Вы тут

Муж і жонка пераўтвараюць рознакаляровае шкло ў арт-аб'екты


У гэтай сям'і падчас сваркі не б'юць талеркі, бо... самі іх вырабляюць. Муж і жонка Аляксандр і Лідзія БУГАЕВЫ прамянялі руцінную працу на творчасць і не шкадуюць. З дапамогай газавай гарэлкі і печы яны пераўтвараюць рознакаляровае шкло ў арт-аб'екты і ўпрыгажэнні.


 Аляксандр і Лідзія БУГАЕВЫ ў сваёй майстэрні.

У школе Саша і Ліда сядзелі за адной партай. Пасля выпускнога ў роднай Лідзе паехалі вучыцца ў сталіцу, у БНТУ. Ён — апрацоўцы металу, яна — архітэктуры. Ці ведалі, што праз колькі гадоў зноў апынуцца за суседнімі сталамі?

...З сямейнай парай сустракаемся ў мінскай майстэрні. На сталах — пацеркі і загатоўкі для будучых упрыгажэнняў, у вазах — шкляныя палачкі замест кветак, на паліцах — аўтарскія талеркі, кожная ў адзіным экзэмпляры.

— Вакол мяне ўсе мастакі — цётка, дзядуля. І мне таксама хацелася займацца творчасцю. Прыгадала, што тата ў «ліхія» 1990-я рабіў брошкі са шкла і вазіў прадаваць іх у Польшчу. Мне гэта запала ў душу, і я вырашыла паспрабаваць, — расказвае Лідзія, як яна шэсць гадоў таму пачала вырабляць упрыгажэнні.

Чаму не засталася працаваць архітэктарам? Падчас практыкі дзяўчына падыходзіла да супрацоўнікаў прадпрыемства з адным пытаннем «Вы любіце свой занятак?» І многія прызнаваліся, што проста трэба зарабляць. Лідзія ж хацела, каб работа прыносіла ёй задавальненне.

Шкляная палачка разаграваецца на гарэлцы і «намотваецца» на металічны інструмент. Так атрымліваюцца пацеркі.

Вучыцца шкляному рамяству яна паехала ў Расію. Тата дапамог арганізаваць майстэрню ў Лідзе: калі дзяўчына на выхадныя прыязджала дадому, адразу ж бегла туды. Свае першыя завушніцы рабіла на звычайнай гарэлцы для зваркі.

Аляксандр тым часам працаваў на заво-дзе інжынерам. І дапамагаў жонцы раскручваць справу: фатаграфаваў упрыгажэнні, ездзіў з ёй на выстаўкі. А потым і сам захапіўся, звольніўся з завода і падаўся ў рамеснікі. Лідзія такому творчаму саюзу рада: Аляксандр як інжынер падказвае, як можна тэхнічна ўдасканаліць вырабы.

Пара працуе ў дзвюх тэхніках. Лэмпворк — работа са шклом на газавай гарэлцы, і ф'юзінг — плаўленне шкла ў печы. З нядаўняга часу ўзяліся і за фурнітуру, бо якаснай і таннай у Беларусі мала, а калі купляеш дарагую — павышаеш канчатковую цану ўпрыгажэнняў. Тут якраз і спатрэбіліся Сашавы веды па апрацоўцы металу. Цяпер ён вырабляе ланцужкі і пярсцёнкі з мельхіёру, медзі, тытану. Апошні рамеснікам асабліва падабаецца: пры абпале ён набывае прыгожыя адценні — фіялетавае, жоўтае, блакітнае.

Пры нас Ліда вырабляе пацеркі. Над полымем гарэлкі ў адной руцэ трымае шкляную палачку, у іншай — тонкі металічны стрыжань, на які «намотвае» расплаўленае шкло. Каб абараніць вочы, дзяўчына надзявае спецыяльныя акуляры. Гатовыя пацеркі яна кладзе на вогнетрывалы матэрыял, каб астылі.

Лэмпворк — дарагое хобі. Гарэлка каштуе ад 400 рублёў, печ (абпальваць пацеркі, каб яны былі не такімі крохкімі) — дзве тысячы. Плюс прамысловая выцяжка і самі матэрыялы. Лідзія прызнаецца: у яе, на той момант студэнткі, такіх грошай не было, адкрыць справу дапамаглі бацькі.

Для вырабаў выкарыстоўваецца італьянскае і амерыканскае шкло. Звычайнае аконнае не падыходзіць. Аляксандр тлумачыць: «У кожнага шкла ёсць каэфіцыент цеплавога расшырэння. У кавалачкаў, якія адзін да аднаго прыплаўляюцца, каэфіцыенты павінны супадаць. Тады выраб будзе трывалым. Вытворцы мастацкага шкла сочаць, каб гэты паказчык заставаўся аднолькавым ва ўсіх партыях. А для вытворцаў вокнаў ён не такі важны, бо ў іх іншыя задачы — напрыклад, каб пузыркоў не было. Таму, калі вы сплавіце асколкі з розных вокнаў, яны будуць адвальвацца».

Цікавімся, з якімі цяжкасцямі сутыкаецца рамеснік, калі адкрывае сваю справу?

— Складана пакінуць работу па найме, бо, калі працуеш сам на сябе, ніхто не абяцае пастаяннага заробку і сацыяльны пакет, — адказвае Лідзія. — Ты едзеш на кірмаш на свой страх і рызыку. Нават цяпер я кожны раз хвалююся, не ведаю, ці прыйдуць да мяне пакупнікі.

— У нас школьная і ўніверсітэцкая сістэма рыхтуе наёмных работнікаў, — лічыць Аляксандр. — Таму я рэкамендаваў бы ўдзяліць увагу бізнес-літаратуры, паглядзець ролікі ментараў, каб ведаць, як канкурыраваць і куды рухацца. Людзі часта думаюць, што калі яны выпусцяць прыгожыя рэчы, то ўвесь свет будзе каля іх ног. А зрабіць прыгожа — гэта наўрад ці нават палова поспеху.

— У мяне ёсць думка, што лепш сваю справу пачынаць у крызіс, — дзеліцца Лідзія. — Я сама пачынала ў 2011 годзе. Долар вырас, людзям увогуле не да ўпрыгажэнняў было... Затое калі ўсё атрымалася ў крызіс, ты будзеш малайцом і ў звычайны час.

Работа работай, але мастацтва немагчыма без натхнення. Якую тэму задаць калекцыі, Лідзе падказвае настрой. Вясной, напрыклад, калі душа патрабуе яркіх фарбаў, дзяўчына выпусціла серыю завушніц і пярсцёнкаў з кветкавымі матывамі. Сашу натхняюць прагулкі, асабліва па закінутых ландшафтах.

Аўтарскія талеркі каштуюць дорага: па сто, дзвесце рублёў. Рамеснікі тлумачаць, што гэтая цана апраўданая. Шмат матэрыялу патрэбна, працы. Талеркі робяцца доўга — з пачатку года толькі дзесяць штук выпусцілі. Бугаевы адносяць іх да прадметаў мастацтва. Суп з такой не паясі, жартуюць.

За творчасцю іншых рамеснікаў Лідзія і Аляксандр таксама сочаць. Купляюць карціны, інтэр'ерныя лялькі. А вось упрыгажэнні дзяўчына носіць толькі свае.

Аляксандр, акрамя талерак, вырабляе фурнітуру для ўпрыгажэнняў.

Ці проста мужу і жонцы весці бізнес разам?

— Гэта вельмі дапамагае на першым этапе, бо ў цябе ёсць падтрымка. Але потым разумееш, што трэба раздзяляць дзелавыя і асабістыя адносіны, — заўважае Аляксандр.

— Спрэчкі ва ўсіх ёсць, — кажа Лідзія. — Але нам трэба дамаўляцца, калі едзем на выстаўку. Нельга проста бразнуць дзвярыма. Таму мы вырашаем: сварыцца будзем пасля, а цяпер проста робім агульную справу. Гэта дысцыплінуе. Мы раздзялілі сферы і не ўмешваемся ў творчасць адно аднаго.

Шкляныя вырабы сям'і прыйшліся даспадобы не толькі беларусам. Ёсць пакупнікі з Італіі, Ізраіля, Германіі, ЗША, Турцыі. Так, рамеснікаў цяпер шмат, трэба старацца, каб прасунуць сябе. Але Бугаевы ўпэўнены: заўсёды ёсць шанц на поспех, калі чалавек любіць справу, якой займаецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Шкляное рамяство...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.