, што ўсё, праз што мы прайшлі, было не дарэмна.

На стадыёне «Цэнтральны» гамяльчан павіншаваў са святам народны артыст Расійскай Федэрацыі Алег Газманаў. Ніводны раён Гомельшчыны не застаўся ўбаку ад святочных мерапрыемстваў. Парадавалі народныя гулянні з выстаўкамі і канцэртамі, гастранамічныя конкурсы, майстар-класы па пляценні з лазы, драўлянай скані, лепцы з гліны, выстаўкі-прэзентацыі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, фестывалі беларускай моды, шоу-праграма конна-спартыўнага клуба, вяслярная рэгата, тэатралізаваныя выступленні, акрабатычнае шоу і шмат чаго яшчэ. Апагеем стала традыцыйная народная акцыя «Праспяваем гімн разам!» і святочны салют.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу


У падарунак — бальніца

У Мінскай вобласці ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, адбыліся на мемарыяльных комплексах «Хатынь» і «Курган Славы», на тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Свята сабрала людзей таксама на вуліцах усіх райцэнтраў і горада Жодзіна.

Да Дня Рэспублікі ў Жодзіне адкрыты новы корпус бальніцы сястрынскага догляду, на праспекце Міру — алея ліхтароў. У Нясвіжы ўвялі ў эксплуатацыю новую гасцініцу, у Вілейцы ў гарадскім парку з'явілася бронзавая кампазіцыя «Маці і дзіця».

Святочны дзень быў напоўнены песнямі. Канцэрты прайшлі ва ўсіх райцэнтрах. Людзей забаўлялі самадзейныя творчыя калектывы, беларускія і расійскія зоркі эстрады: Аляксей Хлястоў, Алёна Апіна, гурт «СССР». А ў 22.45 на ўсю краіну прагучаў Гімн Беларусі, які падхапілі кіраўнікі вобласці, раёнаў, бізнесмены, журналісты і іншыя жыхары цэнтральнага рэгіёна.

Адначасова некаторыя гарады адзначылі і свае юбілеі. Напрыклад, Клецку споўнілася 890 гадоў. Святкаванні прайшлі адразу на чатырох пляцоўках.

Завяршылася свята феерверкам.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by


Каштоўнасці, блізкія ўсім

Фо­та Аляк­сея Спат­кая.

На Віцебшчыне па добрай традыцыі святкаванню Дня Незалежнасці папярэднічае вельмі сімвалічная акцыя. На Кургане Дружбы на мяжы Беларусі (Верхнядзвінскі раён), Расіі і Латвіі праводзіцца сустрэча ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, партызанаў і падпольшчыкаў. Сёлета яна адбылася 2 ліпеня — 58-ы раз. Курган быў афіцыйна адкрыты 3 ліпеня 1959 года.

У святкаванні бралі ўдзел губернатары Віцебскай і Пскоўскай абласцей, прадстаўнікі парламента і партый, грамадскіх арганізацый Латвіі. У 2018 годзе ў раёне Кургана запланавана правесці афіцыйную сустрэчу актывістаў маладзёжных саюзаў і аб'яднанняў памежных краін. Гэта стане дапаўненнем у традыцыю правядзення міжнароднай акцыі. Пра гэта паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Ён падкрэсліў, што Курган Дружбы — сімвалічнае месца, яно нагадвае пра агульныя страты, перамогу, дасягненні ў пасляваенны час у калісьці адной для ўсіх краіне.

Тым часам у Лепелі адкрылі помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А на тэрыторыі былога шпіталя адбыўся мітынг, прысвечаны перапахаванню астанкаў разведчыкаў ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай Арміі. Яны загінулі ў кастрычніку 1941 года ў ваколіцах вёскі Амосаўка.

3 ліпеня ўжо ва ўсіх райцэнтрах і буйных населеных пунктах адбыліся святочныя мерапрыемствы. Эпіцэнтрам падзей у Віцебску стала плошча Перамогі. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, віншуючы землякоў, падкрэсліў, што галоўнае свята краіны сімвалізуе каштоўнасці, агульныя для ўсіх грамадзян.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу


Нагода для гонару

У Гродна мерапрыемствы ў Дзень Рэспублікі распачаліся на плошчы Леніна. На пачатку ўрачыстасці адбылася цырымонія віншавання новых лаўрэатаў звання «Чалавек года Гродзеншчыны». Гэта 18 найлепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў рэгіёна ў вытворчай, навуковай і культурнай сферах.

Пасведчанні лаўрэатаў уручыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Губернатар адзначыў, што Дзень Незалежнасці — гэта яшчэ адна нагода падзякаваць тым, хто плённа працуе і ўносіць значны ўклад у развіццё краіны.

Па цэнтральнай магістралі горада прайшлі калоны ўсіх родаў войскаў, якія размешчаны на тэрыторыі вобласці. Па словах Уладзіміра Краўцова, заходнія рубяжы краіны пад надзейнай аховай вайскоўцаў. Пасля парада адбылася дэманстрацыя ўзораў ваеннай тэхнікі як старога, так і новага пакалення.

Дасягненні народнай гаспадаркі рэгіёна можна было ўбачыць на выстаўцы-прэзентацыі, прадстаўленай у зоне святочных мерапрыемстваў.

— Наша эканоміка сацыяльна арыентаваная і працуе на інтарэсы народа, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Наша прадукцыя прадаецца амаль у 80 краінах свету. Высокія вынікі дасягаюцца высокаадукаванымі спецыялістамі, якія любяць сваю зямлю і ведаюць яе магчымасці.

Патэнцыял рэгіёна прадэманстравалі калоны прадстаўнікоў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Усе яны могуць пахваліцца дасягненнямі ў розных галінах эканомікі. Першымі прайшлі маленькія гродзенцы, а таксама маладыя пары, якія ўзялі шлюб у гэтыя святочныя дні.

Дарэчы, цэнтр горада быў падзелены на разнастайныя тэматычныя пляцоўкі і зоны — дзіцячыя, маладзёжныя, спартыўныя, прамысловыя. Цікавасць выклікала пляцоўка, дзе размясціўся жаночы хакейны клуб «Рытм» — гонар вобласці, пераможца Кубка Рэспублікі, які днямі завяршыўся ў Баранавічах.

Вуліца Савецкая ператварылася ў музычны брадвей. А на плошчы разгарнулася шматгадзінная святочная праграма «Беларусь — мой гонар і слава». Для наведвальнікаў былі створаны вельмі добрыя ўмовы. Каля сцэны да самага вечара працаваў рэстаран пад адкрытым небам.

Адноўлены Курган Славы сустрэў гродзенцаў і гасцей горада адвячоркам. Тут адбыўся канцэрт творчых калектываў і прафесійных выканаўцаў. Каля Кургана ўсе прысутныя разам заспявалі гімн краіны, пасля чаго неба над горадам успыхнула святочным салютам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».