Вы тут

Дагэтуль невядома, ці ёсць у юнага героя-партызана магіла


Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў партызанскіх атрадах разам са сталымі мужчынамі адважна змагаліся і зусім юныя хлопцы. Жыццё прымусіла іх рана пасталець. Дарослым не па гадах стаў і пятнаццацігадовы Міша Усоскі, які загінуў у няроўным баі на пераправе цераз раку Цна ў Лагойскім раёне.


Помсціў за бацьку

Недалёка ад вёскі Іканы, што на Барысаўшчыне, да вайны знаходзілася Новае Сяло — родная вёска Мішы, якую ў маі 1943 года разам з жыхарамі спалілі фашысты. Сёння там стаіць помнік, які сведчыць, што ў гэтым месцы нарадзіўся і вырас юны герой.

Калі ў першыя месяцы акупацыі каля возера Палік з'явіліся партызаны, Міша з бацькам адразу сталі ім дапамагаць. За сувязь з партызанамі Апанас Усоскі быў арыштаваны на пачатку 1942 года: у Барысаве яго расстралялі. Бясстрашны Міша помсціў за бацьку. У складзе спачатку партызанскага атрада, а потым брыгады «Дзядзькі Колі» хлопчык выконваў даручэнні партызанаў па разведцы, збіраў зброю. Удзельнічаў у аперацыі і па разгроме нямецкага гарнізона ў Зембіне. 6 снежня 1942 года партызаны напалі на добра ўмацаваны гарнізон ворага і з боем захапілі шэраг важных будынкаў: спалілі гараж з аўтамашынамі, склад з бензінам, складскія памяшканні. Падчас бою было забіта шмат немцаў і паліцаяў, захоплены боепрыпасы.

Сёння яшчэ жывуць тыя, хто асабіста ведаў Мішу Усоскага. Юны змагар быў земляком жыхара Зембіна Васіля Ігнатовіча. Ён і цяпер памятае юнака, што быў маладзейшы за яго.

— Мы разам у адной школе вучыліся, — кажа былы партызан брыгады «Дзядзькі Колі». — Памятаю яго сям'ю: бацьку, маці, сястру Ксенію. Апанас Усоскі яшчэ ў грамадзянскую вайну партызаніў. Насіў ордэн Чырвонага Сцяга, заўсёды выступаў на сходах. Да вайны быў старшынёй мясцовага калгаса «Пралетарская перамога». Ведаю, што Міша загінуў на пераправе цераз Цну — там шмат партызанаў загінула тады. Яны перапраўляліся, а ён адстрэльваўся да апошняга. У тым жа месцы яго потым і пахавалі, калі вярнуліся пасля блакады.

Жыхарка вёскі Іканы Марыя Верхаводзька ў гады вайны жыла ў Новым Сяле. Вось што яна расказвае пра той час: «Выхоўвала Мішу мая родная цётка Настасся. Маці хлопчыка памерла праз два тыдні пасля родаў, і яго бацька Апанас узяў замуж маю цётку. Вёска вялікая была — усю спалілі немцы, 143 чалавекі загінулі... Калі пачалася вайна, яны з Мішам збіралі зброю і дапамагалі партызанам. Немцы Апанаса арыштавалі і павезлі ў Барысаў: больш яго ніхто не бачыў. Сястра Мішы, Ксенія, была за яго старэйшая. Калі бацьку забіралі, яна вельмі спалохалася і захварэла — сухоты мучылі. Фельчар з Карсакавіч яе лячыў, але нічога не дапамагло, і яна хутка памерла. Найбліжэйшы атрад да нас быў «Бура», туды і пайшоў Міша ў партызаны. Да нас яны кожную ноч прыходзілі: хлеб ім пяклі ўсёй вёскай».

На пераправе

Гэты бой, які абарваў жыццё пятнаццацігадовага хлопчыка, адбыўся на рацэ Цна, на Лагойшчыне. Карнікі прачэсвалі ўсю тэрыторыю, уключаючы лясы і балоты, суцэльнымі ланцугамі выцяснялі партызанаў у раён возера Палік, дзе і збіраліся знішчыць іх у балоце.

Трагічныя падзеі таго дня іх непасрэдны сведка, жыхар вёскі Ліпкі Уладзімір Касабука памятае дагэтуль: «На гары каля маяка партызаны назіралі за немцамі. Неўзабаве адзін прыбег і далажыў камандзіру, што вораг наступае. Партызаны збіраліся да пераправы, але камандзір даў ім каманду заняць абарону на гары перад вёскай і трымаць бой. Мы ў вёсцы як пачулі, што немцы ідуць, адразу ж пабеглі на пераправу. Моста там ужо не было — партызаны спалілі. Па кладках цераз Цну мы ўсёй вёскай паспелі пераправіцца на другі бераг, адтуль за ўсім і назіралі. Дзесьці праз гадзіну пачалася стральба. Доўга трымаць бой партызаны не маглі, яны злезлі з гары і пабеглі наўпрост праз балота да кладак. Толькі немцы іх апярэдзілі. На гусенічнай танкетцы і матацыклах яны пад'ехалі да пераправы па грэблі, спыніліся на насыпе і пачалі страляць з мінамётаў і кулямётаў па партызанах. Апошнім не было куды дзявацца: убачыўшы, што немцы іх акружылі, яны пайшлі праз сенажаць да ракі.

Пліса Федзюковіча тут знаходзілася, як мы завём гэта месца. Рака тады была не вельмі глыбокая, але гразкая. Партызаны перапраўляліся, а немцы страчылі па іх з кулямётаў. Многіх забілі на другім беразе. Урач Тося перавязвала Паліну Войцэх — загінулі абедзве. Некаторыя не ўмелі плаваць і патанулі. Потым калі мы вярнуліся сюды, то ўбачылі дваіх забітых партызанаў і дзяўчыну, якія ляжалі на беразе пад кустом. Казалі, што яны падарваліся... Драніца Мікалай скокнуў у раку, а тужурка ўчапілася за кулямёт і закруцілася вакол галавы: ён так і не змог выплыць... Калі блакаду знялі, мы вярнуліся ў Ліпкі. Вёска была спалена. З ракі павыцягвалі загінулых і ўсіх (а гэта прыкладна 12 чалавек) тут жа на беразе і пахавалі. Пасля вайны яны былі перапахаваны ў брацкай магіле на вясковых могілках у Слабадзе».

Сёння на гэтых могілках — два брацкія пахаванні. Там напісаны прозвішчы загінулых партызанаў з атрада імя Гастэлы брыгады «Дзядзькі Колі». На першай магіле пералічаны некаторыя імёны: Рубцоў, Мікалай Драніца, Таіса Драніца, Паліна Войцэх, Анатоль Вайцяхоўскі, Фёдар Вількоцкі, Васіль Забалоцкі. Прозвішчы 13 чалавек невядомы... А можа, ужо 12? Бо перапраўляўся на той бераг і Міша Усоскі.

Прыкрываючы таварышаў

31 мая 1943 года выйшаў чарговы нумар падпольнай газеты «Бальшавіцкая праўда», органа партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі», рэдактарам якой тады быў Дзмітрый Капыткоў. У артыкуле «Герой» гаварылася пра Мішу Усоскага і яго подзвіг. Капыткоў пазнаёміўся з юнаком яшчэ ў верасні 1942 года: той прыходзіў у рэдакцыю па газеты для партызанаў свайго атрада. Тады ж у рэдакцыі Міша напісаў у газету матэрыял, дзе казаў, што за кроў і смерць свайго бацькі знішчыць дзясяткі фашысцкіх катаў.

Вось што ўспамінаў Дзмітрый Капыткоў пра апошні бой Мішы Усоскага: «Партызаны, якія не паспелі пераправіцца, аказаліся прыціснутымі да ракі. Пачалася пераправа ўплаў. Група прыкрыцця вяла бой. Нарэшце надышла яе чарга пераправіцца, але трэба было застацца яшчэ на некаторы час, каб прыкрыць таварышаў. І тады ў самую вырашальную хвіліну раздаўся голас Мішы Усоскага: «Плывіце ўсе! Застаюся я». Маскіруючыся, юнак перапоўз на другое месца і павёў агонь. Абліваючыся крывёй, апошнім патронам Міша забіў яшчэ аднаго гітлераўца, а затым адну за адной кінуў гранаты. Пад прыкрыццём выбухаў ён паспяшаўся да ракі.

— Не страляць! Узяць жывым! — загадаў фашысцкі афіцэр. Юнак схапіў вінтоўку за ствол і пачаў размахваць ёю. Адбіваўся да таго часу, пакуль аўтаматная чарга не зваліла яго з ног... Жыхары Слабады падабралі на месцы бою некалькі трупаў. У адным з іх апазналі Мішу Усоскага. Магчыма, усе гэтыя падрабязнасці гераічнай барацьбы юнака засталіся б невядомымі. Але застаўся жывым адзін з партызанаў, якія не паспелі пераправіцца. Ён схаваўся ў густой траве і назіраў за трагічным боем... Загадам камандавання атрада «Бура» імя Міхаіла Усоскага было прысвоена аддзяленню, у якім ён ваяваў.


У партызанскіх дакументах, змешчаных у Нацыянальным архіве, у спісе палеглых партызан брыгады «Дзядзькі Колі» ёсць прозвішчы тых, хто яшчэ загінуў пры пераправе. Яны не значацца на помніках, якія ўсталяваны на брацкіх магілах у Слабадзе. Няма іх і ў пашпарце гэтых пахаванняў. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсць тыя 13 чалавек, якія дагэтуль спачываюць невядомымі. Хочацца верыць, што знайшоў там апошні прытулак і юны герой Міша Усоскі.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ,

г. Мінск

Загаловак у газеце: Апошні бой Мішы

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Беларусы расчараваліся ў доларах

Беларусы расчараваліся ў доларах

Па выніках года наша насельніцтва не толькі значна астыла да гэтай валюты, але і працягвае пазбаўляцца ад яе рэкорднымі тэмпамі.

Грамадства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

Навука голасу, дызайн лекаў і сакрэт шчаслівага бацькоўства

«Інавацыйны шторм» — гэта бітва простых слоў са складанымі тэрмінамі.

Палітыка

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Се Сяаюн: Супрацоўніцтва Кітая і Беларусі — прыклад міжнародных адносін новага тыпу

Беларусь і Кітай адзначаюць адметную дату — 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

Грамадства

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Дзе падпрацаваць пасля Новага года?

Псіхолагі раяць пачынаць не з маніторынгу рынку, а з некалькіх пытанняў самому сабе — каб вызначыцца з прыярытэтамі.