Вы тут

Ірына Шаўлякова-Барзенка. Экспедыцыя ў непрамоўленасць


альбо Навуковая арганізацыя рэлаксу


Автухович, Т. «Шаг в сторону от собственного тела…»: Экфрасисы Иосифа Бродского / Т. Автухович. — Opusculs Slavica Sedlcensia. — Tom X. — Siedlce: Universytet Przyrodniczo-Humanistyczny w Siedlcach, 2016. — 268 с.

 

Навуковы падыход да арганізацыі любога рэлаксу, звязанага з вандроўкамі, мае на ўвазе выбар правільных спадарожнікаў. Надзвычайную ролю гэты выбар набывае, калі вандроўкі ладзяцца з мэтай рэлаксу… інтэлектуальнага (і такое бывае ў нашым, трэба думаць, не самым дзіўным з сусветаў). І зусім выключнае значэнне памянёны выбар мае, калі рэлаксаваць збіраешся ў прасторы нібыта вядомай, дзе не раз быў, нешта бачыў, нешта памятаеш, але застаўся прысмак нейкай недалучанасці да сапраўднага жыцця гэтай прасторы, адчуванне цьмянай, але неадчэпнай упэўненасці ва ўласнай «недапасвечанасці» ў тамтэйшыя таямніцы.

Вось хто з філолагаў (ці проста культурных людзей, нярэдка абазнаных у паэзіі не горш за «-знаўцаў па прымусе») не завітваў у мастацкі сусвет Іосіфа Бродскага? Заходзілі многія, вядома. Але хтосьці не пасунуўся далей умоўнай «вітальні», нехта крыху паблукаў па ўмоўна прыветных сутарэннях і з палёгкай рушыў да больш літасцівых творцаў, нават не падазраючы, што страціў, не набыўшы, якімі іншымі маглі б вярнуцца з падобнага падарожжа. А ўсё з безуважнасці да належнай — навуковай — арганізацыі ўласных вандровак.

Дзеля дакладнасці варта папярэдзіць усіх цікаўных культурных людзей, што жанр вандровак у дачыненні да такой часткі паэтычнага сусвету І. Бродскага, як экфрасісы, бачыцца не тое што легкадумным — бесперспектыўным. Варта наважвацца на сапраўдную экспедыцыю. Адпаведна, варта прыняць сістэму жанравых каардынат, паводле якой у экспедыцыі такога кшталту ты мусіш быць гатовы напінацца з усіх сіл, каб хаця б трымацца побач з вопытнымі спадарожнікамі. Што ўжо само па сабе ёсць задачай няпростай, бо некаторыя з такіх прафесійных вандроўнікаў па экфрасісах І. Бродскага маюць здольнасці відавочна іншасветнага (міфалагічнага) паходжання, бо з недасягальным поспехам выконваюць адначасова функцыянальныя абавязкі не толькі Вергілія (па Дантавай версіі), але і Гермеса (па версіі гісторыі філасофіі, якая яму прыпісвае бацькоўскі статус у дачыненні да герменеўтыкі).

Аднаго з такіх прафесійных вандроўнікаў па не самых простых (нават для няпростых філолагаў) сусветах маем тут і зараз. Доктар філалагічных навук, прафесар Таццяна Яўгенаўна Аўтуховіч і ў Беларусі, і за яе межамі мае рэпутацыю даследчыка, які пры выбары паміж складаным і вельмі складаным феноменам для асэнсавання без сумнення аддасць перавагу найскладанейшаму. Пералік аргументаў на карысць гэтага сцвярджэння абнаўляецца с нязмушанай рэгулярнасцю, адным з апошніх па часе стала кніга «“Шаг в сторону от собственного тела…”: Экфрасисы Иосифа Бродского», якая выйшла ў 2016 годзе ў польскім Універсітэце прыродазнаўчых і гуманітарных навук г. Седльцэ.

Выдадзеная пад рэдакцыяй прафесара Рамана Мніха (Roman Mnich) кніга ўключае ўступны тэкст «От автора», тры раздзелы (кожны аб’ядноўвае розную колькасць артыкулаў), тэкст «Вместо заключения», а таксама спіс літаратуры, бібліяграфічную даведку і рэзюмэ на англійскай і польскай мовах.

Кампазіцыя кнігі абумоўлена інтарэсам Т. Аўтуховіч да экфрасісаў наогул і экфрасісаў І. Бродскага ў прыватнасці. Ужо ў тэксце-прэамбуле «От автора» гэты даследчыцкі інтарэс паўстае нейкім надзвычай уплывовым боствам, здатным у літаральным сэнсе кіраваць чалавечым жыццём: «Этот теоретический и историко-литературный интерес… организовал сюжет моей работы на несколько лет, реализовавшись в цикле статей, которые представлены в данной книге. Статьи расположены в основном по проблемно-тематическому принципу, отражая динамику и типологию экфрасиса в творчестве Бродского и этапы моего вхождения в тему» (с. 7)1.

 

1 Тут і далей пры цытаванні ў дужках указваюцца нумары старонак манаграфіі, поўныя выходныя даныя якой прыведзены напачатку рэцэнзіі.

 

Ашчаднасць, строгасць, нават пэўная суворасць у абыходжанні з кожным квадратным сантыментрам друкаванай плошчы звяртае на сябе ўвагу з першых старонак кнігі, паступова набываючы выразныя абрысы адной з характэрных адзнак індывідуальнага маўлення даследчыка. Так, ва ўводным тэксце дакладна пазначаюцца не толькі галоўная мэта, задачы, структурна-кампазіцыйная спецыфіка кнігі, прынцыпы адбору матэрыялу (галоўны — прынцып разумнай дастатковасці), але і наўпрост указваецца, чаму гэта кніга падаецца аўтару надзвычай каштоўнай: «Независимо от того, найдут ли признание предложенные в ней интерпретации, общение с Бродским и его собеседниками, воплощенная в экфрасисах его духовная биография многое мне дала как человеку» (с. 11). Мусім прызнаць, што гэта даволі рэдка ўжывальная ў айчынных літаратуразнаўчых даследаваннях манера: паказацца чытачу без прафесійнай «мы»-маскі (якая натуральным чынам прырастае да асобаснага «я» ў адпаведнасці з канонамі традыцыйнага для нашых навуковых палеткаў этыкету), азвацца ў якасці я-героя, прычым не для кагосьці / чагосьці, а найперш для самога сябе.

Ёсць адзін момант, які відавочна адрознівае кнігу Т. Аўтуховіч ад многіх іншых: так ці інакш, большасць літаратуразнаўчых даследаванняў, як правіла, арыентуюцца на іншых (на вонкавага чытача). Калі ўслухацца ў інтанацыю аўтарскіх уводзін у кнігу «“Шаг в сторону от собственного тела…”: Экфрасисы Иосифа Бродского», пасля ўжо не адпусціць адчуванне, што даследчык піша кнігу перадусім у дапамогу сабе, свайму ўнутранаму жыццятворчаму сюжэту: «Такое ограничение обусловлено сознательным стремлением соблюсти принцип разумной достаточности при решении двух значимых для меня задач: во-первых, сформулировать свое понимание экфрасиса и показать его интерпретативный потенциал на примере анализа текстов Бродского, во-вторых, выявить специфику и типологию экфрасисов Бродского и эволюцию его экфрастического языка, в-третьих, обозначить своеобразие экфрасисов Бродского по сравнению с другими поэтами, обращавшимися к данному типу высказывания» (с. 9).

Разам з тым Т. Аўтуховіч цалкам пазбаўлена таго даследчыцкага эгацэнтрызму, які ў апошнія два дзесяцігоддзі пачынае істотным чынам трансфармаваць ландшафт не толькі ўласна літаратуразнаўчага, але і роднага гуманітарнага дыскурсу ў цэлым. У гэтым сэнсе вонкаваму назіральніку даволі складана вызначыць, што больш паўплывала на фарміраванне такога — халаднавата-цярплівага, адстаронена-альтруістычнага — стылю стасункаў с патэнцыяльным чытачом: прафесійнае станаўленне ў кантэксце класічнай традыцыі акадэмічнага літаратуразнаўства (вось за што дзякуй, old school, дык дзякуй!) ці асобасныя якасці аўтара. Заўважым толькі, што, на шчасце ўсіх ахвочых далучыцца да «экфрастычнай экспедыцыі», Т. Аўтуховіч залішне прафесійны падарожнік, каб не папярэдзіць адразу, што лёгка не будзе: спецыфіка жанру экфрасіса звязана з тым, што ён сам па сабе ёсць «интерпретацией интерпретации, результатом многостороннего диалога поэта и художника» (с. 10).

З першага ж раздзела «Неизбежность экфрасиса» стрыжнявы (тытульны для гэтай кнігі) феномен — паэтычны экфрасіс — пачынае акрэслівацца ў сваіх сутнасных адзнаках, як механізм самапазнання і самаапісання творчасці. Проста на вачах чытача ён не тое што «канструюецца» з нуля як складаны метамастацкі феномен; хутчэй, з дапамогай даследчыка твой зрок як бы перанастройваецца, ты пачынаеш бачыць экфрасіс здалёк і зблізку адначасова, усведамляючы маштабнасць унутранага зместу і патэнцыялу гэтай з’явы і разам з тым не стамляючыся заглыбляцца ў дэталі:

«Визуальная эстетика Бродского реализовалась в его творчестве не только в особом характере видения (зрение-осмысление) мира, но и в восприятии мира в целом, а также поэзии — своей и чужой через призму произведений искусства. Это окультуренное видение-мышление порождает плотный ассоциативный контекст каждого речевого высказывания, соответственно интертекстуальное поле его произведений, наряду с литературным слоем, включает и мощный живописный слой, обсуловливая его герметичность для неподготовленного читателя» (с. 26) Иосиф Бродский и живопись»).

Кніга Т. Аўтуховіч і для падрыхтаванага чытача ўтрымлівае процьму магчымасцей адчуць асалоду першаадкрывальніцтва: як падрабязная карта-навігатар, яна вымагае проста правільнай каліброўкі «зроку» (не толькі інтэлектуальнага, але і эмацыянальнага), якому можа адкрыцца сапраўды новая зямля. Інакш кажучы, нават і саманадзейны (у сілу падрыхтаванасці) чытач мае ўсе шанцы зразумець дзякуючы аўтару, што і для яго паэзія І. Бродскага не менш «герметычная», чым для не дужа абазнанай публікі, столькі слаёў-напластаванняў раптам праглядвае там, дзе ўсё падавалася больш-менш празрыстым:

«Эта поэтика соотносима с традиционным в живописи европейского барокко образом зеркала, но у Бродского она выражает крайнюю степень самоотчуждения лирического героя. Подобный взгляд со стороны наиболее очевиден в стихотворении В разгар холодной войны (1994):

 

Кто там сидит у окна на зеленом стуле?

Платье его в беспорядке, и в мыслях — сажа.

В глазах цвета бесцельной пули —

готовность к любой перемене в судьбе пейзажа» (с. 35)

 

Ад аналізу асобных экфрасісаў даследчык без асаблівай паспешлівасці рушыць да выяўлення агульных заканамернасцей эвалюцыі не толькі паэтыкі, але і філасофіі І. Бродскага: «…создание поэтических экфрасисов в его творчестве постепенно уступает место поэтике экфрастичности и созданию неявных экфрасисов, в которых экфрастический импульс скрыт и его опознание является результатом герменевтического усилия читателя» (с. 29); «В стихотворении («Натюрморт». — І. Ш.-Б.) своеобразно отразилась философия Бродского, в которой наиболее значимой с начала 70-х гг. становится тенденция к отрицанию времени и доминированию вещи в пейзаже» (с. 32) Иосиф Бродский и живопись»).

Варта заўважыць, што грунтоўнасць падыходу да асэнсавання і асабліва да прамаўлення ўнутраных аналітычных працэсаў у вонкавую прастору (прастору ўласна артыкула як хранатоп, прыналежны не толькі аўтару але і чытачу, патэнцыяльна любому, нават выпадковаму) у кнізе Т. Аўтуховіч не мае вынікам збыткоўную разложыстасць. Ніколі, нават у выпадках, калі гэтая разложыстасць, рэтардацыйнасць падаецца цалкам апраўданай — як у тэкстах, прысвечаных розным аспектам гісторыі і тэорыі экфрасіса. Так, у артыкуле «Поэтический экфрасис: риторика чтения» кароткая гісторыя даследаванняў экфрасіса — ад вытокаў да сучаснага асэнсавання ў аспекце шматузроўневай функцыянальнасці — змясцілася на адной старонцы кніжнага тэксту. Усё карысна ды цікава ў гэтай бліц-гісторыі, кожны чытач мае шанец адшукаць тут свой інтарэс, у тым ліку «меркантыльны» — маем на ўвазе аспекты, прыдатныя для ўласных навуковых росшукаў; нас, напрыклад, зацікавіла ў сэнсе даследчых перспектыў заўвага ў дачыненні да заканамернасцей актуалізацыі экфрасіса, што ён ««всплывает» в переломные эпохи, во время смены художественного языка» (с. 39).

Аўтар кнігі (здаецца, гэта абумоўлена нейкай «прыроджанай» спецыфікай даследчага зроку) разглядае феномен экфрасіса ў аптычнай сістэме энцыклапедызму, нібыта «інсталяванага» ўнутр асобы. Гэта такі стэрэаскапічны зрок, які «ўцягвае» ў сваё поле мноства рэчаў (нават факультатыўных), але дакладна канцэнтруецца на сутнасных момантах, агульных высновах і асобных дэталях адначасова. Пры гэтым згаданы энцыклапедызм натуральным чынам суседнічае з даследчай звышсумленнасцю. Так, літаральна кожнае чужое слова і нават лёгкі цень чужога меркавання атрыбутуюцца спасылкамі на крыніцы, якія, раз-пораз ускладняючыся каментарамі (як у постмадэрнай мастацкай класіцы), часам «падціскаюць» асноўны тэкст на кніжнай старонцы. Натуральнай адзнакай у такой сістэме даследча-стылявых каардынат становіцца метадалагічная шчырасць, нават адмысловая датклівасць, з якой аўтар манаграфіі прадстаўляе плён сваіх шматгадовых доследаў: «…данные размышления основаны на опыте анализа поэтических экфрасисов И. Бродского, то есть форм модернистского экфрасиса, и поэтому не могут рассматриваться как теоретическое обобщение, применимое ко всем его типам и историческим модификациям» (с. 43).

Т. Аўтуховіч бачыць у паэтычным экфрасісе феномен неверагодна жывы, у літаральным сэнсе. Для даследчыка ён не тое што адчужаецца, а як бы самаадасабляецца — у межах відавочна не «прахаднога» (не-даступнага для кожнага зайшлы) свету, які поўніцца (цягам не аднаго стагоддзя) падзеямі складанымі і нават інтрыгоўнымі, ва ўсякім выпадку, больш заблытанымі і ўнутрана напружанымі, чым розныя там трылеры ці дэтэктывы (няхай сабе з прэтэнзіяй на інтэлектуальнасць): «На мой взгляд, интрига экфрастического нарратива состоит не в интерпретационном усилии его автора, направленном на толкование артефакта, а в осмыслении собственной судьбы или проблемной ситуации через призму культуры. <…> Это означает, что экфрасис продуктивнее понимать как диалог поэта с культурой…» (с. 52).

Адной з характэрных дамінант даследчыцкага стылю Т. Аўтуховіч становіцца прынцыповая дыялагічнасць: аўтар манаграфіі знаходзіцца ў няспынным дыялогу з іншымі навукоўцамі, даследчыкамі. Надзвычай паказальна, што другі раздзел кнігі мае назву «Диалог с культурой: метафизика любви и творчества». Ён прадчуваецца ў папярэднім раздзеле, як бы вынікае з яго; кніга кампазіцыйна пабудавана як літаратурасофскае даследаванне: прадстаўленне тэарэтычнага грунту патрэбна, каб пасля, падчас аналізу канкрэтных твораў не адцягваць увагу на паспешлівую аргументацыю, што ў сучасных даследаваннях нярэдка ўспрымаецца як спроба апраўдацца за метадалагічна-канцэптуальную няўцямнасць (да гэтага ў Т. Аўтуховіч маецца трывалы імунітэт).

Артыкулам, прысвечаным аналізу канкрэтных паэтычных твораў І. Бродскага, папярэднічаюць выдатныя ілюстрацыі — фотаздымкі карцін. Літаратурасофскі палілог Т. Аўтуховіч цэнтруецца вакол тэкстаў візуальнага (карціна) і вербальнага (вершы І. Бродскага), гэта надзвычай складанае структураванае шматгалоссе. Часам нават падаецца (як у артыкуле «Экфрасис как метафора: пути истолкования. Стихотворение Иллюстрация (Л. Кранах. “Венера с яблоками”)», што ты па нейкім недаглядзе (ці з вялікага шанцунку) трапіў на сустрэчу членаў нейкага таемнага клуба, якія так шмат ведаюць пра экфрасіс, што гэта ўжо сталася выракам амаль «сакральных» ведаў. У пэўным сэнсе, сутнасны змест і механізмы экфрастычнага мыслення настолькі відавочна акрэсліваюцца ў даследчым стылі аўтара кнігі «“Шаг в сторону от собственного тела…”: Экфрасисы Иосифа Бродского», што па меры назапашвання адпаведных прыкладаў можна гаварыць пра феномен літаратуразнаўчага экфрасіса.

«…каждое стихотворение Бродского, равно как и всё его творчество в целом, предполагает “усилие понимания” — анализ внутритекстовых и контекстуальных связей» (с. 79), — падкрэслівае Т. Аўтуховіч у артыкуле «Претворение экфрастического импулься в миф». Тое, што для кагосьці бачыцца намаганнем прымусовым, для аўтара манаграфіі, здаецца, ёсць умовай даследчай экзістэнцыі, намаганнем, якое прымаецца з відавочнай удзячнасцю, калі не з захопленасцю.

Гэтая захопленасць настолькі натуральным чынам спалучае ў сабе рацыянальнае і асобаснае, аналітычнае і эмацыянальнае, што нават чытач-мінак амаль не мае шанцаў не быць уцягнуым у вір гэтай даследчай страсці. Гэта як збірацца схадзіць на выставу ў музей, лянотна паблукаць паміж артэфактамі, а па выніку — аказацца ў свеце, дзе адзінай рэальнасцю ёсць рэальнасць Мастацтва, а панылая рэчіснасць адтуль бачыцца такім няўдалым вопытам капіравання сапраўднага свету.

Сутнасць паэтычнага экфрасіса Т. Аўтуховіч выяўляе аналітычна — і паэтычна, толькі гэта адметная паэзія, паэзія аналітыкі найвышэйшага (81, не менш) узроўню. Так, у артыкуле «Стихотворение На выставке Карла Вейлинка: экфрасис как авторефлексия» даследчык імкнецца не проста асэнсаваць, але як бы п(е)ражыць побач з паэтам адметнае адчуванне прасторы на карцінах нідэрландскага мастака: «Особый облик пространства на картинах Виллинка, где реалистически выписанный пейзаж благодаря специфическому (фантастическому) освещению производит впечатление мистического, нереального и образует эффект «магического реализма» (Виллинк предпочитал термин «воображаемый реализм»), поразил Бродского совпадением с его собственным представлением о катастрофическом характере времени как процесса энтропии и разрушения, ощущением пространства как «предела отчаяния» — картины Виллинка представляли собой убедительный пример визуализации этого ощущения» (с. 116).

У артыкуле «Стихотворение Посвящается Пиранези как «обратный экфрасис» и автопортрет» даследчык прапануе свой погляд на вытокі складанай структураванасці экфрастычных твораў І. Бродскага, фармулюючы разуменне яго тэкстаў як рухомага і разам з тым цэласнага семантычна-сімвалічнага феномена: «…множественность кодов прочтения — мифологического, живописного, литературного, биографического (творческого) обусловливает многослойность и многоуровневость текста, понимание которого возможно только при актуализации всех кодов» (с. 144).

Сугучнае, як бы «рэхавае», але разам з тым развітае і ўзмоцненае дэталізацыяй меркаванне знаходзім у артыкуле «Советский дискурс в лирике Бродского: визуальный аспект»: «На наш взгляд, специфика фокализации в поэзии Бродского заключается в ее монтажном характере: в произведении «стыкуются» множественные точки зрения и коды, смысловая многозначность слова и интертекстуальность, которые актуализируют многочисленные литературные и культурные ассоциации, в результате предметы и явления предстают преломленными через разные призмы, при этом создается стереоскопический эффект, аналогичный структуре повествования в прозе» (с. 178).

Прыведзеныя тлумачэнні цалкам прыдатныя, на наш погляд, для апісання даследчага стылю самой Т. Аўтуховіч. Яе тэксты маюць адметны сінтаксічны малюнак: разгорнутыя, нават галінастыя сінтаксічныя перыяды суседнічаюць тут (у абсалютнай, трэба сказаць, гармоніі) з лаканічнымі высновамі, падобнымі да выстралу: «“Руинный текст” в интерпретации Бродского и Виллинка — это апкалиптическое ощущение конца истории» (с. 117); «…“шаг в сторону от собственного тела” — это формула творчества, которую Бродский выводит как итог самоидентификации в процессе осмысления картин Виллинка» (с. 123).

Падобна таму, як галоўная функцыянальнасць экфрасіса звязваецца даследчыкам з функцыяй метатэксту (с. 159), унутраны змест артыкулаў, якія складаюць кнігу, ёсць карункава-арганізаванай метапрасторай. Гэта прастора нязмушаных і нейкіх на дзіва жывых (нерытуальных, часам нават жарсных) сустрэч разнастайных кантэкстаў і падтэкстаў, метадалогій і канцэптуальных падыходаў, тэарэтычных штудый і аналітычных практык. Таму нават для мінімальна зацікаўленага (то бок не абсалютна стэрыльнага ў сэнсе эмацыйнай чуласці) чытача кніга Т. Аўтуховіч будзе выдатнай нагодай затрымацца надоўга ў гэтым насамрэч іншым свеце, дзе пануе нетутэйшая аналітычная страсць.

Паказальна, што гэтая страсць абгрунтоўваецца рацыянальным, аналітычным шляхам: «Попытаемся обосновать свою интерпретацию» (с. 154), — заўважае даследчык у артыкуле «Апология искусства в стихотворении Ritratto di Donna». І неяк незаўважна для сябе самога чытач аказваецца ў дзіўна-дзівосных вандроўках па жывапісна-паэтычных сусветах. Прычым ёсць вялікая верагоднасць таго, што, нават ачомаўшыся недзе на скрыжаванні «тады» і «зараз», куды зачаравана, немаведама як прыйшоў следам за аўтарам, ты так і не прыйдзеш да згоды з самім сабою, дзе б ты хацеў застацца (напрыклад, хаця б у якім са Стамбулаў І. Бродскага?) і дзе застаўся па-за сваёй воляй, паланёны ці то страснай логікай, ці то лагічнай страсцю даследавання.

 Надзвычай саманадзейна было б абвесціць, што адкрыліся нам тут і зараз усе вытокі і механізмы нараджэння гэтага ўнікальнага (не толькі для айчыннага гуманітарнага дыскурсу) даследчага феномена. Зрэшты, пэўныя знакі-ўказанні рэканструююцца з аналізу экфрасісаў І. Бродскага, напісаных ім у розныя гады жыцця. На падставе гэтага аналізу Т. Аўтуховіч прыходзіць да высновы пра «постепенное увеличение в них зоны молчания, прежде всего, за счет ослабления связи с конкретным произведением живописи и расширения диапазона собственно экзистенциальной проблематики, к которой подключаются метапоэтический и эстетический аспекты творчества» (с. 163).

Маўчанне-як-спосаб-прамаўлення падаецца адным з самых цікавых феноменаў і ў сучаснай беларускай паэзіі. І манаграфія Т. Аўтуховіч, убачаная ў адпаведным святле, як бы ў адмысловым зрэзе канцэптуальных ідэй і высноў, можа брацца за своеасаблівы падручнік па «тэорыі мастацкага маўчання». Тэорыі, палажэнні якой аргументуюцца вывучэннем эвалюцыйных працэсаў ў паэзіі аднаго з самых «экфрастычных» паэтаў сучаснасці: «Эволюция экфрасиса в творчестве Бродского — от миметического к условному, а затем к поэтике экфрастичности — может быть представлена как постепенное увеличение зоны молчания, не артикулированного, а подразумеваемого смысла» («Вместо заключения», с. 243)

Гэта якраз той выпадак, калі вытлумачальная мадэль, прызначаная для сутнаснага апісання паэтычнага феномена, утрымлівае шыкоўныя магчымасці для разумення феномена даследчага.

Рухаючыся ад другога раздзела кнігі Т. Аўтуховіч да трэцяй часткі «Поэтика визуальности» ў правільным тэмпе, чытач можа заўважыць, што пры захаванні асноўных параметраў даследчага стылю (суадносін аналітычнасці і эмацыянальнасці, ашчаднасці і грунтоўнасці, адметнага сінтаксічнага малюнка і г. д.) увага даследчыка сканцэнтравана на характарыстыках «поэтики взгляда, свойственной Бродскому» (с. 173). Гэта можа быць візуальны аспект савецкага дыскурсу ў лірыцы паэта альбо параўнальны аналіз умоўнага экфрасіса як інтэрпрэтацыі евангельскага сюжэта (праз супастаўленне вершаў «Рождественская звезда» І. Бродскага і Б. Пастарнака). Якраз у апошнім выпадку натрапляем на яшчэ адзін узор даследчай прынцыповасці з натуральным пераходам у прафесійную датклівасць. То бок, калі І. Бродскі вызначае кампазіцыю верша Б. Пастарнака недакладна, гэта будзе не толькі заўважана, але і абгрунтавана (гл. старонкі 200—201).

У пэўнай ступені, падагульняльную функцыю ў сэнсе канцэнтраванасці асноўных тэарэтычных высноў і канцэптуалізацыі шматгадовага вывучэння творчасці паэта выконвае ў межах кнігі Т. Аўтуховіч артыкул «Поэтика визуальности в экфрасисах Бродского». Тут як бы збіраюцца ў агульную плынь асобныя назіранні над вытокамі паэтыкі візуальнасці, якія звязваюцца даследчыкам з «метафизической природой поэзии Бродского, типологическим свойством которой является визуализация предельных абстракных сущностей» (с. 234). Тут ва ўсёй відавочнай дадзенасці (якая паўстае відавочнай пасля страсна-прынцыповых, даткліва-бесстаронніх тлумачэнняў, выспельванне якіх доўжылася гадамі) можна так выразна ўбачыць «механізм цуду», механізм ператварэння ўражання ад жывапісу ў паэтычны экфрасіс: дэталі ці сюжэты жывапіснага твора паэт «использует не в их визуальной данности, но прежде всего в концептуальной значимости, предполагающей бесконечное расширение ассоциативного поля, благодаря чему происходит «смещение» видимого мира, его преображение в ментальную реальность» (с. 238). Тут выкладваецца ў празрыстую (па літаратурасофскіх паняццях, вядома) формулу сутнасць экфрасіса як «портрета души автора, точнее — автопортрета, в котором он видит и осознает себя как Другого, что Бродский с присущей ему афористической четкостью выразил формулой «Шаг в сторону от собственного тела…» (с. 242).

Тут, у рэшце рэшт, становіцца заўважным (магчыма, справа ў досведзе, набытым за час гэтай экфрастычнай экспедыцыі), як літаратуразнаўчы дослед ператвараецца ў літаратурасофскае фламенка, паэта- і паэзіяцэнтраванае, вядома. Заўважным — так, цалкам вытлумачальным — не. Што само па сабе якраз натхняе: ёсць нагода і нават жыццёвая неабходнасць экспедыцыі паўтараць. І нават не дужа істотнымі будуць мэта і маршрут. Галоўнае, каб той самы правільны вергілій меў час і натхненне зноў і зноў выпраўляцца ў экспедыцыі па не самых простых сусветах.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?