Вы тут

Беларусы паспяхова выступілі на міжнародным кулінарным фестывалі


Беларуская кухня не толькі значна шырэйшая за дранікі і мачанку, але і здольная задаволіць самыя вытанчаныя густы. Нездарма ж страва, якую сёлета ўпершыню нашы кухары прадставілі на найбуйнейшым гастранамічным фестывалі ў Францыі, увайшла ў топ-15 найлепшых страў усяго свету.


Адзін з самых прэстыжных у кулінарным свеце фэстаў «Зоркі Мужэна» штогод збірае ў невялікім гарадку на паўднёвым усходзе Францыі шэф-повараў з розных краін і звыш 30 тысяч турыстаў. Сёлета ўпершыню за 12 гадоў правядзення фестывалю ўдзел у ім узялі і беларусы. Нашу краіну прадставілі тытулаваныя пераможцы і прызёры міжнародных кулінарных спаборніцтваў, кіраўнік Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі Аляксандр Чыкілеўскі і ганаровы ўдзельнік Гільдыі Таццяна Назарук.

На сваёй кулінарнай прэзентацыі кухары зладзілі экскурс у гісторыю і кулінарныя традыцыі Беларусі, а для пачастунку выбралі зусім нетыповыя стравы, якія выклікалі ў замежных гасцей фурор і захапленне. Дэгустатары з розных краін, а таксама спецыяльныя госці — пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка і ганаровы консул Францыі ў Беларусі Леанід Стаецкі — высока ацанілі і свіную паляндвіцу з трыма караняплодамі і прасяной кашай з гарошкам, і закуску з сечаным селядцом з белымі грыбамі, хлебнай зямлёй ды мусам з буракоў. Калі ж для вас гэта гучыць занадта проста, пералічым толькі некаторыя складнікі пачастункаў: соус з кары дуба, маркоўнае жэле з мёдам і апельсінам, соус-гель з ліпавага цвету, мус з печаных буракоў і тварожнага сметанковага сыру, а таксама бурачныя і маркоўныя чыпсы... Не дзіва, што беларуская закуска з селядцом і пахкімі смажанымі белымі грыбамі трапіла ў топ-15 найлепшых страў гастранамічнага фестывалю!

«Французы больш знаёмыя з польскай, нямецкай, чэшскай кухняй, а з беларускай ім вядомы збітыя стравы кшталту дранікаў. Мы вырашылі прадэманстраваць, што наша кухня не толькі вясковая і складаецца далёка не з адных дранікаў», — тлумачыць Аляксандр Чыкілеўскі выбар фестывальнага меню. Шэф-кухар перакананы, што беларускую ежу нароўні з іншаземнымі далікатэсамі цалкам магчыма прадставіць у выглядзе, вартым рэстаранаў высокай кухні.

Ліна МАЛІНІНА

Загаловак у газеце: Як просам ды морквай скарыць гурманаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.