Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» выправіліся ў рэйд па Камсамольскім возеры


Канец мінулага працоўнага тыдня выдаўся ў Мінску спякотным. Ртутны слупок упэўнена перасягнуў адзнаку ў 30 градусаў па Цэльсіі. А значыць, да воднай прахалоды ў такое надвор'е пацягнуцца сотні адпачывальнікаў. Ці ўсе яны зважаюць на правілы бяспечных паводзін? За гэтым назіралі карэспандэнты «Звязды», якія выправіліся на Камсамольскае возера.


— Калі на вуліцы надвор'е спякотнае, то парушальнікі з'яўляюцца з самай раніцы, — кажа начальнік выратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Дзяніс Чашун. — Сапраўдная «тэрмаядзерная» сумесь — цёплае надвор'е на выхадных. У будні ж зранку крыху цішэй: большасць жа людзей працуе па графіку 5/2.

Тры гады таму Таварыства ратавання на водах пачало патруляваць акваторыю возера з міліцыянерамі. Далёка не ўсе адпачывальнікі ўсведамляюць, што, купаючыся ў недазволеных месцах, яны рызыкуюць сваім жыццём. Пачынаеш ушчуваць — у адказ чуеш нецэнзурную лаянку. А летась два тыдні аб'езды акваторыі ажыццяўляліся з АМАПам. Настаў пік, калі людзі, якія купаліся ў забароненых месцах, зрабіліся нахабнымі проста да такой ступені, што не слухалі нікога. Вось і давялося ўжыць такі моцнадзеючы сродак.

Тады ўсіх парушальнікаў дастаўлялі на выратавальную станцыю, дзе адным выдаваліся папярэджанні, а «рэцыдывістам» міліцыянеры выпісвалі штрафы па артыкуле 23.63 КоАП. Санкцыя прадугледжвае грашовае пакаранне да трох базавых велічынь.

— Ратавальнікам на вадзе шмат галаўнога болю дастаўляюць п'яныя кампаніі, — кажа Дзяніс Чашун. — На процілеглым баку Камсамольскага возера з боку праспекта Пераможцаў адкрылася шмат бараў. Хітрая кампанія разбіваецца на дзве часткі. Першая ідзе да нас, каб узяць напракат катамаран. Паколькі людзі цвярозыя, алкаголю пры сабе не маюць, то мы ім катамаран выдаём. А пасля яны падбіраюць таварыша з «гаручым» дзе-небудзь у зацішным месцы. І аднойчы мы такую п'яную кампанію засеклі на катамаране падчас абходу акваторыі. Яны знялі выратавальныя камізэлькі і піравалі. Убачылі, што мы выязджаем з-за павароту, і далі драла. Адзін адпачывальнік падае за борт. Мы — да небаракі, а катамаран — хутчэй ад нас. Чалавека дасталі, прывезлі на выратавальную станцыю. У крыві было тры праміле алкаголю. А сябры прыехалі толькі праз тры гадзіны. І спыталі адразу ж: «А дзе наш таварыш?» Я ў адказ: «А чаму вы ўцякалі?» — «Мы спалохаліся». Я кажу: «А вы разумееце, што ён мог патануць і яму маглі б не дапамагчы?» «Разумеем, але спалохаліся». Так што не ўсе тыя сябры, хто называе сябе так...

У летні перыяд у чалавека, які тоне, ёсць у запасе толькі пяць хвілін. Пасля гэтага наступае кіслароднае галаданне і мозг памірае. І нават калі небараку ўдасца выратаваць ад смерці, то дэ-факта гэта будзе жывы труп.

— Паспець уратаваць чалавека не так і лёгка. Стандартная сітуацыя: прыязджаем на выклік. Пытаемся: дзе патануў ваш таварыш? Адзін паўп'яны паказвае ў адзін бок, другі — у процілеглы. Бачнасць у мутнай вадзе складае 5—20 сантыметраў. Каб уявіць сабе працу вадалаза, зайдзіце ў падвал, выключыце святло і паспрабуйце навобмацак выцягнуць прадмет, які знаходзіцца невядома дзе. Лёгка?

У сярэднім за дзень водныя ратавальнікі выязджаюць на баявы выклік 2—3 разы. Праўда, сярод іх шмат ілжывых. Большасць з іх разгортваецца па адным і тым жа сцэнарыі. Сядзела на беразе кампанія, адпачывала са спіртным. Адзін чалавек вырашае сысці ў цень і прылегчы адпачыць. Там ён засынае. Рэчы застаюцца на месцы. Кампанія бачыць: вопратка ёсць, чалавека няма. Значыць, патануў. Набіраюць нумар 101. Мы прыязджаем, пачынаем шукаць тапельца. Праз дзве гадзіны выходзіць паўп'яны чалавек з кустоў і пытаецца: «А каго тут шукаюць?» — «Дык цябе і шукаюць!» — «А я тут заснуў... метраў за пяцьсот...»

— А часам нам паведамляюць падлеткі, што тоне іх таварыш, — расказвае Дзяніс Чашун. — Прылятаем, бачым: стаяць па калена ў вадзе, крычаць, што тонуць, і самі рагочуць. А дзесьці ў гэты час можа адбывацца сапраўдная бяда.

Асноўная маса тых, каго ратуем, — адны і тыя ж людзі. Летась мы даставілі на выратавальную станцыю навучэнца аднаго са сталічных каледжаў шэсць разоў. А бывае і так, што выцягнулі п'янага, аддалі таварышам і кажам, каб не пускалі яго ў ваду. Ад'язджаем, абарочваемся — а ён зноў ляціць у Свіслач.

Таксама ўскладняюць дзяжурства адпачывальнікі на матрацах. На кожнай такой прыладзе напісана, што яна не з'яўляецца плавальным сродкам. Парушальнікі ж пачынаюць прыдумляць самыя неверагодныя версіі. Маўляў, заляжаўся, не заўважыў, як за буй занесла. Ці знесла хваляй з берага. Асабліва весела гэта чуць у бязветраны дзень. Калі я працаваў на Мінскім моры, то аднойчы сутыкнуўся з выпадкам, як два чалавекі на матрацы спрабавалі праплыць... сем з паловай кіламетраў. Больш за тое, матрац быў гружаны сумкамі са спіртным. Аказалася, што на выспе адпачывала кампанія, а іх забылі...

У забароненых месцах пры купанні можа падсцерагаць і схаваная небяспека. Вадалазы знаходзілі на дне возера ванны, кухонныя пліты, смеццевыя кантэйнеры і нават светлавыя мачты. Запчасткі ад аўтамабіляў і бляшанкі з-пад кансерваў — гэта ўжо стандартны набор. І вось у месцы, дзе купанне не дазволена, з'яўляецца адпачывальнік, умоўны Вася. Ён лезе на бетонны пірс і скача ў ваду. У выніку ратавальнікі дастаюць гэтага Васю з ужо зламаным хрыбетнікам. А ўсё з-за таго, што мінулай ноччу ўмоўны Пеця вырашыў парысавацца перад дзяўчынай і скінуў у ваду бетонную сметніцу.

«Тут вада цяплейшая!» — «А там — бясплатная!»

Акваторыя Камсамольскага возера спецыфічная. Бераг Свіслачы ў гэтым месцы даволі крывы, ды і велізарны востраў замінае паўнавартаснаму агляду непасрэдна са станцыі. І менавіта таму для школьнікаў, якія ўтульна размясціліся каля самых соплаў непрацуючага фантана, наша з'яўленне стала зусім нечаканым.

— Гм, калі гэты фантан уключыцца раптам, то ім жа галовы адсячэ напорам вады, — прамармытаў адзін з матросаў.

— Гэй, вы што тут робіце? А дзе дарослыя?

— Ды мы тут з Дома грэблі, практыкуемся.

— Без суправаджэння?

— А нам дазволілі.

— Хто менавіта дазволіў? Зараз спытаем у трэнера.

Дарога да трэнера доўгая, займае некалькі кіламетраў. І яна пралягае праз месцы, якія вельмі палюбіліся нядобрасумленным купальшчыкам. Першага з іх мы засякаем літаральна праз паўхвіліны. Мужчына гадоў 50 купаўся даволі далёка ад буйкоў.

— Так, што вы тут робіце? Кіруйцеся на пляж.

— А тут вада цяплейшая, — спрабуе жартаваць парушальнік.

— Затое там — бясплатная. Колькі складае штраф, ведаеце?

Купальшчык нешта прабурчаў і павярнуў да буйкоў.

Заўважыўшы лодку ратавальнікаў, з пірса на процілеглым баку вокамгненна з вопраткай у руках збягаюць двое падлеткаў, з якіх вада льецца цурком. А мы праязджаем мост цераз вельмі ажыўленую вуліцу Арлоўскую.

— З яго вельмі любяць скакаць экстрэмалы. Роўна па цэнтры тут глыбіня — два з паловай метры. А крыху ўлева ці ўправа — метр сорак. І калі неабачлівы плывец патрапіць на гэта месца — ён амаль стапрацэнтны інвалід... Тут Дзяніс Чашун рэзка паварочвае лодку ўправа. А там — карціна, як кажуць, алеем. Дзве жанчыны загараюць на беразе ракі. Дзіця адной з іх ходзіць па парапеце. Маці гэта не бачыць, бо яна ляжыць галавой у процілеглы бок.

— Гэй, маці, забярыце сына з парапета! — крычаць з лодкі.

— А што тут можа здарыцца? — перапытвае жанчына.

— Ды тут вельмі глыбока, доўга даставаць будзем, калі зваліцца.

— Калі чалавек тоне, ён зусім не крычыць, — кажа ратавальнік-вадалаз Мікалай Касцюкевіч. — Вада запаўняе лёгкія імгненна. Таму не верце ў гэтай частцы кінафільмам...

Жанчына тут жа кліча малога да сябе. А мы неўзабаве пад'язджаем да Дома грэблі. Пасля непрацяглай размовы з супрацоўнікамі Таварыства ратавання на водах трэнер дастае мабільны тэлефон і прыкладвае яго да вуха. На зваротнай дарозе мы спецыяльна заязджаем да непрацуючага фантана, дзе і злавілі першых парушальнікаў. Адметна — там ужо нікога няма...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: «Дзе хачу, там і плаваю»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.