Справа ў тым, што вырошчвалі калісьці людзі сапраўдныя клубніцы. Яны, дарэчы, і зараз сустракаюцца ў дзікарослым стане ў лесастэпавай зоне, але на гародах іх людзі больш не культывуюць. Суніцы садовыя, як больш смачныя і ўраджайныя, назаўсёды выцеснілі сапраўдныя клубніцы з град. Праўда, узамен пакінулі сабе іх назву.
У сапраўдных клубніц плады дробныя, прадаўгаватыя, вельмі духмяныя, рознага колеру: ад зялёнага (у культур, што растуць у зацененых месцах) да цёмна-фіялетавага (у тых, што выспяваюць на сонечных участках). І вырошчвалі гэтыя клубніцы нашы продкі толькі таму, што нічога лепшага ў іх не было. Культывавалі яны, праўда, яшчэ і лясныя суніцы, тыя самыя, што па нашых лясах растуць. Гэтыя акультураныя суніцы і цяпер можна ўбачыць на гародах, іх таксама называюць садовымі. Ягады ў іх значна буйнейшыя, чым у дзікарослых продкаў, пладаносяць яны аж да самай восені, а многія гатункі нават вусоў не маюць. Каб не заблытацца, спецыялісты называюць гэты від суніцамі садовымі дробнаплоднымі. Ну, а тыя клубніцы, што мы зараз вырошчваем, больш правільна называць суніцамі садовымі буйнаплоднымі.
Цікавая гісторыя іх паходжання. Французскі афіцэр Амедэ Фрэзье, падарожнічаючы па Паўднёвай Амерыцы, убачыў у Чылі незвычайныя суніцы са светла-ружовымі вялікімі ягадамі, да таго ж, надзвычай салодкімі і смачнымі. У 1712 годзе ён прывёз у Францыю пяць кусцікаў чылійскіх суніц, пасадзіў іх там і...
Уявіце сабе яго расчараванне, калі гэтыя кусцікі добра прыжыліся, спраўна зацвіталі, але... не давалі ягад. Пазней высветлілася, што ўсе пяць кусцікаў мелі толькі жаночыя кветкі, і іх не было чым апыляць.
Камусьці прыйшла ў галаву шчаслівая думка апыліць чылійскіх “навасёлаў” пылком віргінскіх суніц, якія, дарэчы, таксама прывезлі з Амерыкі. Віргінскія суніцы давалі больш дробныя ягады, чым чылійскія, але затое былі вельмі марозаўстойлівымі і духмянымі.
Вось так, у выніку даволі выпадковага скрыжавання, і з’явіліся на свет новыя суніцы, якія і далі потым пачатак усім сучасным гатункам (а іх зараз больш за 3 тысячы) садовых буйнаплодных суніц, больш вядомых нам пад назвай “клубніцы”. У якіх толькі краінах свету іх зараз ні вырошчваюць – ад субтрапічных да амаль палярных... Утым ліку і ў нас, на Беларусі.
Цікава ведаць
З навуковага пункту гледжання плады суніц не з’яўляюцца сапраўднымі ягадамі. Бо ягадай батанікі называюць сакавіты плод з мноствам насення ўсярэдзіне, як, напрыклад, у чарніц, брусніц, журавін, парэчак, агрэсту, вінаграду.”Ягада” ж суніц – гэта былая аснова кветкі (кветаложа), якая моцна разраслася і зрабілася сакавітай і салодкай. А сапраўдныя плады – дробныя арэшкі, якія раскіданы па ўсёй паверхні гэтай салодкай ілжэягады.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.