Вы тут

Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» прымае ўдзел у ралі «Шаўковы шлях — 2017»


Айчынная каманда «МАЗ-СПОРТаўта» прымае ўдзел у ралі «Шаўковы шлях — 2017». Чакаецца, што гонка стане сур'ёзным выклікам для ўсіх удзельнікаў. Гоншчыкам неабходна будзе пераадолець 9608 км. Уся дыстанцыя падзяляецца на 14 этапаў. На кожным з іх ёсць спецучасткі — цяжкапраходныя трасы, якія патрабуюць максімуму майстэрства і намаганняў ад каманды. Агульная іх даўжыня складае 4089 км. Сёлета дыстанцыя будзе яшчэ больш складанай. Павялічыцца і нагрузка на экіпажы. Ім у літаральным сэнсе давядзецца змагацца з сабой, канкурэнтамі і трасай. Гаворачы пра апошнюю — удзельнікаў чакаюць бязмежныя стэпы, небяспечныя горныя серпанціны, каварныя пяскі. З многімі перашкодамі экіпажу прыйдзецца сутыкнуцца ўпершыню.


Гэтым разам ралі «Шаўковы шлях» праходзіць у фармаце транскантынентальнага марафону па тэрыторыі Расіі, Казахстана і Кітая. Стартавалі ўдзельнікі ўчора, 7 ліпеня, на Краснай плошчы ў Маскве. Самыя лепшыя каманды фінішуюць 22 ліпеня ў Кітаі ў горадзе Сіянь.

Камерцыйны дырэктар МАЗа Аляксандр Захарчанка паведаміў, што тэхніка і экіпажы добра падрыхтаваныя. Наша каманда ў баявым настроі. «Гаворачы аб гонцы, хачу адзначыць, што яна нарошчвае свае абароты. Расце і ўвага да яе ва ўсім свеце. Сёлета яе асвятляюць для 195 краін. Гэта цікава яшчэ і таму, што перад нашым прадпрыемствам востра стаіць задача дыверсіфікацыі паставак. Дзякуючы ўдзелу ў гэтых гонках пазнавальнасць нашай тэхнікі ва ўсім свеце толькі ўзрасце», — расказаў Аляксандр Захаранка. Ён таксама паведаміў, што сёлета сітуацыя з продажамі прадукцыі кампаніі выглядае лепш, чым летась: «Гэтае паўгоддзе мяркуем скончыць на ўзроўні больш за 130% экспарту прадукцыі аўтазавода ў параўнанні з аналагічным перыядам летась. Тэмпы вытворчасці таксама растуць».

Кіраўнік каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч, ён жа і пілот экіпажа 304-й машыны, лічыць, што «Шаўковы шлях—2017» уяўляе сабой адну з найбольш складаных канфігурацый трасы. «Мы пачалі рыхтавацца да гэтай гонкі адразу пасля заканчэння ралі «Дакар». Усе этапы падрыхтоўкі да беларускага чэмпіянату былі таксама звязаны з падрыхтоўкай да «Шаўковага шляху». Экіпажы і аўтамабілі, якія будуць удзельнічаць на гэтай гонцы, практычна не змяніліся. Каманда ставіць перад сабой задачу дамагчыся як мінімум леташняга выніку. У 2016 годзе мы ўсімі экіпажамі трапілі ў топ-10. Сёлета разлічваем на лепшы вынік, нягледзячы на тое, што склад удзельнікаў гонкі гэтым разам нашмат больш сур'ёзны. Мы да гэтага гатовыя», — запэўніў Сяргей Вязовіч. На яго думку, «Шаўковы шлях — 2017» на парадак больш складаны за «Дакар—2017». «У сувязі з гэтым у нашых трэніроўках асаблівая ўвага ўдзялялася фізічнай падрыхтоўцы. Тэхніка рыхтуецца на высокім узроўні да кожнай гонкі незалежна ад таго, беларуская яна, ці гэта этап міжнароднага спаборніцтва», — дадаў кіраўнік каманды.

У ліку сапернікаў выступаюць такія каманды, як «КамАЗ», «ІVЕСО», «Rеnаult», «Tаtrа». Усе каманды выставілі не менш за тры машыны. Прыблізна гэтак жа выглядае і група лідараў на «Дакары». Канкурэнцыя будзе аналагічнай», — падкрэсліў Сяргей Вязовіч.

Ён мяркуе, што каманда «КамАЗ» — галоўны канкурэнт для беларусаў. Яна з'яўляецца наймацнейшай. Акрамя таго, яе шанцы на перамогу павялічваюцца, як у арганізатара гонкі. Прыплюсуем сюды і тое, што расіяне прадстаўлены найбольшай колькасцю аўтамабіляў — чатырма экіпажамі. «Аднак я не думаю, што для каманды «Камаз-майстар» гэта будзе лёгкі хатні шпацыр. Па выніку мінулай гонкі ўсе зразумелі сур'ёзнасць маршруту, усе ведаюць адзін аднаго. Канкурэнцыя будзе вельмі вострая, па-спартыўнаму злая, і за месца на п'едэстале прыйдзецца ўсім папрацаваць», — рэзюмаваў Сяргей Вязовіч.

Гонка — не толькі забава для заўзятараў і добры піяр на ўвесь свет для Беларусі ў цэлым і МАЗа ў прыватнасці, але і выпрабавальны палігон, дзе кампанія праверыць працаздольнасць сваіх ноу-хау. Экстрым-тэсту падвергнуцца таксама і ўсе камплектуючыя завода, на 85% з якіх складаецца кожны са спартыўных аўтамабіляў. Сюды можна аднесці раму, надбудову кузава, каркас бяспекі, панэлі, кранштэйны, сістэму ахаладжэння рухавіка.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Перамагчы сябе, сапернікаў і каварныя пяскі пустыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?