Вы тут

Паэзію Багдановіча ў перакладзе на сербскую мову прэзентуюць у Мінску


На імпрэзе, што пройдзе сёння ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, сваю работу прадставіць сама перакладчыца, літаратарка Даяна Лазаравіч.


Упершыню ў Беларусь Даяна Лазаравіч, тады студэнтка філалагічнага факультэта Універсітэта Бялграда, завітала ў 2013 годзе. Неўзабаве на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» выйшла нізка яе вершаў, напісаных па-беларуску. Захапленне нашай краінай і мовай, якую, як прызналася сама Даяна, яна выбрала для вывучэння з-за экзатычнасці, паступова ператварылася ў сапраўдны прафесійны інтарэс. Дзяўчына напісала і абараніла магістарскую дысертацыю па тэорыі перакладу беларускай паэзіі на сербскую мову, а не так даўно ў Бялградзе па-сербску пабачыла свет кніга «Вянок» Максіма Багдановіча. І тут не абышлося без амаль містычнага супадзення: выданне, якое планавалася рэалізаваць яшчэ летась, да 125-годдзя з дня нараджэння паэта, пабачыла свет толькі ў канцы мая, у гадавіну яго смерці.

— Неяк па электроннай пошце я атрымаў ліст ад выпускніцы філалагічнага факультэта Універсітэта Бялграда, — гісторыю з'яўлення «Вянка» па-сербску расказвае прафесар, доктар філалагічных навук Іван ЧАРОТА. — Яна даслала свае пераклады беларускіх вершаў. Там былі творы Петруся Броўкі, Алеся Бачылы, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча. Перакладчыца прасіла паспрыяць іх публікацыі. Я пераканаўся, што работа выканана досыць творча і ўдала, і, безумоўна, рэкамендаваў перастварэнні да друку. Пазней атрымаў яшчэ адзін ліст, дзе Даяна выказвала жаданне і далей працаваць у выбраным кірунку. Я шчыра ўзрадаваўся і прапанаваў папрацаваць над перастварэннем «Вянка» Максіма Багдановіча.

Гэтымі днямі Даяна знаходзіцца ў Мінску. Разам з іншымі студэнтамі Міжнароднай школы беларусістыкі наведала Полацк. Перакладчыца адзначае, што Беларусь вельмі прыгожая краіна.

— Беларускую мову я вывучала на працягу двух гадоў, калі вучылася ва ўніверсітэце, — расказвае Даяна Лазаравіч. — Потым амаль яе забылася, бо не было з кім размаўляць. Цяпер стараюся ўзнавіць веды. Упершыню паспрабавала перакласці паэзію, каб самой сабе растлумачыць значэнне верша, а потым проста палюбіла беларускую літаратуру. Усё пачалося з твораў Уладзіміра Караткевіча, гэта вельмі эмацыянальны паэт. Я таксама эмацыянальная.

Дарэчы, пераклад «Вянка» Багдановіча выклікаў цікавасць у супрацоўнікаў бібліятэк Сербіі. Як падзялілася Даяна, многім чытачам цікава было пазнаёміцца з самімі вершамі, даведацца пра Максіма Багдановіча і гісторыю стварэння перакладаў. Але не толькі Максім сёння яднае Беларусь і Сербію ў літаратурным аспекце. Так, у вераснёўскім нумары часопіса «Полымя» будуць надрукаваныя пераклады вершаў сербскіх паэтаў на беларускую мову, а таксама літаратуразнаўчыя, крытычныя артыкулы пра літаратуру Сербіі. А ў часопісе «Маладосць» ужо ў жніўні выйдуць пераклады верша «О так, я пралетар» Янкі Купалы і «Слова — радасць, слова — чары» Якуба Коласа ў перакладзе Даяны Лазаравіч на сербскую мову. Мяркуецца, што налета Сербія стане ганаровым госцем Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, а нашы выдаўцы, літаратары ўжо ўвосень возьмуць удзел у кніжнай выстаўцы ў Бялградзе.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Вянок пашаны — з Сербіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

Якасць павінна стаць крэда нашага жыцця

«Якасць беларускай прадукцыі стала брэндам».

Сельская гаспадарка

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Тэхналогіі насуперак анамаліям надвор’я

Вучоны — аб будучай пасяўной кампаніі.

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.