Вы тут

Што рабіць з палігонамі і выпрацаванымі кар'ерамі?


Яшчэ некалькі гадоў таму ў гарачае надвор на ўскрайку маёй роднай вёскі перыядычна можна было назіраць дымавую заслону. Такім чынам ці то мясцовыя жыхары, ці то сама прырода «дапамагалі» пазбавіцца ад смецця на размешчаным там міні-палігоне цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Сёння ж пажараў, ды і ўвогуле бытавых адходаў там не ўбачыш — міні-палігон рэкультывавалі, а ў вёсцы ўстанавілі спецыялізаваныя кантэйнеры...

Але сотні такіх «складоў» да гэтага часу адкрытыя па ўсёй краіне — яны, не толькі займаюць значную плошчу, але і з'яўляюцца патэнцыйнымі забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя. Як вырашаецца праблема палігонаў і выпрацаваных кар'ераў карысных выкапняў, і калі гэтыя аб'екты знікнуць з карты Беларусі, расказалі спецыялісты.


Калі смецця зашмат

Штогод у нашай краіне ўтвараецца каля 50 млн тон адходаў вытворчасці і каля 4 млн тон камунальных адходаў. Пакуль што большая частка апошніх (каля 80%) размяшчаецца на 168 палігонах і 1456 міні-палігонах ЦКА.

Па словах начальніка ўпраўлення абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслана Міхалевіча, захаванне — самы танны спосаб абыходжання з адходамі, але ж апошні па прыярытэтнасці — пасля выкарыстання, перапрацоўкі, абясшкоджвання.

Магчыма, невысокім узроўнем затрат і кіраваліся спецыялісты некалькі дзясяткаў гадоў таму, калі па ўсёй краіне масава пачалі ствараць міні-палігоны (у 2009 годзе колькасць такіх аб'ектаў дасягала 3903).

— Пры гэтым яны, у адрозненне ад буйных аб'ектаў захавання адходаў, амаль не адпавядаюць сучасным экалагічным патрабаванням, — расказаў начальнік аддзела вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Арцём Шкрыль. — Сёння большасць міні-палігонаў вычарпалі свой рэсурс і маюць горшыя характарыстыкі па кантролі. Але поўнасцю адмовіцца ад іх выкарыстання пакуль немагчыма.

Таццяна КАНАНЧУК, старшыня Пастаяннай камісіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

— Сёння сапраўды існуе праблема з эксплуатацыяй старых палігонаў ЦКА. Неабходна распрацоўваць доўгатэрміновыя праграмы па іх рэкультывацыі і выкарыстанні ў адпаведнасці з усімі экалагічнымі нормамі. Хутка гэту праблему не вырашыць — патрабуюцца гады планамернай працы ў гэтым кірунку і значныя фінансавыя выдаткі.

Задачамі на найбліжэйшы час павінны стаць рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады, у якой запланавана паэтапная забарона захавання адходаў, што не прайшлі сартаванне; праца ў такіх прыярытэтных кірунках, як абясшкоджванне і выкарыстанне адходаў.

Радуе, што ў краіне распрацавана Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з ЦКА і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2035 года, якая прадугледжвае ў тым ліку і ўкараненне дэпазітна-залогавай сістэмы, рэсурсазберажэнне і максімальнае выкарыстанне адходаў. Такі кірунак развіцця заканадаўства дапаможа знізіць колькасць смецця, што захоўваецца на палігонах.

А што датычыцца кар'ераў, то яшчэ дзесяць гадоў таму было шмат выпадкаў нерацыянальнага выкарыстання іх тэрыторыі, калі на гэтых месцах утвараліся звалкі. Сёння, дзякуючы рабоце тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды і мясцовых уладаў, такія выпадкі дастаткова рэдкія. На маю думку, па гэтым пытанні трэба працягваць растлумачальную работу з насельніцтвам, расказваць людзям, куды і чаму нельга выкідаць смецце.

І пясок любіць падлік

Распрацоўка кар'ераў — асноўны спосаб здабычы карысных выкапняў. Адкрытым спосабам, калі ў паверхні зямлі ўтвараюцца вялікія поласці, вымаюцца ў асноўным будаўнічыя матэрыялы: пяскі, пясчана-жвіровыя сумесі, гліны, торф, мелавыя пароды і інш. Сёння ў Беларусі так распрацоўваецца каля 500 радовішчаў, пры гэтым на многіх з іх дзейнічаюць па некалькі кар'ераў адначасова.

— Акрамя радовішчаў карысных выкапняў, якія служаць асновай для стварэння вытворчасцяў, асобныя гаспадаркі могуць распрацоўваць так званыя ўнутрыгаспадарчыя кар'еры для асабістых патрэб, — расказаў начальнік упраўлення па геалогіі Мінпрыроды Сяргей Мамчык. — На тэрыторыі краіны іх налічваецца каля 1,3 тыс. Такія аб'екты звычайна выкарыстоўваюцца невялікі перыяд часу і для правядзення нескладаных будаўнічых работ.

Важным адрозненнем прамысловых і ўнутрыгаспадарчых кар'ераў з'яўляецца тое, што для першых увесь працэс распрацоўкі рэгламентаваны заканадаўствам. Таму праблемы, звязаныя з імі, вырашыць значна лягчэй. Але і яны часам становяцца галаўным болем дзяржавы з-за нядбайных гаспадароў.

Напрыклад, калі гліністая сыравіна перастала карыстацца высокім попытам, многія прадпрыемствы, што здабывалі яе, закрыліся, а кар'еры гліны засталіся без гаспадароў, — яны поўнасцю не выпрацавалі свой рэсурс...

Што датычыцца ўнутрыгаспадарчых кар'ераў, то, па словах Сяргея Мамчыка, у беларускім заканадаўстве дакладна не прапісаны парадак іх распрацоўкі — толькі агульныя патрабаванні па прытрымліванні прыродаахоўнага заканадаўства і правілаў рэкультывацыі. Напрыклад: глыбіня такога кар'ера павінна не перавышаць пяці метраў; пасля выкарыстання і правядзення рэкультывацыі былыя сельскагаспадарчыя землі неабходна вярнуць у сельскагаспадарчы абарот і г. д.

— На практыцы ж мы бачым, што не ўсе разумеюць, як правільна здабываць агульнараспаўсюджаныя карысныя выкапні, — адзначыў Сяргей Мамчык. — Стварыўшы адзін кар'ер і не распрацаваўшы ўсе яго запасы, некаторыя арганізацыі пачынаюць адкрываць другі, што недапушчальна. Часта не выконваюцца патрабаванні аб бяспецы, і на незакрытых кар'ерах, асабліва залітых вадой, гінуць дзеці.

Новая глеба

Каб запоўненыя палігоны і выпрацаваныя кар'еры зніклі з карты Беларусі, патрэбна іх рэкультываваць. Работа ў гэтым кірунку трэці год запар праводзіцца ў межах Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі. Фінансавыя сродкі выдзяляюцца з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, прыцягваюцца сродкі і ўласнікаў аб'ектаў. Так, летась у краіне было выведзена з эксплуатацыі і рэкультывавана 294 міні-палігона і 183 унутрыгаспадарчыя кар'еры, а сёлета ў планах — 188 аб'ектаў захавання ЦКА абодвух відаў і 108 кар'ераў.

Работа ідзе на кожным з узроўняў, пачынаючы ад сельскіх выканаўчых камітэтаў да рэспубліканскіх органаў кіравання.

— Праблем падчас выканання плана амаль не бывае, бо мы робім адну працу, — расказвае Руслан Міхалевіч. — Кожны ведае, за што ён адказвае. Акрамя таго, пры выканкамах створаныя штабы, куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых структур, у тым ліку і спецыялісты раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Праз сумесныя рэйды, а таксама лакальны маніторынг яны маюць магчымасць кантраляваць працэс рэкультывацыі і выкананне экалагічных і тэхнічных патрабаванняў.

Галоўная мэта рэкультывацыі як палігонаў, так і кар'ераў — вяртаць сельскагаспадарчыя землі ў гаспадарчы абарот. Іншыя ж адноўленыя землі могуць выкарыстоўвацца пад лесапасадку, луг і раллю, фруктовыя сады, для лыжных горак, аўтастаянак, складоў будматэрыялаў і інш. Так, напрыклад, на месцы былога кар'ера каля сталічнай кальцавой аўтадарогі з'явіўся аўтарынак «Малінаўка». Поласці пасля здабычы карысных выкапняў, калі блізка ад іх знаходзяцца грунтовыя воды, часам заліваюцца вадой, і новыя вадаёмы выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы, для пажарных і рэкрэацыйных мэт. (Для новых палігонаў і прамысловых кар'ераў гэтыя кірункі выкарыстання прапісваюцца ў праектнай дакументацыі.)

Да таго, як на месцы былога палігона вырасце лес ці з'явіцца поле, можа прайсці даволі шмат часу — да 20 гадоў. Аб'екты са значнымі аб'ёмамі захавання адходаў утрымліваюць так званы звалачны газ, які ўтварае пустоты ў палігоне. Каб газ поўнасцю выйшаў з аб'екта і той стабілізаваўся, і патрабуецца такі вялікі тэрмін.

— Працэс рэкультывацыі даволі просты, — расказвае Руслан Міхалевіч. — Пасля рашэння аб вывядзенні з эксплуатацыі палігона праводзіцца ўшчыльненне адходаў — апошнія пласты смецця засыпаюцца ізалюючым слоем і ўтрамбоўваюцца, каб у будучым пазбегнуць магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Таўшчыня ўрадлівага слоя, які кладзецца зверху, залежыць ад прызначэння зямлі, на якой размешчаны палігон. Так, для новага лесу дастаткова і 0,25 метра, а вось для фруктовых садоў ужо патрэбны 1 метр глебы.

Пасля заканчэння тэхнічнага этапу рэкультывацыі палігонаў прыходзіць чарга біялагічнага. На гэта месца высаджваюцца лясныя культуры ці высяваюцца палявыя травы. У хуткім часе адноўленая зямля перадаецца ў гаспадарчы абарот.

Падобны працэс адбываецца і падчас рэкультывацыі кар'ераў. Пры гэтым на тэхнічным этапе выкарыстоўваецца так званы метад выпалажвання — калі поласць засыпаецца зямлёй з прылеглых тэрыторый.

Але, на жаль, не ўсе праекты па рэкультывацыі становяцца паспяховымі. Галоўная прычына — нядобрасумленныя адносіны ўласнікаў аб'ектаў да выканання патрабаванняў. Так, у выніку распрацаваныя кар'еры бываюць нашмат глыбейшымі за нарматывы, іх не рэкультывуюць увогуле ці засыпаюць тым, што пад руку пападзецца, — смеццем, карыснымі выкапнямі з іншых кар'ераў і г. д. Часам адходы «вяртаюцца» і а рэкультываваныя палігоны. Прычым смецце звозяць туды як мясцовыя жыхары, так і некаторыя арганізацыі, якія адказваюць за гэтыя аб'екты.

Палігоны... на карце

Мінпрыроды ў межах узаемадзеяння з Дзяржкаммаёмасцю абмяркоўвае пытанне аб уключэнні ў зямельныя інфармацыйныя сістэмы каардынат дзеючых аб'ектаў захавання адходаў і кароткую інфармацыю пра іх. Магчыма, на карце таксама з'явяцца і выведзеныя з эксплуатацыі, і рэкультываваныя палігоны.

— Гэта інфармацыя будзе карыснай пры правядзенні экалагічнай экспертызы праектаў, а таксама дапаможа сачыць за аб'ектамі захавання адходаў і пасля рэкультывацыі, — адзначыў Руслан Міхалевіч.

Сёння ў краіне існуюць распрацоўкі, якія з дапамогай спадарожніка дазваляюць кантраляваць аб'ём здабычы карысных выкапняў на розных аб'ектах і выяўляць несанкцыянаваныя звалкі і кар'еры.

Перспектывы

Праблема навядзення парадку ў сферы выкарыстання зямлі абмяркоўваецца ў Беларусі на самым высокім узроўні. У студзені нараду па гэтых пытаннях праводзіў кіраўнік дзяржавы. Па распараджэнні прэм'ер-міністра створана рабочая група, куды ўваходзяць прадстаўнікі мясцовых уладаў, зацікаўленых ведамстваў (Дзяржкаммаёмасць, Мінпрыроды, Міністэрства па падатках і зборах, Мінфін і інш.). Свае прапановы выказваюць і іншыя дзяржорганы і кампаніі, дзейнасць якіх таксама звязаная з распрацоўкай кар'ераў.

На пасяджэннях групы абмяркоўваюцца пытанні фінансавання рэкультывацыі кар'ераў, правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў, абавязацельствы нетракарыстальнікаў.

— Разглядаюцца пытанні і змянення заканадаўства — з мэтай удасканаліць некаторыя адміністрацыйныя працэдуры, каб спрасціць парадак распрацоўкі кар'ераў, а таксама зрабіць больш жорсткімі меры ў частцы кампенсавання шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, — адзначае Сяргей Мамчык.

Удасканаленне заканадаўчай базы — важны этап работы ў сферы абыходжання з адходамі. Нормы дакументаў павінны быць празрыстымі і зразумелымі для ўсіх удзельнікаў працэсу, лічыць Руслан Міхалевіч. Дзякуючы гэтаму ўдасца пазбегнуць шматлікіх парушэнняў і зрабіць прыроду больш чыстай.

Пазбавіцца ад смеццевай праблемы павінна дапамагчы рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі абыходжання з ЦКА і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі да 2035 года. Адзін з яе модуляў прадугледжвае аптымізацыю сеткі палігонаў і міні-палігонаў па прынцыпе рэгіяналізацыі. Па словах Арцёма Шкрыля, у Мінжылкамгасе бачаць шлях развіцця ў тым, каб ствараць не некалькі аб'ектаў захавання адходаў у адным раёне, а адзін максімальна эфектыўны і экалагічна бяспечны на два-тры раёны. Па планах да 2035 года ў краіне павінна застацца не больш за 120 палігонаў.

— Новыя і існуючы палігоны павінны адпавядаць усім патрабаванням, і ў тым ліку не аказваць значнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, — адзначыў Руслан Міхалевіч. — Там будуць захоўвацца адходы, якія немагчыма перапрацаваць.

Вераніка КОЛАСАВА

Асноўныя парушэнні ў сферы распрацоўкі кар'ераў:

  • здабыча карысных выкапняў без прававых падстаў (напрыклад, здабыча па-за межамі прадстаўленага горнага адводу);
  • парушэнне патрабаванняў рацыянальнага выкарыстання нетраў (выбарачнае выманне карысных выкапняў);
  • парушэнне патрабаванняў па рэкультывацыі выпрацаваных кар'ераў (нясвоечасовая, а таксама неадпаведная тэхнічным нормам);
  • незахаванне дазволенай глыбіні здабычы карысных выкапняў на ўнутрыгаспадарчых кар'ерах;
  • парушэнне парадку здымання і захавання ўрадлівага пласта глебы і інш.
  • Згодна з беларускім заканадаўствам, у асноўным нетракарыстальнікі нясуць адказнасць за парушэнне патрабаванняў па выкарыстанні нетраў і парушэнне правілаў аховы нетраў. Максімальны памер штрафаў — 500 базавых велічынь.
  • Фізічныя асобы — парушальнікі заканадаўства аб абыходжанні з адходамі нясуць адказнасць згодна з арт. 15.63. ч. 2 (папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь).

 

Захоўваць ці вымаць?

У большасці выпадкаў у працэсе рэкультывацыі адходы застаюцца ў зямлі назаўсёды. А гэта — патэнцыйная небяспека для навакольнага асяроддзя. Некаторыя міні-палігоны, асабліва ўтвораныя некалькі дзесяцігоддзяў таму, утрымліваюць у сваім «целе» шкодныя рэчывы, якія могуць трапіць у прыроду. І калі на буйных аб'ектах па захаванні адходаў робяцца свідравіны для маніторынгу і ўзводзяцца ахоўныя збудаванні, то міні-палігоны такога «абсталявання» не маюць.

Праблема магла б вырашыцца, калі б перад рэкультывацыяй адходы выдаляліся з палігона. Сёння некаторыя інвестары прапаноўваюць рэалізоўваць такія праекты, у тым ліку не толькі на адкрытых аб'ектах, але і выведзеных з эксплуатацыі. Але пакуль усе яны знаходзяцца пад пільным разглядам — важна не толькі выняць адходы, але правільна іх выкарыстаць, не наносячы больш шкоды навакольнаму асяроддзю. Магчыма, пры аптымізацыі сеткі палігонаў частка смецця будзе перавезена на тыя палігоны, якія больш адпавядаюць экалагічным нормам.

 

Будаўнічыя адходы — падмурак для рэкультывацыі?

Чым правільна праводзіць рэкультывацыю кар'ераў — пытанне сёння адно з самых актуальных не толькі з боку экалогіі, але і эканомікі. Магчыма, ідэальным варыянтам будзе правядзенне рэкультывацыі інертнымі будаўнічымі адходамі. Навуковую распрацоўку па гэтай тэме плануюць правесці ў найбліжэйшы час вучоныя РУП «БелНДЦ «Экалогія». Праца аб'ядноўвае дзве важныя мэты: вярнуць землі, занятыя пад унутрыгаспадарчыя кар'еры, у гаспадарчы абарот і эфектыўна ўтылізаваць будаўнічыя адходы, што ўтвараюцца пасля зносу збудаванняў.

Па словах загадчыка аддзела абыходжання з адходамі БелНДЦ «Экалогія» Аляксея Кірэйкова, будаўнічыя адходы сёння таксама выкарыстоўваюцца пры рэкультывацыі кар'ераў, але многія з іх, нягледзячы на аднолькавы клас небяспекі, могуць як уплываць на наваколле, так і не ўплываць.

— Наша задача — распрацаваць дакладныя патрабаванні для кожнага віду будаўнічых адходаў і вызначыць, з дапамогай якіх з іх можна бяспечна праводзіць тэхнічны этап рэкультывацыі кар'ераў, — адзначыў навуковец.

Біялагічную частку рэкультывацыі плануецца рэалізоўваць з выкарыстаннем не толькі ўрадлівага слоя, але і субстрату, атрыманага пры кампаставанні арганічных адходаў гаспадарак (гною, драўніны, травы, лісця і інш.).

Як расказаў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела комплексных экалагічных даследаванняў Алег Сазоненка, падчас даследаванняў будуць вызначаны ландшафтна-экалагічныя ўмовы (напрыклад, узровень залягання грунтовых водаў), пры якіх такая рэкультывацыя стане магчымай, а таксама разлічана эканамічная эфектыўнасць мерапрыемстваў і распрацаваны тыпавы бізнес-план рэкультывацыі. Пры паспяховай рэалізацыі праекта навуковыя распрацоўкі стануць своеасаблівым кіраўніцтвам да дзеяння.

Вынікі сваёй працы навукоўцы змогуць праверыць падчас рэкультывацыі аднаго з кар'ераў у сталічным рэгіёне.

Загаловак у газеце: Зямля ў рэжыме чакання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».