Вы тут

Гродна: ”Купалаўскія чытанні” і лекцыі амерыканскіх прафесараў


Большую частку нашага новага філалагічнага студэнцтва складаюць тыя, хто свядома і мэтанакіравана абраў спецыяльнасці, дзе дамінантай застаецца педагагічная дзейнасць. Безумоўна, паміж колішнімі філолагамі і цяперашнімі навучэнцамі факультэта шмат адрознага. Адрознасць гэтая прадыктаваная спецыфікай новага часу, іншымі ўмовамі навучання. Нязменнымі засталіся неўтаймоўная маладая энергія, адчуванне красы Слова, жаданне шукаць і знаходзіць новае.


Калі зазірнуць у гісторыю асветы, можна ўпэўніцца, што філалагічныя навукі здаўна складалі яе аснову. Так, Дзмітрый Ліхачоў, вядомы знаўца філалогіі, прафесар, канстатаваў: «Філалогія — гэта найвышэйшая форма гуманітарнай адукацыі».

Думаецца, статус філалогіі як вядучай формы гуманітарнай адукацыі не змяніўся і ў наш час. Сведчаннем таму — няспыннае і паступальнае развіццё філалагічных навук у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы — найстарэйшай навучальнай установе заходняга рэгіёна нашай рэспублікі.

Філалагічны факультэт — равеснік універсітэта. У 1940 годзе быў абвешчаны першы набор: спачатку — на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, а затым — і на аддзяленне рускай мовы і літаратуры. Пасля гэтыя аддзяленні сталі асновай для стварэння літаратурнага факультэта. Пазней быў створаны філалагічны факультэт, які з’яўляецца сёння буйным лінгвістычным цэнтрам, мае высокатэхналагічную базу.

Факультэт забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў у галіне рускай, беларускай і славянскай філалогіі па сучасных напрамках: дзелавая камунікацыя, літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць, руская мова як замежная.

Мы з’яўляемся адной з вядучых ВНУ краіны, што ажыццяўляе падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў па спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» з глыбокім вывучэннем англійскай, нямецкай, французскай, польскай, іспанскай і італьянскай моў.

У 2015 годзе на факультэце адбыўся набор на новую спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія» на базе англійскай і нямецкай моў, выпускнікі якой будуць мець кваліфікацыю «Філолаг. Выкладчык дзвюх замежных моў і літаратур. Перакладчык».

Падрыхтоўку студэнтаў на факультэце забяспечваюць спецыялізаваныя кафедры з устойлівым і стабільным складам выкладчыкаў. У ліку вядомых беларускіх вучоныхфілолагаў гучаць імёны гродзенскіх навукоўцаў, прафесараў, што некалі працавалі на філалагічным факультэце: І. Лепешаў, П. Сцяцко, В. Нікіцевіч. Сёння навуковыя традыцыі працягваюць іх наступнікі і вучні: М. Канюшкевіч, Т. Аўтуховіч, М. Даніловіч, А. Нікіцевіч, якія і сёння працуюць на вядучых кафедрах факультэта.

Кафедра беларускай філалогіі створана на базе кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства і кафедры беларускай літаратуры. Сталыя традыцыі кафедры — правядзенне навуковай канферэнцыі «Купалаўскія чытанні» і супрацоўніцтва з кафедрай беларускай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта (Польшча). Пасля заканчэння навучання студэнты маюць магчымасць працягнуць вучобу ў магістратуры па спецыяльнасці «Супастаўляльна-гістарычнае, тыпалагічнае і супастаўляльнае мовазнаўства».

Кафедра рускай філалогіі вядомая грунтоўнымі вучэбна-метадычнымі і навуковымі напрацоўкамі. Імідж кафедры ствараецца вядомай далёка за межамі ўніверсітэта навуковай канферэнцыяй «Взаимодействие литератур в мировом литературном процессе», удзелам у прэстыжных міжнародных алімпіядах і конкурсах. Шматлікія спецыялісты ў галіне філалогіі прайшлі падрыхтоўку ў магістратуры па спецыяльнасцях «Літаратуразнаўства», «Руская мова», «Прыкладная і матэматычная лінгвістыка» ці аспірантуры па спецыяльнасцях «Тэорыя літаратуры. Тэксталогія», «Руская мова», «Тэорыя мовы».

Кафедра польскай філалогіі з’явілася ў складзе факультэта ў 1989 годзе. Дзейнасць кафедры цесна звязана з буйнымі навуковымі цэнтрамі Рэспублікі Польшча (Гданьскі ўніверсітэт, Педагагічны ўніверсітэт у г. Кракаве, Польская акадэмія навук ды інш.). У рамках міжнароднага супрацоўніцтва ажыццяўляецца чытанне спецкурсаў і манаграфічных лекцый вядучымі спецыялістамі ў галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства. Пры кафедры польскай філалогіі працуе літаратурны музей Зоф’і Налкоўскай, адкрыты кабінет польскай філалогіі.

На кафедры англійскай філалогіі выкладаецца шырокі спектр дысцыплін («Грамадства і культура англамоўных краін», «Сучасная Амерыка», «Культура і літаратура Вялікабрытаніі і ЗША» і інш.), накіраваных на пашырэнне кругагляду і развіццё культуралагічных кампетэнцый студэнтаў. Для чытання вышэйзгаданых курсаў кафедра штогод запрашае прафесараў з вядучых амерыканскіх універсітэтаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць па праграме Фулбрайта.

Кафедра рамана-германскай філалогіі цесна супрацоўнічае з Інстытутам імя Гётэ, з моўнай кафедрай Беластоцкага ўніверсітэта. Студэнты праходзяць навуковыя і моўныя стажыроўкі па праграме ДААД у розных ВНУ Германіі. Пры кафедры створаны Цэнтр нямецкай культуры.

Мы сочым за зменлівым рынкам працы і робім усё неабходнае, каб нашы выпускнікі былі запатрабаваны не толькі ў рэчышчы адукацыйных паслуг, але і ў іншых сферах дзейнасці.

 Міжнароднае супрацоўніцтва са шматлікімі замежнымі партнёрамі дае неабмежаваныя магчымасці студэнтам ладзіць замежныя стажыроўкі, удзельнічаць у праграмах акадэмічных абменаў. Як вынік — выпускнікі запатрабаваныя не толькі ў вучэбных класах і студэнцкіх аўдыторыях, але і ў дзяржаўных, грамадскіх арганізацыях, у турыстычным і гасцінічным бізнесе, на прадпрыемствах.

Сённяшнія студэнты філалагічнага факультэта вывучаюць творчасць сваіх слынных папярэднікаў — Фёдара Янкоўскага, Аляксея Карпюка, Дануты Бічэль. У 90-я гады творчае аблічча філалагічнага факультэта фарміравала літаратурная суполка «Наднёманскія галасы», з якой выйшлі Ю. Гумянюк, Ю. Пацюпа, Э. Мазько, А. Брусевіч. Літаратурны патэнцыял гродзенскага філалагічнага факультэта і сёння застаецца вельмі высокім. Большасць выкладчыкаў літаратуры — члены СПБ. Натуральна, што такая сітуацыя своеасаблівым чынам уплывае і на студэнтаў. Трэцяя частка сёлетніх выпускнікоў спецыяльнасці «Беларуская філалогія» атрымала чырвоныя дыпломы. А дзве студэнткі — Аліна Паўлоўская і Вікторыя Смолка — паспелі за час навучання выдаць першыя паэтычныя зборнікі і такім чынам сцвердзіць, наколькі гарманічна могуць пераплятацца ў творчай асобе навуковы і творчы пошук.

Святлана ТАРАСАВА, адказны за прафарыентацыйную работу на філалагічным факультэце, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».