Вы тут

Двухсотгадовы дуб, крыж у гонар Рамуальда Траўгута ...і двое жыхароў


Астроўе хоць і недалёка ад шашы размешчана, але надзейна схавалася ў лесе. Тут кожны дом стаіць як асобная сядзіба, акружаная лесам. І першы ад дарогі дом — Віктара Трафімука. Віктар Андрэевіч пакуль яшчэ не пастаянны жыхар вёскі, маецца на ўвазе паводле дакументаў, але хутка ім зробіцца. Сказаў, што мае намер замацаваць свой статус рэгістрацыяй па месцы жыхарства. А жыве ён тут ужо некалькі гадоў. Цікава, што цяперашні руплівы гаспадар утульнай сядзібы нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы. Але вымушаны быў з'ехаць у 14 гадоў.


— Так атрымалася, што з гэтага ўзросту давялося зарабляць на хлеб, — расказвае пенсіянер. — Маці памерла, бацька на той час стаў інвалідам, а нас было чацвёра. Вось і паехаў я ў Казахстан, куды яшчэ раней накіраваліся сваякі і дзе на цалінных землях добра плацілі. Жыў і працаваў там, пакуль не прызвалі ў армію, служыў у Сярэдняй Азіі. А пасля службы ўсё ж вярнуўся на радзіму. Уладкаваўся ў транспартную арганізацыю ў Кобрыне, там, можна сказаць, адпрацаваў да пенсіі.

А пасля выхаду на заслужаны адпачынак былога вяскоўца пацягнула ў родныя мясціны. Бацькоўскага дома ўжо не было, але стаяла закінутая, занядбаная, можна сказаць, нічыйная хата хроснай маці Віктара. Вось за яе адраджэнне ён і ўзяўся. Дом давялося фактычна аднаўляць, усё папраўляў: вокны, сцены, столь, падлогу. Але цяпер гэта вельмі прыстойнае жыллё. А вакол разбіты ўзорна-паказальны агарод, у двары стаяць вуллі, зараз гэта галоўны клопат гаспадара. Віктар Андрэевіч займаецца пчоламі, мае свой мёд. Словам, на гаспадарцы заняты з ранку да вечара. І вось што ён сказаў: «Многа дзе быў за сваё жыццё, працаваў, служыў у некалькіх рэспубліках былога Саюза, жыў у Кобрыне і іншых гарадах. А прыехаў сюды і зразумеў, што тут мне найлепей, у роднай вёсцы. Тут адчуў душэўны спакой». Цяпер ён актыўна агітуе сына ў вольны ад работы час заняцца сельскай гаспадаркай. І той ужо схіляецца да думкі, каб пасадзіць на бацькавым участку сад. І занятак цікавы, і для сям'і можна капейку дадатковую зарабіць. А тут, глядзіш, і ўнукі пад'едуць, дапамагаць прызвычаяцца. Трэба ж, каб памяталі свае карані.

Другая жыхарка, правільней сказаць, першая, галоўная захавальніца вёскі — Вера Емяльянаўна Радзяюк, жыве тут больш за паўвека. Нарадзілася і вырасла 85-гадовая жанчына ў суседняй вёсцы. Тут і апынулася па шлюбе, пабудавалі з мужам хату, дзе яна жыве і цяпер. Недалёка ад дома стаіць аграмадны дуб-волат. Гаспадыня расказвае, як у 1950-м, калі яна стала жыхаркай Астроўя, старыя людзі казалі, што дубу больш за сто гадоў. Цяпер, значыць, пад дзвесце. Перажыў гэты дуб і войны, і рэвалюцыі, і, мяркуючы па пышнай лістоце, нядрэнна сябе пачувае. Наогул, тут дубоў многа, спрыяльная, відаць, для іх зямля. А землі тутэйшыя — былы фальварак Рамуальда Траўгута, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года, пакаранага смерцю ў Варшаве. У гонар гістарычнага дзеяча побач з вёскай устаноўлены крыж на пастаменце з каменю.

Ёсць крыж і на самым уездзе — вясковы абярэг. Яго падтрымліваюць і прыбіраюць дочкі Веры Емяльянаўны. Ёй самой цяпер цяжка ўпраўляцца нават па сваёй невялікай гаспадарцы, — ногі баляць.

— А раней, — расказвае пенсіянерка, — была адной з першых працаўніц у калгасе, 41 год адпрацавала ў гаспадарцы, больш за 10 гадоў была звеннявой паляводчай брыгады.

У шуфлядцы ветэран працы захоўвае значкі, граматы, іншыя адзнакі за работу. На палях у тую пару было працаваць цяжка, усё рабілася ўручную. Адны буракі апалоць колькі сіл патрабавалася. Ну і вядома, свая гаспадарка была немалая: карова, свінні, куры. Дваіх дачок выгадавалі з мужам. Цяпер яны маці даглядаюць. Малодшая дачка з Кобрына прыязджае кожны тыдзень. Гэта яе клопатамі ўвесь двор уяўляе сабой кветнік з клумбаў розных формаў. Прыгожа цвітуць пяшчотна-ружовыя ружы.

— Нешта іх менш стала, ці гэты год неспрыяльны, — са шкадаваннем адзначае гаспадыня. — А тыя гады ружы цвілі, аж вочы радаваліся. Неяк вадзіцель аўтакрамы (яна разварочваецца акурат за варотамі Веры Радзяюк. — Аўт.) папрасіў нарэзаць букет, сказаў, што ў жонкі дзень нараджэння. Я і зрэзала пяць руж, — працягвае пенсіянерка — Дык ён потым расказваў, што амаль месяц стаялі ў вазе. Жонка гаварыла, што такіх раней не сустракала. Нават пачастунак для мяне перадала.

Аўтакрама прыходзіць тры разы на тыдзень, так што купіць прадукты — не праблема. Паштальён таксама прыязджаў тры разы ў вёску, бо бабулька выпісвае абласную газету, а потым пашкадавала яго, сказала, каб прывозіў у суботу ўсе тры нумары: «Я і ў выхадныя ўсе газеты па чарзе прачытаю». Пастаянная жыхарка Астроўя чытае газеты, глядзіць тэлевізар. І ў дыскусіі на палітычную альбо сацыяльна-эканамічную тэму яе не правядзеш. Спрабавала адна прадавец аўтакрамы давесці, што на самым высокім узроўні заяўлена аб нерэнтабельнасці гандлёвага абслугоўвання вёсак з малой колькасцю жыхароў. Дык бабулька ёй заявіла, што сама чула з экрана ад кіраўнікоў дзяржавы адваротнае, а маладзіца няхай не пераварочвае інфармацыю, а лепш займаецца сваёй справай.

Адразу відно, што Вера Емяльянаўна — чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, такой яна некалі была працаўніцай, такой застаецца і цяпер. Пытаюся, ці не страшна жыць ёй тут. Дом адзінага суседа крыху воддаль, праўда, летам ёсць яшчэ адзін чалавек, які пражывае часова, але ён не вельмі надзейны ў сэнсе паводзінаў. Пенсіянерка адказвае па-філасофску:

— А чаго баяцца? Страшнейшага за смерць нічога не бывае, а яе яшчэ нікому не ўдалося пазбегнуць. Так што жыву спакойна, — а потым крыху весялей дадае: — Вунь жа ў мяне які ахоўнік Джэк, — і ківае на паляўнічага сабаку, што каля хлява выглядвае з будкі.

Са старшынёй сельскага Савета Аляксандрам Пятручыкам спрабуем не пагадзіцца: «Які ён ахоўнік? Мы яго адразу і не заўважылі, мы ўжо гадзіну тут, а ён нават не брахнуў». На што гаспадыня вельмі сур'ёзна адказвае: «Мой Джэк у людзях разбіраецца. Значыць, вы не выклікалі ў яго падазрэнняў. Калі часам зойдзе хто нападпітку альбо наогул не вельмі добры чалавек, сабака гатовы ланцуг парваць, брэша, аж заходзіцца. Шмат разоў праверана. А вось унучка, напрыклад, першы раз са сваім жаніхом прыехала. Ён тут дзень, лічы, па двары хадзіў, Джэк ні разу голасу не падаў. Я сказала тады: «Значыць, добры хлопец».

Яшчэ адзін сабачка гаспадыні, дварняк па мянушцы Малыш, паводле яе слоў, вельмі стары. Пакуль мы былі, ён спаў на ганку амаль што ў абдымках з катом. «Вось і ўся мая гаспадарка», — усміхнулася бабулька. А потым дадала, што трымае яшчэ колькі курачак. Паколькі вёска стаіць у акружэнні лясоў, то трымаць птушку трэба ў закрытым вальеры, дзе яны і сядзяць. Але зводзіць іх гаспадыня пакуль не збіраецца. Усё ж прыемна бывае, калі на Вялікдзень альбо ўлетку ўнукі прыедуць, пачаставаць іх дамашнім яечкам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Астроўе Маларыцкага раёна

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.