Вы тут

Як працуе бальніца ў Доўску


З медыкамі Доўскай бальніцы Рагачоўскага раёна разважаем пра тое, як маладога спецыяліста «зачапіць» за вёску. А яшчэ пра тое, як трэба вырашаць дэмаграфічныя праблемы і ставіцца да павышанага ціску.


Га­лоў­ны ўрач Доў­скай баль­ні­цы На­тал­ля Гаў­руш­ка  вы­мя­рае ціск па­цы­ент­цы па­лі­ятыў­на­га ад­дзя­лен­ня.

Галоўнаму ўрачу Наталлі Гаўрушцы бальніца дасталася, можна лічыць, у спадчыну. Яе маці Леакадзія Вітольдаўна Путрык у свой час перадала справы дачцэ. Дарэчы, і бацька Наталлі Яўгенаўны — Яўген Мікалаевіч — адпрацаваў тут хірургам з моманту размеркавання. Дынастыя вясковых урачоў заўсёды ганарылася месцам жыцця і працы. І на сваім прыкладзе пераконвала, што жыццё ў глыбінцы мае шмат пераваг. Між тым сённяшні кіраўнік установы ўспамінае, з чаго пачыналася яе захапленне медыцынай:

— Бацька ў мяне з Мінскай вобласці, а мама — з Гродзенскай. Па размеркаванні разам са мной, двухгадовай, яны прыехалі сюды, таму што бацька катэгарычна хацеў быць толькі хірургам. А тут знайшлося месца для яго. Калі ў мяне пытаюць, колькі гадоў я на гэтым месцы працую, — адказваю, што ўсё жыццё. Памятаю невялічкую драўляную бальніцу, якая знаходзілася за царквой. У канцы калідора была аперацыйная, дзе пад звычайнымі лямпамі хірургі праводзілі складаныя аперацыі... Падзеяй для Доўска заўсёды лічыўся прылёт верталёта санавіяцыі — калі ўсё ж трэба было пацыента накіроўваць у Гомель. Усе дзеці беглі ў поле і глядзелі, як з верталёта выходзілі санітары ў белых халатах з насілкамі, каб транспартаваць цяжка хворых. А калі маці вяла прыём у амбулаторыі, я адчыняла дзверы і запрашала: «Наступны!» У кабінеце бацькі стаялі невялічкія флакончыкі, у якіх знаходзіліся выдаленыя апендыцыты. Для мяне была казка іх разглядаць і распытваць: «А чаму яны рознага колеру?» Для мяне гэта была звычайная справа.

Сёння Наталлі Яўгенаўне прыходзіцца займацца праблемай замацавання кадраў. Рэцэпт, кажа, агульнавядомы: малады спецыяліст замацуецца, калі ў яго ёсць магчымасць кар'ернага росту, жыллё і... асабістае жыццё. Праўда, апошняе не заўсёды залежыць ад загадаў начальства. Усміхаецца: пажаніць, вядома, не змогуць, але ж пазнаёміць з добрым хлопцам ці дзяўчынай — чаму не? А там ужо — як складзецца:

— Многія спецыялісты працуюць дзякуючы таму, што ім выдалі ведамаснае жыллё. Ды і ў вялікім горадзе не атрымаеш таго вопыту, той практыкі, якія тут ёсць. Урач можа хутка заняць пэўную пасаду, рэалізаваць свае амбіцыі. А яшчэ, лічу, вельмі важная атмасфера ў калектыве. Чалавек павінен адчуваць, што ён неабходны. Важна, каб ён не саромеўся нешта спытаць у старэйшага калегі. У нашай бальніцы існуе інстытут настаўніцтва. Мы ўрачыста прымаем у маладыя спецыялісты — з канцэртам і віншаваннямі. Памятаю, калі я была маленькая, мае бацькі разам з калегамі заўсёды весела адзначалі святы, у тым ліку прафесійнае. Мы выязджалі на прыроду, ладзілі конкурсы, тэатральныя прадстаўленні, змагаліся за прызы... У якасці кіраўніка я вырашыла гэтыя традыцыі адраджаць. Акрамя асноўнай работы, трэба, каб было нешта яшчэ — для душы, для стасункаў з калегамі. Мы, напрыклад, правялі тут свой конкурс «Чалавек года». Сёлета выбіралі адну кандыдатуру, а на наступны год выберам у трох катэгорыях: сярод урачоў, сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу. Вясной праводзілі конкурс «Ах, якая жанчына». Цяпер вось думаем зрабіць выстаўку рэтрафотаздымкаў «Якімі маладымі мы былі».

Рэт­ра-зды­мак. Апе­ра­цыя ў Доў­скай баль­ні­цы.

Калісьці ў Доўску было шэсць прадпрыемстваў. Прамысловыя: малочны, хлебны, цагляны, асфальтабетонны заводы. Сельскагаспадарчыя: эксперыментальная база «Доўск» і вопытная станцыя. Толькі два апошнія цяпер і засталіся. У гэтым таксама крыецца праблема замацавання кадраў на вёсцы. Моладзь актыўна шукае, дзе працаваць, і ад'язджае ў іншыя мясціны, а то і за мяжу. І тут зручнае месцапалажэнне Доўска — на перакрыжаванні дарог — толькі ў дапамогу. Да таго ж сваю справу зрабіў і Чарнобыль. Пасля 1986 года значна скарацілася колькасць насельніцтва. Паляпшэнне дэмаграфічнага становішча адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі будзе развівацца эканоміка, упэўнены мясцовыя медыкі. Можна колькі пажадаеце агітаваць жанчыну нараджаць, але, калі не будзе дзе працаваць яе мужу, не будзе магчымасці атрымаць кватэру і нармальную зарплату, наўрад ці нехта «купіцца» на лозунгі. Між тым добрыя ўмовы для маладых непасрэдна ў Доўску створаны:

— Я ўсім кажу: не пужайцеся вёскі. Усё тут зручна: кватэра, работа праз дарогу, дзіцячы садок і школа побач. Дарэчы, школа ў нас вельмі добрая. Ёсць таксама музычная школа, секцыя па спартыўнай арыентацыі, сценка для заняткаў альпінізмам. Перакрыжаванне дарог дае свае перавагі: сеў на машыну і куды хочаш едзь: хоць у Гомель, хоць у Мінск, хоць далей. Таму я за ўсё жыццё павандравала больш, чым многія з маіх калег у горадзе.

Доўская зона медыцынскага абслугоўвання — 3400 чалавек. У самім аграгарадку жыве каля дзвюх тысяч. Наталля Гаўрушка гаворыць, што вельмі павольна, але ж менталітэт людзей адносна свайго здароўя мяняецца і на вёсцы. А вось старэйшае пакаленне, на жаль, медыкаў не чуе:

— Прыедзеш на выклік, раскладзеш таблетачкі — толькі прымайце своечасова. На наступны дзень прыязджаеш — таблеткі ляжаць. Пытаюся — чаму не пілі? «Дык мне добра было — нашто мне піць, — адказвае. — Вось дрэнна стане — хуткую дапамогу выклічу».  Крыўдна, калі людзі гінуць праз глупства. Толькі таму, што не прымалі прэпараты, якія ім былі прызначаны і нават куплены. Звычайна пераконваць прыходзіцца на прыкладах. Пытаюся: ведаеце, ад чаго ваш сусед памёр? Так, адказвае, ад інсульту. А ўсё таму, кажу, што лекі не піў. А прымаў бы — жыў бы і цяпер. Толькі такія аргументы, якія датычацца смерці, — дзейсныя. Яшчэ адна бяда — алкаголь. Калі праводзіш рэтраспектыўны аналіз смерцяў пацыентаў, часам высвятляецца, што чалавека не адносілі да сацыяльна небяспечных і на ўліку ў нарколага ён не быў. Аднак дома пастаянна ўжываў алкаголь, а потым — «нечаканая» смерць. Нават судмедэксперты сталі ставіць такія дыягназы, як «алкагольная хвароба». Бо іншы паставіць нельга. Пацыент сам загубіў сваё жыццё. І ўсё ж многія людзі дзесьці пасля 40 пачынаюць задумвацца пра сваё здароўе і сачыць за ім.

Урач-тэ­ра­пеўт Ка­ця­ры­на Са­ра­ка­ле­та­ва  вя­дзе пры­ём у Доў­скай ам­бу­ла­то­рыі.

Маладая доктар, былая гамяльчанка Кацярына Саракалетава пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага ўніверсітэта тры гады працуе тут тэрапеўтам:

— Ведаеце, з вясковымі бабулямі і дзядулямі больш проста, чым з гарадскімі. Мне падабаюцца іх адносіны: яны паважаюць урача. Калі да іх прыязджаеш, яны заўсёды ўдзячныя. Для іх урач — як Бог. Заробак тут нармальны, работы шмат. Мой муж знаходзіцца зараз у дэкрэтным водпуску з дзіцем. Жыллё нам далі арэнднае: кватэру ў новым доме. Тут усё ў крокавай даступнасці. Мне ў Доўску падабаецца куды больш, чым у Рагачове, дзе я праходзіла інтэрнатуру. Можа, некаму забаў і не хапае. Але наяўнасць інтэрнэта многа кампенсуе. Сёння Доўск для мяне стаў другой радзімай.

— Мне нядаўна патэлефанавала доктар з Гомеля і папрасіла: а можна да вас хаця б на 0,5 стаўкі ўладкавацца? Я хачу ў вашу бальніцу, — падключаецца да размовы Наталля Гаўрушка. — Яна адпрацавала ў нас два гады пасля размеркавання, потым пайшла ў дэкрэт і цяпер вось зноў просіцца. Яшчэ адна дзяўчына да нас ездзіць з Гомеля — працуе на чвэрць стаўкі. Тут урач-тэрапеўт — гэта і кардыёлаг, і гастраэнтэролаг, і нефролаг, і рэўматолаг... Бываюць экстранныя сітуацыі, калі пацыент нетранспартабельны, і мы не можам яго накіраваць у раённую ці абласную бальніцу. Тады сваімі сіламі выцягваем чалавека з таго свету. Вядома, атрымліваеш каласальны стрэс, але і каласальнае задавальненне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бальніца ў спадчыну

Каментары

Как замечательльно ,что есть такие врачи!!!! А специалисты из Бельгии не нужны?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.