Вы тут

Якімі інавацыямі здзівілі беларусы наведвальнікаў ІV Форуму рэгіёнаў?


На ўваходзе на выстаўку Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі сустракае робат, што паважліва спыняецца насупраць і пачынае вітацца: «Я рада быць тут і бачыць вас...» Нездарма сёлетнюю выстаўку назвалі «інавацыйнай». Сапраўды, на ёй можна даведацца пра ўнікальныя тэхналагічныя дасягненні нашых краін.


Беларускія дзяўчаты з БРСМ у вышыванках.

Першае — і самае вялікае, што прыцягвае ўвагу, гэта беларускі электробус. Падчас наведвання выстаўкі спікеры верхніх палат беларускага і расійскага парламента толькі што не праехалі на ім: ацанілі, наколькі зручна ўнутры, прайшліся па салоне, уважліва разгледзелі. Дарэчы, ужо ідуць перагаворы аб тым, каб пастаўляць такі від транспарту ў расійскую сталіцу.

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр ШУМІЛІН паведаміў, што «ўжо паставілі такі транспарт для доследнай эксплуатацыі, цяпер прапрацоўваецца пытанне аб пастаўках у Маскву партыі электробусаў з перспектывай выхаду ў іншыя рэгіёны Расіі».

Кіраўнік ДКНТ таксама адзначыў, што галоўная перавага электробуса ў яго экалагічнасці. «Электробусы не забруджваюць навакольнае асяроддзе. Яны не прывязаныя правадамі да маршруту, зараджаюцца на станцыі 5—7 хвілін, а паміж прыпынкамі курсіруюць на электрычнай хадзе», — сказаў ён і дадаў, што да верасня будзе прадстаўлены першы ўзор беларускага электрамабіля.

Яшчэ адзін стэнд — ужо традыцыйна — прысвечаны Нацыянальнай акадэміі навук. На ім увагу прыцягвае інфармацыя, прысвечаная беларуска-расійскаму спадарожніку. «У рамках форуму быў падпісаны мемарандум паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Раскосмасам аб арганізацыі работ па новым касмічным апараце. Такім чынам стала фактычна зафіксавана, што мы робім спадарожнік разам», — расказаў журналістам дырэктар прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі, галоўны канструктар беларускай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання зямлі Сяргей Залаты. Ён прызнаўся, што работа па праекце ўжо вядзецца.

Да таго ж не выключана, што да стварэння новага апарата будуць прыцягнутыя прыватныя інвестыцыі, адпаведная цікавасць ужо ёсць. Напрыклад, у ЗША каля 70—80% рэсурсаў на спадарожнік накіроўвае дзяржава, а 20% — камерцыялізуецца. Апарат ствараецца каля чатырох гадоў, 7-8 працуе на арбіце. «Таму прыватны капітал разглядае гэта як рызыкоўныя праекты», — растлумачыў навуковец. У той жа час рынак дыстанцыйнага зандзіравання зямлі павінен расці, прагназуе ён, бо інфармацыя са спадарожнікаў будзе запатрабавана не ў адной галіне народнай гаспадаркі. Таму, магчыма, такая прапанова і зацікавіць прыватнікаў. Новы спадарожнік плануецца запусціць ў 2021 годзе.

Яшчэ адзін стэнд, побач з якім нельга было не затрымацца, — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Хлопцы і дзяўчаты сапраўды пашчыравалі, што ацанілі і Міхаіл Мясніковіч, і Валянціна Мацвіенка. У маладзёжным беларускім кластары прадстаўлены фіналісты і прызёры праекта «100 ідэй для Беларусі», які падчас форуму было прапанавана пашырыць да маштабаў Саюзнай дзяржавы. Больш за ўсё месца займае апарат, у якім ідэальнымі радкамі высаджана ў глебу салата. Механізм здольны не толькі самастойна пасадзіць расліну, паліць яе, але і прыбраць пустазелле, якое раптам вырасце. Таксама тут жа — пальчатка-трэнажор, створаная на 3D-прынтары, якая дапамагае распрацоўваць дробную маторыку рук пасля інсульту.

А яшчэ на выстаўцы былі прадстаўлены дасягненні ў сферы біятэхналогіі, мікраэлектронікі, машынабудавання, хімічныя і нафтахімічныя распрацоўкі, найлепшае ў сферы аховы здароўя і кнігавыданні. Тут можна было хадзіць гадзінамі, разглядаючы кожны стэнд. Але самае галоўнае, што ўсе гэтыя напрацоўкі — беларускія. А значыць, карысць прынясуць перш за ўсё роднай зямлі.

Уладзімір УЛАХОВІЧ, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты:

— Беларускія інавацыі выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў тэхналагічнай выстаўкі. На ёй былі прадстаўлены перспектыўныя прыклады тэхнікі і тэхналогій у медыцыне, навуцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, ІТ-сферы. Наведвальнікі цікавіліся такімі беларускімі распрацоўкамі, як пальчатка-трэнажор для рэабілітацыі пасля інсульту, 3D-люстэрка, робатам-агароднікам, сістэмай дыстанцыйнага зандзіравання зямлі. У экспазіцыю ўвайшоў і беларускі электробус. Усяго ў экспазіцыі бяруць удзел 84 беларускія арганізацыі, якія прадставілі больш за 250 распрацовак.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Робаты, спадарожнікі і пальчатка-трэнажор

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».