Вы тут

Навошта замежнікі вывучаюць беларускую мову?


На пачатку лета ў Кіеве я зусім выпадкова пазнаёмілася з украінцам, які выдатна валодае беларускай мовай. Малады чалавек у вышыванцы сам падышоў да нас з мужам і сказаў «Прывітанне». Я, вядома, спачатку вельмі здзівілася. Але Міхась растлумачыў, што проста ўбачыў на нашых майках беларускамоўныя надпісы ды арнамент і адразу ж зразумеў, што мы з Беларусі.


Мі­хась Мін­чэн­ка (зле­ва) пад­час тэ­ма­тыч­най ім­прэ­зы ў Кі­е­ве да­кра­на­ец­ца да бе­ла­рус­ка­га абя­рэ­га.

Што цікава, нават у сацыяльных сетках украінец зарэгістраваўся па-беларуску, як Міхась Мінчэнка. Кажа, у любімы Мінск стараецца завітаць як мінімум раз на год. Летась ён вучыўся тут разам з іншымі замежнікамі ў міжнароднай школе беларусістыкі. Сёлета таксама падаваў заяўку. Але, на жаль, ахвотных было больш, чым месцаў, таму перавагу аддавалі новенькім. Тым не менш Міхась усё адно на днях прыехаў у Беларусь, каб пабачыцца са сваімі беларускамоўнымі сябрамі, папрактыкаваць мову з носьбітамі.

У Кіеве хлопец з задавальненнем наведвае гурток, дзе аматары беларушчыны, якія жывуць ва Украіне, глядзяць фільмы, слухаюць песні, чытаюць кнігі ды камунікуюць на беларускай мове. Міхась прызнаўся, што яшчэ не прапусціў ні адну тэматычную імпрэзу. На маё пытанне — «Навошта вывучаеш беларускую?» — не раздумваючы адказвае: «Бо яна мне вельмі падабаецца. Я, як і вы, з задавальненнем нашу вышыванку, пояс з арнаментам, майку з надпісам «Беларусь». Калі людзі бачаць мяне ў такім адзенні, адразу разумеюць, што да мяне варта звяртацца па-беларуску». Міхась прызнаўся, што марыць арганізаваць моўныя курсы
для ўкраінцаў, накшталт «Мова нанова».

Дарэчы, досвед такі ўжо ёсць. Бясплатны гурток па вывучэнні беларускай мовы для японцаў «Беларуская гутарня» летась зладзіла ў Токіа аспірантка Цукубскага ўніверсітэта Сіёры Кіёсава. Цяпер заняткі часова прыпыненыя, бо дзяўчына ўвесь свой вольны час прысвячае напісанню кандыдацкай работы (якая, дарэчы, непасрэдна звязаная з беларускай мовай). Але ў будучыні яна хацела б аднавіць курсы.

Пазалетась Сіёры наведвала заняткі ў школе беларусістыкі. Сёлета ж вывучаць беларускую мову і культуру ў Мінск прыехалі ажно тры хлопцы з Японіі. «У Японіі не толькі я адна ведаю беларускую мову. Да нас на заняткі ў «Беларускую гутарню» хадзіў магістрант, дык ён напісаў сваю дысертацыю пра гісторыю Беларусі. Яшчэ адзін мой знаёмы японец, як і я ў свой час, стажыраваўся ў Мінску. Ён зацікавіўся беларускай літаратурай і перакладае творы Багдановіча на японскую мову».

— А якія творы беларускай літаратуры найбольш падабаюцца табе?

— Адказаць на гэтае пытанне няпроста, бо насамрэч я яшчэ шмат чаго не чытала і не ведаю. Аднак ёсць адзін верш Рыгора Барадуліна, які мне вельмі падабаецца.

«Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць

не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць

святое штосьці».

З гэтым фрагментам верша Барадуліна ўпершыню пазнаёмілася два гады таму перад вяртаннем у Японію. Ён быў напісаны на сцяне абноўленага мінскага аэрапорта як упрыгажэнне і вельмі мяне ўразіў. Вершаваныя радкі адразу нагадалі мне пра родны дом і бацькоў, якія мяне чакаюць там, у Японіі. Разам з тым мне здалося, што самі радкі ненавязліва, ціхенечка мяне заклікаюць: «Калі ты гэта чытаеш, вяртайся хутчэй у Беларусь, на тваю другую радзіму...» Цяпер я заўсёды ўспамінаю гэты верш перад вяртаннем у Японію ды наадварот — сюды, на Беларусь.

Мне думаецца, што родны дом і родная мова маюць шмат агульных рысаў. І тое і другое дае нам грунт, апірышча, спакой і цяпло ў душы. І тое і другое дае нам магчымасць быць самімі сабой. І галоўнае, што і тое і другое заўжды чакаюць і сустракаюць нас, калі мы часова знаходзімся далёка ад іх. Чула ад многіх беларусаў, што яны не размаўляюць на роднай мове, бо баяцца памыліцца, маўляў, па-руску больш звыкла, бо ўсе на ёй размаўляюць. Для мяне беларуская мова таксама раней была як нейкі бар'ер. Але пасля таго як я пачала вывучаць яе, гэты «бар'ер» паступова змяніўся на «дзверы». Адчыніць іх мне дапамагла паважаная настаўніца, прафесар Таццяна Расціславаўна Рамза. І перада мной разгарнуліся не толькі найцікавейшыя звесткі пра беларускую культуру і гісторыю, але і з'явіліся надзейныя сябры-беларусы і адбылося шмат цікавых знаёмстваў. Цяпер беларуская мова для мяне ўжо амаль як родная, хаця валодаю я ёй яшчэ не зусім свабодна. Прынамсі, яна заўсёды дае мне апірышча, спакой і цяпло ў душы, як родны дом.

Удзель­ні­кі «Бе­ла­рус­кай гу­тар­ні», якую Сі­ё­ры ла­дзі­ла для япон­цаў ра­зам са сва­ёй сяб­роў­кай з Бе­ла­ру­сі  (дзяўчаты ся­дзяць спра­ва ў вы­шы­ван­ках).

— Сіёры, у сацсетках, я заўважыла, беларускія сябры называюць цябе Зоськай.

— Зоська — гэта маё беларускае імя, якое я калісьці атрымала на моўных курсах у Беларусі.

— Навошта ты вывучаеш беларускую мову?

— Калі я вучылася на першым курсе лінгвістычнага ўніверсітэта, падчас лекцыі выкладчык сказаў, што зараз у свеце існуе больш за шэсць тысяч моў. Але вучоныя кажуць, што 90% з іх вымра ў ХХІ стагоддзі. Я вельмі здзівілася. Не магла тады ўявіць сабе свет, дзе ніхто не размаўляе на японскай мове, на якой я штодзень думаю і гавару. Пра беларускую я тады яшчэ нічога не ведала...

На яе вывучэнне Сіёры натхніла выкладчыца рускай мовы ў Японіі (зараз навуковы кіраўнік дзяўчыны).

— Яна сказала, што ў Беларусі цікавая моўная сітуацыя. Там жыве шмат беларусаў. Але большасць з іх не размаўляюць на сваёй роднай мове. У 2012 годзе мне пашчасціла паехаць на стажыроўку ў Мінск і вывучаць гэтую мілагучную мову. Спадзяюся, што ў будучым усё зменіцца, і беларусы зразумеюць, які скарб яны маюць.

Хвалюе лёс нашай мовы і літоўку Агнэ Шняўкштайце-Бэйнарэне. Дзяўчына, замест таго, каб паехаць у адпачынак на мора, праводзіць яго ў Беларусі. Прыехала сюды на курсы, каб удасканаліць сваё веданне беларускай мовы. Агнэ — гісторык па адукацыі, працуе экскурсаводам у мемарыяльным комплексе ў Тускуленай. Упершыню яна пачула беларускую мову пяць гадоў таму на фольк-фестывалі ў Вільні. Там дзяўчына пазнаёмілася з хлопцамі, якія спявалі ў фальклорным гурце. Адзін з іх і падарыў Агнэ кнігу «Русальная нядзеля. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў». Менавіта гэтая кніга натхніла літоўку на вывучэнне беларускай мовы. Паўгода яна займалася прыватна з настаўніцай віленскай беларускамоўнай гімназіі. На пытанне, «навошта яна вывучае мову», дзяўчына адказвае: «Нехта мне сказаў, што беларуская — сярод трох еўрапейскіх моў, якія знікнуць першымі. Будзе вельмі шкада, калі так здарыцца. Беларуская мова надзвычай прыгожая. Але чамусьці большасць беларусаў не хоча на ёй размаўляць... Я падумала, што калі вывучу мову, будзе ўжо на аднаго беларускамоўнага чалавека больш».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Як Сіёры стала Зосяй

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.