Вы тут

Фестываль у Александрыі сабраў амаль сто тысяч чалавек


Такую колькасць людзей на адным мерапрыемстве складана сустрэць нават у сталіцы. У мінулую суботу ў Александрыю Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці няспыннай плынню сцякаліся жыхары з усіх рэгіёнаў краіны. Іх сабралася амаль сто тысяч. Гандаль ішоў на ўра, госці елі і пілі, а ўвечары ўпадабалі святочны феерверк і канцэрт, хоць і на працягу дня спевы і танцы не спыняліся.


Па адмысловых «вуліцах» свята «Александрыя збірае сяброў» немагчыма спакойна прайсціся. На адной — спяваюць, на другой — танцуюць, на трэцяй — гуляюць у беларускія народныя гульні. Удзельніцы народнага ансамбля «Медуніца» з Магілёўскай вобласці клічуць прахожых згуляць з імі. За канцы двух паясоў, складзеных крыж-накрыж, трымаюцца чатыры жанчыны. На лік тры — пачынаюць закручвацца да цэнтра. Што, як высветлілася, не так проста. Згуляўшы тры разы, ад душы насмяяўшыся, я зразумела, што «круціцца» трэба ўмець не толькі па жыцці...

Ды і купальскія вяночкі на свяце плялі амаль усе. Жанчыны ахвотна апраналі кветкавыя ўборы з натуральных раслін і хадзілі ў іх увесь дзень. «Матэрыял нарыхтоўваем самі: валошкі, рамонкі, зверабой, лён, жыта, галіны бярозы», — расказвае Валянціна Паўлюк, навуковы супрацоўнік Дома рамёстваў вёскі Кароўчына Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці, якую мы заспелі акурат за пляценнем. Але брэндам гэтага Дома рамёстваў сталі лапці. Бо тут першымі аднавілі амаль згубленае рамяство іх пляцення. Дарэчы, тэхналогія пляцення дрыбінскіх лапцей атрымала статус гісторыка-культурнай спадчыны. Іх можна было пабачыць тут жа.

Сябры папярэдзілі: не бяры шмат грошай на «Александрыю», бо патраціш усе. Сапраўды, калі набыты на кірмашы кошык стаў амаль поўным, а кашалёк амаль пустым, я напаткала супрацоўнікаў Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як высветлілася, дзясяткі вырабаў — вязаныя рэчы, падстаўкі пад алоўкі, упрыгожанні для дома, карціны з алмазнай вышыўкай, плеценыя рэчы з паперы — зроблены самімі дзецьмі. Рэчы, хоць і простыя, але годныя, не горшыя за прадстаўленыя ў іншых удзельнікаў фестывалю, з любасцю папраўленыя і ўпрыгожаныя педагогамі інтэрната, з задавальненнем набывалі. Усе атрыманыя грошы пойдуць, вядома ж, на забеспячэнне ўстановы.

«Александрыя» сёлета сабрала сяброў не толькі з Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы і Германіі. Яны прывезлі не толькі свае вырабы з жалеза, дрэва, гліны, але і стравы нацыянальнай кухні. Напрыклад, літоўцы частавалі смачнымі цэпелінамі, аладкамі з бульбы, кілбаскамі. А эстонцы з гонарам раілі набыць вырабленую з фетру валошку — бо ў іх гэта нацыянальная кветка, як і ў Беларусі. Усяго на фестываль прыехала каля дзвюх соцень народных майстроў з сямі краін свету.

Складана ўявіць, каб такое маштабнае мерапрыемства з'явілася само сабой. У аснове любой значнай, вялікай падзеі ляжыць чыясьці ідэя. У гэтым выпадку яна была ў тым, каб даць другое дыханне малой Радзіме. І калі б кожны з нас прыклаў намаганні, каб па меры магчымасцяў палепшыць тое месца, дзе нарадзіўся, Беларусь стала б яшчэ прыгажэйшай.

— Я хачу звярнуцца да ўсіх тых, хто сёння можа што-небудзь зрабіць для краіны, асабліва да людзей заможных, якія маюць пэўныя магчымасці. Давайце ў найбліжэйшыя гады, хто колькі можа, хто як можа, зробім для нашай малой Радзімы тое, што можа зрабіць кожны. Я ўпэўнены: калі заможны чалавек, які нарадзіўся ў маленькай вёсачцы і не забыўся на яе, зробіць для яе хоць што-небудзь на працягу трох, можа, пяці гадоў, наша краіна будзе цудоўнай, яна будзе квітнеючай. Таму мой заклік сёння з маёй малой Радзімы да ўсіх тых, хто не забыўся на сваю малую Радзіму: давайце для яе зробім максімум, давайце, стаўшы заможнымі людзьмі (тыя, хто здольны), зробім для гэтых вёсачак, рачулак, для маленькіх гарадкоў і пасёлкаў тое, што мы можам зрабіць, — сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перад пачаткам эстрадна-цыркавога прадстаўлення «Купальскі сон», якое адбылося ў суботні вечар у аграгарадку Александрыя.

За гады прэзідэнцтва беларускі лідар наведаў не адну краіну, бачыў шмат прыгожых мясцін. Бывае, што хочацца павандраваць, пабачыць новае... Але ці сустрэнеш штосьці больш блізкае сэрцу, чым родны край?

— Я вам шчыра, ад душы гавару: прыгажэйшых вось за гэтыя мясціны, дзе твае карані і вытокі, няма нідзе. Я гэтага не сустракаў. Я гэта гавару для таго, каб вы разумелі, што рана ці позна покліч малой Радзімы пацягне вас туды, дзе вы нарадзіліся. Таму давайце адраджаць гэтыя мясціны, давайце іх будзем шанаваць, якія б яны ні былі. Гэта — нашы мясціны. Гэта — наша Радзіма, якая дала нам жыццё, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, і дапамог

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.